Friday, April 22, 2011

ПАКУТНАЯ ПЯТНІЦА

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
Мы, людзі, усю нашу надзею пасьля Бога усклалі на абарону Багародзіцы. Мы гэтыя словы паўтараем часта, яны нам сталі звыклыя. А разам з гэтым, перад тварам таго, што зьдзяйсьнялася учора і сёньня, гэтыя словы неспасьціжна страшныя. Яны павінны уяўляць ці дзіўную веру ў Багародзіцу, ці уяўляюць насамрэч, што мы не глыбока перажылі на працягу свайго жыцьця гэты заклік да дапамогі Боскай Маці.
Перад намі труна Госпада. У гэтай труне чалавечым целам бачны нам шматпакутны, скатаваны, змучаны Сын Дзевы. Ён памёр; памёр не толькі таму, што калісьці нейкія людзі, напоўніліся злосьцю, Яго загубілі. Ён памёр з-за кожнага зь нас, дзеля кожнага зь нас. Кожны зь нас нясе на сабе дзель адказнасьці за тое, што здарылася, за тое, што Бог, не церпячы адпадзеньня, сіроцтва, пакуты чалавека, зрабіўся таксама Чалавекам, увайшоў у вобласьць сьмерці і пакуты, за тое, што Ён не знайшоў той любові, той веры, таго водгуку, які выратаваў бы сьвет і зрабіў немагчымай і непатрэбнай тую трагедыю, якую мы завём Пакутнымі днямі, і сьмерць Хрыстову на Галгофе.
Скажаце: Хіба мы за гэта адказныя – мы ж тады не жылі? Так! Не жылі! А калі б зараз на нашай зямлі зьявіўся Гасподзь – няўжо хто-небудзь зь нас можа падумаць, што ён апынуўся б лепш тых, якія тады Яго не пазналі. Яго не палюбілі, Яго адпрэчылі і, каб выратаваць сябе ад асуджэньня сумленьня, ад жаху Ягонага вучэньня, вывелі Яго з чалавечай постаці і загубілі крыжовай сьмерцю? Нам часта здаецца, што тыя людзі, якія тады гэта зьдзейсьнілі, былі такімі страшнымі; а калі мы угледзімся ў іх выяву – што мы бачым?
Мы бачым, што яны былі сапраўды страшныя, але нашай жа пасрэднасьцю, нашым здрабненьнем. Яны такія ж, як мы: іх жыцьцё занадта вузкае для таго, каб у ім усяліўся Бог; жыцьцё іх занадта малое і нікчэмнае для таго, каб тая любоў, пра якую кажа Гасподзь, магла знайсьці ў ім абшар і творчую сілу. Трэба было ці гэтае жыцьцё разарваць па швах, вырасьці ў меру чалавечага пакліканьня, ці Богу быць выключаным канчаткова з гэтага жыцьця. І гэтыя людзі, падобна нам, гэта зрабілі.
Я кажу “падобна нам”, таму што колькі разоў на працягу нашага жыцьця мы паступаем, як той ці іншы з тых, якія удзельнічалі ў расьпяцьці Хрыста. Пагледзіце на Пілят: чым ён адрозьніваецца ад тых служак дзяржавы, Царквы, грамадзкасьці, якія больш за усё баяцца чалавечага суда, бязладзіцы і адказнасьці і якія для таго, каб сябе застрахаваць, гатовыя загубіць чалавека – часта ў малым, а парой і ў вельмі вялікім? Як часта, з боязі стаць на увесь рост нашай адказнасьці, мы даём на чалавека легчы падозру ў тым, што ён злачынец, што ён – ілгун, ашуканец, амаральны і г.д. Нічога большага Пілят не зрабіў; ён імкнуўся захаваць сваё месца, ён імкнуўся не падпасьці пад асуджэньне сваіх начальнікаў, імкнуўся не быць ненавідным сваімі падпарадкаванымі, пазьбегнуць мяцяжу. І хоць і прызнаў, што Ісус ні ў чым не вінаваты, а аддаў Яго на пагібель...
І вакол яго гэтулькі такіх жа людзей; ваяры – ім было усё адно, каго крыжаваць, яны “не адказныя” былі; гэта было іх справа: выконваць загад... А колькі разоў зь намі здараецца тое ж ? Атрымліваем мы распараджэньне, якое мае маральнае вымярэньне, распараджэньне, адказнасьць за якое будзе перад Богам, і адказваем: Адказнасьць не на нас... Пілят вымыў рукі і сказаў юдэям, што яны будуць адказваць. А ваяры проста выканалі загад і загубілі чалавека, нават не задаючы сабе пытаньня пра тое, хто Ён: проста асуджаны...
