Sunday, May 31, 2009

Памяці айцоў Першага Сусьветнага Сабору

У гэту Нядзелю Сьвятая Царква сьвяткуе памяць трохсот васемнаццаці айцоў Першага Сусьветнага Сабора ў Нікее, які быў скліканы супраць Арыя. Ён пачаўся ў дні Сьвятой Тройцы, 19 чэрвеня 325 гада, і паслужыў славе уваскрэшанага Госпада. Сабор, як гаворыцца ў сынаксару, прапаведаваў Сына Боскага адзінасутнага і роўнагоднага Айцу і спавядаў, што Ён сапраўды Сын Божы і дасканалы Чалавек.

Таксама сабор пастанавіў сьвяткаваць сьветлае сьвята Пасхі ў першую нядзелю пасьля жыдоўскае пасхі.

ПАМЯЦЬ АЙЦОЎ ПЕРШАГА СУСЬВЕТНАГА САБОРУ

Сёньня мы з набожнай удзячнасьцю сьвяткуем памяць Айцоў Першага Сусьветнага Сабору, які прад тварам няпраўды, якая паўстала супраць Хрыста, агаласілі царкоўную веру ў тое, што Ён – сапраўды Сын Божы і Бог, роўны Айцу і Духу. Мы жывем у гадзіны, калі вера здаецца такой простай і відавочнай; але яна не заўсёды была такой, і яна не была такой дзеля шматлікіх людзей. У гэтыя раньнія часы, калі чалавечы розум у жаху стаяў прад неасяжнасьцю Боскага Адкрыцьця, людзям, спакушаным зямной мудрасьцю, асабліва цяжка было прыняць Хрыста як Жывога Бога, неасяжнага, не абмежаванага ні часам, ні прасторай, але, Які ўсё ж прышоў целам жыць пасярод нас, і зрабіўся чалавекам, ва ўсім падобны нам, апрача граху.

Такая ж спакуса, з стагодзьдзя ў стагодзьдзя, існуе прад усімі тымі, хто паглыблены думкамі ў зямное і не гатовы стаць прад таямніцай Боскай і прыняць у веры слова праўды, прамоўленае Самім Богам.

З яшчэ большай набожнасьцю мусім мы ставіцца да тых, хто ў тыя далёкія для нас часы, але часы блізкія да дзён зямнога жыцьця Выратавальніка захаваў дзеля нас і агаласіў ва ўсёй славе гэтую веру. Дзякуючы ім мы пакланяемся ў Хрысьце Жывому Богу; дзякуючы ім мы ведаем, што Бог неасяжны быў Чалавекам і ўсё чалавечае прыняў на Сябе, усё асьвяціў, усё ачысьціў, усё зьяднаў з Богам таямнічым і неасяжным.

З якой жа набожнасьцю мусім мы ставіцца да чалавека і да таго сьвету, у якім гэта адбылося! Увасабленьне Хрыста, увасабленьне Слова Боскага кажа нам аб тым, што чалавек ёсьць настолькі вялікім, што яна не толькі можа быць храмам Божым, месцам Яго жытла, перабываньня, але можа парадніцца з Ім, як нам паказана ў цудзе Увасабленьня.

І яшчэ гэтая таямніца адчыняе прад намі веліч усяго стварэньня сусьвету, таму што Сын Божы не толькі зрабіўся Сынам Чалавечым, але Слова зрабілася целам; Бог не толькі зрабіўся Чалавекам, але і зьяднаўся з створанай рэчавай часткай нашага сьвету. І мы бачым, што ўсё тварэньне створана Богам так, што яно можа, зноў жа, быць ня толькі храмам і месцам Яго перабываньня, але зьяднацца з Самой Боскасьцю.

Калі б мы здолелі гэта памятаваць, калі б мы маглі глядзець адзін на аднаго і разумець гэтыя цудоўныя людзкія глыбіні, аглядацца навокал і бачыць, што тварэньне паклікана да славы Божай, тады б мы будавалі іншы сьвет, іншыя чалавечыя адносіны, інакш бы паводзілі сябе з рэчамі гэтага сьвету; жыцьцё зрабілася б добрагодным і набожным.

Удумайцеся ў гэта. Апостал нам кажа, што мы мусім не толькі ў душах, але і ў нашых целах услаўляць Бога; ён агалошвае, што прыйдзе час, калі Сын усё скарыць, і тады, скарыўшыся Айцу, Яму ўсё аддасьць , і будзе Бог “усім ва ўсім”. Ці працуем мы над тым, каб гэтая слава асьвяціла, ахапіла, працяла нас, кожнага чалавека вакол, усё тварэньне?... Станем жа на гэты шлях набожнага і чулага тварэньня, і такога, што радуецца славе Боскай і славе тварэньня, і станем разам з Богам будаўнікамі вечнасьці. Амін.

Мітрапаліт Антоні (Суражскі)

7 чэрвеня 1970 л. Б.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.