мітрапаліт Антоні (Суражскі)
Увечар ці позьняй ноччу ў Гарачай чацьвер чытаецца расказ пра апошнюю сустрэчу Госпада Ісуса Хрыста са Сваімі вучнямі вакол велікоднага сталу і пра страшную ноч, самотна праведзеную Ім у Гэфсіманскам саду ў чаканьні сьмерці, расказ пра Ягонае расьпяцьце і пра Ягоную сьмерць...
Перад намі праходзіць карціна таго, што адбылося зь Выратавальнікам па любові да нас; Ён мог бы усяго гэтага пазьбегнуць, калі б толькі адступіць, калі б толькі Сябе захацець выратаваць і не давяршыць той справы, дзеля якой Ён прыйшоў!.. Зразумела, тады Ён не быў бы Тым, Кім Ён насамрэч быў; Ён не быў бы увасобленай Боскай любоўю, Ён не быў бы Выратавальнікам нашым; але якім коштам абыходзіцца любоў!
Хрыстос праводзіць адну страшную ноч тварам да твару з прыходзячай сьмерцю; і Ён змагаецца з гэтай сьмерцю, якая ідзе на Яго няўмольна, як змагаецца чалавек перад сьмерцю. Але звычайна чалавек проста безабаронна памірае; тут адбывалася нешта больш трагічнае.
Сваім вучням Хрыстос да гэтага сказаў: Ніхто жыцьця ў Мяне не адбярэ – Я яго вольна аддаю... І вось Ён вольна, але зь якім жахам аддаваў яго... Першы раз Ён маліўся Айцу: Ойча! Калі Мяне можа гэта абмінуць – ды абміне!.. і змагаўся. І другі раз Ён маліўся: Ойча! Калі не можа абмінуць Мяне гэта чара – хай будзе... І толькі ў трэці раз, пасьля новай барацьбы, Ён мог сказаць: Ды будзе воля Твая...
Мы павінны ў гэта удумацца: нам заўсёды – ці часта – здаецца, што лёгка было Яму аддаць Сваё жыцьцё, быўшы Богам, зрабіўшымся чалавекам: але памірае вось Ён, Выратавальнік наш, Хрыстос, як Чалавек: не Боскасьцю Сваёй несьмяротнай, а чалавечым Сваім, жывым, сапраўдным чалавечым целам...
І потым мы бачым расьпяцьце: як Яго забівалі павольнай сьмерцю і як Ён, без аднаго слова папроку, аддаўся на пакуту. Адзіныя словы, зьвернутыя Ім да Айца пра катаў, былі: Ойча, прабач ім – яны не ведаюць, што дзеюць...
Вось чаму мы павінны навучыцца: перад тварам ганеньня, перад тварам зьневажэньня, перад тварам крыўды – перад тысячай рэчаў, якія далёка-далёка стаяць ад самай думкі пра сьмерць, мы павінны паглядзець на чалавека, які нас крыўдзіць, зьневажае, жадае зьнішчыць, і павярнуцца душой да Бога і сказаць: Ойча, прабач ім: яны не ведаюць, што робяць, яны не разумеюць сэнсу рэчаў...
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.