Трапар, тон 2
Апосталы, мучанікі й прарокі, сьвяціцелі, прападобныя і праведныя, добры подзьвіг зьдзейсьніўшыя і веру захаваўшыя, адвагу маючыя да Выратавальніка, аб нас Яго, як Добрага, маліце, каб выратавацца душам нашым.
Канон, тон 8
Песьня 1
Ірмас: Песьню засьпяваем, людзі, цудоўнаму Богу нашаму, вызваліўшаму Ізраіль ад рабства, песьню перамогі сьпяваючы, словы ад сэрца ўзносім: сьпяваем Табе, Адзінаму Уладару.
Прысьпеў: Усе сьвятыя, маліце Бога аб нас.
Прарокаў сабор, апостальскі чын, войска мучанікаў, Уладара ўсіх маліце, каб выратавацца мне, шматлікімі грахамі абцяжаранаму.
Герархаў сабор, прападобныя і ўсе праведнікі, маліце аб дабротах вечных для тых, хто зь верай вас шануе.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Усіх сьвятых Тваіх, Гасподзь, апяваем хары, бо малітвамі іх асьвятляеш душы нашы. Бо Ты ёсьць Сьвятло недасяжнае, няведаньня змрок зьнішчаеш, заўсёды існуючай Тваёй сьветласьцю.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усясьвятая Дзева Маці, Бога, Усясьветлае Слова, нарадзіўшая, молім Цябе: асьвяці вераю ўсіх, Цябе са ўсімі сьвятымі славячых.
Песьня 3
Ірмас: Ты ёсьць сьцьверджаньня прыходзячых да Цябе, Гасподзь, Ты ёсьць Сьвятло азмрочаных, і сьпявае Табе дух мой.
Прысьпеў: Усе сьвятыя, маліце Бога аб нас.
Вас, сьвяты лік прарокаў Боскіх, узьвялічваем, і шматлікіх мучанікаў, пацярпеўшых моцна, шануем ды молімся вам: Вялікую славу атрымаўшыя, маліцеся Госпаду, каб і мы прычасьнікамі яе быць удастоіліся малітвамі вашымі
Сьвятыя герархі Хрыстовы, годных прападобных саборы, са ўсімі сьвятымі, молім вас: Аб усіх нас Чалавекалюбца Бога маліце.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Твайму закону пакорныя, саборы сьвятых Тваіх, шматлікімі подзьвігамі дабрадзейнасьці асьвяціўшыся, зрабіліся праз гэта спадкаемцамі Нябеснае сялібы Тваёй, Уладар – Цар. Іх малітвамі і нас там пасялі, Міласэрны.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзіца Усячыстая, са ўсімі прарокамі, мудрацамі, апосталамі, сьвятамучанікамі і са ўсімі праведнымі, малі Госпада, каб поўнае прабачэньня грахоў нам падаў.
Песьня 4
Ірмас: Пачуўшы, Гасподзь, задуму Твайго таямніцу, зразумеў справы Твае і праславіў Тваю Боскасьць.
Прысьпеў: Усе сьвятыя, маліце Бога аб нас.
Усхваляем вас, багаслоўныя прарокі, і апяваем боскіх апосталаў, са ўсімі добра Госпаду паслужыўшыя. Каб праз малітвы вашы, і мы шлях жыцьця гэтага добра прайшлі і ў набожнасьці скончылі яго.
Як багатыя сьвятлом зоркі, сьвятлом дабрадзейнасьці асьвятляеце верных жыцьцё, прападобныя айцы нашы, і ўсе сьвятыя Боскія, праз гэта шануем вас сёньня.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Сабраўся сабор сьвятых Тваіх, Гасподзь, дзеля любові і ёй асалоду маюць, зь Анёламі радуюцца аб Табе, усіх Усябачачы Гасподзь. Радасьці гэтае і нас удастой, праз малітвы сьвятых Тваіх, Усемагутны.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Адзінага Бога Ўвасабленьне нарадзіўшая, Усясьвятая Багародзіца, Яго умалі, каб у дзень страшны ўсіх нас выратаваў, жыцьця вечнага і сьвятла ўдастоіў, у якім жывуць і якое бачаць усе сьвятыя і праведнікі Ягоныя.
Песьня 5
Ірмас: Ад ранку сьпяваем Цябе, Гасподзь, выратуй нас. Бо ты ёсьць Бог наш, апрача Цябе іншага не ведаем.
Прысьпеў: Усе сьвятыя, маліце Бога аб нас.
Сьвяціцелі, прарокі, прападобныя айцы і праведнікі боскія, праменьнем Духа асьвятляючыя ўсё тварэньня, молім вас: зьнішчыце цемру грахоўных запалаў нашых
Раны і болі вашы, пакутнікі Гасподні, якія здаваліся ворагу невылечнымі, цяпер вылечваюць усіх верных.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу
Сьвяціцеляў і сьвятамучанікаў Тваіх, і ўсіх сьвятых асьвяціўшы Гасподзь, іх малітвамі будзь міласэрным і да мяне, бо ведаеш грахі мае.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Усячыстая Дзева, слава мучанікаў, прападобных, праведнікаў і ўсіх сьвятых, малю Цябе: Ад усякага зла сатанінскага вызвалі мяне.
Песьня 6
Ірмас: Рызы сьветлыя мне падай, апрані ў сьвятло як у вопратку, Багатаміласьцівы Хрыстос, Божа наш.
Прысьпеў: Усе сьвятыя, маліце Бога аб нас.
Ранак сьветлы пазнаны быў вамі на зямлі, сьвятлом праўдзівае набожнасьці азарыўшы вернікаў, слаўныя ваяры Хрыстовы і сьветлыя праведнікі.
