Friday, December 30, 2011

Пасланьня Сьвяцейшага Мяфодзія, Мітрапаліта Кіеўскага і Усёй Украіны, Прадстаяцеля Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы

Хрыстос Нараджаецца!
Прысьвятыя ўладыкі, годныя айцы, упадабаныя ў Хрысьці Ісусе браты і сёстры!
Больш двух тысяч гадоў прайшло з той дзівоснае ночы, калі каля Бэтлеему, у невялікае пячоры адбылася найважная падзея ды найбольшы цуд у гісторыі чалавецтва – Сын Божы зрабіўся Сынам Чалавечым, Бог зрабіўся чалавекам, Боскае Слова апранулася ў рызы чалавечае прыроды.
“Нараджэньне Твае, Хрыстос Бог наш, асьвяціла сусьвет сьвятлом розуму, бо тыя, якія служылі зоркам, зоркай вучыліся пакланяцца Табе, Сонцу праўды, і Цябе ведаць зь вышыні Ўсходу: Гасподзь, слава Табе”. Для сучаснага вуха гэтыя радкі могуць прагучаць крыху неспадзявана, бо мы звыклі супрацьстаўляць розум і веру. Разам з тым, для царкоўнае сьвядомасьці ў выразе “сьвятло розуму” няма ніводнай супярэчнасьці. Бо для людзей старажытнага сьвету розум быў вышэйшай часткай душы – яе вокам, тым ворганам, зь дапамогай якога чалавек можа мець зносіны з Богам: пазнаваць ды бачыць Бога. Таму ў некаторых сучасных перакладах “сьвятло розуму” перакладаецца як “сьвятло Богапазнаньня”.
Менавіта Нараджэньне Хрыстова й адчыніла чалавецтву магчымасьць беспасрэднага Богапазнаньня. Натуральна, і да нараджэньня Боганемаўля Хрыста цэнтрам чалавечага жыцьця быў рэлігійны досьвед. Аднак, до прыходу ў сьвет Выратавальніка, гэты досьвед быў няпоўным. Чалавецтва быццам блукала ў цемры, яго вяла толькі надзея на выратаваньня і жыло надзеяй на Бога невядомага, Які нарэшце мае адкрыцца чалавеку ды выратаваць яго ад пакуты. Грэцкія філёзафы скептычна глядзелі на чалавека, лічачы яго істотай слабай і нікчэмнай. “Што ёсьць ісьціна?” – гэтыя словы Пілата ёсьць быццам вынікам антычнае мудрасьці, якая прагнула, але не здолела усьвядоміць Бога. Але вось прыйшоў у сьвет Хрыстос, нарадзіўся Мэсія – і розум чалавечы асьвяціла сьвятло. Незразумелы ды нябачны Бог адкрыўся ў Сыне Боскім.
Мы так звыклі да дабротаў, якія дараваў нам Гасподзь, што часта забываемся аб значэньні перавароту, які зьдзейсьніўся ў чалавечае сьвядомасьці. Але ўявім сябе на хвіліну сьляпога, якому павярнулася бачаньне. Якую радасьць, якое шчасьце мусіць ён адчуваць! Так сама і Каляды, вылечыўшы пашкоджанае грэхападзеньнем вока душы, павярнулі людзям зор. Вешчуны, навучаныя зоркай, як сьпяваецца ў кандаку, прыйшлі пакланіцца Сонцу праўды, каб пазнаць Госпада зь вышыні Ўсходу. Таму Каляды ад пачатку працятыя радасьцю. Гэтай радасьці стагодзьдзямі чакаў Ізраіль, але яе чакалі і язычнікі. “Філязофія, – казаў адзін зь настаўнікаў Царквы Кліменцій Аляксандрыйскі, – была такім жа дакладным ўказальнікам элінаў да Хрыста, якім быў закон для юдэяў”.
Звычайна, Ізраіль меў цьвёрдае абяцаньне аб Хрысьці, язычнікі ж мелі, як мы казалі ўжо, толькі невыразную надзею на выратаваньне. Але тым больш моцнай была радасьць і набожнасьць апошніх. Тым большаю радасьцю было для іх сьвятло Нараджэньня. Вешчуны прынесьлі зь сабой дарункі, якія на тагачасным Усходзе прыналежалі  выключна царам: золата, ладан і сьмірну. Чалавечая язычніцкая мудрасьць пакорліва схілілася прад Боганемаўлём, і гэта было пачаткам вяртаньня зору і выратаваньня язычнікаў.
Сонца праўды асьвяціла чалавецтва зь маленькае пячоры паблізу Бэтлээму. І гэтае сьвятло Богапазнаньня зьзяе і да цяпер, даючы кожнаму зь нас рэальную магчымасьць далучыцца жа Боскае мілаты. Напоўнім жа свае жыцьця Гэтым дзівосным Жывым Сьвятлом. Дадзім жа Боганемаўляці Хрысту месца ў сваім сэрцы. Напоўнім жа яго мілатой Сьвятога Духа.
Вітаючы ўсіх вас у гэтую выратавальную зьзяючую ноч зь сьветлым днём Нараджэньня Хрыстовага, ад шчырага сэрца жадаю ўсім выратаваньня і доўгіх гадоў жыцьця. Няхай напоўніць Боганемаўля Хрыстос наша жыцьцё сьвятлом Богапазнаньня ды Праўды. Няхай ніводная хрысьціянская душа не застанецца сёньня без поўнае радасьці. Няхай мілата народжанага сёньня Боганемаўля Хрыста добра пакрые нашу сьвяту зямлю, узмацняючы ды аб’ядноўваючы ў адзінае Памеснае Царкве набожны ўкраінскі народ.
Хрыстос Нараджаецца! Славім Яго!
Боскай міласьцю  + Мяфодзій,
Мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй  Украіны,
Прадстаяцель Украінскае Аўтакефальнае Праваслаўнае Царквы.

 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.