Wednesday, June 10, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 27 траўня/ 9 чэрвеня 2009 л. Б.

Пасланьне Да Рымлянаў Сьвятога Апостала Паўла, пач. 79а

Павал, слуга Ісуса Хрыста, пакліканы апостал, выбраны на зьвеставаньне Божае, якое Бог раней абяцаў праз прарокаў Сваіх, у сьвятых пісаньнях, пра Сына Свайго, Які нарадзіўся ад семені Давідавага па плоці і адкрыўся Сынам Божым у сіле, духам сьвятасьці, праз уваскрэсеньне зь мёртвых, празь Ісуса Хрыста Госпада нашага, празь Якога мы атрымалі мілату і апостальства, каб несьці паслушэнства веры дзеля імя Ягонага ва ўсіх народах, сярод якіх і вы, пакліканыя Ісусам Хрыстом, - усім умілаванцам Божым у Рыме, пакліканым сьвятым: мілата вам і мір ад Бога Айца нашага і Госпада Ісуса Хрыста. Не хачу, браты, утойваць ад вас, што я многа разоў мерыўся прыйсьці да вас, - але сустракаў перашкоды аж да гэтай пары, - каб мець нейкі плод і ў вас, як і ў іншых народаў. Я даўжнік і Элінам і варварам, мудрацам і неразумным; дык вось, што да мяне, я гатовы зьвеставаць і вам, жыхарам Рыма. Бо я не саромеюся зьвеставаньня Хрыстовага, бо яно ёсьць сіла Божая на збавеньне ўсякаму веруючаму, па-першае Юдэю, потым і Эліну. Бо ў ім адкрываецца праўда Божая ад веры ў веру, як напісана: “праведны вераю жыць будзе”.

Рым 1:1–7; 13–17

Чытаньне Евангельля на 27 траўня/ 9 чэрвеня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Мацея чытаньне, пач. 10

Аднаго часу, І за Ім ішло мноства люду з Галілеі і Дзесяцігародзьдзя, і зь Ерусаліма, і зь Юдэі, і з-за Ярдана. Убачыўшы люд, Ён узышоў на гару; і калі сеў, прыступілі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны Свае, Ён вучыў іх, кажучы: Дабрашчасныя ўбогія духам, бо іх ёсьць Царства Нябеснае. Дабрашчасныя тыя, што плачуць, бо яны суцешацца. Дабрашчасныя лагодныя, бо яны ўспадкуюць зямлю. Дабрашчасныя тыя, хто жадае і прагне праўды, бо яны спатоляцца. Дабрашчасныя міласэрныя, бо яны памілаваны будуць. 8. Дабрашчасныя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць. Дабрашчасныя міратворцы, бо яны сынамі Божымі назавуцца. Дабрашчасныя гнаныя за праўду, бо іх ёсьць Царства Нябеснае. Дабрашчасныя вы, калі будуць вас ганьбіць і гнаць і ўсякім словам ліхім несправядліва зьневажаць за Мяне. Радуйцеся і весялецеся, бо ўзнагарода ваша вялікая на нябёсах: так гналі прарокаў, што былі перад вамі. Вы - соль зямлі. Калі ж соль страціць сілу, дык чым асоліш яе? Яна ўжо ні на што ня прыдатная, хіба што выкінуць яе прэч на патаптаньне людзям.

Мц. (4:25-5:13)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.