Saturday, January 8, 2011

ПАДАНЬНЕ АБ УЦЁКАХ УСЯЧЫСТАЕ ДЗЕВЫ БАГАРОДЗІЦЫ З БОГАНЕМАЎЛЁМ У ЕГІПЕТ

Памяць 26 сьнежня
Пасьля таго, як вешчуны сышлі з Бэтлеему, Анёл Гасподні ў сьне зьявіўся Іосіфу, загадваючы яму, каб ён разам зь нованароджаным немаўлём Ісусам Хрыстом і Матэрыю Яго, Чысьцюткаю Дзеваю Марыяю, бег у Егіпет і заставаўся там датуль, пакуль яму загадана будзе адтуль вярнуцца, бо Ірад жадае шукаць Немаўля, каб загубіць Яго. Іосіф, устаўшы, узяў Немаўля і Маці Ягоную ноччу і пайшоў у Егіпет. Але спачатку, перш уцёкаў сваіх туды, ён выканаў у храме Салямонавым усё, што вызначана было па законе Госпада, бо дні ачышчэньня Усячыстае і Бязгрэшнае Боскае Маці ужо наступілі, і ў тым храме сустрэлі Госпада нашага старац Сімеон і Ганна прарочыца. Потым, выканаўшы ўсё, што вызначана было ў законе, Іосіф пайшоў у Назарэт, у дом свой. Бо так кажа сьвяты Лука: “І калі яны зрабілі ўсё паводле закона Гасподняга, вярнуліся ў Галілею, у горад свой Назарэт” (Лк. 2:39). Адгэтуль відавочна, што яны не адразу накіраваліся з Бэтлеем да Егіпет, але спачатку пайшлі ў храм Гасподні, затым у Назарэт і, нарэшце, у Егіпет. Пра тое сьведчыць і сьвяты Феафілакт у тлумачэньні на Эвангеліста Мацьвея, калі піша так: “Пытаньне: Як гэта кажа Эвангеліст Лука, што Гасподзь адышоў у Назарэт па сканчэньні 40 дзён па нараджэньні Сваім і пасьля грамніц Сваіх старцам Сімяёнам? А тут сьвяты Мацьвей кажа, што ён прыйшоў у Назарэт ужо па вяртаньні зь Егіпет? Адказ: Ведай, што Эвангеліст Лука згадвае пра тое, пра што прамаўчаў Эвангеліст Мацьвей, менавіта — што Гасподзь (кажа Лука) па нараджэньні Сваім пайшоў у Назарэт. А Мацьвей кажа пра тое, што здарылася ужо пасьля таго, менавіта: як наш Гасподзь уцякаў ў Егіпет і як, па вяртаньні адтуль, ізноў пайшоў у Назарэт. Наогул Эвангелісты не супярэчаць адзін аднаму, але толькі Лука кажа пра уход Хрыста з Бэтлеему ў Назарэт, а Мацьвей апавядае пра Ягонае вяртаньне ў Назарэт зь Эгіпту”. Такім чынам, па выхаду з храму Гасподняга, сьвятыя падарожнікі спачатку адправіліся ў Назарэт і неадкладна зрабілі распараджэньне адносна свайго дому, а затым, захапіўшы усё патрэбнае для вандраваньня, пасьпешна, уначы (каб найблізкія суседзі не пазналі гэтага) накіраваліся па дарозе да Егіпет. Пры гэтым яны узялі зь сабою, для слугаваньня, і Якава, старэйшага сына Іосіфа, названаю пасьля братам Гасподнім, што відаць зь царкоўнага сьпеву на 23—це кастрычніка, дзе сьпяваецца так: “брат апынуўся, вучням і сьведкам Боскіх таямніц, уцякаючы зь Ім, і