Thursday, February 10, 2011

СТАНІСЛАЎ БУЛАК—БАЛАХОВІЧ

А. Грыцкевіч
Пасьля доўгага замоўчваньня беларускімі гісторыкамі савецкага часу ужо у 90—я гады мінулага стагодзьдзя беларускія нацыянальныя гісторыкі вярнулі з часовага нябыту імя аднаго зь найактыўнейшых беларускіх вайсковых і палітычных дзеячаў — генэрала Станіслава Булак—Балаховіча. Акрамя аўтара гэтых радкоў трэба згадаць працы Алега Латышонка з Беластока, Алеся Бяляцкага зь Мінска. Артыкулы, прысьвечаныя генэралу і яго паходу ў Палесьсе, плянаванаму як пачатак вызваленьня Беларусі ад панаваньня ў ёй бальшавіцкай Расіі, увайшлі ў "Энцыкляпэдыю гісторыі Беларусі" і "Беларускую Энцыкляпэдыю". У Польшчы ў 1993 г. выйшла кніга М. Цабаноўскага "Генэрал Станіслаў Булак—Балаховіч. Забыты герой". Вывучэньне біяграфіі С. Булак—Балаховіча і яго вайсковай і палітычнай дзейнасьці працягваецца. Забытыя імёны Бацькаўшчыны вяртаюцца.
МАЛАДОСЬЦЬ. ПЕРШАЯ СУСЬВЕТНАЯ ВАЙНА
Станіслаў Нікадзімавіч Булак—Балаховіч (10.02.1883—10.05.1940) нарадзіўся ў невялічкім маёнтку Мэйшты Відзаўскай воласьці Браслаўскага павета Ковенскай губэрн (за 10 км на паўночны захад ад Відзаў, цяпер у Шуленайскай апілінцы — воласьці Літвы каля літоўска—беларускай мяжы). Яго бацька, Нікадзім Міхаіл, беларус—католік, працаваў кухарам ва уладальнікаў маёнтка Мэйштовічаў, а маці, Юзэфа з Шафранаў, полька, была пакаёўкай. Паводле сямейнага паданьня Станіслаў Булак—Балаховіч паходзіў зь дробнай беларускай шляхты.
Пасьля нараджэньня Станіслава яго бацька атрымаў ад Мэйштовічаў у арэнду маёнтачак Стакоп'ева (у тым жа Браслаўскім павеце), дзе нарадзіўся Юзаф (Язэп) (22.07.1896—13.06.1923), малодшы Станіславаў брат, таксама ў будучыні генэрал. Станіслаў і Юзаф Булак—Балаховічы скончылі агранамічную школу. Станіслаў працаваў адміністратарам маёнтка Гарадзец—Лужкі ў Дзісенскім павеце. У 1905 г. ён выступаў на баку сялян у іх канфліктах з панамі, за што атрымаў мянушку Бацька.
У пачатку Першай сусьветнай вайны Станіслаў Булак—Балаховіч разам з братам Юзафам і сябрамі Дамброўскім і Мацкевічам добраахвотна уступіў у расійскую армію і з 20 жніўня 1914 г. служыў у 2—м Курляндзкім уланскім палку 2—й кавалерыйскай дывізіі спачатку шарагоўцам, а потым унтэр—афіцэрам. Ён удзельнічаў у баях на тэрыторыі Польшчы, а потым сучаснай Латвіі. Узнагароджаны георгіеўскім мэдалём і Георгіеўскімі крыжамі 4—й, 3—й і 2—й ступеняў. Быў неаднойчы паранены і кантужаны.
9 ліпеня 1915 г. (са старшынствам ад 9 чэрвеня) атрымаў першае афіцэрскае званьне прапаршчыка (з адной зорачкай на афіцэрскім пагоне) ад вярхоўнага галоўнакамандуючага вялікага князя Мікалая Мікалаевіча. Удзельнічаў (3 верасьня 1915 г.) у дзеяньнях за лініяй фронту супраць немцаў у тылах праціўніка ў складзе армейскага партызанскага атрада (каля 500 чалавек) пад камандаваньнем Леаніда Пуніна. С. Булак—Балаховіч быў спачатку камандзірам эскадрона, а пасьля гібелі Л. Пуніна 1 верасьня 1916 г. — камандзірам усяго атрада.
Партызанскі атрад С. Булак—Булаховіча з—за лініі фронту рабіў кавалерыйскія налёты на камунікацыі, штабы і тылы германскіх войскаў калі фронт знаходзіўся на тэрыторыі цяперашняй Латвіі. Атрад выконваў разьведвальна—дывэрсійныя заданьні.
Неўзабаве Станіслаў Булак—Балаховіч атрымаў чарговыя афіцэрскія званьні. У 1917 г. ён быў ужо штаб—ротмістрам (чатыры зорачкі на афіцэрскім пагоне).
У Прыбалтыцы
Вясной 1918 г. пасьля працяглага знаходжаньня ў шпіталі ў Пэтраградзе (пасьля раненьня у пачатку сакавіка ў баі зь немцамі) С. Булак—Балаховіч запісаўся ў Чырвоную Армію. У красавіку 1918 г. са свайго былога атрада ён у горадзе Луга (Петраградзкая губэрнія) сфармаваў 1—ы Лужскі конны партызанскі полк (у складзе 4—й Петраградзкай дывізіі). У маі полк быў перайменаваны ў 3—і Петраградзкі. Даўняя партызанская дзейнасьць С. Балаховіча зьвярнула на яго увагу старшыні Рэўваенсавета Л. Троцкага, які выклікаў Булак—Балаховіча ў Маскву і прапанаваў яму пасаду інспэктара кавалерыі Чырвонай Арміі. Аднак С. Булак—Балаховіч адмовіўся ад гэтай пасады, бо быў настроены супраць антысялянскай палітыкі савецкага урада.
