Saturday, December 31, 2011

МАЛЕБЕН НА ПАЧАТАК НОВАГА ГОДА

Сьвятар: Дабраслаўлёны  Бог наш, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Мы ж адказваем: Амін.
Чытальнік: Слава Табе, Божа наш, слава Табе.
Уладару нябесны, суцяшальнік, Духу ісьціны, што ўсюды прысутны і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра й Жыцьцядацелю, прыйдзі і ўсяліся ў нас і ачысьці нас ад усяго благога, і збаў, Добры, душы нашы.
Сьвяты Божа, Сьвяты Моцны, Сьвяты Несьмяротны, памілуй нас. (тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
 
Усясьвятая Тройца, зьлітуйся над намі. Госпадзе, ачысьці правіны нашы. Уладару, выбач бяспраўе наша. Сьвяты, наведай нас і аздараві немачы нашы дзеля імя Твайго.
Госпадзі, памілуй. (тройчы)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Твае, прыйдзі ўладарства Твае, будзь воля Твая як у небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.
Сьвятар: Бо Тваё ёсьць валадарства, і сіла, і слава, Айца, і Сына, і Сьвятога Духа, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Чытальнік: Амін.
Госпадзі, памілуй. (12)
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і ўвесь час, і на вякі вякоў. Амін.
Прыйдзеце, паклонімся Ўладару нашаму Богу.
Прыйдзеце, паклонімся й прыпадзем да Хрыста, Уладара, нашага Бога.
Прыйдзеце, паклонімся й прыпадзем да самога Хрыста, Уладара й Бога нашага.
Псальма 64
Табе, Божа, належыць хвала на Сіёне, і Табе будзе дадзена абяцаньне ў Ерусаліме. Ты чуеш малітву; да Цябе ўсё жывое прыходзіць. Учынкі грахоўных адольваюць мяне. Ты ачысьціш злачынствы нашыя. Дабрашчасны, каго Ты абраў і наблізіў, каб ён жыў у сялібах Тваіх. Насыцімся дабром дома Твайго, сьвятога храма Твайго. Страшны ў правасудзьдзі, пачуй нас, Божа, Ратаўнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі і ўсіх, хто далёка ў моры, Ты, Хто горы паставіў сілаю Сваёю, магутнасьцю аперазаны, Хто таймуе гул мораў, плёскат іхніх хваляў, і бунт народаў! І забаяцца азнакаў Тваіх жыхары ўсіх канцоў зямлі. І ранак і вечар абудзіш на славу Тваю. Ты наведваеш сушу і спатольваеш смагу яе, шчодра яе ўзбагачаеш: паток Божы поўны вады; Ты яе збожжа гатуеш, бо так яе зладзіў; Ты поіш барозны яе, раўняеш камлыгі яе, пульхніш яе кроплямі дажджу, дабраслаўляеш расьліннасьць яе; вянчаеш лета даброці Тваёй, і сьцежкі Твае кроплямі тлушчу цякуць; цякуць на пустэльныя пашы, і пагоркі радасьцю апяразваюцца, лугі апранаюцца ў статкі, і даліны ўкрываюцца збажыною, гукаюць яны і сьпяваюць.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Алілуя, алілуя, алілуя, Слава Табе, Божа. (3)
Мірная екценьня
Дыякан: У міры Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: За мір ва ўсім сьвеце, добры стан сьвятых Боскіх цэркваў і за зьяданьне ўсіх Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: За гэты сьвяты храм і тых, хто зь верай, набожнасьцю і страхам Божым уваходзяць у яго, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: За Сьвяцейшага (імя главы Царквы), Першагерарха Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (альбо іншае Праваслаўнае Царквы), і за ўладыку нашага Прывялебнага (імя), мітрапаліта (архіяпіскапа, япіскапа), годнае сьвятарства, у Хрысьці дыяканства, за ўвесь клір і людзей Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: За Богам захаваную Беларусь нашу, набожны народ яе, за ўладу і ўсё войска яе, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: За горад гэты (вёску гэтую, манастыр гэты) і за кожны горад, краіну і за тых, якія зь верай жывуць у іх, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Каб Гасподзь Бог прыняў гэтую сёньняшнюю падзяку ды малітву ад нас, нягодных слуг Сваіх, у наднябесны Свой ахвярнік і міласьціва памілаваў нас, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Каб Гасподзь Бог пачуў маленьня наша і прабачыў нам і ўсім людзям Сваім ўсе грахі сьвядомыя і несьвядомыя, зьдзейсьненыя намі ў годзе мінуўшым, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Каб Гасподзь Бог дабраславіў пачатак і пражыцьцё году гэтага Сваёй дабрынёй да людзей і падаў нам часы мірныя, добры ўраджай, ды дараваў жыцьцё бязгрэшнае ў здароўі і дастатку, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Каб Гасподзь захаваў нас ад усіх грахоўных запалаў ды згубных звычаяў, і ўклаў у сэрцы нашы страх Свой Боскі для выкананьня запаветаў Ягоных, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Каб Гасподзь Бог аднавіў дух ісьціны ў нас ды ўмацаваў нас у веры праваслаўнае; і скіраваў нас на выкананьне запаветаў Ягоных і зьдзяйсьненьня спраў добрых, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Каб Гасподзь Бог збавіў нас ад усялякай скрухі, бяды, гневу і галечы ды ад усіх ворагаў, бачных і нябачных, дараваў нам здароўе, даўгалецьця, мір свой, захаваўшы нас пад аховай анёлаў Сваіх, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Абарані, ратуй, памілуй і захавай нас, Божа, Тваёй дабрынёю
Людзі: Госпадзі, памілуй.
