Мусорын А.Ю.
Характэрнай рысай рэлігійнай гісторыі беларускага народа ёсьць тое, што беларусы ніколі не былі цалкам праваслаўным народам, як, напрыклад, расейцы, або цалкам каталіцкім, як, напрыклад, палякі. Беларусь заўсёды была поліканфэсіянальнай краінай, на абшары якой шмат стагодзьдзяў узаемадзейнічалі праваслаўная і каталіцкая культурныя традыцыі, што адлюстравалася, у тым ліку, і ў беларускай тэанімічнай лексыцы, абумовіла яе варыянтнасьць паводле канфэсіянальнай прыналежнасьці. Менавіта гэтыя, канфэсійна маркіраваныя найменьні Бога, і дасьледуюцца ў дадзеным артыкуле. Беларуская тэанімічная лексыка агульнага для усіх хрысьціянскіх канфэсі ужываньня (Бог, Валадар, Усявышні, Усеспадар, Айцец Нябесны і інш.) застаецца па—за межамі дадзенага дасьледаваньня.
Найбольш частотным уласна праваслаўным найменьнем Бога зьяўляецца лексэм Гасподзь (вар. Госпад) і яе каталіцкі адпаведнік Пан. Абодва яны ёсьць калькамі са старажытнагрэцкага Κύριοσ — слова, якое першапачаткава мела значэньне “гаспадар”, і толькі ў хрысьціянскую эпоху пачало выкарыстоўвацца для абазначэньня Вышэйшай Істоты. Характэрная асаблівасьцю тэоніма Κύριοσ, у адрозьненьне ад Θεόσ (уласна “Бог”), было тое, што лексэм Κύριοσ ужывалася толькі ў хрысьціянскіх тэкстах і не мела паганскіх канатацый, у той час як назоўнік θεός у дахрысьціянскі пэрыяд выкарыстоўваўся для абазначэньня шматлікіх багоў паганскага пантэона. Пры гэтым, трэба заўважыць, што грэцкае κύριος нароўні з тэанімічным захавала сваё першапачаткавае нетэанемічнае значэньне і да цяперашняга часу; у сучаснай грэцкай мове гэты назоўнік ужываецца ў якасьці адпаведніка беларускаму спадар, польскаму pan, ангельскаму mister і інш. Форма клічнага склону гэтага назоўніка стандартна ужываеца ў сучаснай грэчаскай мове пры зваротку па прозьвішчу да шаноўнага чалавека: κύριε Σολομε – спадару Саломас.
Пры перакладзе Сьвятога Пісьма на царкоўнаславянскую – першую пісьмова—літаратурную мову славян, у якасьці эквіваленту грэцкаму Κύριοσ было выкарыстана слова гоподь якое першапачаткава мела значэньне “гаспадар, домаўласьнік” [12, c. 19], і якое з гэтага моманту пачынае ужывацца для абазначэньня Бога. Беларускія варыянты Гасподзь і Госпад зьяўляюцца скуткам фанэтычных і морфалягічных трансфармацый запазычанага зь царкоўнаславянскай мовы гоподь. Варыянт Гаспоздь уяўляе сабой проста зьмененае адпаведна беларускім фанэтычна—артаграфічным нормам царкоўнаславянскае господь. Варыянт Госпад зьявіўся ў беларускай мове ў выніку уніфікацыі мяккай асновы назоўнага і клічнага склонаў царкоўнаславянізма гоподь па цьвёрдай аснове астатніх склонаў. Пры узьнікненьні варыянта Госпад мела месца таксама перамяшканьне націска ў назоўным склоне зь апошняга на першы склад па аналёгіі зь націскам ва укосных склонах гэтага слова. Трэба заўважыць, што варыянты Гасподзь і Госпад адрозьніваюцца толькі формамі назоўнага і клічнчга склонаў і супадаюць ва усіх іншых:Н. Гасподзь — Госпад, Р. Госпада – Госпада, Д. Госпаду – Госпаду, В. Госпада – Госпада, Т. Госпадам – Госпадам, М. (аб) Госпадзе – (аб) Госпадзе, Зват. Госпадзі – Госпадзе. Трэба дадаць, што Гасподзь ёсьць адзіным назоўнікам беларускай мовы, у парадыгме якога спалучаюцца цьвёрды і мяккі варыянты асновы.