С. Булак—Балаховіч асабіста падбіраў камандзіраў і байцоў. Ён яшчэ з часоў Першай сусьветнай вайны карыстаўся вялікім аўтарытэтам у сваіх падначаленых. С. Булак—Балаховіч супрацьстаяў спробам мясцовых бальшавіцкіх уладаў накіраваць у яго полк камуністаў.
У кавалерыйскім палку пад яго камандаваньнем служылі палякі (быў нават польскі эскадрон), беларусы, украінцы, латышы, літоўцы і значная група расіян, непрыхільных да савецкай улады. Полк налічваў 1121 чалавека.
Паступова канфлікты з прадстаўнікамі савецкай улады нарасталі. Булак—Балаховіч намагаўся уратаваць сваіх камандзіраў (былых афіцэраў) ад арыштаў і рэпрэсій з боку улады. Тым не менш працягваў служыць у Чырвонай Арміі, паколькі побач — у Эстоніі і Латвіі — да канца 1918 г. знаходзіліся нямецкія войскі, а нямецкую армію ён па—ранейшаму разглядаў як галоўнага ворага.
Хуткая ужо параза Германіі ў Першай сусьветнай вайне і намаганьні балтыйскіх краін атрымаць незалежнасьць зьмянілі сытуацыю ў гэтым рэгіёне. На тэрыторыі Латвіі і Эстоніі была утворана "белая" расійская армія, сфармаваная пры дапамозе нямецкага камандаваньня. У канцы лістапада 1918 г. яна ужо налічвала 4500 жаўнераў і ставіла задачу утрымаць Пскоў, калі яго пакінуць немцы. Яшчэ ў кастрычніку 1918 г. Станіслаў Булак—Балаховіч выслаў у Пскоў свайго прадстаўніка. Паручнік Відзякін паінфармаваў камандаваньне гэтай Паўночнай арміі аб намеры С. Булак—Балаховіча перайсьці са сваім палком на бок белых. У Пскове знаходзіўся для пастаянных кантактаў і паручнік Барыс Перамыкін.
16 кастрычніка 1918 г. у Елізараўскім манастыры ротмістар Станіслаў Булак—Балаховіч сабраў на нараду афіцэраў свайго палка, якім давяраў. Прыбыў і камандзір Чудзкай флатыліі капітан 2 рангу Д. Д. Нелідаў. Афіцэры згадзіліся, што ў адпаведны момант пяройдуць на бок Паўночнай арміі. На наступны дзень Юзаф Балаховіч і Барыс Перамыкін падпісалі пагадненьне з прадстаўнікамі штабу Паўночнай арміі аб умовах пераходу.
Першым перайшоў на бок белай арміі 26 кастрычніка 1918 г. 1—ы эскадрон палка на чале з Барысам Перамыкіным, які ахоўваў дэмаркацыйную лінію паміж Савецкай Расіяй і Германіяй на усход ад Пскова. За некалькі гадзін да пераходу Перамыкін паслаў віншавальную тэлеграму зь нагоды першай гадавіны бальшавіцкай рэвалюцыі палітычнаму камісару раёна Гдоў—Тармошына таварышу Янісу Фабрыцыюсу.
Пасьля пераходу эскадрона Б. Перамыкіна на бок белых Я. Фабрыцыюс выклікаў на чыгуначную станцыю Тармошына Ю. Булак—Балаховіча як намесьніка камандзіра палка, а потым і С. Булак—Булаховіча. Абодва запэўнілі камісара ў сваёй ляяльнасьці. Але падрыхтоўка да пераходу палка працягвалася. 28 кастрычніка 1918 г. камандзір Чудзкай флятыліі Д. Д. Нелідаў таксама перайшоў на бок белых. Тры параходы з пяці, два катэры і сем малых катэраў зь экіпажамі даплылі па Чудзкім возеры да Пскова.
Полк С. Булак—Балаховіча сканцэнтраваўся ў раёне чыгуначнай станцыі Стругі Белая. У Стругах С. Булак—Балаховіч выдаў адозву да "братоў сялян". Ён абвяшчаў аб пачатку партызанскай вайны супраць бальшавікоў, за рускі народ, праваслаўную царкву, за мір і працу для людзей. Ён заклікаў сялян да выступу супраць бальшавіцкай улады і да уступленьня ў яго атрад. Падпісаўся: "Атаман сялянскіх партызанскіх атрадаў. Бацька Балаховіч".
Не маючы дастатковых сіл, каб самастойна змагацца з часткамі Чырвонай Арміі, Балаховіч ноччу з 5 на 6 лістапада 1918 г. перайшоў са сваім палком дэмаркацыйную лінію паблізу чыгуначнай станцыі Карамышава (20 км на усход ад Пскова). Аддзелы палка С. Булак—Балаховіча павялічылі колькасьць Паўночнай арміі ад адной трэці да паловы яе складу.
