Tuesday, September 18, 2012

Акафіст сьвятамучаніку Афанасію, ігумену Берасьцейскаму

(Памяць 5/18 верасьня)
Кондак 1
Узорам праўдзівым Тваёй любові да людзей паказаў Ты, Уладар наш Гасподзь, слугу свайго Афанасія, зрабіў Ты яго добрым пастырам ды умацаваў на барацьбу за выратаваньня статку Твайго праваслаўнага, ласку падаў Ты яму нават да крыві пацярпець за Сьвятое Праваслаўе. Таму і ягонымі палымянымі малітвамі, зацьвердзі нас у веры Праваслаўнае, Ойча, бо мы зь вераю ды надзеяй сьпяваем:
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Ікас 1
О Прамудры Усемагутны наш Творца! Ад маленства паклікаў Ты да сьвятога служэньня сьвятамучаніка Афанасія, бо калі ж прывялі яго да Храму Госпада і калі ад маці даведаўся ён аб сутнасьці Крыжовае Ахвяры Тваёй, пажадаў быць слугою Тваім у чыне манаскім. Мы ж, за гэтую ласку Тваю падзяку складаючы, са зьдзіўленьнем сьпяваем так:
 
Радуйся, сьвяты Афанасій, пакліканы Госпадам; радуйся, манахаў слава, бо сэрца твае любоўю палала.
Радуйся, бо палюбіў ты Творцу Міласэрнага; радуйся, бо праз усё жыцьця захаваў ты гэта полымя.
Радуйся, бо ад дзяцінства атрымаў ты набожнасьць; радуйся, бо ад юнацкіх гадоў ты Хрысту служыў.
Радуйся, бо ў Сьвятое Сьвятых увайшоў ты; радуйся, бо жыцьцё твае сьвятлом Хрыстовым сьвеціцца.
Радуйся, бо абраным сасудам мілаты ёсьць ты; радуйся, бо ты радасна пайшоў за Выратавальнікам.
Радуйся, бо ты цалкам ад сябе адмовіўся; радуйся, бо дзеля сьвятой Любові жыў ты.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 2
Боскі задум падараваў цябе, ойча Афанасій, Праваслаўнае Кіеўскае Царкве, і ты ўсім жыцьцём адказаў “так” на пакліканьне Хрыстова. Таму, дзякуючы за гэты дарунак Госпаду і Богу нашаму, сьпяваем мы: Алілуя.
Ікас 2
О, верны і добры слуга Хрыстовы! Загады Уладыкі выконваючы, адкінуў ты развагі жыцьця сьвецкага, адмовіўся ты ад мітусьні сьвету гэтага, а палюбіў ціхае ды пакорнае жыцьцё манаскае. З дапамогай Госпада, перамагаў спакусы сатанінскія і, як дыямэнт каштоўны, зазьзяў усёй годнасьцю набожнасьці. Таму мы, Прамудрасьць Творцы праслаўляючы, сьпяваем так:
Радуйся, сьвяты Афанасій, манаства ўпрыгожаньне; радуйся, бо ты адшукаў скарб нятленны.
Радуйся, бо ты абраў найлепшую долю; радуйся, бо палюбіў ты статут манаскі.
Радуйся, бо здабыў ты перамогу над ворагам; радуйся, бо перамог ты сатанінскія хітрыкі.
Радуйся, бо паказаў людзям жыцьцё анёльскае; радуйся, бо сапраўды ў Хрыста апрануўся ты.
Радуйся, мудры настаўнік манаскі; радуйся, бо дайшоў ты да райскага прыстанку.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 3
Жаніх Боскі атрымаў ў душы тваёй зарок верны, дабрашчасны Афанасій, і захаваў ты Яму вернасьць ва ўсіх незьлічоных спакусах, мы ж, прад подзьвігам галовы нізка схіляючы, сьпеў радасны Хрысту прыносім: Алілуя.
Ікас 3
Ігуменства годнага, да якога заклікала цябе брація манастырская, жадаў ты ўнікнуць, добра ведаючы спакусу гонару, але ўзяў крыж ігуменства і годна панёс яго па шляху жыцьцёваму. І, на Выратавальніка і Бога надзею маючы, працу цяжкую распачаў ты па абароне Сьвятога Праваслаўя. Мы ж, шчодрасьцю Боскаю шчыра зьдзіўленыя, сьпяваем так:
Радуйся, сьвяты Афанасій, шчодра Творцам абдараваны; радуйся, бо ты атрымаў дарунак Боскае мудрасьці.