ў Эгіпце быўшы зь Іосіфам”. Адгэтуль відавочна, што і Якаў спадарожнічаў сьвятому сямейству на шляху ў Егіпет, служачы яму падчас вандраваньня. А уцякаў Гасподзь у Егіпет часткова для таго, каб паказаць, што Ён ёсьць праўдзівы чалавек увасоблены, а не дух і прывід (на што паказвае сьвяты Яфрэм, у слове на Перамяненьня, калі кажа: “Калі б Ён не быў плоцьцю, то тады з Кім жа бег Іосіф у Егіпет”); а часткова для таго, каб навучыць нас бегчы ад гневу і лютасьці чалавечай, а не з гонарам пярэчыць ім. Так тлумачыць і Залатавуст: “У сваіх уцёках, — казаў ён, — Гасподзь навучае нас даваць месца лютасьці, г.зн. уцякаць ад чалавечай лютасьці. І калі Усемагутны бяжыць, то мы, ганарлівыя, навучаемся гэтым не падвяргаць сябе небясьпецы”. Мэта уцёкаў Госпада ў Егіпет і тая, каб ачысьціць Егіпет ад ідалаў і, як кажа сьвяты папа Леў, каб не без гэтай краіны, у якой у першы раз праз ахвяраваньня ягня быў паказаны правобраз выратавальнага знаку крыжа і вялікдзень Гасподні, — рыхтавалася таямніца найсьвятой ахвяры. Таксама і каб спраўдзілася наступнае прароцтва Ісаі: “Гасподзь сядзіць на воблаку лёгкім і прыбывае ў Егіпет. І затрымцяць ад аблічча Яго ідалы Егіпецкія, і сэрца Егіпта растане ў ім” (Іс. 19:1). У гэтым месцы пад воблакам сьвяты Амуросій разумее Усячыстую Дзеву, Якая прынесла на руках Сваіх Госпада ў Егіпет, і упалі ідалы эгіпэцкіх богаў. Тое воблака, Усячыстая Дзева, — лёгкае, бо, Яна не абцяжарана ніякім цяжарам якога—небудзь граху ці цялеснай пажадлівасьці і пазнаньня шлюбу.
Перадаецца і тое, што калі праведны Іосіф, Усячыстая Дзева і Боганемаўля ішлі ў Егіпет, у адным пустэльным месцы напалі на іх разбойнікі і жадалі адняць у іх асла, на якім яны везьлі тое няшмат што, што неабходна было ім у дарогу, і на якім часам і самі езьдзілі. Адзін жа з тых разбойнікаў, убачыўшы Немаўля незвычайнай прыгажосьці і зьдзівіўшыся такой прыгажосьці, сказаў:
— Калі б Бог прыняў на Сябе чалавечае цела, то не жадаў бы быць прыгажэй гэтага Немаўля.
Сказаўшы гэта, ён забараніў сваім таварышам, іншым разбойнікам, і не даў ім нічым пакрыўдзіць гэтых падарожнікаў. Тады Усячыстая Багародзіца сказала таму разбойніку:
— Ведай, што Гэта Немаўля ушануе табе шчодрай адплатай за тое, што ты ахоўваў Яго.
Гэты разбойнік быў той самы, які пасьля, пры расьпяцьці Хрыста, быў павешаны на крыжы па правы бок, і якому Гасподзь сказаў: “Праўду кажу табе: сёньня ж будзеш са Мною ў раі” (Лк. 23:43). І спраўдзілася прароцкае прадказаньне Боскай Маці, што “ушануе табе Гэта Немаўля”.