Ротмістар С. Булак—Балаховіч быў прызначаны камандзірам асобнага коннага атрада. Змагаўся ён (пасьля адыходу немцаў і белых з Пскова ў Эстонію 26 лістапада 1918 г.) у раёне Пячоры, на поўдзень ад Пскоўскага возера.
25 сьнежня 1918 г.часткі Паўночнай арміі падпарадкаваліся уладзе незалежнай Эстоніі. Армія была пераўтворана ў Паўночна—Заходні корпус, які быў падзелены на дзьве групы ў апэратыўных адносінах. Адна група дзейнічала ў раёне Нарвы, другая — на пскоўскім напрамку.
У пскоўскай групе і змагаўся атрад С. Булак—Балаховіча. За удзел у вызваленьні Тарту ад бальшавікоў С. Балаховіч атрымаў у студзені 1919 г. званьне падпалкоўніка.
Ад студзеня 1919 г. конны партызанскі атрад падпалкоўніка С. Булак—Балаховіча дзейнічаў у складзе паўднёвай групы ў раёне Чудзкага возера, на захад ад Пскова. Часта атрад прарываўся праз лінію фронту і наносіў удары ў тыле чырвоных. У лютым 1919 г. камандуючы паўднёвай групы генэрал—маёр А. П. Радзянка перайменаваў атрад у конны полк імя Булак—Балаховіча, зразумела, пад камандаваньнем самога С. Булак—Балаховіча.
15 мая 1919 г. полк і іншыя часьці, падпарадкаваныя ў гэтай апэрацыі С. Н. Булак—Балаховічу, занялі горад Гдоў, за што С. Балаховіч атрымаў званьне палкоўніка. Далей полк браў удзел у пскоўскай апэрацыі. У выніку яе 25 мая 1919 г. Пскоў быў заняты эстонскай арміяй і часьцямі белых. С. Булак—Балаховіча прызначылі на пасаду камандуючага Пскоўскага раёна. За удзел у баях за Пскоў галоўнакамандуючы корпусам генэрал А. Радзянка прысвоіў С. Булак—Балаховічу званьне генэрал—маёра, а з часьцей, падпарадкаваных яму, утварыў асобную зводную дывізію.
С. Булак—Балаховіч устанавіў адміністрацыю ў Пскове і Пскоўскім раёне. Па яго ініцыятыве былі утвораныя народныя суды, якія каралі злачынцаў і бальшавіцкіх актывістаў.
Як ваенных камэндант Пскова і Пскоўскага павета С. Булак—Балаховіч разгарнуў антыбальшавіцкую прапаганду, друкуючы і распаўсюджваючы сярод насельніцтва і чырвонаармейцаў (на фронце і за лініяй фронту) рознага роду адозвы і улёткі, у якіх заклікаў "змагацца не за царскую уладу і не за памешчыцкую, але за новую, вольную, дэмакратычную, народную, сялянска—рабочую Расію". Выступаў зь эсэраўскімі лёзунгамі: "За зямлю і хлеб для усяго народа, за правы для працоўных, за новы агульнанародны устаноўчы сход". У гэты час, у ліпені 1919 г., на бок С. Булак—Балаховіча перайшоў пяхотны полк Чырвонай Арміі.
Аднак у кіраўніцтве белай арміі насьпяваў канфлікт паміж белымі генэраламі М. Юдзенічам і А. Радзянкам, манархістамі, якія складалі большасьць у палітычным і вайсковым кіраўніцтве Паўночна—Заходняй арміі, і рэвалюцыйна—дэмакратычнай групай у гэтай арміі на чале зь С. Булак—Балаховічам, які быў на левым, эсэраўскім, крыле гэтай групы. Яшчэ ў жніўні 1919 г. генэрал М. М. Юдзеніч, галоўнакамандуючы Паўночна—Заходняй арміі, прызначыў С. Н. Булак—Балаховіча камандуючым 2—м корпусам (з дзьвюх дывізій) гэтай арміі. Аднак адносіны паміж Юдзенічам і Булак—Балаховічам усё больш абвастраліся.
22 жніўня 1919 г. галоўнакамандуючы М. М. Юдзеніч аддаў загад палкоўніку Б. Перамыкіну заняць Пскоў, арыштаваць С. Булак—Балаховіча і аддаць яго пад ваенны суд "за беззаконныя дзеяньні". 23 жніўня Булак—Балаховіч быў зьняты з пасады камандуючага корпусам. У той жа дзень Б. Перамыкін на чале чатырох палкоў 2 батарэй і іншых часьцей паводле загаду М. Юдзеніча прыбыў у Пскоў і арыштаваў афіцэраў штаба корпуса. Пры арышце былі забітыя начальнік штаба палкоўнік Стаякін і гарадзкі галава М. Іваноў. Толькі С. Булак—Балаховічу зь дваццацьцю коньнікамі зь яго асабістай сотні удалося уцячы ў Гдоў, дзе ён падпарадкаваўся М. Юдзенічу. Булак—Балаховіча падтрымлівала эстонскае камандаваньне як баявога генэрала, неабходнага для далейшай барацьбы з бальшавікамі.
Булак—Балаховіч быў фармальна пасаджаны пад "хатні арышт", але адразу выехаў на фронт у раёне Вострава (60 км. на поўдзень ад Пскова) да сваёй коннай групы з 1200 чалавек. 26 жніўня 1919 г. часьці Чырвонай Арміі, карыстаючыся крызысам у стане белых, занялі Пскоў. А Булак—Балаховіч працягваў на чале сваёй коннай групы ваенныя дзеяньні, галоўным чынам партызанскага характару.
