Песьня 1
Ірмас: Па вадзе прайшоў як па сухому, і эгіпэцкага зла пазьбегнуўшы, ізраільцяне засьпявалі: Збавіцелю, Богу нашаму, сьпяваем славу.
Прысьпеў: Прападобны Елісей, малі Бога за нас.
Чысьціню розуму атрымаў праз цяжкія подзьвігі, уяўнага фараона перамагаў і ад рабства граху вызваліўся ты, ойча прападобны, цяпер малітвамі тваімі выратоўвай нас, цябе ўзьвялічваючых.
Грэх перамогшы малітваю ды постам, душу ўпрыгожыў ты набожнасьцю роўнаю анёльскае, ім пераймаючы славіў Госпада, зь імі і нас удастой знаходзіцца праз малітвы твае.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Гасподзь, даўшы нам дзіўнага малітоўніка і пакутніка зямлі нашае, слава Табе. Ды даруй, Уладар, каб сьвет у міры жыў праз малітвы сьвятога Твайго.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Пачатак нашага выратаваньня, Усясьвятая Багародзіца, пакладзі пачатак нашага выпраўленьня, малітвамі Елісея, абранага Табою.
Песьня 3
Ірмас: Ты ёсьць сьцьверджаньне прыходзячых да Табе, Гасподзь. Ты ёсьць Сьвятло для ахопленых цемраю, і апявае Цябе дух мой.
Прысьпеў: Прападобны Елісей, малі Бога за нас.
Вусны нашы пакорна ўсхваляюць цябе, ойча Елісей, галечу духоўную і цялесную прыняўшага, ды выпрасіш і нам дарунак пакорнае мудрасьці, каб усё ў дагаджаньня Богу тварыць.
Шукаючы самоты, Елісей прападобны, атрымаў ты пустэльню Лаўрышэўскую і багацьця міру духоўнага там знайшоў. Гэтым і абагаці нас, памяць тваю сьвяткуючых, ды ў набожнасьці Хрыстовай умацуемся.
Ты ёсьць крыніца вечная вады жывой, прападобны Елісей, для ўсіх прыходзячых да цябе. Сёньня глянь на спадзяваньні нашы ды малітвамі тваімі абагаці духоўных дзяцей тваіх, у любові да Госпада ежы духоўнае прагнуўшых.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Як пчала працавітая, ад ранку і да ночы, у посьце і малітве жыў ты, Елісей багалюбны, ды цяпер скарбам невымоўным – Сьвятлом Эвангельскае праўды асьвяціш шануючых сьвятую памяць тваю.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Слуп воблачны і палымяны, Багародзіца, днём і ноччу зьяўляесься Ты на шляху выратаваньня блукаючых, ды ў шматлікіх пустэльнях непраходных прывяла іх да Нябеснага Ерусаліму, сярод іх – Елісея дзіўнага.
Сядальны, тон 8
Храм Адушаўлёны, Багародзіца, паглядзі на малітву пакорлівых слуг Тваіх, агарадзі зямлю Беларускую, што мае таксама абаронцам і памагатым Елісея прападобнага, ды не варухнецца сьвятыня Твая ва ўсе стагодзьдзі.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны, тон 8: Сьвятая Сьвятых, Багародзіца Дзева, умясьціўшая Нябеснага Цара Хрыста, Асьвяціўшага Дзявочае ўлоньня Твае, малітвамі Тваімі асьвяці душы нашы, зь любоўю Цябе шануючых.
Песьня 4
Ірмас: Пачуў, Гасподзь, задуму Твайго таямніцу, зразумеў справы Твае і праславіў Тваю Боскасьць.
Прысьпеў: Прападобны Елісей, малі Бога за нас.
Чуеш добра ўсіх прыбягаючых да цябе, Елісей дабрашчасны, молім цябе мы, нягодныя, каб малітвамі тваімі агарадзіў нас ад ўсяго злога, паўстаўшага на нас.
Як куст незгараючы, у полымі Боскае мілаты знаходзіўся ты і не згараў, багалюбчы ойча, не маўчы і малітву за нас прынясі да Госпада, каб у запалах сваіх не загінулі мы.
Сялібай Духа Сьвятога зьяўляўся ты, пакорай і любоўю ўпрыгожыў сябе, як годнае жыльлё, Богу ў дарунак прынесенае, цяпер дапамажы і нам ад усялякага граху ачысьціцца.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Карабель выратаваньня, надзею на Госпада маючы, Лаўрышэўскі манастыр стварыў ты, у клопаце сваім братоў не пакідаючы, прападобны Елісей. Цяпер і нас, у моры жыцьцёвым гінуўшых, не пакідай.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Дзьверы Царства Нябеснага, бо праз Цябе увайшоў прападобны Елісей у рай, удастой і нас праз малітвы ягоныя ўвайсьці ў двары сялібы райскае.
