Tuesday, May 3, 2011

“СТАЎРОАНАСТАСІМА” – КРЫЖАЎВАСКРЭСНЫЕ СЛОВЫ. АБ УВАСКРЭСЕНЬНІ

Звышгодны Сімяён Новы Багаслоў
Браты і айцы, прыйшоў Вялікдзень, радасны дзень Уваскрэсеньня Хрыстова, чыньнік усякай радасьці і весялосьці, якія перажываюцца або адзін раз у год, або кожны дзень і увесь час – тымі, хто спасьцігае таямнічы сэнс сьвята. Радасьць і весялосьць прыйшлі і напоўнілі нашы сэрцы, вызваляючы ад прац годнага посту, удасканальваючы і суцяшаючы нашы душы.
Падзякуем жа Госпаду, Які вывеў нас зь мора посту і правёў з радасьцю да прыстані Свайго уваскрэсеньня.
Давайце досьледны, у чым складаецца таямніца уваскрэсеньня Хрыста і Бога нашага, якое зьдзяйсьняецца неспасьціжным чынам з тымі, хто гэтага жадае, як Хрыстос хаваецца ў нас, як у труне, і як злучаецца зь нашымі душамі і уваскрасае, уваскрасаючы і нас.
Хрыстос і Бог наш, быўшы павешаны на крыжы, раскрыжаваў на ім грэх сьвету і, спазнаўшы сьмерці, сышоў у апраметную пекла. Як некалі, узыходзячы з пекла, Ён вярнуўся ва усячыстае Сваё цела, ад якога зусім і не адлучаецца, неадкладна уваскрэс і пасьля гэтага зь вялікай славай і сілай узышоў у Нябёсы, сапраўды гэтак жа і цяпер, калі мы выходзім са сьвету і уваходзім, пераймаючы пакутам Гасподнім, у труну пакаяньня і пакоры, Ён сам сыходзіць зь нябёсаў, уваходзіць у наша цела, як у труну, злучаецца зь нашымі духоўна мёртвымі душамі і уваскрашае іх. Тым самым таму, хто разам зь Ім уваскрэс, Ён падае магчымасьць бачыць славу Ягонага таямнічага уваскрэсеньня.
Уваскрэсеньне і слава Хрыстова, як мы ужо казалі, ёсьць наша уласная слава, паколькі Той, Хто засвоіў Сабе чалавечую існасьць, дзейнічае ў нас гэтак жа, як дзейнічаў і Сам. Уваскрэсеньне душы ёсьць яе злучэньне зь жыцьцём. Сапраўды гэтак жа, як мёртвае цела не можа ажыць, калі не прыме ў сябе жывой душы і не зьмяшаецца зь ёю не зьлітная, так і душа не можа ажыць сама, калі неапісальна не злучыцца з Богам, Які ёсьць сапраўднае вечнае жыцьцё. Гэта значыць яна мёртвая датуль, пакуль у пазнаньні, сузіраньні і пачуцьці не злучыцца з Хрыстом, – хай пры гэтым яна застаецца нярэчыўнай і несьмяротнай па сваёй прыродзе.
Большасьць людзей верыць ва Уваскрэсеньне Хрыстова, аднак вельмі мала хто ясна бачыць яго. А тыя, якія не убачылі яго, не могуць пакланіцца Ісусу Хрысту як Сьвятому і Госпаду. І сьвяты сьпеў, які мы штодня маем на вуснах, не кажа: “Ва Уваскрэсеньне Хрыстова верачы…”,– але што? – “Уваскрэсеньне Хрыстова бачыўшы, паклонімся сьвятому Госпаду Ісусу адзінаму бязгрэшнаму”. Як жа Дух Сьвяты прымушае казаць нас, быццам мы бачылі тое, чаго насамрэч не бачылі, бо Хрыстос уваскрэс адзін раз тысячу гадоў назад, але і тады ніхто не бачыў як Ён уваскрэс? Можа, Сьвяты Дух жадае, каб мы казалі хлусьню? – Не, вядома, але тое, што Ён падахвочвае нас спавядаць, ёсьць праўда. Бо Уваскрэсеньне Хрыстова зьдзяйсьняецца усярэдзіне кожнага верніка, і не аднойчы, але заўсёды, калі Сам Уладар Хрыстос уваскрасае усярэдзіне нас, апранаецца ў прыгажосьць і зіхаціць маланкамі нетленьня і Боскасьці. Сьвятланосная прысутнасьць Духу паказвае нам на Уваскрэсеньне Хрыстова і удастойвае нас убачыць Самога Уваскрэслага. Таму мы і гаворым: “Бог - Гасподзь, і апраменіў нас” (Пс. 117:27)
Такім чынам, калі каму адкрываецца уваскрэслы Хрыстос, тады Ён заўсёды зьяўляецца перад яго духоўнымі вачамі. Таму што, калі Ён прыходзіць да нас праз Духа Сьвятога, уваскрашае нас зь мёртвых, ажыўляе і дае нам мілату бачыць Яго усярэдзіне сябе цалкам.
(13 Абвяшчальнае слова)

 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.