Калі яны увайшлі ў Эгіпэцкую краіну і знаходзіліся ў межах Фіваіды, наблізіліся яны да горада Ермополя. Каля уваходу ў гэты горад расло вельмі прыгожае дрэва, якое звалася “Пярсея”, якое тамтэйшыя жыхары, па сваім язычніцкім звычаі, шанавалі, як бога, з—за ягонай вышыні і велічнай прыгажосьці, ушаноўваючы яго і прыносячы яму ахвяры, бо ў тым дрэве жыў і нячысьцік, ушанаваны імі. Калі Усячыстая Боская Маці з Боскім Немаўлём наблізілася да таго дрэва, адразу яно моцна патрэслася, бо нячысьцік, спужаўшыся прышэсьця Ісуса, уцёк. А дрэва прыхіліла сваю верхавіну да самай зямлі, аддаючы належная глыбокая пашана свайму Стваральніку і Ягонай Маці, Усячыстай Дзеве, акрамя таго, яно ахінула іх ценем сваіх шмат лісьцяных галін ад сонечнай сьпёкі і тым дало магчымасьць стомленым найсьвятым падарожнікам адпачыць. І ў такім нахіленым выглядзе засталося тое дрэва ў відавочны знак прышэсьця Госпада ў Егіпет. Пасьля таго, як пад гэтым дрэвам Гасподзь са Сваёю Маці і Іосіфам адпачывалі, гэта дрэва атрымала гаючую сілу, бо ад ягоных галін вылечваліся усякія хваробы. Затым сьвятыя падарожнікі першым чынам увайшлі ў той горад і язычніцкі храм, які знаходзіўся ў ім, і адразу усе ідалы упалі. Пра гэты храм згадвае Паладый у Лаўсаіке: “Мы бачылі, — кажа ён, — там (у Ермаполе) язычніцкі храм, у якім падчас прышэсьця Выратавальніка зваліліся усе ідалы ніцма на зямлю. Таксама і ў адным паселішчы, званым “Сырэн”, звалілася трыста шэсьцьдзесят пяць ідалаў у адным храме, у той час як туды увайшоў Хрыстос зь Усячыстай Маці.
Ды і ва усім Эгіпце падчас прышэсьця Госпада зьнішчыліся ідалы, і нячысьцікі беглі зь іх, і спраўдзілася ў гэтай падзеі тое, што прадрок сьв. прарок Ерамія, знаходзячыся ў Эгіпце, калі сказаў “Усе ідалы павінны будуць зваліцца, і усе малюнкі богаў руйнавацца тады, калі прыйдзе сюды Дзева Маці зь Немаўлём, народжаным у ясьлях”. З часу гэтага прароцтвы Ераміі ў эгіпцян існаваў звычай маляваць Дзеву, якая спачывае на пасьцелі, а каля Яе Немаўля, што ляжыць у ясьлях і спавіта заслонамі, і ушаноўваць гэты малюнак. Калі аднойчы цар Пталямэй спытаў эгіпэцкіх жрацоў, для чаго яны гэта робяць, тыя адказалі “Гэта — таямніца, абвешчаная найстаражытным продкам нашым адным сьвятым прарокам, і мы чакаем выкананьня таго прароцтва і зьдзяйсьненьня гэтай таямніцы”.
Пасьля гэтага сьвятыя вандроўцы павярнулі трохі ў бок ад горада Ермаполя і, шукаючы месцы для прыпынку, увайшлі ў паселішча, якое звалася “Натарэя”, што ляжыць недалёка ад Іліяполя Іосіф каля гэтага паселішча пакінуў Усячыстую Дзеву Марыю з Хрыстом Госпадам, а сам пайшоў у паселішча дзеля набыцьця патрэбнага. А то дрэва смакоўніцы, якое прытуліла сьвятых вандроўнікаў пад сабою, раздвоілася зьверху да нізу і апусьціла свой верх, уладкаваўшы як бы шаты ці шацёр над іх галявой: а унізе, у свайго кораня, яно утварыла ў той расколіне як бы паглыбленьне, зручнае для знаходжаньня, і там Усячыстая Дзева зь Немаўлём лягла і адпачыла ад вандраваньня. Тое месца і да гэтага часу ў вялікім шанаваньні не толькі ў хрысьціян, але і ў сарацынаў, якія і дагэтуль (як гэта апавядаюць дакладнымі сьведкамі) распальваюць сьвяцільнік зь ялеем у расколіне дрэва ў гонар адпачываючай там Дзевы зь Немаўлём. Іосіфу і Усясьвятой Багародзіцы захацелася застацца ў тым паселішчы і, адшукаўшы для сябе недалёка ад таго дрэва хату, яны пачалі ў ёй жыць. Зьдзейсьніўся і іншы цуд сілаю Боскага Немаўля, бо там жа, каля іх месцазнаходжаньня і каля таго цудоўнага дрэва, зьявіўся раптам крыніца жывой вады, зь якой Усячыстая Дзева чэрпала для сваёй патрэбы і ў якой уладкоўвала купаньне для Свайго Немаўля. Існуе тая крыніца і дагэтуль, маючы вельмі халодную і здаровую ваду. А што яшчэ дзіўней, што ва усёй зямлі Эгіпэцкай гэта адзіная крыніца жывой вады, і яна славіцца ў тым паселішчы. Гэтым канчаецца апавяданьне пра знаходжаньне Усячыстай Боскай Маці з Хрыстом у Эгіпце, дзе яны прабылі некалькі гадоў. Але дакладнай весткі пра тое, колькі гадоў правёў Гасподзь у Эгіпце — няма. Сьв. Япіфан кажа, што — два гады, а Нічыпар тры гады, а Георгій Кедрын пяць гадоў; іншыя ж, як Амоній Александрыйскі, думаюць, што сем гадоў. Ва усякім разе то несумнеўна, што да скону Іраду, як і Эвангельля кажа: “быў там да Ірадавай сьмерці” (Мц. 2:15).