Дыякан: Успомніўшы ўсясьвятую, усячыстую, найбольш дабраслаўлёную Ўладарку нашу Багародзіцу і ўвесь час Дзеву Марыю і ўсіх сьвятых, самых сябе і адзін аднаго, і ўсё жыцьцё наша Хрысту Богу аддамо.
Людзі: Табе, Госпадзі.
Сьвятар: Бо Табе належыць уся слава, гонар і пакланеньня, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Бог – Гасподзь, і зьявіўся нам, дабраслаўлёны той, хто крочыць у імя Госпада.
Верш 1: Спавядайцеся Госпаду, бо Ён добры і заўсёды міласьць Ягоная.
Верш 2: Атачыўшы, абклалі мяне, імям Госпада супрацьстаяў я ім.
Верш 3: Не памру, але жыць буду, і распавяду справы Госпада.
Верш 4: Камень, які зьняважылі будаўнікі, зрабіўся галавой кута; ад Госпада адбыўся ён, і дзівосным ёсьць у вачах нашых.
Трапар, тон 4
Удзячныя мы, нягодныя слугі Твае, Гасподзь, за вялікія дабрадзейнасьці, якія атрымалі мы, славячы Цябе, хвалім, дабраслаўляем, дзякуем, апяваем ды ўзьвялічваем Тваю міласэрнасьць, і, як слугі, зь любоў сьпяваем Табе: Дабратворца, Выратавальнік наш, слава Табе.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу.
Трапар, тон 3
Тваёй дабрадзейнасьці і дароў не па заслугах, як слугі нягодныя, удастоіліся, да Цябе, Уладыка, рупліва прыпадаем і падзяку пасільную прыносім, і Цябе, як Дабрачынца і Творцу, праслаўляючы, сьпяваем: Слава Табе, Божа прышчодры.
Цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Дзева сёньня стаіць у царкве і з харамі сьвятых нябачна за нас моліцца Богу. Анёлы зь архірэямі пакланяюцца, апосталы з прарокамі радуюцца, бо дзеля нас моліць Багародзіца адвечнага Бога.
Сьвятар: Будзем уважны. Мір усім. Прамудрасьць, будзем уважны.
Пракімен, тон 4
Засьпяваю Госпаду, бо ён добрае мне зрабіў.
Верш: Узрадуецца сэрца мае выратаваньнем Тваім.
Апостал
Сьвятар: Мудрасьць
Дыякан: Да Цімафея першага пасланьня сьвятога апостала Паўла чытаньня.
Сьвятар: Будзем уважныя.
Дыякан: Сыне Цімафей! Вось, перш-наперш прашу ўзносіць малітвы, прашэньні, маленьні, падзякаваньні за ўсіх людзей,  за цароў і за ўсіх уладцаў, каб нам весьці жыцьцё ціхае і маўклівае ў богабаязнай пабожнасьці і чысьціні; бо гэта добра і даспадобы Збаўцу нашаму Богу, Які хоча, каб усе людзі ўратаваліся і дасягнулі спазнаньня ісьціны. Бо адзіны Бог, адзіны і пасрэднік паміж Богам і людзьмі, Чалавек Хрыстос Ісус, Які аддаў Сябе на адкупленьне ўсіх: такое было ў свой час сьведчаньне, дзеля якога я пастаўлены прапаведнікам і апосталам - праўду кажу ў Хрысьце, не маню, - настаўнікам язычнікаў у веры і праўдзе.
 (1 Цім. 2:1 – 7)
Людзі: Алілуя.
Эвангельля
Сьвятар: Каб удастоіліся мы выслухаць сьвятое Эвангельля, Госпада Бога просім.
Людзі: Госпадзі, памілуй. (3)
Сьвятар: Мудрасьць, станем набожна, выслухаем сьвятое Эвангельля. Мір усім.
Людзі: І твайму духу.
Сьвятар: Паводле Лукаша сьвятога Эвангельля чытаньня.
Людзі: Слава Цябе, Гасподзь, слава Табе.
Сьвятар: Будзем уважны.