Але не толькі загубілі, не толькі выканалі свой уяўны абавязак. Пілят аддаў ім Ісуса на зьневажаньне; колькі разоў – колькі разоў! – кожны зь нас мог прымеціць у сабе злараднасьць, гатоўнасьць назьдзекавацца над чалавекам, пасьмяяцца яго гору, дадаць да яго гора лішні удар, лішнюю аплявуху, лішняе зьневажэньне! А калі гэта зь намі здаралася і раптам наш позірк сустракаў позірк чалавека, якога мы зьняважылі, калі ён ужо быў пабіты і асуджаны, тады і мы, і не раз, напэўна, па-свойму, вядома, рабілі тое, што зрабілі ваяры, што зрабілі слугі Каяфы: яны завязалі вочы Пакутніку і білі Яго. А мы? Як часта, як часта нашым жыцьцём, нашымі учынкамі мы быццам зачыняем вочы Богу, каб стукнуць спакойна і бяскарна – чалавека ці Самага Хрыста – у твар!
А аддаў Хрыста на расьпяцьце хто? Ці асаблівыя злыдні? Не – людзі, якія баяліся за палітычную незалежнасьць сваёй краіны, людзі, якія не жадалі рызыкаваць нічым, для якіх зямное будаўніцтва апынулася важней сумленьня, праўды, усяго – толькі б не пахіснулася хісткая раўнавага іх рабскага дабрабыту. А хто зь нас гэтага не ведае па сваім жыцьці?
Можна было б усіх так перабраць, але хіба не відаць з гэтага, што людзі, забіўшыя Хрыста, – такія ж, як і мы? Што яны былі рухомыя тымі ж страхамі, жаданьнямі, той жа драбніцай, якой мы заняволены? І вось мы стаім перад гэтай труной, усьведамляючы – я усьведамляю! і як бы жадаў, каб кожны зь нас усьведамляў, – шчасьлівыя мы, што не былі падвергнуты гэтаму страшнаму выпрабаваньню сустрэчы тады з Хрыстом – тады, калі можна было памыліцца і зьненавідзець Яго, і стаць у натоўп равучы: Раскрыжуй, раскрыжуй Яго!..
Маці стаяла ў Крыжа; Яе Сын, адданы, зьняважаны, вывергнуты, зьбіты, скатаваны, змучаны, паміраў на Крыжы. І Яна зь Ім су-памірала... Шматлікія, напэўна, глядзелі на Хрыста, шматлікія, напэўна, пасаромеліся і спалохаліся і не паглядзелі ў твар Маці. І вось да Яе мы зьвяртаемся, кажучы: Маці, я вінаваты – хай сярод іншых – у сьмерці Твайго Сына; я вінаваты – Ты заступіся. Ты выратуй Тваёй малітвай, Тваёй абаронай, таму што калі Ты прабачыш – ніхто нас не засудзіць і не загубіць... Але калі Ты не прабачыш, тое Тваё слова будзе мацней усякага слова ў нашу абарону...
Вось зь якой верай мы зараз стаім, зь якім жахам у душы павінны б мы стаяць перад тварам Маці, Якую мы забойствам абяздолілі.,. Устаньце перад Яе тварам, устаньце і паглядзіце ў вочы Дзевы Багародзіцы!.. Паслухайце, калі будзеце падыходзіць да Плашчаніцы, Плач Багародзіцы, які будзе чытацца. Гэта не проста лямант, гэта гора – гора Маці, у Якой мы просім абароны, таму што мы забілі Яе Сына, адпрэчылі, зь дня ў дзень адкінуты нават зараз, калі ведаем, Хто Ён: усё ведаем, і усё адно адкідаем...
Вось, устанем перад судом нашага сумленьня, абуджаным Яе горам, і прынясём пакутнае, скрышанае сэрца, прынясём Хрысту малітву пра тое, каб Ён даў нам сілу ачуцца, апамятацца, ажыць, зрабіцца людзьмі, зрабіць наша жыцьцё глыбокім, шырокім, здольным зьмясьціць любоў і прысутнасьць Госпада. І з гэтай любоўю выйдзем у жыцьцё, каб дзеяць жыцьцё, дзеяць і ствараць сьвет, глыбокі і прасторны, які быў бы, як вопратка на прысутнасьці Госпада, які зьзяў бы усім сьвятлом, усёй радасьцю раю. Гэта наша пакліканьне, гэта мы павінны ажыцьцявіць, пераламаўшы сябе, аддаўшы сябе, памёршы, калі трэба – і трэба! – таму што любіць – гэта значыць забіць сабе, гэта значыць ужо не шанаваць сябе, а шанаваць іншага, хоць будзе гэта Бог, хоць гэта будзе чалавек, жыць для іншага, адклаўшы клопат пра сябе. Памром, колькі можам, станем паміраць на усе жылы для таго, каб жыць любоўю і жыць для Бога і для іншых. Амін!

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.