Падчас восеньскага наступу белай Паўночна—Заходняй арміі на Петраград група генэрала С. Булак—Балаховічананосіла удары па камунікацыях Чырвонай Арміі ў напрамку Порхава (75 км на усход ад Пскова). Яго атрады перарэзалі камунікацыі на чыгуначнай лініі Петраград — Полацк.
Пасьля паражэньня белай Паўночна—Заходняй арміі пад Пэтраградам у лістападзе 1919 г. сярод яе камандаваньня узмацніліся рознагалосьсі. Асабліва яны абвастрыліся пасьля адыходу Паўночна—Заходняй арміі на тэрыторыю Эстоніі і пачатку мірных перамоў паміж Савецкай Расіяй і Эстоніяй (мірны дагавор паміж імі быў падпісаны ў Тарту 2 лютага 1920 г.). Расійская Паўночна—Заходняя армія была інтэрнаваная і падлягала ліквідацыі.
На пачатку 1920 г. С. Булак—Балахопіч у расійскай газэце ў Эстоніі "Верный путь" зьвярнуўся да галоўнакамандуючага эстонскай арміі генэрала Й. Лайдамера з просьбай аб дазволе сабраць добраахвотнікаў для працягу барацьбы супраць бальшавікоў. Эстонскія улады нэафіцыйна яго падтрымалі.
С. Булак—Балаховіч, каб атрымаць для свайго і іншых новых атрадаў сродкі, а таксама для выплаты грошай жаўнерам, вырашыў арыштаваць М. Юдзеніча і забраць грошы з касы яго арміі. У ноч на 28 студзеня 1920 г. С. Булак—Балаховіч, які з групай афіцэраў прыехаў у Талін, арыштаваў у гатэлі "Комерс" генэрала М. Юдзеніча, генэрала Крузэнштэрна і ад'ютанта. У пакоі М. Юдзеніча былі знойдзены 227 тысяч фунтаў стэрлінгаў, 250 тысяч фінскіх марак і 110 мільёнаў эстонскіх марак. С. Булак—Балаховіч прымусіў М. Юдзеніча аддаць гэтыя грошы вайсковаму пракурору арміі Вішнеўскаму. Грошы пайшлі на ліквідацыйныя меры, галоўным чынам на выплату жалаваньня салдатам і афіцэрам падчас ліквідацыі Паўночна—Заходняй арміі. Гэта павысіла аўтарытэт і папулярнасьць С. Н. Булак—Балаховіча і ў некаторай ступені папоўніла яго атрад добраахвотнікамі.
Арыштаваных генэралаў С. Булак—Балаховіч адвёз на станцыю, пасадзіў у таварны вагон і павёз на фронт зь сабою. Толькі пад ціскам англійскай місіі ў Эстоніі са станцыі Тапа (на палове дарогі ад Таліна да Нарвы) цягнік затрымалі і вярнулі назад у Талін, дзе Юдзеніча адвезьлі ў памяшканьне англійскай ваеннай місіі. Пасьля гэтага Юдзеніч выехаў за мяжу як прыватная асоба. С. Булак—Балаховіч вярнуўся на фронт, дзе працягваў камандаваць сваім атрадам з 1200 чалавек.
У гэты ж час, калі Эстонія выходзіла зь вайны зь Савецкай Расіяй, генэрал Станіслаў Булак—Балаховіч, добра памятаючы пра сваё беларускае паходжаньне, прапанаваў падпарадкаваць свой атрад ураду Беларускай Народнай Рэспублікі. Яго атрад меў у сваім складзе 75% беларусаў—жаўнераў і палову афіцэраў—беларусаў. Называўся атрад Добраахвотным народным. С. Булак—Балаховіч надаў яму назву Беларускага. Атрад прыняў за свой штандар беларускі нацыянальны бела—чырвона—белы сьцяг і кукарды на фуражках зь нацыянальным гербам Пагоня.
Генэрал Булак—Балаховіч атрымаў дазвол ад эстонскіх уладаў набіраць у сваю вайсковую адзінку добраахвотнікаў і зь іншых часьцей былой Паўночна—Заходняй арміі, пераважна беларусаў і палякаў.
Пасьля звароту Булак—Балаховіча да вайскова—дыпляматычнай місіі Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў Латвіі і Эстоніі, якую узначальваў у Рызе палкоўнік К. Езавітаў 22 студзеня 1920 г. Рада міністраў БНР прыняла Беларускі атрад "у склад войска БНР". К. Езавітаў афіцыйна зьвярнуўся 8 лютага 1920 г. да галоўнакамандуючага польскай арміяй Ю. Пілсудскага, каб той даў дазвол перавесьці асобны атрад генэрал—маёра Булак—Балаховіча зь Эстоніі ў Беларусь і "прадставіць Асобнаму Атраду Беларускай Народнай Рэспублікі кавалак фронту на левым фланзе Польскай Арміі і узлажыць на Польскае інтэнданцтва павіннасьць адпускаць для Асобнага Атраду усё яму патрэбнае".
