Sunday, July 14, 2013

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ САБОРУ БЕЛАРУСКІХ СЬВЯТЫХ


У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня, у трэцяю Нядзелю пасьля Пяцідзесятніцы, Сьвятая Праваслаўная Царква сьвяткуе Сабор Беларускіх сьвятых. Гэта вялікае сьвята не толькі нашага, беларускага народу, але і ўсяго Кіеўскага Праваслаўя. Бо вялікая колькасьць сьвятых, якімі Гасподзь праславіў Беларусь, ёсьць сапраўдныя сьветачы не толькі Кіеўскага, але і Усяленскага Праваслаўя.
Ад глыбіні вякоў нашы продкі зьдзяйсьнялі подзьвіг сьвятасьці, праслаўляючы Бацькаўшчыну ды усё Кіеўскае Праваслаўе. Бо менавіта на Беларускай зямлі ягонае паўстала дзявочае манаства, якое распачала ў Заслаўі княгіня Рагнеда – Анастасія, менавіта на нашай зямлі зазьзяў сьвяціцель Кірыла Тураўскі – Залатавуст Кіеўскага Праваслаўя; у Беларускім Полацку зьдзейсьніла свой вялікі подзьвіг сьвятая Еўфасіньня Полацкая – не толькі першая праслаўленая сьвятая Кіеўскае Русі, а і першая жанчына, мошчы якой паклалі ў Кіева–Пячорскае лаўры …  І гэты сьпісак сьвятых, што зазьзялі подзьвігам сваім на зямлі Беларускай вельмі вялікі, бо вера беларускага народу заўсёды была моцная і шматлікія дзеці ягоныя без ваганьняў бралі крыж свой і крочылі за Госпадам.

Упадабаныя мае, давайце згадаем, што ў царкоўных службах сьвятыя Божыя нярэдка называюцца зоркамі пуцяводнымі. Як па зорках нябесным у змроку начным падарожныя накіроўваюць свой шлях, так і мы, цяпер зьбіўшыся з праўдзівага шляху, павінны накіроўваць шлях свой, гледзячы на гэтых нябесных людзей, якія з Вышэйшых Нябёсаў асьвятляць і указваюць нам шлях выратаваньня. Гэта не толькі шлях выратаваньня для кожнага зь нас, гэта шлях выратаваньня нашае Бацькаўшчыны – Сьвятой Беларусі, бо аб скалу нашай веры, праўдзівасьці жыцьця кожнага зь нас, нашу мужнасьць, вытрымку і стойкасьць, разаб’юцца хвалі й хмары злой буры і зноў зазьзяе сонца вольнасьці і праўды Беларускаму Народу.
Нашы сьвятыя былі ў зямным жыцьці сьвяціцелямі і сьвятарамі, манахамі і сьвецкімі, ваярамі і мірнымі працаўнікамі, багатымі і беднымі, старымі і юнакамі, мужчынамі і жанчынамі. Таму кожны зь нас у хоры Беларускіх сьвятых знойдзе сабе настаўнікаў і кіраўнікоў, нам толькі патрэбна ўважна ўгледзіцца ў іх жыцьцё ды рупліва пераймаць яму. І да гэтага нас цяпер і заклікае Царква. Але гэтым не абмяжоўваецца сэнс сьвяткаваньня Сабору Беларускіх Сьвятых. У Царкве Хрыстовай няма сьмерці ў зямным яе разуменьні. Наш Бог “не Бог мёртвых, а Бог жывых” (Мц.22:32). І нашы сьвятыя, хоць і памерлі целам, але жывуць духам, таму ніколі не перарываецца і іх духоўная сувязь з намі, жывучымі сёньня на зямлі. Яны моляцца за нас, скіроўваюць нас, стаяць зь намі на малітве і на полі змаганьня, яны заўсёды поруч зь намі, гатовыя не толькі дапамагчы радаю ды малітваю прад Пасадам Госпада, але, як мучанік Меркурый Смаленскі, падняць меч на ворагаў нашае зямлі.
Упадабаныя мае, сёньня ўсе мы, і ў Беларусі, і тут, ва Украіне, перажываем цяжкія часы. І багата хто, шукаючы выхаду з цяжкага становішча, зьвяртае свой погляд на сродкі зямныя. Але ні палітыка, ні эканоміка і ніякія зямныя сродкі і тэорыі не выратуюць нашай Бацькаўшчыны, калі не будзе самага галоўнага. Амаль тысячу гадоў нашы праваслаўныя беларускі і ўкраінскі народы жыў вераю і Царквой: Толькі вера і Царква могуць нас выратаваць.
Але наша вера мусіць быць шчыраю, а ня крывадушнай, фарысэйскай, якой грош цана. Таксама і Царква - праўдзівая, свабодная, якая не служыць чужынцу ды “князю сьвету гэтага, якая нікому за грошы ці якія-небудзь зямныя выгоды не прадаецца. Бо Царква, якая камусьці прадаецца, што дзее пад дыктоўку чужынца ды ворагаў нашых народаў, ёсьць ужо не Царква, а ілжецарква – сапраўдны твор антыхрыста, тая «блудніца, якую ты бачыў, ёсьць вялікі горад, што валадарыць над зямнымі царамі», пра якую гаворыцца ў Апакаліпсісе і якую напаткае такая сумная доля ад самога ж зьвера–антыхрыста (Адкр. 17:18).
Мусім заўсёды памятаць, што толькі непахісная шчырая вера і праўдзівая Праваслаўная Царква могуць выратаваць нашу няшчасную Радзіму ад той бездані чорнай ды зьняволеньня, у якую яна абвалілася. І ад нас патрабуецца адначасова багата і мала – прынесьці пакаяньне ў сваёй няверы ды павярнуцца, не толькі на словах, але і ў дзеях нашых, да той сьвятасьці і ідэалаў, якімі жыла наша Сьвятая Бацькаўшчына, Кіеўскае Праваслаўе на працягу вякоў. І ў гэтай сьвятой і выратавальнай справе ў дапамогу нам будзе ўвесь сабор Сьвятых Беларусі.
Усе сьвятыя Зямлі Беларускай, маліце Бога за нас! Амін.
прат. Сяргей Горбік
1/14 ліпеня 2013 л.Б.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.