Thursday, March 17, 2011

ЧАС ПОСТУ – ГЭТА ЧАС НАШАГА ДУХОЎНАГА АБНАЎЛЕНЬНЯ…

Для хрысьціян Усходняга абраду, праваслаўных і грэка–каталікоў, пачалася Сьвятая Чатырохдзесятніца – Вялікі Пост. Яму папярэднічалі некалькі падрыхтоўчых тыдняў, і яшчэ адзін – Пакутны тыдзень увянчае яго заканчэньне прад Вялікаднём. Па праваслаўным вераваньням час посту – гэта асаблівы час для духоўнага станаўленьня хрысьціяніна. Да размовы аб сэнсе і сутнасьці посту мы запрасілі пратаярэя Яўгена Заплетнюка, Кіраўніка Місіянэрскага аддзелу Патрыярхіі Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, кандыдата багаслоўя, вядомага публіцыста і рэлігійнага дзеяча.
– Ойча Яўген, што ж такое пост і чым уласна Вялікі пост адрозьніваецца ад усіх іншых?
Для кожнага праваслаўнага хрысьціяніна, пост – гэта, у першую чаргу, час унутранага абнаўленьня ў Хрысьці. Час посту – гэта час, калі ў адпаведныя дні, тыдні, альбо нават месяцы, Царква заклікае сваіх вернікаў зьмясьціць акцэнты ўласных каштоўнасьцяў, перанесьці ўвагу зь цела на дух. Мы зь вамі вывучаючы гісторыю і сучаснае жыцьцё людзей вельмі лёгка можам прыйсьці да выніку, што чалавецтва заўсёды жыло, жыве, і дакладна яшчэ будзе жыць у будучыні, робячы цэнтрам усяго свайго сьветапогляду ўласнае целе, ягоны дабрабыт, камфорт і выгоды.
Царква ж, не лічыць такой погляд правільным. І таму, турбуючыся аб чалавеку і ягонай сапраўднае будучыні, Бог усталяваў пэўныя, абавязковыя для ўсіх вернікаў Царквы пэрыяды, калі для кожнага чалавека адчыняюцца іншыя, значна больш глыбокія аспэкты ягонай асабістасьці. Прывучаючы чалавека да ўсьведамленьня ўласнага богападабенства, пост вучыць хрысьціян апаноўваць уласную плоць, выкараняць старыя звычкі і заганы, пераймаць сваім жыцьцём жыцьцю саміх анёлаў нябесных.
Мы маем розныя пасты. І аднадзённыя, і шматдзённыя. Напрыклад, сёньня мы ўступілі ў Вялікі пост, якой заўсёды працягваецца крыху больш сарака дзён. Аднак, ягоная назва – Вялікі, сьведчыць не аб яго працягласьці, але аб важнасьці для нашага зь вамі выратаваньня. Гэта адзін зь месяцаў у годзе, які мы мусім прысьвяціць Богу.
– Няўжо Богу не абыякава што я ем?
Згадваю, як калісьці ў Кіеўскай Духоўнай Акадэміі, дзе ў свой час я вучыўся, адзін зь нашых выкладчыкаў любіў на лекцыі шакаваць студэнтаў адным, быццам вельмі лягічным і правільным аскетычным вынікам: ад пачатку ён зь цалкам сур’ёзным выразам твару запытваў: “Браты, а скажыце мне, ці можа каўбаса наблізіць нас да Бога?” Звычайна, усе мы адказвалі, што аніяк не можа. І ўжо адпавядаючы нам айцец – выкладчык катэгарычна сьцьвярджаў, што, паколькі, быццам, каўбаса не можа нас наблізіць да Бога, значыцца не можа яна нас ад Яго і аддаліць! Таму ў пост каўбасу магчыма ўжываць без сумневаў.