У баях на Беларусі
23 лютага 1920 г. генэрал С. Булак—Балаховіч падпісаў з польскім вайсковым прадстаўніком у Рызе пагадненьне аб сумесных ваенных дзеяньнях супраць Чырвонай Арміі. 3 сакавіка С. Булак—Балаховіч быў прыняты ў Дзьвінску (Даўгаўпілсе) генэралам Эдвардам Рыдз—Сьміглым, а 14 сакавіка Беларускі Асобны атрад перайшоў Заходнюю Дзьвіну, каб змагацца на савецка—польскім фронце ў Беларусі. Але спачатку ён быў накіраваны ў Брэст, дзе атрад дафармаваўся і атрымаў дадатковую колькасьць зброі. Ад пачатку чэрвеня 1920 г. Беларуская група (або Беларуская Нацыянальная армія) генэрала С. Булак—Балаховіча налічвала каля 2 тысяч шабель (кавалерыстаў). Яна брала актыўны удзел у баявых дзеяньнях на Палесьсі супраць Чырвонай Арміі.
С. Булак—Балаховіч рабіў зьнянацку кавалерыйскія налёты на тылы савецкіх войскаў, штабы злучэньняў Чырвонай Арміі. Апэратыўная група С. Булак—Балаховіча уваходзіла ў склад Палескай групы польскіх войскаў, потым 3—й польскай арміі. Група папаўнялася. Паводле зьвестак апэратыўнай разьведкі Заходняга фронту Чырвонай Арміі, у канцы жніўня 1920 г. у атрадзе С. Булак—Балаховіча, калі ён знаходзіўся ў раёне Уладавы (на рацэ Заходні Буг), налічвалася 4 пяхотныя палкі (Партызанскі, Пскоўскі, Востраўскі і Вазьнясенскі) агульнай колькасьцю 1600 штыкоў з 16 кулямётамі, а таксама партызанскі кавалерыйскі полк з трох эскадронаў на 400 шабель. Характэрна, што палкі былі названыя па гарадах Пскоўскай губэрн, дзе раней ваяваў Булак—Балаховіч і яго атрад.
Пры адступленьні Чырвонай Арміі ад Варшавы ў верасьні 1920 г. Беларускі атрад, прарваўшыся скрозь лінію фронту 4—й савецкай арміі, разбурыў чыгуначную лінію і 26 верасьня уварваўся ў Пінск, дзе знаходзіўся штаб 4—й арміі і запасны полк. Частка штаба пасьпела прарвацца цягніком на Лунінец, а камандарм, начальнік штаба і член рэўваенсавета арміі (паліткамісар) конна паехалі да лініі фронту. 4—я армія аказалася разрэзанай на дзьве часткі, а яе кіраваньне парушаным. Пінск быў заняты групай С. Булак—Балаховіча апоўдні 26 верасьня. Атрады з групы С. Булак—Балаховіча працягвалі вайсковыя апэрацыі на Палесьсі да самага заканчэньня ваенных дзеяньняў падчас савецка—польскай вайны.
12 кастрычніка 1920 г. у Рызе падчас савецка—польскіх мірных перамоваў былі падпісаны перамір'е і дагавор аб папярэдніх умовах міру. Паводле умоў перамір'я, ваенныя дзеяньні на савецка—польскім фронце былі спынены праз 6 дзён — 18 кастрычніка 1920 г. а 24—й гадзіне. У гэтыя дні польскія войскі працягвалі наступ, заняўшы на поўдні БССР некаторыя раёны.
Перад С. Булак—Балаховічам стаяла задача працягваць барацьбу супраць Савецкай Расіі і за вызваленьне Беларусі ад улады бальшавікоў. 20 ліпеня 1920 г. С. Булак—Балаховіч пайшоў на пагадненьне з Б. В. Савінкавым, старшынёй Рускага палітычнага камітэта ў Польшчы, якога падтрымліваў начальнік Польскай дзяржавы Ю. Пілсудскі. 27 жніўня 1920 г. паміж Б. Савінкавым і С. Булак—Балаховічам было падпісана пагадненьне аб аб'яднаньні рускіх і беларускіх атрадаў у Польшчы ў адну армію для самастойнага наступу на усход. Палітычнае кіраўніцтва гэтай арміяй належала Б. В. Савінкаву, а ваеннае — С. Н. Булак—Балаховічу. Армія С. Булак—Балаховіча пачала рэарганізацыю. У яе склад уступалі мясцовыя партызаны, добраахвотнікі беларусы і расіяне, часам розныя разбэшчаныя на вайне людзі, якія ужо не ведалі іншай працы, акрамя вайны. У войску С. Булак—Балаховіча фармаваўся і жыдоўскі конны эскадрон на чале з паручнікам Цэйтліным.
