Wednesday, January 6, 2010

НАРАДЖЭНЬНЕ ГОСПАДА НАШАГА ІСУСА ХРЫСТА

25 сьнежня

За 5508 да Нараджэньня Хрыстовага Сам Бог за парушэньня Ягонага запавету выгнаў нашых продкаў з раю, але па Сваёй вялікай міласэрнасьці паабяцаў ім Выратавальніка і гэтую абяцанку неаднаразова паўтараў, каб падрыхтаваць людзей да Ягонага прыняцьця. Усе прароцтва адносна зьяўленьня на сьвет Сына Божага спраўдзіліся. Нават прарокі Юдэйскія казалі, што ён мусіць нарадзіцца ў Віфлееме.

Дзева Марыя чакала Сына, Якога Бог абяцаў ёй праз Анёла. Жыла Марыя ў невялікім горадзе Назарэце, жыхары якога – жыды – знаходзіліся пад уладай рымлянаў.

Прад нараджэньнем Месіі Рымскі імпэратар Аўгуст загадаў па ўсёй імпэрыі правесьці агульны перапіс насельніцтва. Кожны мусіў пайсьці ў тое месца, адкуль паходзілі ягоныя продкі, і там запісацца. Паколькі старац Іосіф і Дзева Марыя былі з роду Давыда, то яны мусілі пайсьці ў Віфлеем, горада Давыда. Вандроўка была доўгая, амаль 170 км., таму яны дайшлі да горада, калі ён ужо быў перапоўнены людзьмі, якія прыйшлі сюды для перапісу. І не было ніводнага месца, дзе была б магчымасьць спыніцца на ноч. І хадзілі яны ад дому да дому, і ніхто не жадаў іх прыняць. Старац Іосіф і Марыя прымушаны былі спыніцца за горадам у пячоры, куды пастухі заганялі ў нягоду авечак. Надышла ноч. І тут зьдзейсьнілася прароцтва аб нараджэньні Выратавальніка: “Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл.; Вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: зь намі Бог” (Іс. 7:14; Мц. 1:23) .

У гэтай сьціплай пячоры нарадзіўся ў Дзевы Марыі Сын Ісус Хрыстос, наш Выратавальнік. Яна Яго спавіла і паклала ў ясьлі, куды клалі сена для гадаваньня авечак. У полі былі пастухі, якія начавалі і сьцераглі статак свой. Анёлы Госпада зьявіліся каля іх, і слава Госпада азарыла іх. І яны спужаліся, і быў іх страх вялікі. Але Анёлы прамовілі ім: “Ня бойцеся; я ўзьвяшчаю вам вялікую радасьць, якая будзе ўсім людзям: бо сёньня нарадзіўся вам у горадзе Давідавым Збаўца, Які ёсьць Хрыстос Гасподзь; і вось вам знак: вы знойдзеце Дзіця ў пялюшках, Яно ляжыць у ясьлях.” (Лк. 2:10-11)

Калі Анёлы адышлі ад іх на неба, пастухі сказалі адзін аднаму: хадзем у Віфляем і паглядзім, што там сталася, пра што абвясьціў нам Гасподзь. І пасьпяшаўшыся, прыйшлі, і знайшлі Марыю і Язэпа, і Дзіцятка, Якое ляжала ў ясьлях. А ўбачыўшы, расказалі пра тое, што было абвешчана ім пра Дзіцятка Гэтае. І ўсе, хто чуў, дзівавалі з таго, што расказвалі ім пастухі. А Марыя прымала ўсе словы гэтыя, складаючы ў сэрцы Сваім. І вярнуліся пастухі, славячы і хвалячы Бога за ўсё тое, што чулі і бачылі, як ім сказана было.” (Лк. 2:15 – 20)

Прад нараджэньнем Ісуса зьявілася на ўсходзе ад Віфлеему зорка Ягоная. Тры мудрацы зь Усходу прыйшлі да Ерусаліму і спыталі: “Дзе ёсьць народжаны Цар Юдэйскі? Мы бачылі зорку Ягоную на Ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму”.

Цар Ірад пачуў гэта і вельмі моцна ўсхваляваўся. Ён сабраў першасьвятароў і кніжнікаў і даведаўся ад іх, што Хрыстос мусіў нарадзіцца ў Віфлееме, бо так напісалі прарокі.

Тады Ірад паклікаў да сябе трох мудрацоў і сказаў, каб яны пайшлі ў Віфлеем, даведаліся аб Немаўлятку, і, павярнуўшыся, распавялі яму, бо ён жадае пайсьці да Яго пакланіцца.

Зорка паказалі ім шлях да месца, дзе знаходзіўся Немаўля Ісус. Мудрацы пакланіліся Яму і далі Яму свае падарункі: золата, ладан і міро. Ноччу Анёл засьцярог мудрацоў, каб яны павярталіся да сваёй краіны іншым шляхам.

Ірад раззлаваўся і загадаў сваім ваярам пайсьці ў Віфлеем і там забіць усіх дзяцей, якім няма двух гадоў. Ён лічыў, што сярод забітых дзяцей будзе Ісус. Але Анёл зьявіўся ў сьне Іосіфу і прамовіў: “Устань, вазьмі Немаўля і Маці Ягоную і ўцякай ў Егіпет, знаходзься тамака, пакуль не скажу табе, бо Ірад жадае шукаць Немаўля, каб забіць Яго”.

Іосіф усё так зрабіў, як казаў Анёл. А Ірад быў пакараны: ён неўзабаве памёр у вялікіх пакутах.

У памяць Нараджэньня Госпада нашага Ісуса Хрыста ўсталявана царкоўнае сьвята. Пачатак сьвяткаваньня пачынаецца зь Апостальскіх часоў.

У IV ст. на месцы пячоры Віфлеемскай, якая была праслаўлена нараджэньнем Ісуса Хрыста, роўная апосталам царыца Алёна пабудавала храм. У V ст. Анатоль, патрыярх Канстантынопалю, у VІІ ст. Сафроній і Андрэй Ерусалімскі, VІІІ ст. Ян Дамаскін, Козьма Маіўмскі і Герман, Х ст. – патрыярх Канстантынопальскі і іншыя, імёны якіх нам невядомыя, напісалі да сьвята Нараджэньня Хрыстовага шмат сьвятых сьпеваў, якія сёньня сьпявае Царква.

Трапар сьвята

Нараджэньня Тваё, Хрысьце Божа наш, / асьвяціла сьвет сьвятлом веданьня, / бо праз яго зоркам службоўцы / зоркаю былі адукааныя / Табе пакланяцца, Сонцу праўды, / і ведаць Цябе, з вышыні Узыходзячае Сьвяціла. / Госпад, слава Табе!


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.