Варыянт Гасподзь зьяўляецца ў цяперашні час асноўным для беларускай мовы. Ён напрыклад, ужываецца ў беларускім перакладзе Бібліі, выкананым Васілём Сёмухам, спаткаецца таксама і ў нецаркоўных, перш зь усяго мастацкіх тэкстах. Варыянт Госпад сустракаецца значна радзей. Яго, напрыклад, мы бачым у кнізе Уладзімера Арлова, прысьвечанай св. Еўфрасіньні Полацкай: “Не заморыць голадам Госпад праведных душы” [1, с. 196]. Нароўні зь варыянтамі Гасподзь і Госпад існуе таксама варыянт Гаспод. Яго мы сустракаем, напрыклад, у тэксьце батлейкі “Цар Ірад”:
Гаспод жа, прышэд,
Адама глашае [13, c. 32]
На жаль, у нас няма дастатковага матэрыялу, каб прывесьці тут поўную парадыгму варыянта Гаспод. Трэба заўважыць, што ў сучаснай літаратурнай беларускай мове гэты варыянт не ужываецца і можа разглядацца як словаўтваральны архаізм.
Як ужо было пазначана вышэй, каталіцкім адпаведнікам праваслаўнаму Гасподзь/ Госпад/ Гаспод зьяўляецца запазычаны з польскай мовы тэонім Пан. Менавіта ён ужываецца ў беларускім тэксьце каталіцкай імшы: “Ласка Пана нашага Езуса Хрыста і любоў Бога Айца, і еднасьць у Духу Сьвятым няхай будуць зь усімі вамі” [7]. А вось айцец Уладзіслаў Чарняўскі ў сваім каталіцкім перакладзе Сьвятога Пісьма на беларускую мову выкарыстоўвае не Пан, а Госпад: “...не было яшчэ ніводнага куста палявога на зямлі, ані ніводнай палявой траўкі узыйшоўшай, бо Госпад не спасылаў дажджу на зямлю, ды не было чалавека, каторы б абрабляў зямлю” (Быцьцё, 2:5). Нежаданьне перакладчыка—каталіка ужываць лексэм Пан, магчыма, можна патлумачыць імкненьнем пазьбегнуць залішняй палянізацыі тэксту беларускай Бібліі. Зрэшты, магчыма прычына гэтага ў іншым. Як піша П. Рудкоўскі, “у беларускім моўна—культурным кантэксьце “пан” мае калі і не цалкам адмоўную, то прынамсі вельмі амбівалентную сэмантыку. Пан – гэта не толькі сымбаль феадальнай эпохі, але таксама прыгнятальнік—чужынец, які ніколі так і не стаў сябрам ці паплечнікам беларуса. Вымаўляючы словазлучэньне “Пан Бог”, або “Панская Вячэра” (сынонім сьвятой імшы), беларус мусіць прыкласьці вялікае намаганьне, каб абстрагаваць пры гэтым ад немалой адмоўнай нагрузкі гэтых выразаў” [8, с. 73]. Думаецца, што лёс тэоніма Пан у беларускай мове будзе залежаць ад таго, наколькі каталіцкая царква ў Беларусі будзе асацыявацца з Польшчай і польскай культурна—моўнай традыцыяй.
Ад простага тэоніма Пан утвораны складаны тэонім Пан над Панамі, які мы бачым у “Дыярыюшы” аднаго з беларускіх магнатаў эпохі Вялікага Княства Літоўскага — Пачобута—Адланіцкага [4, с. 278]. Па паходжаньню гэты складаны тэонім з’ЯЎЛЯЕЦЦА, хутчэй за усё, вынікам пераасэнсаваньня ў межах мясцовай культурна—моўнай традыцыі біблейскага “Цар цароў і Гасподзь тых, хто валадарыць” (Адкрыцьцё, 19:16).
Трэба заўважыць, што нягледзячы на канфэсійную маркіраванасьць варыянтаў Гасподзь, Госпад, Гаспод зь аднаго боку і Пан зь іншага, гэтыя тэанімы ў асобных выпадках могуць ужывацца ў межах аднаго тэксту, як, напрыклад, у малітве каталіцкага паэта пачатку ХХ стагодзьдзя Каруся Каганца: “Божэ, Госпадзі, Пане наш” [5, с. 32]. Зрэшты, гэтая цытата з К. Каганца – адзіны вядомы нам прыклад сумеснага ужываньня лексэм Гасподзь і Пан. Іншыя аўтары нават у нецаркоўных тэкстах выкарыстоўваюць толькі адзін з гэтых тэонімаў. Так, напрыклад, вядомы дзеяч беларускага Адраджэньня Алесь Гарун ужывае толькі каталіцкае Пан [6, с. 14].