Падрыхтоўка паходу на Палессе
У выніку да пачатку лістапада 1920 г. значна папоўненыя атрады С. Булак—Балаховіча былі разгорнутыя ў Рускую народную добраахвотніцкую армію агульнай колькасьцю каля 20 тысяч чалавек, зь іх каля 15 тысяч у страі. У склад гэтай арміі уваходзілі 3 пяхотныя і 1 кавалерыйская дывізіі, сялянская пяхотная брыгада, асобны туземны кавалерыйскі полк, полк данскіх казакоў, асабістая сотня генэрала Булак—Балаховіча і чыгуначны полк, які яшчэ фармаваўся. Паводле асабовага складу найбольш шматлікімі былі 1—я дывізія "сьмерці" палкоўніка (потым генэрал—маёра) Мацвеева і 2—я дывізія палкоўніка Мікошы, якія налічвалі па 4000—4800 жаўнераў і афіцэраў, і кавалерыйская дывізія палкоўніка С. Паўлоўскага (1100 шабель і штыкоў). Найбольш баяздольнай зь іх была 1—я дывізія "сьмерці", якая складалася з 1—га Партызанскага, 2—га Пскоўскага, 3—га Востраўскага і 4—га Вазьнясенскага палкоў і іншых падраздзяленьняў. Асноўную частку дывізіі складалі жаўнеры і афіцэры Беларускага атрада, якія прыйшлі на фронт разам зь С. Булак—Балаховічам зь Эстоніі. У кавалерыйскай дывізіі найбольш баяздольным лічыўся 1—ы конны полк, які складаўся ў большасьці з коньнікаў, што прыйшлі зь Эстоніі. У іншых частках арміі былі ў асноўным мясцовыя жыхары, якія не мелі дастатковага баявога вопыту, а таксама былыя палонныя камандзіры і чырвонаармейцы і дэзерціры з Чырвонай Арміі. Фармаваньне арміі вялося і па паходжаньні асноўнай масы жаўнераў. Так, 2—я дывізія палкоўніка Мікошы складалася з 4—х палкоў: Георгіеўскага, Мінскага, Смаленскага і Віцебскага. 3—я Волская дывізія генэрал—маёра Яраслаўцава складалася з Казанскага, Яраслаўскага, Ніжагародзкага і Самарскага палкоў.
Задача арміі С. Булак—Балаховіча палягала на тым, каб адцясьніць з Беларусі савецкія войскі, стомленыя доўгімі баямі на шляху ад Варшавы і, абапіраючыся на сялянства, амаль канчаткова змучанае бальшавіцкай палітыкай "ваеннага камунізму", прарвацца ў Расію для стварэньня там дэмакратычнай рэспублікі.
Аднак у С. Булак—Балаховіча быў і свой, беларускі, плян. Дзеля гэтага ён падпісаў 12 кастрычніка 1920 г. пагадненьне з Беларускім палітычным камітэтам у Варшаве на чале з П. Алексюком. Камітэт стаяў на пазыцыях саюзу з Польшчай. Паводле гэтага пагадненьня, пры вызваленьні тэрыторыі Беларусі Булак—Балаховіч мусіў перадаць цывільную уладу ураду Алексюка. Сам С. Булак—Балаховіч разьлічваў на сялянскае паўстаньне ў Беларусі, якое падтрымае яго армію.
Напачатку лістапада 1920 г. армія С. Булак—Балаховіча была сканцэнтравана ў раёне Турава, які паводле савецка—польскага дагавора ад 12 кастрычніка 1920 г. належаў БССР, але пакуль знаходзіўся ў зоне, занятай польскімі войскамі. Перамір'е і папярэдні мірны дагавор не былі яшчэ ратыфікаваныя і не было яшчэ пагадненьня аб вывадзе польскіх войскаў зь занятай імі савецкай тэрыторыі. Аднак польскі бок фармальна спыніў адносіны зь антысавецкімі сіламі на тэрыторыі Беларусі і Украіны. Так, польскі урад заявіў, што ён раззброіў атрад Балаховіча, што застаўся на польскай тэрыторыі, — брыгаду цяжкай артылерыі і бронецягнік. Сапраўды, яны не удзельнічалі ў баях.
Паход Булак—Балаховіча на Палессе
6 лістапада 1920 г. армія С. Булак—Балаховіча пачала наступ у Палесьсі ад Турава па абодвух берагах Прыпяці на усход. Галоўны удар абрынуўся на 10—ю стралковую дывізію Заходняга фронту, якая панесла значныя страты і вымушана была адступаць. 8 лістапада войскі Булак—Балаховіча занялі Пэтрыкаў, 9 — мястэчка Скрыгалаў і вёску Скрыгалаўская Слабада. Пасьля цяжкага бою Пскоўскі полк 1—й дывізіі "сьмерці" палкоўніка Мацвеева 10 лістапада заняў Мазыр, які стаў цэнтрам ваеннай і палітычнай дзейнасьці Булак—Балаховіча. Камэндант Мазыра генэрал Яраслаўцаў загадаў у горадзе вывесіць беларускія нацыянальныя сьцягі. Палкоўнік С. Паўлоўскі з палонных сфармаваў Мазырскі полк. 10 лістапада Востраўскі полк 1—й дывізіі арміі Балаховіча заняў Калінкавічы.
Частка яго войска — 2—я пяхотная дывізія і група палкоўніка Юзафа Булак—Балаховіча (малодшы брат камандуючага) — наступала на Рэчыцу, а другая частка войска — на Оўруч і на Чарнобыль. 16 лістапада атрады С. Н. Булак—Балаховіча з трох бакоў падышлі да Рэчыцы і пачалі баі на яе ускраінах.
