Friday, May 6, 2011

АКАФІСТ СЬВЯТОМУ ВЕЛІКАМУЧАНІКУ ГЕОРГІЮ ПЕРАМОЖЦУ

Кандак 1
Абранаму ваяводзе і пераможцу Георгію складзем праслаўленьне, як малітоўніку нашаму і хуткаму памагатаму: Ты ж, сьвяты велікамучанік, як маючы адвагу прад Госпадам, ад усялякіх бед нас вызвалі, ды засьпяваем табе: Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Ікас 1
Ангелаў Творца і ўсяго стварэньня стваральнік, паказаў цябе Царкве Сваёй веры абаронцам, і за веру непераможнага пакутніка, заклікае нас, за подзьвігі пакуты тваёй праслаўляць цябе, сьвяты Георгій, так:
Радуйся, да канца Ісуса Сына Боскага палюбіўшы; радуйся, за імя Ягонае зь любоўю душу сваю паклаўшы.
Радуйся, спавядальнік ад Бога пакліканы; радуйся, падзьвіжнік Боскай міласьцю праслаўлены.
Радуйся, анёлаў сужыцель; радуйся, роўны прарокам у славе.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 2
Бачачы перасьлед хрысьціян паганцамі, не спужаўся ты падступства іх і пакуты, богамудры, але як добры ваяр Хрыстовы, усё сваё патрабуючым раздаў, добраахвотна пайшоў на савет іх непраўдзівы, Хрысту ўладару і Богу свайму сьпяваючы: Алілуя.
Ікас 2
Разумна зразумеўшы адзінага Бога, у трох Асобах цудоўна праслаўленага, цьвёрдым розумам спавядаў ты Яго на зборы паганскім, і так выкрыў ты бяздумнага цара бяздумнае пакланеньне твары. Праз гэта, за тваю мудрасьць высокую, прымі ад нас, Георгій, стараны сьпеў праслаўленьня:
Радуйся, прапаведнік адзінага праўдзівага Бога; радуйся, Усясьвятой Тройцы верны абаронца.
Радуйся, вялікую таямніцу праваслаўнага спавяданьня паганцам паказаўшы; радуйся, спакусу блудную ідальскага служэньне выкрыўшы.
Радуйся, прамоўца боскі; радуйся, ведамі прамудрасьці напоўнены.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 3
Сіла Боская адукоўваючая ўсялякага чалавека ў сьвет прыходзячага, і ў вязьніцы цябе патрабуючага наведала, пакорай мудры Георгій: таму ты ўсё тленьня жыцьця гэтага зразумеўшы, да адзінага Хрыста прыйшоў, ды за імя Ягонае добра ваяваўшы, удастоіўся гэтым зь анёламі вечна сьпяваць: Алілуя.
Ікас 3
Маючы розум і сэрца Духам Сьвятым асьветленыя, ты па слову Ягонаму абраў жыцьцё ва імя Хрыстова, бо да крыві мужны быў у веры, выкрываючы ганарлівасьць збору паганскага. Праз гэта праслаўляем цябе, прамудры Георгій, так сьпяваючы:
Радуйся, шчыт, узьняты на абарону набожнасьці; радуйся, меч, узьняты на зьнішчэньня паганства.
Радуйся, слуп веры; радуйся, сьцяна і сьцьверджаньне Царквы Хрыстовай.
Радуйся, верных умацаваньне; радуйся, страх і зганьбаваньне паганцаў.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 4
Бяздумны кат, сьмерцю на цябе дыхаў, пакутнік Георгій, бо жадаў крыві тваёй як сабака жадная, загадаў раскрыжаваць на коле цела твае і жахлівым пакутам аддаць. Ты ж, думаючы аб Госпадзе, зь цьвёрдай надзеяй да Бога клікаў: Алілуя.
Ікас 4
Чуючы ад цябе словы мудрасьці, Дзткліціян і жрацы паганскія распаліліся на цябе злосьцю, найбольш жа калі прамовіў ты: “О цар мучыцель! Навошта мяне аддаеш катаваньням сьвету гэтага мітусьлівага? Бо ва мне жыве Хрыстос, і будзе сьмерць пачаткам жыцьця вечнага. Цяжка табе супраць праўды паўставаць!”. Праз гэта мы сьпяваем табе, велікамучанік Георгій, так:
Радуйся, за мужнае веры спавяданьне на коле кроў сваю праліўшы; радуйся, крывёй сваёй перамогу веры ўзьвялічыўшы.
Радуйся, апосталам у веры роўны; радуйся, добраахвотным пакутам Хрыстовым пераймаючы.
Радуйся, непахісны прыхільнік веры; радуйся, пакутнік, больш адаманту цьвёрды.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 5
На Боскую кіруючую зорку падобны быў ты, Георгій, бо дзіўным ад анёла вылячэньнем і бачным ад кола вызваленьнем, навучыў ты няверных верыць у Тройцу Адзінасутную, і Ёй разам з табой сьпяваць: Алілуя.