Песьня 5
Ірмас: Тонучы, клічам да Цябе, Гасподзь: Выратуй нас, бо Ты ёсьць Бог наш, апрача Цябе іншага не ведаем.
Прысьпеў: Прападобны Елісей, малі Бога за нас.
Дзіўнага Лаўрэнцыя, супольніка бязмоўнага, сужыцелем меў ты, ойча Елісей, як галінка ад лазы, выратавальнай мілаты сілу ўспрыняў ты, быў выратаваны праз любоў ягоную.
Настаўнікам і айцом духоўным атрымаў ты годнага старца Лаўрэнцыя і ягоным навукам пераймаючы, годна шлях манаскага жыцьця прайшоў. Разам зь ім малі Хрыста Бога, каб выратаваў душы нашы.
Рэўнасьці прарока Елісея пераймаў ты, прападобны, сякучы мячом посту і малітвы ідалаў духоўных у душы сваёй, служачы толькі Адзінаму Богу ўсіх. Таму цяпер дапамажы дзецям сваім пазбавіцца запалаў грахоўных.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Сьвятло зазьзяўшае на сьвяцільніку Царквы Хрыстовай, упрыгожваючы хор прападобных, абраны Богам Елісей – пахвала і радасьць наша, не забудзь духоўных дзяцей тваіх, каб прычасьнікамі Славы Боскай быць удастоіліся.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Усе народы шануюць Цябе, Абаронца Руплівая, бо ніколі не пакінула нас у скрусе, хутка прыбягаючы да патрабуючых ды вызваляючы ад усялякае бяды, Усясьвятая Дзева, таму узьвялічваем Цябе няспынна
Песьня 6
Ірмас: Ачысьці мяне, Выратавальнік, бо вялікае беззаконьне мае, і з бяздоньня злога выведзі мяне, малю да Цябе, бо паклічу і пачуеш мяне, Божа выратаваньня майго.
Прысьпеў: Прападобны Елісей, малі Бога за нас.
Ты, Гасподзь, паслаў мне шматлікія міласьці і багатую шчодрасьць Тваю, а я, грэшны, усё згубіў, як блудны сын. У пакаяньні маім прымі мяне, Выратавальнік, праз малітвы прападобнага Елісея, і выратуй мяне.
Хваляваньне і палон запалаў цялесных душы маёй, прападобны, тваімі малітвамі зьміры ды вызвалі мяне, як прабачыў і вылечыў апанаванага дэманамі, які, па загаду сатаны, пазбавіў цябе часовага жыцьця.
Нягодны вусны прыносіць цябе ўбогі сьпеў наш, прападобны, не пагрэбуй, але прымі ды апяваючых памяць тваю малітваю наведай, ад бед і нападаў ды вечнае пакуты пазбаў, ды не пасаромеемся на цябе спадзяваньне маючы.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Сьвятога манастыра добрым пастарам зьяўляўся ты, Елісей годны, як Гасподзь кожную авечку заблукаўшую шукаючы, так ты малітваю са сьлязамі шматлікіх да пакаяньня прывёў ды радасьць вялікую на нябёсах стварыў.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Ты Адзіная хворым вылячэньне, Адзіная для паўшых дапамога, Адзінае выпраўленьне грэшнікаў, Уладарка, з бяздоньня зла выведзі мяне, малюся, і ад тленьня сьмерці выратуй мяне.
Кандак, тон 2
Манастыра Лаўрышэўскага памагаты цудоўны, і ўсёй зямлі Беларускай малітоўнік, аб подзьвігу тваім Царква Хрыстова радуецца і весяліцца, любоўю сына да Бога імкнучыся. Яго ж малі аб нас, прападобны Елісей, каб выратавацца душам нашым.
Ікас
Маючы багацьця мілаты, бо духам на Нябёсы ўзьведзены быў, сапраўды адвагу ў малітве да Богу ўдастоіўся ты, Елісей, ойча дабрашчасны. Бо калі на зямлю нашу вораг іншаземны напаў, умаліў ты Бога войска духоўнае на дапамогу ваярам Беларускім даслаць і ва ўцёкі палкі варожыя павярнуць. Яго ж малі аб нас, прападобны Елісей, каб выратавацца душам нашым.
Песьня 7
Ірмас: Юдэйскія юнакі, калісьці ў Бабілёне, вераю траістаю полымя ў пячы перамаглі, сьпяваючы: “Дабраслаўлёны ёсьць Божа бацькоў нашых”.
Прысьпеў: Прападобны Елісей, малі Бога за нас.
Калі Хрыстовай любоўю пакліканы быў, ёй незваротна скарыўся ты, прападобны, быццам Аўраам у ахвяру сына свайго прыносячы, бо так сэрца свае Богу аддаў ты. Цяпер, ойча, Боскую Любоў умалі, каб ачысьціліся душы нашы ад усякага бруду.
