Monday, February 14, 2011

КАНОН АНЁЛУ АХОЎНІКУ

Трапар, тон 6

Анёл Божы, захавальнік мой сьвяты, / жыцьцё мае захавай у глыбокай павазе прад Хрыстом Богам, / розум мой зацьвердзі на праўдзівым шляху, / і любоўю да нябеснага запалі душу маю, / каб табою накіраваны, / атрымаў я ад Хрыста Бога вялікую міласьць.
Багародзічны: Сьвятая Уладарка, / Хрыста Бога нашага Маці, / як усіх Творцу неспасьціжна нарадзіўшая, / малі дабрыню Яго бесьперастанку, / з захавальнікам маім Анёлам, / выратаваць душу маю, запалам апантаную, / і прабачэньне грахоў дараваць мне.

 

Канон, тон 8

Песьня 1

Ірмас: Засьпяваем Госпаду / правёўшаму народ Свой праз Чырвонае мора, / бо Ён адзіны слаўна праславіўся.
Прысьпеў: Ісус салодкі, выратуй мяне.
Песьню засьпяваць і абвясьціць хвалу годна / удастой Твайго слугу, Выратавальнік, / бясплотнаму Анёлу, / настаўніку і ахоўніку майму.
Прысьпеў: Сьвяты Анёл Божы, ахоўнік мой, малі Бога аб мне.
Цяпер я ў неразумнасьці / і ляноце адзінока ляжу; / настаўнік мой і ахоўнік, / не пакінь мяне, гінучага.
Слава: Розум мой тваёй малітвай скіруй, / каб выконваў я Боскія наказы / і атрымаў ад Бога прабачэньне грахоў, / і ненавідзець зло навучы мяне, малюся табе
Цяпер: Маліся, Дзева, аб мне, слуге Тваім, да Дабрадзея / разам з маім Анёлам ахоўнікам, / і скіруй мяне на выкананьне запаветаў / Сына Твайго і Творцы майго.

Песьня 3

Ірмас: Ты – сьцьверджаньне / прыбягаючых да Цябе, Гасподзь, / Ты – сьвятло змрочным, / і Цябе апявае дух мой.
Прысьпеў: Сьвяты Анёл Божы, ахоўнік мой, малі Бога аб мне.
Увесь розум мой і душу маю / я да цябе скіраваў, ахоўнік мой, / ты ад усялякага нападу варожага / збаў мяне.
Вораг цісьне мяне і прыгнятае, / і вучыць заўсёды выконваць свае жаданьні; / але ты, настаўнік мой, / не пакінь мяне, гінуўшага.
Слава: Даруй мне песьню, каб сьпяваць / зь удзячнасьцю і руплівасьцю Творцы і Богу / і табе, добраму Анёлу, ахоўніку майму; / збаўца мой, вызвалі мяне / ад ворагаў, прыгнятаючых мяне.
Цяпер: Вылечы, Усячыстая, / моцна балючыя язвы душы маёй; / прагані ворагаў, / што няспынна змагаюцца са мной.

Сядальны, тон 2

Ад любові душэўнай клікаю да цябе, / ахоўнік душы маёй, сьвяты мой Анёл: / абараняй і захоўвай мяне ад падступных нападаў заўсёды, / і скіруй да жыцьця нябеснага, / навучаючы, і адукоўваючы, і ўмацоўваючы мяне.
Слава Айцу, і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.
Багародзічны: Багародзіца нявінная, Усячыстая, / без насеньня нарадзіўшая Ўладара ўсіх, / Яго разам зь Анёлам – ахоўнікам маім малі / вызваліць мяне ад усялякага сумневы / і дараваць замілаваньне і сьвятло душы маёй, / і ад грахоў ачышчэньне, / – Ты адзіная хутка падаючая абарону!