Пасьля заняцьця Мазыра С. Н. Булак—Балаховіч раскрыў свае уласныя палітычныя плян. Насуперак намеру Б. Савінкава ён з 12 лістапада пачаў у Мазыры выдаваць палітычныя акты і загады, накіраваныя на стварэньне незалежнай Беларускай дзяржавы, абвясьціў сябе "начальнікам Беларускай дзяржавы" (як Пілсудскі — Польскай) і праклямаваў незалежнасьць Беларусі. 14 лістапада 1920 г. выдаў загад пра фармаваньне Беларускай нацыянальнай арміі з беларусаў і ураджэнцаў Беларусі. За тыдзень зь добраахвотнікаў былі сфармаваныя Сялянскі партызанскі атрад і Хабненскі полк (паводле назвы мястэчка Хабна). С. Н. Булак—Балаховіч абвясьціў сябе галоўнакамандуючым усімі узброенымі сіламі незалежнай Беларусі. Камандаваньне Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй ён перадаў свайму брату Іосіфу (Юзафу, Язэпу), надаўшы яму воінскі чын генэрал—маёра. Але фактычна С. Булак—Балаховіч па—ранейшаму камандаваў Саюзнай Народнай арміяй, як яна называлася ад 14 лістапада.
У Мазыр зь Варшавы прыбылі сябры Беларускага палітычнага камітэта П. Аляксюк і В. Адамовіч, якія заключылі зь С. Н. Булак—Балаховічам і Б. В. Савінкавым пагадненьне аб прызнаньні Рускай народнай добраахвотніцкай арміяй незалежнасьці Беларусі зь наступным узгадненьнем Устаноўчымі соймамі Расіі і Беларусі канчатковай формы узаемаадносін. С. Н. Булак—Балаховіч прызначыў П. Алексюка старшынёй свайго урада, а эмігранцкі урад В. Ластоўскага і савецкі урад Чарняка (А. Чарвякова) у Менску абвясьціў "зьвергнутымі".
У арміі С. Н. Булак—Балаховіча былі і свае вайсковыя узнагароды: вялікі крыж зь мячамі і крыж мужных. У цэнтры крыжоў была выява чэрапа. На вялікім крыжы быў у цэнтры па кругу надпіс: "За нашу і вашу свабоду". А раней яго Асобны атрад меў і свае паштовыя маркі.
Барацьбу супраць арміі С. Булак—Балаховіча вяла савецкая 16—я армія Заходняга фронту. На фронт былі скіраваныя дадатковыя сілы Чырвонай Арміі. Рэгулярныя войскі Чырвонай Арміі мелі колькасную перавагу. 3 боку Жлобіна контрнаступленьне Чырвонай Арміі пачалося 16 лістапада. Яе часьці 17 лістапада з боем занялі Калінкавічы. Баючыся застацца адрэзанымі, перадавыя атрады С. Н. Булак—Балаховіча 18 лістапада спынілі атакі ў раёне Рэчыцы. 19 лістапада пачалося агульнае адступленьне яго дывізій. 2—я пяхотная дывізія упарта абараняла Мазыр, але 20 лістапада горад быў захоплены праціўнікам.
Асноўнай частцы арміі Булак—Балаховіча удалося 22 лістапада прарвацца ляснымі дарогамі ў раёне Каплічы—Якімавічы (на поўнач ад Мазыра) праз заслоны чырвона—армейцаў 33—й Кубанскай казацкай дывізіі і 24 лістапада фарсіраваць Пціч. 26 лістапада войскі С. Булак—Балаховіча выйшлі праз Жыткавічы да чыгуначнай станцыі Сінкевічы ў раён разьмяшчэньня польскіх войскаў. Плян камандаваньня Чырвонай Арміі абкружыць і зьнішчыць вайсковыя сілы арміі С. Н. Булак—Балаховіча не удаўся.
Армія С. Н. Булак—Балаховіча сабралася ў раёне Тураў — Давыд—Гарадок — Лахва і была раззброена польскімі войскамі. Частка ж арміі адышла ў нэўтральную зону (па 15 км. па абодва бакі мяжы), якая існавала да заключэньня міру ў сакавіку 1921 г., і адтуль асобнымі атрадамі вяла партызанскія дзеяньні супраць Чырвонай Арміі і савецкай улады. Частка атрадаў падчас адступленьня арміі засталася на месцы і працягвала весьці партызанскую вайну. Налёты атрадаў С. Н. Булак—Балаховіча на тэрыторыю БССР працягваліся да 1922 г. Значная частка былых яго жаўнераў атрымала працу ў Белавескай пушчы на тартаках і вырубцы лесу.
У Польшчы
Пасьля савецка—польскай вайны Станіслаў Булак—Балаховіч быў прызнаны генэралам, але не залічаны ў склад польскага войска як чынны генэрал. Ён быў абраны як генэрал брыгады старшынёй Саюза былых удзельнікаў нацыянальных паўстаньняў (камбатантаў). Выдаваў публіцыстычныя кнігі, варожыя савецкай уладзе, бальшавікам і Гітлеру. У публіцыстычных творах ён пасьлядоўна выкрываў агрэсіўны характар палітыкі Савецкага Саюза і фашысцкай Германіі і папярэджваў аб рэальнай пагрозе агрэсіі з боку гэтых дзяржаў у дачыненьні да суседніх народаў.
Падчас савецка—польскай вайны і пасьля яе адмоўна да С. Булак—Балаховіча ставіліся і палітычныя сілы на Беларусі, не кажучы ужо пра бальшавікоў, для якіх ён быў заўсёды ворагам. Адмоўна да яго ставілася і партыя беларускіх сацыялістаў—рэвалюцыянэраў (падчас вайны — саюзьніца бальшавікоў, якую яны выкарысталі супраць Польшчы, а потым ёй здрадзілі і забаранілі яе). Беларускі эсэры не маглі дараваць генэралу яго саюзу з Польшчай і таму падчас паходу на Палесьсе не падтрымалі яго. Такой тактыкі яны прытрымліваліся і пазьней, нягледзячы на тое, што беларускае сялянства падтрымлівала генэрала, бо С. Булак—Балаховіч выступаў за незалежнасьць Беларусі і супраць антысялянскай палітыкі бальшавікоў.
