Sunday, May 9, 2010

НЯДЗЕЛЯ СЬЛЕПАНАРОДЖАНАГА

мітрапаліт Антоні (Суражскі)

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.

Як нас палохае сьлепата цялесная! Як страшна, калі сустракаеш чалавека, які ніколі нічога не бачыў, якому была зачыненая уся прыгажосьць, уся слава сьвету, дзе мы жывем. І як страшна бывае тым, хто паступова губляе зрок.

І вось, нараўне з гэтым, як мы страшна спакойна і абыякава ставімся да духоўнай сьлепаты і ў сабе, і ў іншых. Бывае, што чалавек нарадзіўся сьляпым: для яго гэты сьвет непразрысты, ён успрымае ў ім толькі рэчыва, ён не можа ў ім улавіць прысутнага Творцы. І замест таго, каб сэрца нашы здрыгануліся жахам і жалем, таму што гэты чалавек наш сьвет не можа прыняць, не бачыць і адмаўляе, таму што нас ён лічыць вар'ятамі і шкоднымі, мы ў сваю чаргу ставімся да яго адмоўна, мы яго не прымаем, ён нам чужы, ён жыве ў сьвеце рэчыва, ён сьляпы. Няма ў нас да яго жалю.

З году ў год мы молімся тут, каб усё тыя, якія сьляпыя духам, якія не вераць у Бога, якія бачаць толькі рэчыва ў гэтым багатым сьвеце, дзе знаходзіцца Бог, – каб яны пачалі бачыць. Але ці можам мы сказаць, што мы гэта пражываем з такім жа болем і з такім жа жахам, як сустрэчу з чалавекам, які нарадзіўся сьляпым і ніколі не бачыў барвы гэтага сьвету, калі ён нават багаты духам?

І яшчэ бывае, што чалавек быў калісьці відушчы, і паступова згасаюць яго вочы. Гэта бывае зь вачамі цела, гэта бывае таксама зь духоўнымі вачамі: таго, што калісьці ён бачыў, ён больш не бачыць, бракуе ў ім упэўненасьці ў сабе самім і ў тым, што ён калісьці спазнаў, каб быць вернікам, гэта значыць каб тады, калі патухне відавочнасьць, быць цалкам, непахісна упэўненым у рэчах нябачных, у рэчах, якіх ён больш не бачыць. Ці шкадуем мы такога чалавека? Якую дапамогу мы яму даем? Ці усьвядомім мы, што большага гора не можа быць як страціць зрок сьвету духоўнага, і што нараўне з гэтым усё астатняе – нішто? Не, мы гэтага не усьвядомім цалкам, мы судзім і асуджаем, мы чужаемся і адмаўляем, чалавек нам робіцца не сваім.

А разам з гэтым, дзе жа яму шукаць зрок, як не сярод тых, якія бачаць, веры - як не сярод тых, якія вераць, хай хоць слабкай, хісткай верай? Падумаем аб гэтым. Вакол нас у нашым уласным асяродзьдзі і шырока вакол незьлічоная колькасьць людзей, у якіх загасьлі духоўныя вочы або ў якіх яны ніколі не былі відушчыя. Сустрэнем іх зь любоўю, з жалем, зь малітвай, зь спагадай. Але гэтага мала: трэба нам вучыцца таму, як нашу веру зрабіць годнай для іх, якім чынам прылучыць іх да таго, што ў нас ёсьць. А для гэтага трэба толькі адно: каб была любоў, але любоў, гатовая ісьці да мяжы і за мяжа чалавечых сіл і магчымасьцяў. Будзем маліцца аб тым, каб Гасподзь і нам, і іншым памножыў веру, але і каб Ён нас навучыў любіць так, каб іншы мог праз нас загарэцца вечным жыцьцём. Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.