Відавочна, што недзе ў такое меркаваньне ўкралася памылка, але дзе? Давайце падумаем. Пост мае на мэце адхіліць нас ад усяго шкоднага, непатрэбнага і небясьпечнага. Але нават каўбаса, часам, робіцца для нашага шлунку сапраўдным кумірам. Пры гэтым, сапраўды, яна наблізіць да Бога не можа, але адарваць нас, слабых людзей, здолее досыць лёгка. У гэтым і прыхавана духоўная небясьпека ўсялякай ежы. У наш час людзі настолькі пачалі паглыбляцца ў мастацтва прыгатаваньня сваёй ежы, што ўся гэта гастранамічная навука ёсьць адной зь найбольш прыбытковай бізнэсовай індустрыяй.
Можа нават скласьціся ўражаньне, што чалавек ў разьвітых і фінансава стабільных краінах літаральна жывуць дзеля ежы, а не сілкуюцца дзеля жыцьця. І патрэбна шчыра вызнаць, што чалавецтва, нягледзячы на ўсю перанаселенасьць, ці жахлівае жабрацтва ў асобных краінах, усё ж паступова, але досыць упэўнена, павялічвае колькасьць і якасьць уласных прадуктаў харчаваньня. Людзей прывучаюць рабіцца рабамі. Рабамі свайго шлунку.
Мэта посту – вызваліць нас ад любога рабства. І кулінарна–гастранамічнага у тым ліку. Сьвятыя айцы няспынна папераджалі аб тым, што нават няправільнае стаўленьне да харчаваньня здолее пагубіць нашу душу. Таму, пост хрысьціяне распачынаюць зь устрыманьня ад найбольш яўных нашых упадабаньняў, найбольш грубых і відавочных. І менавіта таму, неабходна разумнасьць у выбары і колькасьці ды якасьці таго, што мы ў сябе напіхваем і ўліваем некалькі разоў у дзень.
Нядаўна хрысьціяне адзначалі так званую Нядзелю прабачэньня. У чым яе сэнс? Для чаго яе ўсталявалі ў Царкве?
А гэта яшчэ адзін аспэкт посту. Ён палягае не столькі ў цялесным устрыманьні, колькі ў духоўным. Бог не жадае, каб мы проста ў нейкі дзень навучыліся правільна харчавацца. Для гэтага Ім пастаўлены ў сьвеце не сьвятары, а лекары–дыетолягі. Боская воля палягае ў тым, каб людзі праз духоўна правільнае жыцьцё дасягнулі максымальнае дасканаласьці, ды нават богападобнасьці. А гэта магчыма толькі пры ўмове поўнага кантролю самімі людзьмі над уласным целам, душой і духам. І калі праз абмежаваньне ў ежы мы намагаемся хоць бы якась, у меру нашых слабых сілаў, навучыцца валодаць сваім целам, то праз правільныя адносіны з бліжнімі мы павінны навучыцца кіраваць уласнай душой, яе станам.
Ну і далей. Ключавым станам чалавечай душы ёсьць стан міру, якога сёньня нам так бракуе. Стан міру – гэта не стан апатыі, альбо поўнай абыякавасьці да ўсяго, што адбываецца вакол нас. Стан міру душы – гэта надзвычайны стан душы чалавека, якая ёсьць ахінутай Боскай мілатой. Дасягнуць такога стану людзям нашага часу вельмі складана, але, усё ж, – цалкам магчыма. Парадокс хрысьціянства палягае ў тым, што добрыя зносіны з Богам заўсёды ёсьць вынікам нашага добрага стаўленьня да сваіх блізкіх. Пры гэтым, пад словам “блізкі” хрысьціянін разумее абсалютна не сваіх родных па плоці і крыві, альбо людзей, якіх мы і так ужо любім. Блізкі – гэта той чалавек, якой патрабуе нашай дапамогі і ўдзелу ў ягоным жыцьці, незалежна ад рэшты зьнешніх, альбо унутраных абставін. Стаўленьне да Бога ў людзей заўсёды ясна выяўляецца стаўленьнем да людзей, якія яе атачаюць.