Радуйся, бо зразумеў ты ўсе чалавечыя немачы; радуйся, бо ты быў сьвядомы ў сваім пакліканьні.
Радуйся, бо спадзяваўся ты толькі на Госпада; радуйся, бо толькі ад Яго дапамогі чакаў.
Радуйся, не хадзіў па ўласнай волі; радуйся, бо шукаў ты шляху Хрыстовага.
Радуйся, верны слуга славы Боскае; радуйся, годнасьць манаства праваслаўнага.
Радуйся, змагар за Сьвятое Праваслаўя; радуйся, Царства Нябеснага годны спадкаемца.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 4
Зоркаю яснаю зазьзяў ты, сьвяты Афанасій, у Праваслаўнае Кіеўскае Царкве на сьвятой зямлі Беларускае, мы ж, падзяку і хвалу Госпаду за цябе, ігумен Берасьцейскі, у пакоры прыносячы, сьпяваем: Алілуя.
Ікас 4
Малітоўнік вялікі і падзьвіжнік праваслаўны, сьвяты Афанасій! Рупліва ды няўтомна працаваў ты ў вінаградніку Боскім, вераю Праваслаўнае і стойкасьцю ў абароне яе ты зьдзіўляў нават ворагаў, і неўзабаве плады спраў тваіх зрабіліся бачнымі. Мы ж, якім так бракуе тваёй моцы і стойкасьць, так сьпяваем табе:
Радуйся, сьвяты Афанасій, прамень зарніцы праваслаўнае духоўнасьці; радуйся, бо рупліва працаваў ты ў вінаградніку.
Радуйся, бо вернасьць і вера твая праваслаўная годная подзьвігу; радуйся, бо адвагай у абароне праваслаўя ты ўсіх зьдзіўляў.
Радуйся, гусьлі нябесныя, да маці – Царквы Праваслаўнае дзяцей склікаючыя; радуйся, бо на голас твой заблукаўшыя авечкі вяртаюцца.
Радуйся, пастыр добры і праваслаўных манахаў слава; радуйся, лага плодная Праваслаўнае Царквы Кіеўскае.
Радуйся, навучаючы не спакушацца ерасьсю ўніяцкаю; радуйся, дапамога ў жыцьці па Эвангельлю.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 5
Дому Ізраіля годнае ўпрыгожаньне, ойча Афанасій! Словам і справай упрыгожыў ты Ківот Новага Завету ды навучаў ты статак свой праваслаўна ды шчыра сьпяваць Творцы: Алілуя.
Ікас 5
Не шукаў ты, сьвятамучанік Афанасій, славы сваёй, не аглядаўся ты, годны славы, на князёў сьвету гэтага, а заўсёды крочыў ты, багамудры, за сьвятлом Праўды Хрыстовае ды Сьвятога Праваслаўя. Таму і мы, за багатыя дарункі, дадзеныя табе Госпадам, дзякуючы, так сьпяваем:
Радуйся, Афанасій, ты зьзяньне жыцьця праваслаўнага; радуйся, абаронца нятленных скарбаў Кіеўскага Праваслаўя.
Радуйся, Залатавуста годны пасьлядоўнік; радуйся, сьцьверджаньне веры праваслаўнае.
Радуйся, бо ты пасароміў караля каталіцкага ды сэнат ягоны; радуйся, бо лагоднасьць манаха праваслаўнага ты зьяднаў зь цьвёрдасьцю ваяра.
Радуйся, бо не адступіў ты ад Праўды Хрыстовае; радуйся, бо шукаў ты толькі Царства Нябеснага.
Радуйся, сапраўдны слуга Хрыстовы; радуйся, цемры і брахні ўніятаў пераможца.
