Tuesday, May 3, 2011

СЛОВА НА СЬВЯТУЮ І ВЫРАТАВАЛЬНУЮ ПАСХУ

Сьвяціцель Рыгор Ніскі
Праўдзівы супакой суботы, які атрымаў Боскае дабраслаўленьне, якім Гасподзь спачыў ад спраў Сваіх, для выратаваньня сьвету суботніх скасаваньнем дзейнасьці сьмерці, ужо канчаецца, выявіўшы асаблівую мілату і позіркам, і слыху, і сэрцу пасрэдніцтвам усяго таго, што пры зьдзяйсьненьні сьвята мы бачылі і чулі, ад чаго атрымалі сардэчную радасьць. Бо тое, што бачылі мы вачамі, было сьвятло, сьвяціўшы нам у ночы палымяным воблакам ад лямпад; слова, у працяг гэтай ночы апавяшчаючы слых псальмамі, і сьпевамі, і песьнямі духоўнымі і уліваючы ў душу праз слых як бы нейкі струмень радасьці, напаўняла нас добрымі надзеямі; а сэрца, радасна суцяшаючыся тым, што мы чулі і бачылі, захоўвала ў сабе невымоўную асалоду. Бачнае скіроўвала яго да нябачнага, так што дабрадзейства гэтага спачынку, умацоўваючы невымоўную надзею на тое, што прыгатавана нам, служыць выявай тых выгод, якія “ня бачыла таго вока і ня чула вуха, і ня ўзыходзіла тое ў сэрца чалавека” (1 Кар 2:9).
Такім чынам, паколькі гэта сьветлая ноч, зьяднаўшая зьзяньне ад лямпад з ранішнім праменьнем сонца, стварыла адзін непарыўны дзень, не падзелены прамежкам цемры, то мы, браты, падумаем аб прароцтве, якое кажа: “Гэты дзень стварыў Гасподзь” (Пс. 117:24). Справа гэтага дня не цяжкая і не важкая, але задаволеньне, радасьць і вясельле; вось як кажа слова Боскае: “парадуемся і ўзьвесялімся ў дзень гэты!”. О цудоўны занятак! О, салодкі загад! Хто замарудзіць выканаць гэтыя запаветы? Хто не палічыць для сябе шкодным і ненадоўга адкладзе падобныя заняткі? Радасьць – справа, а вясельле – загад, праз выкананьне якога скасоўваецца асуджэньне за грэх і смутак ператвараецца ў радасьць.
 Што патрэбна пры гэтым рабіць? Што ж іншае, як не пераймаць прароцкім гарам і пагоркам ў радасьці: бо “горы”, як сказана, “скакалі, як бараны, і пагоркі, як ягняткі” (Пс. 113:4)
 Такім чынам: “Прыйдзеце, засьпяваем Госпаду” (Пс. 94:1), зваяваўшаму сілу варожую і ўзьняўшаму дзеля нас вялікі пераможны знак крыжа над паўшым ворагам. “Усклікнем” (Пс. 94:1)! Усклік ёсьць урачыстае абвяшчэньне, сыходзячае ад пераможца над пераможаным.
І так, паколькі войска нашага ворага зьнішчана і сам ён, маючы ўладу над злым войскам нячысьцікаў, выгнаны, зьнішчаны і нават ператвораны ў нішто, то і прамовім: “Гасподзь ёсьць Бог вялікі і Цар над усімі багамі” (Пс. 94:3), дабраслаўвіўшы канец года дабрыні Сваёй і ўвёўшы нас ў гэтую духоўную радасьць, у Хрысьце Ісусе Госпадзе, Якому слава ва ўсе стагодзьдзі. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.