Ікас 5
Народы, бачыўшы цуды сілы Боскай, відавочна на цябе паказаныя, з пакорай вучэньне Хрыста ад цябе прыняўшы і прамовіўшыя гучна: Сапраўды вялікі Бог хрысьціянскі! Праз гэта і мы праслаўляем цябе, слаўны Георгій, сьпяваючы так:
Радуйся, сьветлым словам выратаваньня цемру няверы разагнаўшы; радуйся, пакутніцкім веры спавяданьнем няверных да Хрыста прывёўшы.
Радуйся, легіёны ваяроў зямных у нябеснае войска перавёўшы; радуйся, бо як ваяр Хрыстовы зь нябеснымі ваярамі злучаны.
Радуйся, ваяроў слава; радуйся, хору мучанікаў упрыгожаньне.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 6
Прапаведнікам праўды, духоўным апосталам пераймаючы, на крыжы для сьвету раскрыжаваўся ты, велікамучанік. Бо быццам Ёна ў нетры кіта, у пячору вапенную кінуты быў, але ды праславіцца дзеля цябе дзівосны ў сьвятых Гасподзь, Яму ж ты і ў рове вапенным, як у храме славы, разумна сьпяваў: Алілуя.
Ікас 6
Зьзяючы ў трохдзённым Сваім зь мёртвых уваскрэсеньні, раней непераможнага пекла і сьмерці Пераможца, выратаваў цябе ад сьмерці пякельнай, велікамучанік Георгій. Бо праз тры дні пабачылі цябе ў вапне жывым і, рукі да неба ўзьняўшы, апяваючым Бога. Праз гэта ўсе вельмі спужаныя былі і жахнуліся. Мы ж, радуючыся, сьпяваем табе гэты сьпеў пераможны:
Радуйся, зьнявагай цябе і ў роў вапны кіданьнем, паўстаньне гонару сатанінскага зваяванае; радуйся, дзівосным ад Бога выратаваньнем, зьверствы катаў перамогшы.
Радуйся, за катаў сваіх, як добры і літасьцівы, малітвы ўздымаўшы як за дабрадзеяў; радуйся, малітвы за іх зварот да Бога праўдзівага, як апостал Павел аб жыдах, уздымаўшы.
Радуйся, чалавек узорны; радуйся, сасуд абраны. 
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 7
Жадаў усяляк схіліць сэрца твае да благога ідал, нягодны кат думаў спакусіць цябе чараваньнем. Ты ж, богаабраны, разам зь Давыдам абвяшчаў: О Божа выратаваньня майго і слава мая, праўдзіва Яму сьпяваў: Алілуя.
Ікас 7
Новае зло паказаў гэты служка сатаны – Дзікліціян, калі, ў бяздумнай сваёй любові да ідалаў, загадаў напаіць цябе, Георгій, атрутай. Ты ж, напоўнены сапраўднай верай і надзеяй, яшчэ і сьмяротную атруту выпіў, але без шкоды для сябе, верны слуга Боскі, таму і мы сьпяваем табе так:
Радуйся, бо ў спадзяваньні на Бога жывога не асароміўся ты; радуйся, бо катаў у нішто зьнішчыў ты.
Радуйся, нячысьцікаў зьнішчальнік; радуйся, чараўнікоў напады разбурыўшы.
Радуйся, бо табой дзівосны Бог у сьвятых сваіх зьяўляецца; радуйся, бо табой набожна імя Хрыстова праслаўляецца.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 8
Дзіўная і страшная парада была ад нейкага чараўніка нягоднаму цару, каб загадаў табе, у доказ праўдзівасьці веры Хрыстовай, словам уваскрэсіць мёртвага. Ты ж, Георгій, ніколькі не сумняваючыся, сьпяваў Таму, Хто не ёсьць Бог мёртвых, але Бог жывых: Алілуя.
Ікас 8
Жаданы і Салодкі Ісусу, Яго ж ты ўсёй душой і ўсім сэрцам палюбіў, ўсядобры Георгій, чуючы цёплае веры тваёй маленьне, хутка загадаў па слову твайму ўваскрэснуць мёртваму, дзеля праслаўленьня імя Свайго і верных сьцьверджаньня, няверным жа і асьлепленым для зьдзіўленьня і богапазнаньне. Праз гэта годна сьпяваем табе так:
Радуйся, бо Гасподзь Сілаў дзівосы праз цябе паказаў; радуйся, бо табой мёртвага зь магілы ўваскрэсіў.
Радуйся, асьлепленаму чараўніку разумнае бачаньне веры дараваўшы; радуйся, шматлікім, дзеля Хрыста пацярпеўшым, у сьвятое сьвятых шлях паказаўшы.
Радуйся, Рыму зьдзіўленьне; радуйся, хрысьціянскага роду ўзвышэньне.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 9
Усе анёлы праслаўлялі Бога, што дараваў табе такую мужнасьць, Георгій, бо і ў вязніцы не спыняў ты дбаць у малітве. Праз гэта як вялікі таямнічы мілаты Боскай, удастоіўся бачыць у бачаньні Госпада, вянцом нятленным галаву тваю вянчаючага, ды і мы з табой сьпяваем Богу: Алілуя.