Радуйся, манахаў начальнік і праваслаўнага народу пастыр; радуйся, храм сьветлы Духа Сьвятога.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 6
Супасадны Апосталам Афанасій, сама Праўда навучыла цябе добра змагацца за Сьвятое Праваслаўе, сьвятасьць і саборнасьць Царквы Хрыстовае, за тое, каб Яна, непарочная, не была падпарадкаваная князям сьвецкім і ерэтыкам каталіцкім, каб заўсёды захоўвала вернасьць Хрысту Богу. І мы, за табой Прамудрасьці пакланяючыся, сьпяваем: Алілуя.
Ікас 6
Ойча Афанасій, храбры ваяр Хрыстовы! Глыбока ў сэрцы насіў ты словы Настаўніка, што добры пастыр душу сваю кладзе за авечак, таму не спужаўся ты пагрозаў ворагаў бяздумных, а радасна прыняў ты чару, табе падрыхтаваную, душою прагнуў крочыць усьлед за Выратавальнікам. Таму і мы, зьдзіўленыя, сьпяваем табе так:
Радуйся, Афанасій, бясстрашны ваяр Хрыста Госпада; радуйся, пастыр праваслаўны, бо статку свайго ты не кінуў.
Радуйся, бо не схіліўся ты прад ваўкамі скажэннымі – каталікамі–ерэтыкамі; радуйся, бо ты душу паклаў за Сьвятое Праваслаўя.
Радуйся, бо ты справай засьведчыў Выратавальніка; радуйся, бо ты Любові сілу выявіў.
Радуйся, бо зазьзяў ты праўдзівым золатам; радуйся, бо перайшоў ты да вечнае славы.
Радуйся, кветка водарная, зьзяючая ў абдымках Выратавальніка; радуйся, сьвяты сасуд Духа Сьвятога.
Радуйся, годны дабравесьнік Госпада; радуйся, сьветлы саслужыцель анёлаў.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 7
Насіў ты, годны крыж сьвятара на грудзях сваіх ды сапраўды пранёс ты на плячох крыж адмовы ад сябе, крочачы ўсьлед за Госпадам тваім і Выратавальнікам, які паклікаў цябе да подзьвігу мучаніка. І мы, з табою разам Яго праслаўляючы, сьпяваем: Алілуя.
Ікас 7
Анёлы ў небе здрыгануліся, бачачы як ты, багамудры пакутнік, замест ахвяры бяскроўнае, прынёс целаспаленьнем ахвяру зь самога сябе, дабрашчасны сьвятамучанік, напоўнены сілаю і незямнога ўжо спакою, аддаў сябе ты на пакуты і раны сьмяротныя, толькі Бога Выратавальніка твайго з пакораю молячы, каб жыло Кіеўскае Царква Праваслаўная ды загінулі зьнішчальнікі яе. Мы ж, прад подзьвігам тваім галовы нізка схіляючы, так сьпяваем:
Радуйся, слаўны сьвятамучанік Афанасій; радуйся, бо прыняў ты боскае памазаньня.
Радуйся, бо прынёс ты ахвяру ўсяспаленьня за Сьвятое Праваслаўе; радуйся, бо аддаў ты жыцьцё за Праваслаўную Кіеўскую Царкву.
Радуйся, духоўная прыгажосьць і вяршыня прамудрасьці; радуйся, Праваслаўнае веры і царквы ўпрыгожаньня.
Радуйся, пакутнікаў нятленная слава; радуйся, непераможнае любові да Праваслаўя сьведчаньня.
Радуйся, бо разграміў ты палкі варожыя; радуйся, бо ўдастоіўся вянку нябеснага.
Радуйся, венцаносца багатапакутны; радуйся, узор манаскі, годны перайманьня.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 8
Згадаўшы Псальмасьпевака, што кажа: “Хоць пайду я ў цяні сьмяротнае, не забаюся зла. Бо Ты зь мною”, – усе спадзяваньні на Госпада паклаў ты, ойча Афанасій, на Ягоную вернасьць ты спадзяваўся і Усемагутны ўмацаваў цябе на пакуту, а мы, шануючы памяць тваю, Хрыста праслаўляем сьпевам: Алілуя.
Ікас 8
Радасна крочыў ты на сьмяротныя мучэньня, слаўны ойча Афанасій, і, мужнасьці праваслаўных мучанікаў пераймаючы, спакусы каталіцкую адкінуў зь агідай. Гэтым перамог дзёрзкасьць ворага, а нас навучыў сьпяваць табе так:
Радуйся, ойча Афанасій, сьветлая прыгажосьць Усяленскага Праваслаўя; радуйся, узор пакуты Хрыстовае.