Таму, напярэдадні Вялікага посту, Праваслаўная Царква зьвяртае ўвагу людзей на гэтую надзвычайна страшную па сутнасьці рэч. Любіць Бога і адначасна гневацца на блізкага – немагчыма. Мы мусім зразумець гэта і сваім розумам, і сваім сэрцам, і прымірыцца са ўсімі. Бо гнеў, нянавісьць, зайздрасьць і злаба – гэта толькі рэальныя і бачныя адзнакі пашкоджанасьці нашае душы. А калі мы прабачаем, ці просім у кагосьці прабачэньня – мы вылечваемся з Боскай дапамогай. І хай наша прабачэньне адразу і не будзе цалкам шчырым, а наша прабачэньне кагосьці – будзе яшчэ не ад шчырага сэрца, аднак, правільны пачатак – гэта ўжо палова справы. Галоўнае – не спыняцца на дасягнутым і разумець усю важнасьць гэтых рэчаў. Да слова, жадалася б падкрэсьліць, што нядзеля Прабачэньня для нас павінна трываць не толькі адзін вядомы дзень у годзе. Прабачаць і прасіць прабачэньня ніколі не позна.
Добра, дзякую. Адсюль вынікае відавочнае пытаньне: ці магчыма наогул трымаць пост нам, людзям ХХІ стагодзьдзя?
Так, гэта цалкам магчыма. Паколькі правільны праваслаўна–хрысьціянскі пост – гэта, найперш, унутраная барацьба, і ўнутранае самаўдасканаленьне, то яно аж ніяк не залежыць ад аніякіх зьнешніх умоў. Ва ўсе часы існаваньня чалавецтва і Бог той самы, і сатана той самы, і грэх той самы, і набожнасьць ўсё тая ж. Аднак, у часы набліжэньня канца сьвету, калі “любоў шматлікіх пройдзе”, нам з кожным днём будзе ўсё больш складана заставацца адданымі Хрысту. Сёньня літаральна ўсё навокал спрыяе нашаму падзеньню, і духоўнай сьмерці. Аднак, той, хто жадае выратавацца – заўсёды мае такую магчымасьць. За большы подзьвіг – і большая ўзнагарода. За меншы подзьвіг – і ўзнагарода будзе меншаю. І толькі той, хто не бярэцца за працу, ніводнай узнагароды не атрымае.
А як жа пытаньне палавога жыцьця ў час посту? Пагадзіцеся, для шматлікіх людзей гэта надзвычайна важнае пытаньне.
Так, звычайна. Сёньня чалавечая сэксуальнасьць – надзвычайна папулярны і запатрабаваны тавар. На яго ёсьць попыт, і ён цудоўнае прадаецца. А ці заўважалі вы, як аголеныя дзяўчаты рэклямуюць рэчы, якія не маюць аніякага дачыненьня да пытаньня полу, напрыклад – аўтамабілі, музыку ці падобныя рэчы.
З самага пачатку нашых дзяцей спакушаюць і прывучаюць да блуду, яшчэ зь дзяцінства насаджваючы ім нячысьцікаў, камэрцыйна–апраўданыя стэрэатыпы. Напрыклад, што прыгажосьць павінна мець канкрэтныя рамкі, тыпу 90/60/90, колер валасоў мусіць быць сьветлым, а нармальная мэта жыцьця маладога чалавека павінна быць рэалізавана ў максымальна магчымай сэксуальнай актыўнасьці. Тыповы пэрсанаж амэрыканскіх фільмаў для моладзі – гэта сэксуальна заклапочаны падлетак, які для таго, каб як магчыма хутчэй згубіць сваю цноту (пераважна да даты выпускнога вечара) згодны зьдзейсьніць безьліч рэальных і нерэальных “подзьвігаў”. І гэта толькі для таго, каб пасьля ўсяго гэтага зрабіцца “такім як усе”, значыцца “нармальным”.
Такім чынам наша пакаленьне, выхаванае на падобных дурніцах, відавочна не мае здаровага ўяўленьня аб палавых адносінах і рамках дазволенага. Наша моладзь даўно спыніла быць “шматцэнтрычнаю”. Таму, і відавочна, што зь набліжэньнем посту, калі трэба сьвядома і катэгарычна апанаваць сваю плоць, пытаньне палавога жыцьця робіцца асабліва балючым. Што можна парадзіць маладым людзям? Перш за ўсё, паўтару відавочныя рэчы: блуд ёсьць блудам, нават і тады, калі няма посту. Пралюбадзейства (шлюбная здрада) застаецца пралюбадзействам і ў час, калі няма посту.
