Памяць 27 чэрвеня / 10 ліпеня
Прападобны Марцін Тураўскі служыў поварам пры Тураўскіх япіскапах Сямёне, Ігнаціі, Якіме ды Георгіі. Сьвяціцель Георгій звольніў прападобнага Марціна ад ягоных абавязкаў праз старасьць. Але прападобны не пажадаў разьвітвацца зь архірэйскім манастыром сьв. Барыса і Глеба ды прыняў манаскі пострыг. Пасьля пострыгу прападобны Марцін працягваў жыць самотна ў скіту на выгане. Яшчэ працуючы ён надарваў свае здароўя і цяпер багата хварэў. У абвастрэньні сваёй хваробы ён ляжаў нерухомы, крычаў ад болі і не мог нават абслужыць сябе. Аднаго разу, калі прападобны Марцін пакутаваў ад хваробы і ляжаў нерухомы ў кельлі, няздольны задаволіць сваю спрагу, бо ніхто не наведваў яго ў той час. У сваёй пакуце прападобны Марцін старана маліўся да сьвятых князёў Барыса і Глеба. Праз кепскае надвор’я браты не мелі магчымасьці наведаць скіт на балоце некалькі дзён.
І вось на трэці дзень беспараднага становішча да Марціна ўваходзяць сьвятыя мучанікі Барыс і Глеб, у тым выглядзе, як яны напісаны на храмавай іконе манастыра, і кажуць: “Чым ты хворы, стары?”. Прападобны Марцін, хоць і быў моцна зьдзіўлены, распавёў сьвятым аб сваёй хваробе. “Не жадаеш лі вады?” – запыталі яго сьвятыя. О, уладары мае, – адказваў ён, – ужо даўно пакутую ад спрагі”. Адзін са сьвятых князёў узяў вядро і прынёс для старога манаха вады, а другі з каўша напаіў хворага Марціна. Прападобны ад усяго сэрца падзякаваў сьвятым Барысу і Глебу, а яны адказалі яму: “Захоўваў сябе, мы сыдзем зараз, а ты не хварэй больш і засьні” – пасьля гэтага зрабіліся нябачнымі. Прападобны Марцін, пасьля добрага сну, устаў здаровым і праславіў Бога ды сьвятых мучанікаў.
Пасьля гэтага цудоўнага выздараўленьня прападобны Марцін пражыў яшчэ год і спакойна адышоў да Госпада недзе пасьля 1146 года.
Трапар, тон 1
Цяжка хварэючы і людзьмі забыты, / маліўся ты каб спрагу задаволіць, прападобны Марцін, / таму Хрыстос паслаў зь Нябёсаў дабраверных Барыса і Глеба / цябе паслужыць і ад хваробы пазбавіць.
Кандак, тон 4
У послуху Богу адданы, / і шматлікім сьвяціцелям паслужыўшы, / наш прападобны ойча Марцін, / жыў ты набожна, / у манастыры сьвятых дабраверных князёў Барыса і Глеба, / гэтым Госпаду дагадзіў, / зазьзяўшы ў хоры прападобных, / таксама і мы, шануючы памяць тваю, / молім цябе, прападобны ойча наш, / малі Хрыста Бога, / каб і нам падаў руплівасьць у послуху.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.