Радуйся, спакой ціхі, браму раю адчыняючы; радуйся, вечная радасьць Царства Нябеснага.
Радуйся, бо хмары спакусы ўніяцкае ты разганяеш; радуйся, бо абараняеш ты праваслаўных ад стрэл злога.
Радуйся, пасьлядоўнік манахаў Афону; радуйся, пераможца ваўкоў каталіцкіх.
Радуйся, рака паўнаводная, ворагаў праваслаўя топячая; радуйся, бо табой разгромлены орды дэманаў.
Радуйся, бо ты разьбіў усе напады злога; радуйся, бо ты стаіш каля пасаду Усявышняга.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 9
Чакалі Херувімы й Серафімы цябе, усяхвальны ойча Афанасій, праўдзівы вянец пераможца гатовым трымаючы, мы ж, тваімі малітвамі, спадзяемся з табою ў Царстве Нябесным сьпяваць Нябеснаму Госпаду: Алілуя.
Ікас 9
Зьдзейсьніўся велічны подзьвіг твой, храбры віцязь Хрыстовы Афанасій, бо ваўкі лютыя, езуіты, на пакуту і муку цябе кінулі і, агаварыўшы, сьмерці ад кулі аддалі. Магілу тваю схавалі, каб усялякая згадка аб табе загінула. Мы ж, Творца, мужнасьць табе для зьдзяйсьненьня гэтых подзьвігаў даўшаму, славячы, так сьпяваем:
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, вянцом пераможца ўпрыгожаны; радуйся, бо да апошняга подыху ты Хрысту служыў.
Радуйся, пальма квітнеючая ў Добе Госпада; радуйся, кедр ліванскі, Ісусам умацаваны.
Радуйся, бо цела твае каталікамі жорстка забітае; радуйся, бо душа твая імкнецца да Госпада.
Радуйся, бо цябе вянчаюць анёлы; радуйся, бо узьвялічвае цябе Кіеўскае Праваслаўе.
Радуйся, бо праменьнем тваім цемра ерасі каталіцкае пераможана; радуйся, бо крывёй сваёй ты змыў бруд ерасі.
Радуйся, бо зямля беларуская тваёй крывёй асьвячоная; радуйся, бо ты не вячэрняга сьвятла ўдастоіўся.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 10
Выратаваньня для статку Хрыстовага просячы, прынёс ты ахвяру годную і целаспаленьня зь сябе самога, сьвятар праўдзівы, ад Веры Адвечнае вянца за веру праваслаўную ты ўдастоіўся, мы ж Бога, у табе праслаўленага, хвалім сьпевам: Алілуя.
Ікас 10
Дзецям тваім духоўным Гасподзь паказаў, Богу дагадзіўшы ойча Афанасій, дзе праваслаўным братам адшукаць твае цела нятленнае і, так разьвеяўшы задумы варожы, мошчы твае абдараваў Творца ласкай вылячэньня. Мы ж, да іх увесь час прыпадаючы, так сьпяваем табе:
Радуйся, абаронца нас, сьвяты Афанасій; радуйся, храм, годнасьцю шчодра ўпрыгожаны.
Радуйся, сяліба прыемная для Духа Сьвятога; радуйся, цьвярдыня праваслаўя, адбіваючая ўсе напады злога.
Радуйся, хворых і параненых выратаваньне; радуйся, адкіданьне бяздумных запалаў.
Радуйся, ківот Духа, цудамі ўпрыгожаны; радуйся, вечнае сьвятло нятленнае Тройцы.
Радуйся, бо цела твае назаўсёды праслаўленае; радуйся, бо душа твая спачыла ў Госпадзе.
Радуйся, бо вернікаў ты зьзяньнем Хрыстовым асьвячаеш; радуйся, бо квітнееш ты ў Вечнае Памяці.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 11
На цуды, якімі праславіў Гасподзь слугу Свайго, гледзячы, замаўкаюць усе бяздумныя бязбожнікі ды каталікі, бо страхам ахопленыя. Мы ж, тваім зьзяньнем праваслаўным, сьвяты Афанасій, асьвячоныя, напоўненыя дзіўнае радасьці, Творцу праслаўляем сьпевам: Дзіўны Бог у сьвятых Сваіх, Бог Ізраілю, Алілуя!