Назоўнік Спадар у сучаснай беларускай мове ў якасьці тэаніма не ужываецца; аб тым, што гэтае слова мела раней у тым ліку і тэанімічнае значэньне піша Я. Станкевіч, які прыводзіць ў якасьці прыклада урывак зь народнай рэлігійнай песьні:
Зелянівам пышна прыбраны
Цьвіў сад сярод жывых далін.
Яго вялікі ўсім нам знаны
Спадар—Гаспод наш пасадзіў.
І кожны год Спадар нанова
Наведваў свой чароўны сад
І як расьце ён паступова
З каханьнем цёплым наглядаў [10, с. 380].
Спаткаецца тэонім Спадар (хаця і нячаста) і ў кніжнай паэзіі, як напрыкалад у вершаваным перакладзе 136 псальмы, выкананым Я. Баяром:
Памсьці, Спадару, за ліхое,
Эдэмцам за зьдзекі вярні:
“Раўнуй” – бо гукалі – зь зямлёю”!
Як верх на Сыёнам узялі [11, с. 513].
Першапачаткава назоўнік Спадар не меў аніякай канфэсіянальнай афарбаванасьці, аднак яго ужываньне ў каталіцкім перакладзе Бібліі, выкананым Я. Станкевічам, прымушае нас разгледжваць яго ў шэрагу каталіцкіх тэонімаў. У цяперашні час тэонім Спадар не ужываецца аніводнай хрысьціянскай канфэсіяй у Беларусі [8, с. 73].
Трэба заўважыць, што варыянты Гасподзь, Госпад, Гаспод зь аднаго боку і лексэм Пан і Спадар зь іншага займаюць неаднолькавае месца ў лексычнай сыстэм сучаснай беларускай мове: такія лексычныя адзінкі, як Гасподзь, Госпад, Гаспод не маюць ніякога значэньня апрача тэанімічнага, зьяўляюцца тэонімамі “ў чыстым выглядзе”, чаго нельга сказаць пра словы Пан і Спадар.
Асаблівае месца ў сыстэм беларускай прваслаўнай тэанімічнай лексыкі займае лесема Сутны. Менавіта так, адпаведна перакладу Бібліі В. Сёмухі, Бог сам называе сябе пры спатканьні зь ім Майсея: “Бог сказаў Майсею: Я – Сутны. Так скажы сынам Ізраілевым: Сутны паслаў мяне да вас” (Выхад, 3:14). Па свайму паходжаньню беларускае Сутны зьяўляецца калькай зь царкоўнаславянскага сыи, якое, у сваю чаргу, узьнікла ў выніку калькаваньня старажытнагрэчаскага Ών – дзеепрыметніка, утворанага ад дзеяслова ειναι – “быць, існаваць”. Такім чынам, тэонім Сутны указвае на Бога як на адзіную істоту, якая валодае паўнатой быцьця. Лексэм Сутны зьяўляецца нэалягізмам, утвораным В. Сёмухам і трэба дадаць, што зусім не усе беларускія біблеісты лічаць накі переклад найбольш удалым. Так, напрыклад, Г. Сініла, дасьледчыца Старога Запавету, аддае перавагу слову Існы [8, с. 77]. Тут трэба падкрэсьліць, што і грэчаскае Ών, і царкоўнаславянскае сыи, і сучаснае расейскае Сущий, і ужытае ў тэксьце Бібліі В. Сёмухі Сутны належаць менавіта праваслаўнай, а не агульнахрысьціянскай традыцыі. Справа ў тым, што ў старажытнагэбрайскім арыгінале ў адпаведным месьцы кнігі “Выхад” мы бачым парафраз ‘ehyeh ‘asher ‘ehyeh – у літаральным перакладзе — Я Ёсьць Той Хто Я Ёсьць, які захоўваецца ў Вульгаце, і далей ва усёй каталіцкай традыцыі (лацінск.: Sum Qui Sum, ангельск.: I Am Who І Am, польск.: Jestem Który Jestem). У каталіцкім пераклад Бібліі, зробленым прафэсарам Я. Станкевічам, таксама выкарыстоўваецца парафрастычная канструкцыя зь ужываньнем нехарактэрнай для сучаснай літаратурнай беларускай мовы формай цяперашняга часу трэцяй асобы дзеяслова “быць”: “Я Ё, Каторы Ё. “І сказаў: Гэтак скажы сынам Ізраелявым: “Я Ё паслаў мяне да вас” (Выхад, 3:14)... Айцец Уладзіслаў Чарняўскі ў сваім перакладзе карыстаецца больш натуральнымі для сучаснай беларускай мовы лексыкаграматычнымі сродкамі: “І сказаў Бог Майсею: “Я — Той, Хто Ёсьць”. І дадаў: “Так скажаш сынам Ізраэля: “Той, Хто Ёсьць, паслаў мяне да вас”” (Выхад, 3:14).
