Friday, January 7, 2011

НАРАДЖЭНЬНЕ ХРЫСТОВА

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
У такую ноч, як гэта, у марозную, зорную ноч нарадзіўся на зямлі Гасподзь і Бог наш Ісус Хрыстос. Бог зрабіўся чалавекам; Сваёй Боскай істотай Ён злучыўся зь усёй шматплястовай істотай чалавека, працяў істотай Сваёй чалавечую душу, напоўніў Боскасьцю Сваёй, нібы полымем, і цела чалавечае, якое Ён успрыняў ад Дзевы Багародзіцы, аддаўшы Сябе такім чынам зь усім, што было створана дзяржаўным Ягоным Боскім словам. У такую ноч мы сузіраем духам гэтую падзею: гэта падзея гістарычная, сапраўды адбыўшаяся, якая зьмяніла усе узаемаадносіны Бога і стварэньня. Не толькі зь намі Бог, але Ён — адзін зь нас. Ён паказаў нам Сваім увасабленьнем веліч чалавека, здольнага быць не толькі носьбітам духу, але і Боганосьцам, здольнага злучыцца зь усёй таямніцай Боскасьці і, як кажа Ірыней Ліёнскі, у дасканаласьці сваёй быць Ягонай славай.
Але верыць у гэту падзею, прымаць яе усім сэрцам, усім розумам — недастаткова: трэба успрымаць яе усім жыцьцём сваім, усёй крэпасьцю, усёй воляй сваёй, і так пражыць, каб увасабленьне Боскае было паказана усяму сьвету тым, якімі зрабіліся Ягоныя вучні, прылучыўшыся таямніцы Боскасьці. Апостал Павел быў ганіцелем Хрыстовым, ворагам маладой яшчэ хрысьціянскай супольнасьці; але калі на шляху ў Дамаск ён апынуўся тварам да твару зь уваскрэслым Хрыстом, усё ягонае жыцьцё пераламалася. І калі ён нам кажа: Будзьце пасьлядоўнікамі маімі падобна таму, як я рушыў усьлед Хрысту, ён нам не выхваляецца сабой, а кажа пра тое, што калісьці быў ворагам Божым, быў ворагам Хрыстовым, ворагам Царквы, але спазнаўшы Боскасьць і Уваскрэсеньне Выратавальніка, ён усё сваё жыцьцё зьмяніў, зрабіўся іншым чалавекам. І апісвае ён гэта вялікімі словамі: Для мяне жыцьцё — гэта Хрыстос, сьмерць — жаданае набыцьцё, таму што, жывячы ў целе, я яшчэ разлучаны з Хрыстом... І ў іншым месцы ён кажа: Сьмерць для мяне — не сьцягваньне часавага жыцьця, а апрананьнем у вечнасьць… І канчае ён найвялікім словам, словам такой пакоры перад воляй Боскай, такой ахвярнай аддачы сябе Яму і людзям, перад якімі робіцца дрыгатліва; ён кажа нам: Аднак, для вас карысьней, каб я застаўся жыць, і я гатовы жыць — для таго, каб сьведчыць людзям і служыць ім.
Быць Хрыстовымі гэта значыць не толькі розумам і сэрцам паверыць, гэта значыць усёй сваёй істотай зьмяніцца, і зьмяніць сваё жыцьцё. Так яго зьмяніць, каб кожны чалавек, які сустрэне або асобнага хрысьціяніна, або супольнасьць хрысьціян, са зьдзіўленьнем глядзеў бы на асобнага чалавека і на супольнасьць і бачыў, што гэтыя людзі прыналежаць іншаму сьвету: не адарваўшыся ад гэтага, але пераросшы яго; што яны — грамадзяне вечнасьці, і што праз іх, у іх вечнасьць прысутнічае на зямлі ужо зараз, і ў іх адчыняецца перад усімі людзьмі веліч і прыгажосьць Царства Боскага, якое ёсьць Царства любові неабмежаванай, любові бясконцай, любові, якая сябе да канца аддае на выратаваньне блізкага — сябра і ворага, любячага і ненавідзячага.
Толькі калі мы будзем такімі, калі жыцьцё наша будзе — Хрыстос, калі Ягоная воля, Ягоныя шляхі, Ягоныя мары пра зямлю ажыцьцявяцца ў нас, калі для нас сьмерць перастане быць страшнай, а будзе любімай, жаданай — не як уцёкі ад жыцьця, а як уступ у вечнасьць, і калі, аднак, мы будзем гатовыя жыць самым цяжкім, самым крыжовым чынам для таго, каб зазьзяла радасьць вечнасьці іншым, — толькі тады людзі вакол нас змогуць паверыць у Госпада Бога, Выратавальніка усёй зямлі, усяго сусьвету, Ісуса Хрыста, Якому слава і улада на вякі вякоў. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.