Sunday, May 31, 2009

Чытаньні дня:

Чытаньне Апостальскае на 18/31 траўня 2009 л. Б.

Дзеі Сьвятых Апосталаў, пач. 44

У тыя дні: Паўлу надумалася абмінуць Эфэс, каб не замарудзіцца яму ў Асіі, таму што ён сьпяшаўся, калі можна, у дзень Пяцідзясятніцы быць у Ерусаліме. А зь Міліта паслаўшы ў Эфэс, ён заклікаў прасьвітараў царквы, і калі яны прыйшлі да яго, ён сказаў ім: Дык вось, пільнуйце сябе і ўвесь статак, у якім Дух Сьвяты паставіў вас ахавальнікамі, пасьвіць Царкву Госпада і Бога, якую Ён здабыў Сабе Крывёю Сваёю. Бо я ведаю, што пасьля адыходу майго ўвойдуць да вас лютыя ваўкі, якія не шкадуюць статку; і з вас саміх паўстануць людзі, якія будуць казаць навыварат, каб павесьці вучняў за сабою. Таму чувайце, памятаючы, што я тры гады дзень і ноч бесьперастанку са сьлязьмі вучыў кожнага з вас. І сёньня даручаю вас, браты, Богу і слову мілаты Ягонай, Які можа станавіць вас болей і даць вам спадчыну з усімі асьвечанымі. Ні срэбра, ні золата, ні ўбраньня я ні ад кога не зажадаў: самі ведаеце, што патрэбам маім і патрэбам тых, што былі са мною, паслужылі рукі мае гэтыя. Ва ўсім паказаў я вам, што, працуючы, трэба падтрымліваць слабых і памятаць словы Госпада Ісуса, бо Ён Сам сказаў: “больш дабрашчасна - даваць, чым браць”. Сказаўшы гэта, ён стаў на калені свае і з усімі імі памаліўся.

Дзеі 20:16–18а; 28–36

Чытаньне Евангельля на 18/31 траўня 2009 л.Б.

Паводле сьвятога евангеліста Яна чытаньне, пач. 56

У той час, Пасьля гэтых словаў Ісус узьвёў вочы Свае да неба і сказаў: Войча! прыйшла гадзіна: праславі Сына Твайго, каб і Сын Твой праславіў Цябе, бо Ты даў Яму ўладу над усякаю плоцьцю, каб усяму, што Ты даў Яму, даў Ён жыцьцё вечнае: а гэта ёсьць жыцьцё вечнае, каб спазналі Цябе, адзінага, сапраўднага Бога, і пасланага Табою Ісуса Хрыста. Я праславіў Цябе на зямлі, выканаўшы ўсё, што Ты даручыў Мне зрабіць; І сёньня праславі Мяне Ты, Войча, у Цябе Самога славаю, якую Я меў у Цябе раней стварэньня сьвету. Я адкрыў імя Тваё людзям, якіх Ты даў Мне ад сьвету; яны былі Твае, і Ты даў іх Мне, і яны выканалі слова Тваё; 7. цяпер уразумелі яны, што ўсё, што Ты даў Мне, ад Цябе ёсьць; бо словы, якія Ты даў Мне, Я перадаў ім, і яны прынялі і ўразумелі ў праўдзе, што Я зыйшоў ад Цябе, і ўверавалі, што Ты паслаў Мяне. Я малю за іх: не за ўвесь сьвет малю, а за тых, каго Ты даў Мне, бо яны Твае; і ўсё Маё - Тваё, і Тваё - Маё; і Я праславіўся ў іх. Я ўжо ня ў сьвеце, а яны ў сьвеце, а Я да Цябе іду. Войча Сьвяты! аслані іх у імя Тваё, тых, каго Ты Мне даў, каб яны былі адзіныя як і Мы. Калі Я быў зь імі ў сьвеце, Я асланяў іх у імя Тваё; тых, каго Ты даў Мне, Я захаваў, і ніхто зь іх не загінуў, апрача сына пагібелі, каб збылося Пісаньне. А цяпер да Цябе іду, і гэта кажу ў сьвеце, каб яны мелі ў сабе радасьць Маю поўную.

Яна (17:1-13)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.