Яшчэ адной канфэсіянальна маркіраванай парай варыянтаў зьяўляецца Бажаство / Боства. Варыянт Бажаство зьяўляецца запазычаньнем зь царкоўнаславянскай мовы (божьство), у якой яна узьнікла ў выніку калькаваньня грэчаскага Θεοτής, назоўніка, які першапачаткава меў значэньне “боскасьць, сукупнасьць якасьцяў, уласьцівых Богу”. Аднак, ужо ў стараславянскі пэрыяд разьвіцьця царкоўнаславянскай мовы лексэм божьство набывае значэньне, тоеснае значэньню слова Бог, і менавіта з гэтым значэньнем запазычваецца беларускай мовай.
Разам зь варыянтам Бажаство ў беларускай мове існуе цалкам раўнапраўны варыянт Боства, які мае польскае паходжаньне: Bóstwo. Пры гэтым ужываньне варыянта Бажаство уласьцівае праваслаўнаму асяродзьдзю, а варыянта Боства – каталіцкаму. Выбар аднаго зь двух варыянтаў пры стварэньні тэкстаў нецаркоўнага характару цалкам залежыць ад густу і культурнай арыентацыі аўтара.
Хаця лексэм Бажаство/Боства па свайму паходжаньню зьвязанная менавіта з хрысьціянскай рэлігіяй, зь цягам часу яна (на жаль, мы не можам сказаць, калі менавіта) набыла здольнасьць абазначаць таксама і паганскіх багоў, прыкладам чаго могуць служыць наступныя цытаты: “Трыглаў, у міталёгіі балтыйскіх славян трохгаловае боства”[2, c. 41]; “Чур – бажаство родавае” [14]. Першапачаткавае значэньне лексэм Бажаство/Боства — “боскасьць, сукупнасьць якасьцяў, уласьцівых Богу” – не фіксавалася намі ў беларускіх тэкстах ані разу.
Варыятыўнасьць паводле канфэсіянальнай прыналежнасьці уласьцівая не толькі словам, якія абазначаюць Бога увогуле, але і імёны зямнога увасабленьня трэцяй асобы Сьвятой Тройцы – хрыстонімы. Галоўным і найбольш частотным найменьнем Бога—Сына ў сучаснай беларускай мове зьяўляецца лексэм Хрыстос. Гэты тэонім мае розныя варыянты асновы ў назоўным і укосных склонах: Хрыстос, Хрыста, Хрысту... У тэксьце Бібліі ён часьцей за усё ужываецца ў пасланьнях апосталаў: Так, напрыклад, у першым пасланьні да карынфянаў сьвятога апостала Паўла мы чытаем: “... а калі Хрыстос не уваскрэс, дык і пропаведзь нашая марная”, “...Ён уваскрэсіў Хрыста”, “Як у Адаме усе паміраюць, так у Хрысьце усе ажывуць”.
У некаторых каталіцкіх тэкстах ужываецца таксама польскі па паходжаньню варыянт гэтага тэоніма Хрыстус (польск.: Chrystus), які скланяецца як Хрыстус, Хрыстуса, Хрыстусу... Прыкладам таму можа служыць наступная цытата зь А. Станкевіча: “Ішлі разам зь ім некаторыя вучні яго, якія так жа прабывалі пад Ярданам, дзе хрысьціў прадвесьнік Хрыстуса сьв. Ян. Падарожныя нашы, мінаючы родны Хрыстусу Назарэт, кіраваліся да м. Кафарнаум, што ляжыць над берагам возера Генэзарэт, адкуль былі родам апосталы Пётр і Андрэй, ідучыя разам з Хрыстусам зь Юдэі.”[9] . А вось прыклад ужываньня варыянта Хрыстус у беларускай паэткі Дануты Бічэль:
ці ёсьць такая краіна
вось зараз дзе ў людзкой хаце
маці выхоўвае сына
як Езуса Хрыстуса маці[3].
