Джордж Вайгель
Нядаўні візыт прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Дзьмітрыя Мядзьведзева ў Ватыкан, у часе якога адбылася сустрэча з Папам Бэнедыктам XVI, асобныя экспэртныя колы разглядаюць як яшчэ адно сьведчаньне хуткага прарыву ў адносінах паміж Сьвятым Пасадам і Расеяй, а таксама паміж Рыма-Каталіцкай Царквой і Расейскай Праваслаўнай Царквой. Хоць я жадаў бы, каб гэта было менавіта так, аднак існуе вялікая доля скептыцызму менавіта праз веданьне мінуўшчыны.
У часе так званых “выбараў” у сьнежні 2010 года, беларускі прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка зноў захаваў сваю пасаду. Амаль усе міжнародныя назіральнікі вызналі гэтыя “выбары” шахрайскімі і асудзілі арышты і трыманьне ў вязьніцы апазыцыйных кандыдатаў, якія адбыліся адразу пасьля “выбараў”. Аднак неўзабаве пасьля абвяшчэньня вынікаў выбараў, патрыярх Кірыла І, лідэр расейскага праваслаўя, надаслаў вітальнае пасланьне А.Лукашэнка, з пахвалой за тое, што “ён сумленна служыць усёй краіне і яе грамадзянам”, а “вынікі выбараў паказалі вялікую даверу, якую мае да яго народ”
Спрыяньне дыктатарам не ёсьць нейчым новым у хрысьціянскае гісторыі. Аднак, новымі ёсьць неаднаразовыя заявы Маскоўскага Патрыярхату аб тым, што сёньня расейскае праваслаўе ёсьць адзінай крыніцай рэлігійнай самабытнасьці народаў старажытнай “Русі” (расейцаў, беларусаў, украінцаў), а таксама іх галоўным культурным гарантам. Такое атаясамленьня нацыянальнасьці з расейскім праваслаўем выклікае сур’ёзныя багаслоўскія пытаньні, нават, калі і не зьвяртаць увагі на прафанацыю складанай гісторыі, якую тварылі некалькі розных культурных і рэлігійных плыняў.
Яшчэ больш трывожнымі зрабіліся заўвагі, якія выказаў у лютым, у часе візыту ў Вашынгтон, мітрапаліт Іларыён, кіраўнік аддзелу зьнешніх зносін Маскоўскага Патрыярхату, галоўны экумэністы Расейскай Праваслаўнай Царквы. Шматграннасьць постаці Іларыёна можа ўразіць: вольнае валоданьне ангельскай мовай, добрае пачуцьцё гумару, ягоная бібліяграфія зьмяшчае вялікую колькасьць публікацый, а таксама музычных твораў. Але калі я спытаў яго, ці быў Львоўскі сабор 1946 года, які прымусова навярнуў Грэка–Каталіцкую Царкву на расейскае праваслаўе, зрабіўшы з грэка–каталікоў найбольшую у сьвеце нелегальную царкоўную супольнасьць, “тэалягічным законным актам”, Іларыён, без ваганьняў, адказаў: “Так”. На маю заўвагу, што сучасныя гісторыкі апісваюць Львоўскі Сабор, як акт сталінскае дзяржавы, які зьдзейсьніла НКВС, папярэднік КДБ, Іларыён адказаў, што пытаньні “маральнасьці” у гісторыі ёсьць заўсёды складанымі. Ён таксама дадаў, што ў любым выпадку, заўсёды ёсьць законным вяртаньне заблукаўшых членаў Расейскага праваслаўнага статку – якім ён лічыў украінскіх грэка–каталікоў, – да праўдзівага дому, значыцца – да расейскага праваслаўя.
У працягу ўсёй нарады Іларыён плаўна намагаўся ўбіць клін паміж Папам Бэнедыктам XVI і Папам Рымскім Янам–Паўлам ІІ, якога два Маскоўскіх патрыярха, павязаных з КДБ, адмаўляліся запрасіць у Расею. Ён падкрэсьліў, што заклік Бэнедыкта да “новай эвангелізацыі” у Эўропе, у тым ліку аднаўленьне клясычнае хрысьціянскае маралі, могуць быць рэалізаваны праз сумесныя ініцыятывы Рыма–Каталіцкай і Расейскай Праваслаўнай Царквы. Іларыён таксама распавёў, што быццам уся былая “савецкая прастора” ёсьць эксклюзіўнай царкоўнай тэрыторыяй РПЦ.
Цяпер падам асобныя тлумачэньні.
Дыялёг паміж каталікамі і РПЦ яўна патрабуе новага багаслоўскага калібраваньня. Калі кіраўніцтва Расейскай Праваслаўнай Царквы сапраўды лічыць, што царкоўны пераварот 1946 года, праведзены сталінскай таемнай паліцыяй ёсьць “тэалягічным законным царкоўным актам”, тады паўстаюць асноўныя пытаньні, якія датычацца прыроды Царквы і яе стаўленьня да дзяржаўнае ўлады, якія Рым і Масква павінны рупліва абмеркаваць паміж сабой. Сур’ёзныя багаслоўскія пытаньні вынікаюць таксама ў кантэксьце настойваньня Маскоўскім патрыярхатам на віртуальнай адпаведнасьці нацыянальнай прыналежнасьці і эклеўіялёгіі – гэта пазыцыя, якую Рым не можа падзяляць, бо Рым не лічыць, што гены вызначаюць царкоўную прыналежнасьць.
Па-другое, патрабуюць дакладнага тлумачэньня ўзаемаадносіны кіраўніцтва Расейскай Праваслаўнай Царквы зь Мядзьведзевым / Пуціным і іх намаганьнямі аднавіць дэ-факта, калі не дэ-юрэ, старую сталінскую імпэрыю. Пахвала Патрыярха Кірыла дыктатару Лукашэнка, як і ягонае ўмяшаньне ва ўкраінскую палітыку, даюць падставы сьцьвярджаць, што магчыма кіраўніцтва РПЦ функцыянуе як установа расейкай дзяржаўнай улады, падобна таму, як гэта было з 1943 па 1991 год. Калі гэта не так, то варта Патрыярху Кірыле і мітрапаліту Іларыёну давесьці гэта і словам, і справай.
Пераклад на беларускую мову “Беларускай Аўтакефаліі” паводле тэкту на сайце: http://www.insidecatholic.com/feature/rome-and-moscow.htm
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.