Пасьля ж забіцьця бэтлеемскіх немаўлят і пасьля таго, як пракляты Ірад загінуў злою сьмерцю, Анёл Гасподні зноў зьявіўся ў сьне Іосіфу, загадваючы яму вярнуцца з краіны Эгіпэцкай у зямлю Ізраіля, “бо (сказаў ён) памерлі тыя, што шукалі душы Дзіцяці”. Іосіф устаў, узяў Немаўля і Матка Яго і пайшоў у Юдэю, якая складала лепшую і вялікую частку зямлі Ізраільскай. Пачуўшы ж, што Архэлай уладарыць у Юдэі замест Ірада, айца свайго, ён пабаяўся ісьці туды. Бо Ірад пакінуў пасьля сябе трох сыноў: першага Архэлая, іншага Ірада Анціпу, а трэцяга, самага малодшага, Піліпа. Усе яны, па сьмерці бацькі свайго, адправіліся ў Рым, да кесара, з—за саперніцтва, бо кожны зь іх жадаў атрымаць царства бацькі. Кесар, не даючы ніводнаму зь іх царскага гонару, падзяліў царства на чатыры часткі, назваўшы іх тэтрархіямі. Старэйшаму брату Архэлаю ён даў Юдэю, Іраду Анціпе даў Галілею, а малодшаму брату Піліпу — Траханіцкую краіну; Авілінію ж даў ён Лісанію, малодшаму сыну Лісанія старэйшага, некалі сябра Ірада, а потым забітага ім па зайздрасьці. Адпускаючы усіх іх з Рыма, кесар абяцаў Архэлаю і царскі гонар, калі толькі ён выявіць добрае і клапатлівае кіраваньне сваёю часткай. Але Архэлай ніколькі не лепш быў жорсткага бацькі свайго, мучачы і забіваючы шматлікіх, бо, прыйшоўшы ў Ерусалім, ён адразу дарма забіў тры тысячы народу, і шматлікіх грамадзян загадаў мучыць у дзень сьвята, сярод храма, перад усім зборам юдэяў. Па чыньніку такой сваёй жорсткасьці, ён быў, па сканчэньні некалькіх гадоў, абгавораны, пазбаўлены улады і сасланы ў зьняволеньне Іосіф, пры сваім вяртаньні, пачуў, што уладарыць гэты злы Архэлай, хоць і без царскага тытула, і спужаўся ісьці ў Юдэю, атрымаўшы ж паведамленьне ў сне ад таго анёла, які ужо раней зьяўляўся яму, сышоў у межы галілейскія, у валоданьне Ірада Анціпы, брата Архэлая, бо гэты Ірад з большаю пакорнасьцю правіл народам, чым брат ягоны; і пасяліўся Іосіф у горадзе Назарэце, у сваім доме, дзе яны і раней жылі, каб спраўдзілася прадказанае пра Хрыста Госпада прарокамі, што Ён назавецца назарэйцам. Яму слава ва ўсе стагодзьдзі. Амін.

Пераклад “Беларускай Аўтакефаліі” паводле “Жыцьця сьвятых” сьвяціцеля Зьміцера Растоўскага

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.