Зрэшты, трэба заўважыць, што нават у каталіцкім асяродзьдзі ў апошні час часьцей ужываецца варыянт Хрыстос, які набывае ў сучаснай беларускай мове становішча агульнахрысьціянскага, а не Хрыстус.
Уласнае імя заснавальніка хрысьціянства у грэчаскай мове выглядае як Ιησουσ. У беларускай мове яму апавядаюць чатыры варыянты: Ісус, Іісус, Езус, Ізус. Першы варыянт ужываецца ў тэксьце перакладу Бібліі, выкананым В. Сёмухам: “І адразу прымусіў Ісус вучняў Сваіх увайсьці ў лодку”; “Пётр пайшоў па вадзе, каб падысьці да Ісуса”; “Ісус адразу, працягнуўшы руку, падтрымаў яго” (Мацьвей, 14:21—31). Колькасьць такіх прыкладаў можна павялічваць. Хутчэй за усё, гэты варыянт мы можам разгледжваць як асноўны для сучаснай беларускай мовы.
Варыянт Іісус мы бачым, напрыклад, у тэксьце жыцьця Еўфрасіньні Полацкай: “Госпадзе Іісусе Хрысьце, Сыне Божы” [1, с. 209].
Варыянты Ісус і Іісус зьвязаныя с праваслаўным асьсяродзьдзем. Які зь ніх найбольш распаўсюджана, мы, на жаль, сказаць не можам. Трэба заўважыць, што варыянт Іісус больш блізкі да таго, як выглядае імя заснавальніка хрысьціянства ў традыцыйных кананічных мовах праваслаў’я – царкоўнаславянскай і старажытнагрэчаскай: Iисtuсъ і Ιησουσ.
Лацінска—польскі па паходжаньню варыянт Езус (лацінск., польск. Jesus) ужываецца пераважна ў каталіцкім асьсяродзьдзі. Менавіта гэты варыянт імя заснавальніка хрысьціянства выкарыстоўвае ў сваім перакладзе Бібліі на беларускую мову У. Чарняўскі [8, с. 87]. Варыянт Езус мае нехарактэрную для беларускай мовы форму клічнага склону: Езу, якую, напрыклад, мы бачым у тэксьце аднаго зь царкоўных гімнаў: “Ты мая радасьць, о Езу мой, ты маё шчасьце, о Езу мой”. Гэтая форма паходзіць ад формы клічнага склона гэтага імя ў лацінскай мове: Jesu. Паколькі многія дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэня належалі да каталіцкага веравызнаньня, імя Езус мы бачым у іх тэкстах вельмі часта. Так, у вершах Цёткі ніколі не ужывюцца варыянты Ісус або Іісус, толькі Езус.
Што жа датычыцца варыянта Ізус, то ён зафіксаваны намі толькі адзін раз, у перакладзе каталіцкай малітвы Ave, Maria, выкананым К. Каганцом: “І бласлаўлён плод жывата твайго Ізус”[5, с.32]. Хутчэй зь усяго, напісаньне Ізус у К. Каганца мае аказіянальны характар. Прынамсы, у іншых аўтараў такі варыянт намі не знойдзены.