Дабраслаўляючы шлюбныя пары Царква заклікае іх браць шлюб “У Госпадзе”, значыцца ў сваёй веры, зь аналягічнымі рэлігійнымі перакананьнямі і ключавымі каштоўнасьцямі. Такім чынам, калі сям’ю складаюць праваслаўныя хрысьціяне, праблема палавога ўстрыманьня дзеля выратаваньня, уласна кажучы, праблемай не ёсьць. Такія людзі цалкам адэкватна ўспрымаюць уласнае палавое ўстрыманьне, паколькі яно пашкодзіць адносінам не можа. І нават скажу больш: шмат якім хрысьціянскім сем’ям гэта сапраўды умацоўвае адносіны, павяртае ім згубленую вастрыню пачуцьцяў. Усім жа вядома, што ў сэксе найлепш быць з тым, з кім табе добра і без сэксу.
І толькі тыя людзі, якія ўспрымаюць свайго “сэксуальнага партнэра” як аб’ект, як шматок плоці дзеля задавальненьня жывёльных інстынктаў, адчуваюць страшныя мукі ад таго, што надыходзіць Вялікі пост. Асабіста я баяўся б жыць з такім чалавекам. У любым выпадку, пытаньні такога роду надзвычайна асабістыя, і дапамагчы канкрэтнае сям’і павінны быў бы духоўнік – ваш сьвятар. Нема безвыходнага становішча. Таксама няма такога становішча, для выхаду зь якога не было б залатой сярэдзіны.
Што рабіць хрысьціяніну, калі, напрыклад, у транспарце голасна гучыць нізкапробная музыка альбо непрыстойныя жарты “дзіджэяў” – пайсьці на канфлікт з кіроўцам альбо (ці) іншымі пасажырамі, ці зьмірыцца зь далейшым – прыгнётам уласных і чужых эстэтычнага смаку і эстэтычных каштоўнасьцяў?
Найперш я б парадзіў такому чалавеку занадта шмат не думаць аб ўласным “эстэтычным смаку і каштоўнасьцях”. Мы ўсе недасканалыя. І адной зь найбольш яўных адзнак нашай недасканаласьці ёсьць тое, што мы іншых мераем уласнай меркай. Значыцца, калі нейкі чалавек зрабіў не так, як зрабілі б мы – мы чамусьці сьвята перакананы ў тым, што ён зрабіў менавіта няправільна. На праўду, гэта вельмі памылковая і духоўна небясьпечная думка. Не сябе мы маем ставіць узорам прад іншымі, а Хрыстаю І не іншых павінны прымяраць да сябе, а сябе да Бога. Гэта першая заўвага. А другое – любая спакуса – гэта цудоўная нагода перамагчы яе, устаць вышэй усялякага граху. У дадзеным выпадку, замест істэрыкі з кіроўцам, проста можна маліцца за ягоны шчасьлівы шлях, і за тое, каб такой кантраст між сьвецкім і царкоўным настроем прымусіў хоць бы аднаго пасажыра з рэйсу падумаць над каштоўнасьцямі і прыярытэтамі ўласнага жыцьця. Больш пакоры, і больш малітвы – вось ключ духоўнага посьпеху сапраўднага хрысьціяніна.
Ці дапушчальна было б ў час посту на пытаньне: “Ці трымаеш пост?” адказаць “Не”, але пры гэтым намагацца яго трымаць (у рэчышчы эвангельскіх навук, што пост павінны быць найперш таемны, а таксама зь мэтай не прыцягваць да сябе ўвагі альбо (ці) насьмешак, не вельмі царкоўных людзей)?
Найлепшым спосабам адказу на такое, прама пастаўленае пытаньне, на маю сьціплую думку, можа быць любы жартоўны адказ. Нават Сьвятыя айцы часта зь адкрытай іроніяй ставіліся да ўласнага духоўнага досьведу. Для нас гэта цудоўны прыклад для перайманьня. Менш зьвяртаць увагі на ўласныя адчуваньня, на тое, што мы думаем аб сябе, і што іншыя думаюць аб нас. Думка людзей аб нас не мае аніякага значаньня. Ніхто зь нас не можа бачыць тое, што робіцца ў душах нашых блізкіх, таму няма сэнсу ацэніваць чалавека толькі па ягонай фізычнай абалонцы.