Вераю моцнаю ўсе спакусы перамог, багалюбчы Елісей, як юнакі калісьці ў пячы Бабілёнскае выратаваны былі сілай Боскаю. Цяпер ёй жа, праз малітвы твае, захавае Гасподзь нас непашкоджанымі спакусамі.
Радасьць вялікую насіў ты ў сябе, прападобны, як каштоўны дыямэнт сьвету, бо дараваў Гасподзь радасьць любячым Яго. Таму ўмалі Яго, каб дараваў нам радасьць вечнага жыцьця.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Як любячая самотнасьць жалейка, днём і ноччу няспынна апяваў ты Госпада, вялебны ойча Елісей, сьпяваючы хвалебную песьню: Дабраслаўлёны Бог бацькоў нашых.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Усядабраслаўлёная Багародзіца Дзева, нарадзіўшая Цара Хрыста, Бога нашага, Яго малі з прападобным Елісеем, каб выратавацца нам, шчыра сьвяткуючым памяць яго.
Песьня 8
Ірмас: Цара Нябеснага, Якога апяваюць усе палкі анёльскія, хваліце і ўздымайце ва ўсе стагодзьдзі.
Прысьпеў: Прападобны Елісей, малі Бога за нас.
Твор рук нашых прымі, дабрашчасны, міласэрнасьці Ўладара пераймаючы, на грэшнасьць нашу не зважай, бо ты душу сваю напоўніў Хрыстовай любоўю, ды ўмалі Яго выратаваць душы нашы.
Сапраўды носьбітам дарункаў Духа Сьвятога быў ты, і рознымі дабротамі ўпрыгожаны, Елісей прападобны, і Горную вышыню ў спадак атрымаў ды праз галечу духоўную багацьця Нябеснае прыняў. Спадкаемцамі гэтага нас быць удастой малітвамі тваімі.
Прыйдзіце, усе вернікі, зьбярыцеся сёньня ў сьвяты храм прападобнага Елісея, памяць праведніка з пахваламі ўшануем, сьпяваючы: Уздымайце Госпада Бога нашага, і пакланяйцеся сьвятому Ягонаму, дзівосна ў сьвятым манастыры Лаўрышэўскім спачываючаму. Бо дзіўны Бог у сьвятых Сваіх.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Радуйся, манастыр Лаўрышэўскі, разам з харамі анёльскімі, і ў псальмах ды сьпевах духоўных засьпяваем Богу: Ды добра быць прад тварам Тваім вернаму слузе Твайму, яго ж малітвамі мілата Духа Сьвятога нам дараваная.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Усячыстая Уладарка, вышэйшая ўсіх сілаў Нябесных, нарадзіўшая Выратавальніка, усіх Стваральніка, уздымі паўшую прыроду маю, малітвамі Елісея, слугі Твайго.
Песьня 8
Ірмас: Праўдзівай Багародзіцай Цябе спавядаем, выратаваныя Табой, Дзева Чыстая, зь харамі бесьцялесных Цябе ўзьвялічваючы.
Прысьпеў: Прападобны Елісей, малі Бога за нас.
Ведаем, як пасьля адыходу твайго цялеснага, духам зь намі перабываеш і ад абраза твайго багата дабрыні падаеш, вылечваючы ўсе хваробы духоўныя і цялесныя. Дабрыню гэтую выпрасі і нам, ды праз малітвы твае духам і целам вылечымся.
Сьвятым супрычасьніка, да Горнага Сіёну заклікаў цябе Гасподзь, прападобны, таму ўздымі малітвы твае аб нас да Госпада, каб былі мы прычасьнікамі жыцьця вечнага.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Зямля Беларуская красуецца і радуецца ў дзівосным ва сьвятых Елісею, сасудзе абраным, да Хрыста і Усячыстае дзеве сёньня малітвы ўзносячага, каб мір Божы на зямлі Беларускае і ў людзях зацараваў.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Усячыстая Дзева, Цябе любоўна славім, хвалім, апяваем і ўзьвялічваем, як ўсіх Царыцу і Ўладарку нашу. Будзь нам парывам, малітвай і абаронай у Богу, Яму ж слава ва ўсе стагодзьдзі.
Сьвяцільны: Сьвятлом духоўнага Фавору ў Горным Ерусаліме ўпрыгожыўся ты, прападобны ойча наш Елісей, і стаіш вечна каля Пасаду Славы Трыадзінай Боскасьці, радуйся ў Духу Сьвятым. Мілаты гэтай выпрасі і для нас, ды малітвамі тваімі пераўтварэньня духоўнага ўдастоімся.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Радуйся, вызваленьне Адама ад сьмерці; радуйся, Храм Адушаўлёны; радуйся, верным пахвала, прападобным сьцьверджаньне; радуйся, праваслаўных слава, Дабраслаўлёная ў жанчынах Багародзіца.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.