Яшчэ адным найменьнем Хрыста, якое указвае на яго, як на адкупіцельную ахвяру за грахі чалавецтва, зьяўляецца назоўнік Баранак. Гэтую лексэм мы бачым, напрыклад, у тэксьце беларускай каталіцкай імшы: “Вось Баранак Божы, вось той, хто бярэ на сябе грахі сьвету” [7]. Па паходжаньню назоўнік Баранак зьяўляецца запазычаньнем з польскай мовы (польск.: baranek – “ягнё”). У беларускай мове лексэм Баранак не мае якіх—небудзь нетэанімічных значэньняў і выкарыстоўваецца выключна як адно зь найменьняў Хрыста. Як і іншыя палянізмы ў беларускай рэлігійнай лексыцы, тэанім Баранак ужываецца выключна ў каталіцкім асяродзьдзі. Для праваслаўных колаў больш характэрная ў гэтым значэньні лексэм Ягня, якую, напрыклад, мы бачым у беларускім перакладзе Бібліі В. Сёмухі, у Эвангельлі паводле Яна і у Апакаліпсісе: “На другі дзень бачыць Ян Хрыста, Які ідзе да яго і кажа: вось Ягня Божае, Якое бярэ на сябе грэх сьвету” (Ян, 1:29), “і сказаў мне: ідзі, я пакажу табе жонку, нявесту Ягняці” (Адкрыцьцё, 21:9). Заўважым, што У. Чарняўскі, нягледзячы на кананізаванае ў беларускім тэксьце імшы Баранак, у выкананым ім перакладзе Бібліі ужывае агульны з праваслаўнымі тэонім Ягня. Такім чынам, можна сказаць, што Ягня паступова перастае быць уласна праваслаўным найменьнем Хрыста, становіцца агульнабеларускім тэонімам, у той час, як тэонім Баранак захоўвае каталіцкае афарбаваньне. У станкевічавым перакладзе Сьвятога Пісьма мы бачым яшчэ адзін варыянт гэтага тэоніма – Баранчык, але ён па—за межамі гэтага перакладу практычна не ужываецца і можа разглядацца як аказіаналізм. Назоўнікі Баранак і Ягня займаюць рознае становішча ў лексычнай сыстэм сучаснай беларускай мовы: Баранак – гэта толькі тэонім, а Ягня нароўні з тэанімічным значэньнем мае нетэанімічнае, якое, дарэчы, зьЯўляецца больш частотным.
* * *
Абагульняючы апісаныя вышэй назіраньні над тэанімічнай лексыкай беларускай мовы, можна знабіць наступныя вынікі.
1. Канфэсіянальна маркіраваныя тэонімы складаюць значны адсотак ад агульнага аб’ёма тэанімічнай лексыкі беларускай мовы.
2. Тэонімы, якія маюць каталіцкую афарбоўку часьцей зь усяго зьяўляюцца запазычаньнямі, маюць польскае паходжаньне (Пан, Боства, Езус, Баранак).
3. Тэонімы, якія маюць праваслаўную афарбоўку, часьцей за усё зьвязаныя зь царкоўнаславянскай моўнай стыхіяй (Бажаство, Сутны, Хрыстос).
4. У некаторых выпадках праваслаўны тэонім набывае агульнабеларускае гучаньне (Хрыстос, Ягня), у той час, як з “каталіцызмамі” гэтага не адбываецца.
5. Праваслаўныя і каталіцкія тэонімы за рэдкім выключэньнем не ужываюцца ў адным тэксьце.
6. Пасколькі беларуская тэанімія яшчэ канчаткава не сфармаваная, яна застаўляе вялікую прастору для індывідуальнай словатворчай актыўнасьці перакладчыкаў біблейскіх, літургічных і багаслоўскіх тэкстаў.
ЛІТАРАТУРА
1. Арлоў У. Еўфрасіньня Полацкая. – Мінск, 1992.
2. Беларуская міталёгія. Энцыкляпэдычны дапаведнік. – Мінск, 2004.
3. Бічэль Д. Паміж Часам і Сонцам // Новы Час. – 2003. – Красавік. — № 6 (11).
4. Брыль Я. З людзьмі сам—насам: Запісы, мініятуры, эсэ. – Мінск, 2003.
5. Каганец К. Малітвы // Хрысьціянская думка. – 1993. — № 2.
6. Мусорын А. Тэанімічная лексыка ў паэзіі Алеся Гаруна // Роднае слова. – 2005. — №12.
7. Парадак Сьвятой Імшы з народам // http://katolichestvo.by.ru/liturgy/missa3.shtml
8. Рудкоўскі П. Эротыка біблійнага слова // ARCHE – ПАЧАТАК. – 2005. — № 6.
9. Станкевіч А. Жанімства – вялікі сакрамант // Наша Вера. – 1998. — № 3 (6).
10. Станкевіч Я. Да слова “спадар” // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. — Т.2. — Менск, 2002.
11. Станкевіч Я. Яшчэ да слова “Спадар” // Станкевіч Я. Збор твораў у двух тамах. –Т. 2. — Менск, 2002.
12. Тимофеев К. А. Религиозная лексика русского языка как выражение христианского мировоззрения. – Новосибирск, 2001.
13. Цар Ірад // Хрысьціянская думка. – 1993. — № 2.
14. Электронная энцыкляпэдыя // www.slounik.org
Беларусь і беларусы ў прасторы і часе. — Мінск, 2007. — б. 342 — 348
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.