Wednesday, June 10, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 28 траўня/ 10 чэрвеня 2009 л. Б.

Пасланьне Да Рымлянаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 80

Браты, адкрываецца гнеў Божы зь неба на ўсякую бязбожнасьць і няпраўду людзей, якія ўціскаюць ісьціну няпраўдаю; бо, што можна ведаць пра Бога, ёсьць яўнае ім, таму што Бог явіў ім; бо нябачнае ў Ім, вечная сіла Ягоная і боскасьць, ад стварэньня сьвету праз сузіраньне тварэньняў бачныя, так што яны ня маюць выбачэньня. Але як што яны, спазнаўшы Бога, не праславілі Яго як Бога, і не падзякавалі, а змарнаваліся ў развагах розуму свайго, і запамрочылася неразумнае іхняе сэрца: называючы сябе мудрымі, здурнелі, і славу нятленнага Бога зьмянілі на падабенства вобраза прахлага чалавека, і птушак, і чатырногаў, і гадаў, - дык і аддаў іх Бог у пахацінствах сэрцаў іхніх нячыстасьці, так што яны апаганьвалі самі свае целы; яны падмянілі ісьціну Божую на ману і пакланяліся і служылі стварэньню замест Творцы, які дабраславёны навекі, амін. Таму аддаў іх Бог ганебным пажадам: жанчыны іхнія замянілі прыроднае паяднаньне на супрацьпрыроднае; гэтак сама і мужчыны, занядбаўшы прыроднае паяднаньне з жаночым полам, распальваліся пахацінствам сваім адзін да аднаго, мужчыны на мужчынах чынілі сорам і атрымлівалі самі ў сабе расплату за сваю аблуду.

Рым 1:18–27

Чытаньне Евангельля на 28 траўня/ 10 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Мацея чытаньне, пач. 12

Кажа Госпад вучням Сваім: Бо, кажу вам, калі праведнасьць ваша не пераважыць праведнасьці кніжнікаў і фарысэяў, дык ня ўвойдзеце вы ў Царства Нябеснае. Вы чулі, што сказана продкам: “не забівай; а хто заб'е, падпадае суду”. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго марна, падпадае суду; хто ж бо скажа брату свайму “пусты чалавек”, падпадае сынедрыёну; а хто скажа “неразумны”, падпадае геене вогненнай. Дык вось, калі ты прынясеш дар твой да ахвярніка і ўспомніш там, што брат твой мбе нешта супроць цябе, пакінь там дар твой перад ахвярнікам, і ідзі сьпярша памірыся з братам тваім, і тады прыйдзі і прынясі дар твой. Мірыся з праціўнікам тваім хутчэй, пакуль ты яшчэ ў дарозе зь ім, каб не аддаў цябе праціўнік судзьдзі, а судзьдзя не аддаў цябе слузе, і ня ўкінуў цябе ў цямніцу; праўду кажу табе: ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі апошняга кадранта.

Мц. (5:20-26)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.