Ікас 9
Прамоўцы ўмелыя, рытарычнымі сваімі прамовамі, няздольныя вымавіць хвалы цябе годнай, Георгій, апісваючы твае шматлікія подзьвігі і пакуты, якія за Хрыста і Царкву пацярпеў ты добраахвотна. Праз гэта і мы, няздольныя праславіць цябе па годнасьці, сьпяваем табе так:
Радуйся, бо добраахвотнымі за Хрыста і Царкву пакутамі, ты старога Адама ў сябе раскрыжаваў; радуйся, за доблесныя пакуты вянцом праўды з рук Госпада прыняўшы.
Радуйся, правіла руплівай набожнасьці; радуйся, узор пакоры духоўнай.
Радуйся, бо не сябе, але адзінаму Хрысту добра дагадзіў ты; радуйся, бо за Хрыста на шматлікія сьмяротныя пакуты пайшоў.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 10
Жадаючы выратаваць душы, што ў цемры служэньня ідалам гінуць, богаўпадабаны Георгій, ты, раўнуючы, рупіўся як Ільля ў Богу. Бо ўвайшоў у храм паганскі, сілай Боскай разагнаў нячысьцікаў, зваяваў ідалаў, пасароміў жрацоў, і, як пераможна, не зь людзьмі, але зь анёламі, сьпяваў Богу: Алілуя.
Ікас 10
Больш чым сьцены нячулыя, скамянеў сэрцам кат твой, Георгій, не прыняўшы Бога, што выявіў табой цуды, але да канца быў быццам нячысьцік, затыкаючы вухі свае. Таму загадаў адсекчы табе, як зьняважанаму злачынцу, галаву тваю. Ты ж, хварэючы аб загібелі душы ягонай, радасна прыняў сьмерць гэтую, за што праслаўляем цябе любоўна, так сьпяваючы:
Радуйся, веру, надзею і любоў да канца захаваўшы; радуйся, ва ўсьпеньні тваём шматлікія і вялікія цуды зьдзейсьніўшы.
Радуйся, зброяй прыязнасьці Боскай венчаны на зямлі; радуйся, славай і прыгажосьцю ўпрыгожаны на нябёсах.
Радуйся, чалавек Боскі; радуйся, добры ваяр Хрыстовы.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 11
Апеў Усясьвятую Тройцу лепш іншых ты, сьвяты велікамучанік Георгій, не словам дакладным і розумам, але жывым усяго сябе ў ахвяру прынашэньнем. Бо пераймай раскрыжаванаму за нас, бязгрэшнаму Ягня Хрысту, паклаўшы душу сваю за іншых добраахвотна. Таму мы, няздольныя да праслаўленьня такой тваёй доблесьці, бо больш такой любові немагчыма мець, але удзячнасьцю напоўненыя, сьпяваем дзівоснаму ў сьвятых сваіх Богу: Алілуя.
Ікас 11
Сьветлы сьвяцільнік праўдзівага Сьвятла, жывучым на зямлі ёсьць Богам абраным, Георгій, бо асьвятляеш сэрцы верных і да розуму Боскаму ўсіх скіроўваеш, навучаючы і нас весела сьпяваць:
Радуйся, бо ў сьвятле вышэйшым анёльскіх палацаў весялішся; радуйся, бо не ў гаданьні, але тварам да твару, адвечнага Траістага Сьвятла назаўсёды прычасьціўся.
Радуйся, патрабуючых сілкавальнік, пакрыўджаных абаронца; радуйся, нямоглых лекар і царам дапамога.
Радуйся, воінам праваслаўным у змаганьні дапамога; радуйся, аб грэшніках цёплы малітоўнік.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 12
Мілату, дадзеную табе ад Бога, ведаючы, памяць тваю сьвяткуем, велікамучанік Георгій, і з стараным маленьня да цудатворнага абраза твайго прыпадаючы, тваёй усямагутнай у Госпадзе дапамогай, як неразбуральнай сьцяной, агароджаныя. Таму, праслаўляючы цябе, старана сьпяваем Богу: Алілуя.
Ікас 12
Слаўнае ўсьпеньне твае апяваючы, якім ўзьвялічыўся ты, як добры ваяр Хрыстовы, молім цябе, велікамучанік Георгій, будзь нам ва ўсім добрым памагатым, і пачуй нас, старана сьпяваючых табе так:
Радуйся, бо табой Царква верных адукоўваецца; радуйся, бо імя твае і паміж нявернымі праслаўляецца.
Радуйся, дзівосная слава спавядальнікаў; радуйся, высокае праслаўленьне мучанікаў.
Радуйся, лекар целаў нашых; радуйся, малітоўнік аб душах нашых.
Радуйся, Георгій, вялікі пераможца.
Кандак 13
О вялебны і сьвяты велікамучанік Георгій, прымі гэты наш сьпеў праслаўленьня, і пазбаў нас ад ўсяго злога тваімі цёплымі да Бога малітвамі, ды з табой засьпяваем Богу: Алілуя.

Гэты кандак чытаецца тройчы, потым ікас 1 і кандак 1

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.