Станіслаў Булак—Балаховіч быў і беларускім паэтам. Яго паэтычныя творы заўважыў і адзначыў беларускі грамадзк дзеяч і літаратуразнаўца Ігнат Дварчанін. Вядома, што ў Польшчы Станіслаў Булак—Балаховіч выдаў зборнік вершаў "Перш, пакуль голас свой даць", які згадваецца ў картатэцы Нацыянальнай бібліятэкі ў Варшаве. Самога зборніка нам знайсьці не удалося.
Алесь Бяляцкі ў 1990 г. апублікаваў адшуканы ім у рэдкім і недаступным нам часопісе "На чужыне" (выходзіў у Рызе ў 1920—я гг.) верш С. Булак—Балаховіча "Покліч бацькі", напісаны 25 лістапада 1919 г. у Рэвелі (Таліне), калі Булак—Балаховіч змагаўся ў Эстоніі супраць Чырвонай Арміі.
Покліч бацькі
Праз цёмныя хмары на чуждай старонцэ
Зірнула на нас цёпла—роўнае сонцэ,
I гоман пачуў я з радной стараны:
"Свабода калоціцца ў нашэ ваконцэ,
За бацькаўшчыну ўсталі яе ўсе сыны!"
Сынкі! А мы што жа!
Нам будзе нягожа,
Каб мы не пайшлі на дапамогу!
Сьмялей, не аглядайцесь,
Хутчэй сабірайцесь
I будзем гатовы ў дарогу!
(I сапраўды, ужо ў студзені 1920 г. генэрал С. Булак—Балаховіч пры дапамозе шэфа вайскова—дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі пачаў перамовы аб накіраваньні свайго Беларускага атрада пад назвай Беларуская Нацыянальная Армія на участак савецка—польскага фронту ў Палесьсе, куды і прыбыў яго Беларускі атрад.)
Алесь Бяляцкі таксама апублікаваў (са сваім камэнтарам) у часопісе "Спадчына" (1991. № 6. С. 17) два вершы С. Булак—Балаховіча: ужо прыведзены "Покліч бацькі" і "Шарак ці брысь", напісаны 19 ліпеня 1927 г.
Можна спадзявацца, што беларускія літаратуразнаўцы зацікавяцца літаратурнай спадчынай беларускага генэрала і дапоўняць характарыстыку гэтага цікавага чалавека, патрыёта сваёй Бацькаўшчыны.
Пасьля нападу гітлераўскай Германіі на Польшчу ў верасьні 1939 г. генэрал Станіслаў Булак—Балаховіч арганізаваў добраахвотны атрад, які спачатку складаўся з 200 жаўнераў пяхоты і эскадрону кавалерыі. Потым атрад павялічыўся. У дні аблогі Варшавы С. Булак—Балаховіч арганізаваў абарону сталіцы на паўднёвым участку. Удзельнікі абароны Варшавы пад кіраўніцтвам Станіслава Булак—Балаховіча рабілі партызанскія выпады ў тылы нямецкіх войскаў здабывалі важную інфармацыю, нападалі на нямецкія патрулі. Супраціўленьне ворагу скончылася з капітуляцыяй Варшавы ў канцы верасьня 1939 г.
У канцы 1939 г. генэрал Станіслаў Булак—Балаховіч разам з былымі афіцэрамі сваіх вайсковых фармаваньняў стварыў падпольную вайсковую арганізацыю.
Загінуў Станіслаў Булак—Балаховіч 10 мая 1940 г., калі перад сваім домам на Саскай вуліцы, 103, быў акружаны агентамі гестапа пры спробе арышту падчас страляніны. Па некаторых зьвестках, Станіслаў Булак—Балаховіч быў забіты агентамі НКВД, якія ў гэты пэрыяд супрацоўнічалі з гестапа. Але больш праўдападобнай зьяўляецца вэрсія пра ліквідацыю яго гестапа як адвечнага ворага Германіі і Гітлера, пра што С. Булак—Балаховіч адкрыта пісаў у сваіх кнігах.
Сымбалічная магіла генэрала С. Булак—Балаховіча знаходзіцца на варшаўскіх Камунальных, былых вайсковых, могілках (кватэра А15, рад 8, магіла 12). На месцы гібелі генэрала Станіслава Булак—Балаховіча стараньнямі яго унука Мацея Булак—Балаховіча умацавана памятная дошка, прысьвечаная гэтаму вайсковаму і палітычнаму дзеячу.
Адзначаючы 125—годзьдзе зь дня нараджэньня Станіслава Булак—Балаховіча, трэба падкрэсьліць у першую чаргу патрыятычную дзейнасьць генэрала, які намагаўся не толькі мець беларускую нацыянальную армію, але і стварыць незалежную Беларускую дзяржаву.
4 студзеня 2008 г.
Крыніца: Старонкі нашай мінуўшчыны / Анатоль Грыцкевіч.—Мінск: Кнігазбор, 2009.—468 с.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.