Песьня 4

Ірмас: Пачуў я, Гасподзь, / аб таямніцы Твайго задуму, / зразумеў справы Твае / і праславіў Тваю Боскасьць.
Прысьпеў: Сьвяты Анёл Божы, ахоўнік мой, малі Бога аб мне.
Малі чалавекалюбца Бога, / ты, ахоўнік мой, і не пакінь мяне, / але мірным жыцьцё маё заўсёды захоўвай, / і падай мне выратаваньне непарушнае.
Як абаронцу і ахоўніка жыцьця майго / прыняў я цябе ад Бога, Анёл; / малю цябе, сьвяты: / “Ад усялякіх бед мяне вызвалі!”
Слава: Мой бруд тваёй сьвятыняй ачысьці, ахоўнік мой, / і ад лёсу стаячых зь левага боку ды буду збаўлены малітвамі тваімі, / і прычасьнікам славы буду.
Цяпер: У разгубленасьці я знаходжуся / ад атачыўшых мяне бед, Усячыстая, / але хутка пазбаў мяне ад іх: / бо да Цябе адной я прыпадаю.

Песьня 5

Ірмас: Са сьвітанку клічам да Цябе, Гасподзь: / “Выратуй нас, бо Ты Бог наш, / апрача Цябе мы іншага не ведаем!”
Прысьпеў: Сьвяты Анёл Божы, ахоўнік мой, малі Бога аб мне.
Як маючы адвагу да Бога; / ахоўнік мой сьвяты, / Яго ўмалі ад гнятучага зла мяне збавіць.
Сьвятло зьзяючае, сьветла асьвяці душу маю, / настаўнік мой і ахоўнік, / Анёл, ад Бога мне дадзены.
Слава: Сьпячага злапомным ад цяжкасьці грахоў, / бадзёрым захавай мяне, Анёл Божы, / і ўздымі мяне на славаслоўе маленьнем Тваім.
Цяпер: Марыя, Уладарка Багародзіца, / шлюбу не пазнаўшая, надзея верных, / варожыя паўстаньня зьнішч, / а сьпяваючых Табе ўзьвесялі.

Песьня 6

Ірмас: Рызы даруй мне сьветлыя, / апранаючыся ў сьвятло як у вопратку / шматміласьцівы Хрыстос, Божа наш!
Прысьпеў: Сьвяты Анёл Божы, ахоўнік мой, малі Бога аб мне.
Ад усяго злога мяне вызвалі / і ад смутку выратуй, / малю цябе, сьвяты Анёл, ад Бога мне дадзены, / ахоўнік мой добры.
Асьвяці розум мой і адукуй мяне, добры, / малю цябе, сьвяты Анёл, / і да думкі аб карысным мне / заўсёды скіроўвай мяне.
Слава: Утрымай сэрца мае ад цяперашняй разгубленасьці, / і бадзёрасьць ў справах добрых ва мне ўмацуй, ахоўнік мой, / і скіруй мяне дзівосна да цішыні жыватворчай.
Цяпер: Слова Боскае ў Цябе ўсялілася, Багародзіца, / і людзям выявіла Цябе нябеснай лесьвіцай: / бо Табой Усявышні сышоў да нас.

Кандак, тон 4

Зьявіся мне міласэрным, / сьвяты Анёл Гасподні, ахоўнік мой, / і не адлучайся ад мяне кепскага; / але адукуй мяне сьвятлом непрыступным / і зрабі годным Царства Нябеснага.
Ікас: Душу маю, зьняважаную сярод мноствы спакус, / ты, сьвяты заступнік і сьпявак / з хорам бесьцялесных Сіл Божых, / невымоўнай славы нябеснай удастой, / памілуй мяне і захавай, / і намерамі добрымі душу маю адукуй, / каб я Тваёю славаю, Анёл мой, узбагаціўся, / і зрынь задумваючых злачынства супраць мяне ворагаў, / і зрабі мяне годным Царства Нябеснага.

Песьня 7

Ірмас: Зь Юдэі прыйшоўшыя юнакі, / у Бабілёне некалі / вераю ў Тройцу растапталі полымя печы, сьпяваючы: / “Божа бацькоў нашых, дабраслаўлёны Ты!”
Прысьпеў: Сьвяты Анёл Божы, ахоўнік мой, малі Бога аб мне.
Міласьцівы будзь да мяне / і упрасі Бога, Гасподні Анёл: / бо я маю цябе заступнікам увесь час жыцьця майго, / настаўнікам і ахоўнікам, / ад Бога падараваным мне навекі.
Не дапусьці, сьвяты Анёл, / каб душу маю няшчасную, / якая уручана была табе ад Бога бязгрэшнай, / на шляху забілі разбойнікі, / але накіруй яе на шлях пакаяньня.
Слава: Душу маю усю пасаромленай прыводжу / ад хітрых маіх намераў і спраў, / але хутка паўстань, настаўнік мой, / і вылячэньне мне падай, каб праз добрыя намеры / я павяртаўся заўсёды на правыя шляхі.
Цяпер: Прамудрасьцю напоўні і сілай боскай, / іспастасная Прамудрасьць Усявышняга, / малітвамі Багародзіцы, / усіх зь верай сьпяваючых: / “Божа бацькоў нашых, дабраслаўлёны Ты!”