Сьвятар: І прыйшоў у Назарэт, дзе быў выхаваны, і ўвайшоў, па звычаі Сваім, у дзень суботні ў сынагогу, і ўстаў чытаць.   Яму падалі кнігу прарока Ісаі; і Ён, разгарнуўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана: “Дух Гасподні на Мне; бо Ён памазаў Мяне зьвеставаць убогім і паслаў Мяне ацаляць зламаных сэрцам, прапаведаваць палонным вызваленьне, сьляпым празарэньне, адпусьціць спакутаваных на свабоду, абвяшчаць год Гасподняга спрыяньня”. І загарнуўшы кнігу і аддаўшы слузе, сеў; і вочы ўсіх у сынагозе былі скіраваныя на Яго.  І Ён пачаў гаварыць да іх: сёньня спраўдзілася пісаньне гэтае, чутае вамі. І ўсе засьведчылі Яму гэта, і дзівавалі са словаў мілаты, якія зыходзілі з вуснаў Ягоных.
 (Лк. 4:16–22)
Людзі: Слава Табе, Гасподзь, слава Табе.
Екценьня просьбы.
Дыякан: Памілуй нас, Божа, па вялікае міласьці Тваёй, молімся Табе, выслухай і памілуй.
Людзі: Госпадзі, памілуй. (3)
Дыякан: За Сьвяцейшага (імя главы Царквы), Першагерарха Беларускае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы (альбо іншае Праваслаўнае Царквы), і за ўладыку нашага Прывялебнага (імя), мітрапаліта (архіяпіскапа, япіскапа), за тых, што служаць і паслужылі ў сьвятым храме гэтым (сьвятым манастыры гэтым), і за айцоў нашых духоўных, у усіх у Хрысьці братоў нашых.
Людзі: Госпадзі, памілуй. (3)
Дыякан: Яшчэ молімся за Богам захаваны народ наш, беларускі, за ўрад і ўсё войска.
Людзі: Госпадзі, памілуй. (3)
Дыякан: Дзякуем са страхам і трымценьнем, як слугі нягодныя, Выратавальнік і Ўладыка наш, Гасподзь, за Твае дабрадзейнасьці, якія выліваюцца шчодра на слуг Тваіх, і прыпадаем, ды ўслаўленьне Табе, як Богу, прыносім, і пакорліва просім: Вызвалі ад бед слуг Тваіх і заўсёды, як міласэрны, просьбы нашы на дабро выканай, узмоцнена молімся: выслухай і памілуй.
Людзі: Госпадзі, памілуй. (3)
Тут можна дадаваць дадатковыя просьбы.
Дыякан: Яшчэ молімся за тут прысутных людзей, што чакаюць ад Цябе вялікае і багатае міласьці, за тых, якія зьдзяйсьняюць дабрадзейства, і за ўсіх праваслаўных хрысьціян.
Людзі: Госпадзі, памілуй. (3)
Дыякан: Выслухай нас, Божа, Выратавальнік наш, надзея ўсіх канцоў зямлі, і будучых на моры далёка, і ачысьці нас міласэрнасьцю, Уладыка, ад грахоў нашых, і памілуй нас.
Сьвятар: Бо Ты добры і чалавекалюбца Бог ёсьць, і Табе славу ўзносім, Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды і на вякі вякоў.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Яшчэ і яшчэ, схіліўшы галовы, Госпаду памолімся.
Людзі: Госпадзі, памілуй. (3)
Сьвятар: Уладыка Гасподзь Бог наш, крыніца жыцьця і несьмяротнасьці, усяго тварэньня, бачнага і нябачнага, Творца, Ты паклаў у Сваёй уладзе гадзіны і гады ды кіруеш усім прамудрай і ўсядобрай Сваёй воляй. Дзякуем Табе за шчодрасьць Тваю, якой надзяліў Ты нас на працягу нашага жыцьця. Молім Цябе, усяшчодры Гасподзь, дабраславі пачатак году, які надыходзіць, тваёй дабрынёй. Падай даброты усім людзям Тваім, здароўя, выратаваньня ды добры посьпех. Царкву Тваю сьвятую, горад гэты і ўсе гарады ды краіны ад усялякага злога нападу вызвалі, мір і спакой даруй ім. І ўдастой нас заўсёды падзяку прыносіць Табе, адвечнаму Айцу, зь Адзінародным Тваім Сынам, і Ўсясьвятым, і Жыватворчым Тваім Духам, у адзінай сутнасьці праслаўленаму Богу, і ўсясьвятое імя Твае апяваць ва ўсе стагодзьдзі.
Людзі: Амін.
Сьвятар: Прамудрасьць.
Людзі: Больш годную пашаны за херувімаў І без параўнаньня больш слаўную за серафімаў, што, захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, Цябе мы ўзьвялічваем.
Сьвятар: Слава Табе, Хрыстос Бог, надзея наша, слава Табе.
Людзі: Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Госпадзе, памілуй. (3)
Сьвятар робіць водпуск: Хрыстос, праўдзівы Бог наш, малітвамі ўсячыстае свае Маці, сьвятых і баганосных айцоў нашых, і ўсіх сьвятых, хай зьмілуецца над намі і збавіць нас, бо Ён добры і Чалавекалюбец.
Людзі: Амін.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.