Ікас 11
Хары анёльскія весела сьпяваюць, гледзячы на незьлічоны лік тваіх пасьлядоўнікаў, праваслаўных верных упрыгожаньне, бо напраўду багата палкоў прывёў ты, пакутнік, сапраўдных праваслаўных мучанікаў і змагароў–спавядальнікаў, справамі сваю любоў да Бога засьведчыўшых, тваім прыкладам, ойча Афанасій, захопленыя, Мы ж, багаты ураджай пладоў бачачы, хвалім Госпада і цябе праслаўляем так:
Радуйся, зярнятка, што праз сьмерць уласную багаты плод прынесла; радуйся, сьветач праваслаўя, шлях ясна паказваючы.
Радуйся, праваслаўнага кіеўскага манаства прыгажосьць; радуйся, палкаводзец, мільёны за сабой вядучы.
Радуйся, бо малітву тваю Гасподзь заўсёды чуе; радуйся, бо шчодра Творца народ твой абдараваў.
Радуйся, бо дае нам Гасподзь добрых праваслаўных пастыраў; радуйся, бо сям’я манаская тваімі братамі памнажаецца.
Радуйся, бо подзьвіг твой народжвае новых багатыроў праваслаўя; радуйся, бо Кіеўскае Праваслаўе ў табе нябеснага абаронца мае.
Радуйся, бо сьвітанак праваслаўя нам заўсёды зьзяе; радуйся, бо стаіць непахісна Царква Праваслаўная на гарах Кіеўскіх.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 12
На таямніцу задуму Боскага гледзячы, радуемся, бо Уладар усіх, нямоглае стварэньня Свае ўмацоўваючы, зьдзяйсьняе ім цудоўныя й дзівосныя задумы, сьмерцю ж ягонай шлях да Вечнасьці ясна паказвае, ад згубы душы шматлікіх выратоўваючы. Мы ж, Прамудрасьцю Боскаю зьдзіўленыя, сьпяваем Творцу і Выратавальніку ўсіх: Алілуя.
Ікас 12
Іскраю яснаю успыхнуў ты, сьвятамучанік Афанасій, у жыцьці зямным, бо іскра зь Сэрца Хрыста Раскрыжаванага сэрца твае запаліла ды пранёс ты яе праз усе гады служэньня пакорнага Богу, ёй палаў ты, яна твае малітвы ды ўчынкі сагравала. І цяпер, прад Госпадам за нас молячыся, выпрасі і нас усім яснага гарэньня, бо сьпяваем так:
Радуйся, іскра, запальваючая сэрца праваслаўнаю верай; радуйся, прыемнае кадзіла малітвы, Творцы прыемнае.
Радуйся, ключ праваслаўя, якім Кіеўскае Праваслаўе адкрываецца; радуйся, жазло, пракладаючае шлях новаму Ізраілю.
Радуйся, цьвярдыня праваслаўя, ад ерасі каталіцкае нас абараняючая; радуйся, слуп, сьвятую веру праваслаўную сьцьвярджаючы.
Радуйся, бо спакусы ўніятаў ты спальваеш; радуйся, бо насаджваеш кветкі Сьвятога Праваслаўя.
Радуйся і выпрасі ў Творцы для нас міласьці; радуйся і вымалі нам моц веры Праваслаўнае.
Радуйся, сьвятамучанік Афанасій, непахісны слуп Праваслаўя.
Кандак 13
Непераможны ваяр Хрыстовы, тройчы шчасьлівы ойча Афанасій! Прымі сёньняшняе маленьне наша і данясі яго да Цара ўсіх і Госпада, і малі Адзінага ў Тройцы Бога, каб захаваў Праваслаўя на землях нашых, ерасі зьнішчыў, і каб мы, у Сьвятое Праваслаўнае Царкве будучы, няспынна сьпявалі Уладару песьню падзякі: Алілуя
Гэты кандак чытаецца тройчы, потым Ікас 1 і Кандак 1

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.