Песьня 8

Ірмас: Цара нябеснага, / Якога апяваюць войскі Анёлаў, / апявайце і узьнімайце / ва усе стагодзьдзі.
Прысьпеў: Сьвяты Анёл Божы, ахоўнік мой, малі Бога аб мне.
Ад Бога пасланы, / зацьвердзі жыцьцё мае, слугі твайго, прыдобры Анёл, / і не пакінь мяне ва ўсе стагодзьдзі.
Анёла сапраўды добрага, / душы маёй настаўніка і ахоўніка, / цябе, прыдобры апяваю ва ўсе стагодзьдзі.
Слава: Будзь мне пакровам і моцнай сьцяной / у дзень выпрабаваньня ўсіх людзей, / калі будуць выпрабаваны полымем / справы і добрыя, і злыя.
Цяпер: Будзь мне дапамогай і цішынёй, / Багародзіца Заўсёды Дзева, слуге Твайму, / і не дай мне застацца / пазбаўленым Твайго заступніцтва.

Песьня 9

Ірмас: Ісьціна Багародзіцай Цябе спавядаем / мы, выратаваныя Табой, Дзева чыстая, / з хорамі бясплотных Цябе ўзьвялічваючы.
Прысьпеў: Ісус салодкі, выратуй мяне.
Памілуй мяне, адзіны Выратавальнік мой, / бо Ты міласьцівы і міласэрны, / і зрабі мяне прычасьнікам / хароў праведнікаў.
Прысьпеў: Сьвяты Анёл Божы, ахоўнік мой, малі Бога аб мне.
Думаць мне заўсёды і тварыць, Гасподні Анёл, / добрае і карыснае даруй, / выяві моцным ў нямогласьці і непарочным.
Слава: Як маючы адвагу да Цара Нябеснага, / Яго малі зь іншымі бясплотнымі / памілуй мяне, няшчаснага.
Цяпер: Вялікую адвагу маючы, Дзева, / да Ўвасобіўшагася ад Цябе, / вызвалі мяне ад путаў, і збаўленьне мне падай / м выратаваньне малітвамі Тваімі.

Малітва сьвятому Анёлу – ахоўніку

Анёл Хрыстоў сьвяты, да цябе прыпадаючы, малюся, захавальнік мой сьвяты, прыстаўлены да мяне ад сьвятога хрышчэньня для аховы душы і цела мяне, грэшнага! Я ж сваёю ленасьцю і сваім злым норавам прагнявіў цябе, найчыстага і сьветлага, і адагнаў цябе ад сябе разнастайнымі ганебнымі справамі: хлусьнёй, паклёпам, зайздрасьцю, асуджэньнем, непакорлівасьцю, нянавісьцю да братоў сваіх і злапомнасьцю, срэбралюбствам, пралюбадзействам, лютасьцю, скупасьцю, аб'ядзеньнем ненасытным, шматслоўем, злымі і хітрымі намерамі і звычкай да гонару, імкнучыся па уласнай волі да усякага цялеснага жаданьня. О злая мая згода на тое, чаго і скаціны неразумныя не дзеюць! І як жа зможаш ты зірнуць на мяне, ці наблізіцца да мяне? Якімі вачамі, Анёл Хрыстоў, паглядзіш на мяне, заблытаўшагася нямогла ў гнюсных справах? І як яшчэ смогу я прасіць пра прабачэньне горкіх і злых маіх і хітрых дзеяў, у якія упадаю ва усе дні і ночы, і ва усякую гадзіну? Але малюся, прыпадаючы да цябе, захавальнік мой сьвяты, зьлітуйся над мною грэшным і нявартым слугой тваім (імя), будзь мне памагатым і заступнікам супраць злога майго саперніка сьвятымі тваімі малітвамі, і Царства Боскага прычасьнікам мяне зрабі з усімі сьвятымі на вякі вякоў. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.