Ці можна калі некалі ў пост, пры адсутнасьці нармальнай ежы, ужываць субпрадукты, якія часткова (часта нам іх склад не да канца вядомы) зьмяшчаюць элемэнты жывёльнага паходжаньня?
Не толькі хрысьціянам, але і ўсякаму культурнаму чалавеку патрэбна заўсёды імкнуцца мець чыстае сумленьне, а гэта значыцца – прыслухоўвацца да голасу ўласнага сумленьня. Калі мы ведаем, што ў доме, апрача некалькіх “недазволеных” прадуктаў, нема што есьці, і ўзяць недзе іншую ежу пакуль немагчыма – то, на маю думку, вялікага граху не будзе. Іншая справа, што за кожны наш грэх мы павінны вучыцца сябе дакараць. Зграшыў – май мужнасьць вызнаць свой грэх. Вызнаў грэх – шукай і адшукай магчымасьць яго адпакутваць. Калі чалавека пастановіць сябе за кожную сваю правіну маліцца – то такая малітва з часам народзіць у душы ўсякую адмову ад граху. Галоўнае – не спыняцца.
– Ці магчыма лічыць унівэрсальным правілам для цялеснага посту пастанову для сябе не ўжываць / не рабіць таго, што любіш, чаго жадаеш? Напрыклад, нехта вельмі любіць смажаную бульбу, але ён не шануе мяса. У такім выпадку для яго пост ёсьць у абмежаваньні ў бульбе?
Ну, мы аб гэтым ужо размаўлялі. Мэта посту – апанаваньне ўласных запалаў і грахоўных звычак. Нашы духоўныя настаўнікі – Сьвятыя Айцы, навучаюць усіх змагацца з грахом не тады, калі ён ужо зьдзейсьнены, але на самым пачатку, на ўзроўні думак – думак з пэўнай маральнай афарбоўкай. Калі чалавек навучыцца сябе даваць лад з бульбай, тады ён здолее апанаваць сябе і зь мясам. Калі чалавек навучыцца змагацца са спакусьлівымі думкамі аб супрацьлеглы пол, то відавочна, што да блуду такі чалавек і не дойдзе. Усе гэтыя паралелі падстава – вынік, на праўду, магчыма як прыклад прыводзіць бясконца. Для праваслаўнага сьветапогляду відавочна, што з грахом бароцца бессэнсоўна, бо грэх ёсьць толькі вынікам рэалізацыі нашых запалаў. Патрэбна выкараняць запал, каб не дапусьціць граху.
Вельмі дзякуем Вам, ойча Яўген, за цікавую размову. І яшчэ на заканчэньня, што б Вы маглі пажадаць нашым чытачам на пачатку Вялікага посту?
Лічу, не будзе дзёрзкім сказаць, што толькі хрысьціянін можа называцца сапраўдным чалавекам. Але і не кожны, хто называе сябе хрысьціянінам, ім сапраўды ёсьць. Таму, я шчыра жадаў бы ўсім, каб мы ўсе разам, як магчыма болей для сябе ўзялі карыснага з гэтых выратавальных дзён Сьвятой Чатырохдзесятніцы. Сёньня Царква, якая ўжо больш двух тысяч гадоў жыве і дзее дзеля нашага выратаваньня, асаблівым чынам жадае нам дапамагчы. І сапраўды, было б вельмі неразважліва і неразумна адкінуць гэтую дапамогу, аніяк не скарыстаўшыся ёй. Таму жадаю ўсім добра сустрэць, у пакаяньні правесьці, і ў духоўнай перамозе сустрэць Уваскрэсеньне Госпада. Збаў вас Гасподзь за ўвагу, і прабачце мяне за шматслоўе.
Размаўляла Ганна Бойчук, журналістка г. Кіеў
Пераклад зь украінскае мовы “Беларуская Аўтакефалія” паводле: http://uaoc.net/2011/03/dyhovna-obnova/

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.