Сьвятыя мучанікі, забітыя пакутліва катам, вы жыцьцё праўдзівае атрымалі ў спадчыну. Цяпер разам маліце Госпада, каб выратаваў усіх вернікаў
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Слава прамудрым сьвяціцелям, прападобным і ўсім сьвятым. Ты, Хрыстос, іх малітвамі шчодрыя дарункі людзям Тваім падай. Бо іх Сваёй крывёй, як Чалавекалюбца, атрымаў Ты.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Апяваюць Цябе ўсе вернікі, Уладарка Багародзіца, бо Бога Слова нарадзіла Ты. Яго ж малі, Усячыстая, каб краінам і людзям Тваім у міры выратавацца.
Кандак, тон 8
Як адзінаму Стваральніку ўсіх тварэньняў, сусьвет прыносіць Табе, Гасподзь, сьвятых мучанікаў. Іх малітвамі ў міры моцным Царкву Тваю і людзей Тваіх, Багародзіцай захавай, Багатаміласьцівы.
Ікас, тон 8
У розных кутках зямлі мучэньня прыняўшых і на Нябёсы перасяліся, пакутам Хрыстовым пераймаючы, і запалы нашы забіваючыя, сёньня тут сабраліся, Царкву першародных паказваючы, як вышэйшы вобраз маючую, сьпяваюць Хрысту: Ты ёсьць Бог мой, малітвамі Багародзіцы захавай мяне, Багатаміласьцівы.
Песьня 7
Ірмас: Юнакі набожныя ў Бабілёне ідалу залатому не пакланіліся, але пасярод палымянае пячы расою арашаліся і песьню хвалы сьпявалі: Дабраслаўлёны ёсьць Бог айцоў нашых.
Прысьпеў: Усе сьвятыя, маліце Бога аб нас.
Хары сьвятых, у сьвятым спачываючага няспынна славячыя, ежаю нябеснаю асалоду атрымліваючыя, і ў радаснае вясёласьці сьпяваюць: Дабраслаўлёны ёсьць Бог айцоў нашых.
Сьветлыя сьвяціцелі, прападобныя, прабацькі і годныя сьвятамучанікі, у посьце сьветла празьзяўшыя праведнікі, няспынна аб нас маліцеся, каб памілаваньне атрымалі, сьпяваючы зь вамі: Дабраслаўлёны ёсьць Бог айцоў нашых.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Радасна апяваем Твой, Гасподзь, усіх сьвятых сабор, што ад усіх сабраўся, усіх родаў, чыноў і краінаў, і зь імі сьпяваем так: Дабраслаўлёны ёсьць Бог айцоў нашых.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Зь мучанікамі, Усячыстая, з прападобнымі айцамі, з прарокамі і ўсімі сьвятымі, у сьвятых Адзінага спачываючых, умалі Яго асьвяціць нас, славячых Цябе ва ўсе стагодзьдзі.
Песьня 8
Ірмас: Набожныя юнакі ў пячы, вялікае полымя перамагаючыя, сьпявалі: Дабраслаўляйце справы Гасподні, Госпада
Прысьпеў: Усе сьвятыя, маліце Бога аб нас.
Сьвяціцелі, прарокі, апостала, мучанікі і ўсе сьвятыя, подзьвіг зьдзейсьніўшыя, атрымаўшыя жыльлё сьвятое разам зь Анёламі, зь імі ж прасіце ў Госпада ачышчэньня ўсім нам і вялікай міласьці.
Забіваючы плоць пакутамі шматлікімі, удастоіліся жыцьця будучага. Прападобныя, Богу добра дагадзіўшыя, молім вас: навучыце і нас малітве праўдзівай.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Сьвятары Твае, Хрыстос, у праўду апранутыя прападобныя і ўсе сьвятыя ад стагодзьдзя празьзяўшыя, цяпер разам радуюцца, Тваю Боскую дабрыню бачачы. Яе бачыць і нас удастой, дзеля малітваў сьвятых Тваіх, Чалавекалюбца.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзіца Чыстая, са ўсімі прарокамі, мучанікамі, прападобнымі, сьвятамучанікамі і ўсімі сьвятымі, молімся Табе: Аб міласэрнасьці да нас малі Усяміласьцівага Выратавальніка
Песьня 9
Ірмас: Сапраўды Багародзіцай Цябе спавядаем, выратаваныя Табой, Дзева Чыстая, зь харамі бесьцялесных Цябе славячы.
Прысьпеў: Усе сьвятыя, маліце Бога аб нас.
Вас, сьвятыя пастыры, хор прарокаў сьвятых, незьлічоны лік праведнікаў, сабор мучанікаў, посьнікаў, дзявоцтва захаваўшых і ўсіх сьвятых, сьвятымі сьпевамі шануем ды просім: Маліце Уладара ўсіх аб выратаваньні душаў нашых.
Як слугі Ўладыкі, сьвятарамі таямніцы выявіліся ды зьядналіся са слугамі нябеснымі, разам зь імі прыносьце аб нас малітвы няспынныя да Пасаду Уладара
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Разам зь сьвятамучанікамі і прарокамі, шануем вас, усіх прападобных і праведных юначак, маці і жанчын сьветла подзьвіг зьдзейсьніўшых. Іх малітвамі, Хрыстос, пазбаў душы нашы ад полымя пякельнага.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Маці Дзева Чыстая, Шчодрага Бога нарадзіўшая ў плоці, са ўсімі сьвятымі малі Яго няспынна, каб ад бед выратаваў нас, заўсёды Цябе шануючых.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.