Sunday, June 16, 2013

ПАМІЖ ДВУМА АРЛАМІ Паштоўка з пастскрыптумам Алесю Пашкевічу-гісторыку


На сайце “Нашай Нівы”, якая навязала дыскусію ў недыскутабельным пытанні, я прачытаў вельмі дзіўнае пытанне кваліфікаванага гісторыка Алеся Пашкевіча: чаму грамадзянка і жыхарка Беларусі Вераніка Себасцяновіч не можа ўсталяваць крыж па сваім былым камандзіру з польскай Арміі Краёвай? Можа. На могілках. На індывідуальнай магіле. І ніхто ёй гэтага не забароніць. Вераніка ж Себасцяновіч паставіла не надмагільны крыж на могілках, а помнік у выглядзе крыжа, маштабы якога аніяк не надаюцца на ўшанаванне памяці аднаго чалавека. І гэта помнік не камандзіру, а баевікам Арміі Краёвай.

А вось на такую акцыю патрэбен (у любой краіне) дазвол уладаў. Выраб такога вялікага крыжа-помніка, надпісу на ім, яго транспарціроўка, устаноўка – усё гэта каштуе не адзін мільён. Вы, спадар Пашкевіч, верыце, што В. Себасцяновіч сама ажыццявіла ўсю гэтую акцыю ад задумы да здзяйснення? Знайшла матэрыял, майстроў, знайшла перавозчыкаў, заліўшчыкаў бетону і г. д? Гэта, спадар Пашкевіч, палітычная акцыя цэлай групы аднадумцаў. А што наперад выставілі пажылую жанчыну? Дык гэта прыём такі. Даўно вядомы, апрабаваны.
Другое пытанне якое Вы задалі: “Той камандзір – злачынца? Гэта даведзена фактамі?”. Уявіце сабе, спадар Пашкевіч, такога эсэсаўца, які аніразу не стрэліў, аніразу не выцяў іншага чалавека. І ўсё ж прыналежнасць гэтага чалавека да СС, арганізацыі злачыннай, няславіць яго. Нават такога выдатнага чалавека, як нобелеўскі лаўрэат Гюнтэр Грас. Усе крытыкі і біёграфы лічаць цяпер патрэбным напісаць у тэксце пра пісьменніка прыблізна такі сказ: “Служыў у СС”.
Вы ж, мусіць, ведаеце, спадар Алесь, якія зверствы ўчынялі акаўцы. Чыталі. Чулі. Тое, што арганізацыя не абвешчана злачыннай, нічога не мяняе. Ёсць такое паняцце – злачынствы супраць чалавечнасці. Яны не прабачаюцца. І не маюць тэрміну даўнасці. АК, без сумнення, такія злачынствы ўчыняла.
Наступнае пытанне: “Ці... мы будзем мясцовым палякам усё забараняць...?” Усё забараняць, як забаранялі палякі беларусам у 1921—1939 гг., мы не будзем. А вось ставіць помнікі беларусазабойцам і ворагам беларускай дзяржаўнасці на плошчах, у парках і скверах, у палях і ў гаях мы не дазволім. Як палякі не дазволяць ставіць помнікі паляказабойцам і ворагам польскай дзяржаўнасці. Палякі ў нас – меншасць. Меншасць павінна быць лаяльнаю ў дачыненні да тае дзяржавы, у якой жыве. І не правакаваць той народ, сярод якога жыве. Акцыя, пра якую мы вядзем гаворку, была правакацыяй. У Вас ёсць на гэты конт сумненні?
Наконт “хто падвучыў?”. Вы спрабуеце звесці маё выказванне да абсурду. Я ж упэўнены, што словы пра тое, што кожны, хто жыў і памёр, мае права на крыж, Вераніцы Себасцяновіч падказаныя. Але ў дадзеным выпадку сэнтэнцыя “не пляшет”. Бо гаворка, паўтараю, не аб сціплым крыжы на індывідуальнай магіле на могілках.
Наконт беларускага рахунку да Польшчы. Польшча цягам двух дзесяцігоддзяў вяла ў нашай краіне рабаўнічую палітыку. Апроч таго, можна падлічыць, колькі гімназій і школ зачынілі польскія ўлады, колькі дэкларацыяў аб адчыненні беларускіх школ кінулі ў сметнік, колькі нашых пісьменнікаў і культурнікаў кінулі за краты...
Яшчэ страшнейшае злачынства Польшчы перад Беларуссю – тое, што сваёй палітыкай польскія ўлады пашыралі ў нашай краіне пракамуністычныя настроі, камунізавалі народ. Усё можна падлічыць, спадар Алесь. Але не сённяшняй уладзе ў Менску займацца падлікамі, бо яна ў дачыненні да беларускай культуры, адукацыі, навукі дзейнічае не менш разбуральна, чым эндэцкі і санацыйны рэжымы.
Наконт таго, як Польшча магла б сплаціць свой доўг. Усведамляю, што патрабаваць рэпарацыі з Польшчы позна. Але нагадваць Польшчы і палякам пра іх віну перад Беларуссю трэба, бадай, штодня. І самім ні на міг не забываць. Як і пра віну Расіі.
І апошняе. Я, мусіць, не выдам Вам таямніцу, спадар Пашкевіч, калі скажу: Беларусь зноў з’яўляецца прадметам імперыялістычных памкненняў нашых усходняга і заходняга суседзяў. З адной толькі папраўкай: неаімперыялістычных. Цяпер не эпоха каланіяльных заваёў. Цяпер замест Lebensraum дзяржавы дбаюць аб Wirtschaftsraum. Навошта захопліваць тэрыторыю, калі краіну можна паставіць у эканамічную, культурную і г. д. залежнасць? У беларускіх газетах апошняга часу я чытаю, што Беларусь трапіла ў поўную залежнасць ад Расіі.
Аднак рукі сюды цягнуць і Варшава, і польскі капітал. Ведама, яны не могуць не разлічваць на тутэйшых палякаў. У дадатак, паводле маіх назіранняў, апошнім часам культурніцкае паланафільства некаторых нашых суродзічаў няўзнак перарасло ў палітычнае. Навязаная “Нашай Нівай” дыскусія вакол недыскутабельнага пытання – ці трэба ставіць помнікі ворагам Беларусі і злачынцам супраць чалавечнасці? – з усёй відавочнасцю паказвае гэта. Прычына ж гэтай з’явы на паверхні: прамаскоўская палітыка ўладаў. Дыскусія і наша ява, на жаль, паказваюць: як і сто гадоў таму, беларусы, так і не стаўшы нацыяй, так і не навучыўшыся жыць самастойна, жыць сваім розумам, кідаюцца паміж двума арламі – двухгаловым і аднагаловым.
Анатоль Сідарэвіч

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.