Friday, January 14, 2011

ПАСЬЛЯ КАЛЯДАЎ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Уяўленьнем мы уяўляем сябе дзьве тысячы гадоў назад. Якое цудоўнае пачуцьцё павінна напаўняць нас: ужо цэлы тыдзень, што сьвет зрабіўся іншым! Сьвет, які тысячагодзьдзямі быў, як страчаная авечка, зараз зрабіўся, як авечка здабытая, паднятая на плечы Сынам Божым, Які стаў Сынам чалавечым. Непраходная прорва, якую грэх праклаў паміж Богам і чалавекам, зараз хоць бы першапачаткова пераадолена: Бог увайшоў у гісторыю, Сам Бог зрабіўся чалавекам, Бог увасобіўся ў цела, і усё бачнае, тое, што па нашай сьлепаце уяўляецца нам мёртвай, інэртнай матэрыяй, можа пазнаць сябе ў славе ў Ягоным уласным целе. Здарылася нешта небывалае, і сьвет ужо не той, што раней.
Але ва Увасабленьні ёсьць і іншы бок: Бог зрабіўся чалавекам, і Бог у Хрысьце казаў словы вырашальнай праўды, такой праўды, якая, як дрожджы, кінутыя ў цеста, паступова зьмяніла увесь сьвет. Бог адкрыў нам веліч чалавека. Хрыстос, зрабіўшыся чалавекам, быў доказам, застаецца і застанецца назаўжды доказам, што чалавек такі вялікі, такі глыбокі, таямніча глыбокі, што ён можа не толькі зьмясьціць у сябе Боскую прысутнасьць, як храм, але можа злучыцца з Богам, стаць прычасьнікам Боскай прыроды, як кажа апостал Пётр у сваім пасланьні.
І чалавек настолькі вялікі, што як бы далёка мы ні адпалі ад нашага пакліканьня, як бы нявартыя мы ні былі, Бог ніколі не адмовіцца ад такіх адносін зь намі, якія былі б менш, чым Яго Бацькоўства і наша сваяцтва зь Ім як сыноў і дачок Усявышняга. Блудны сын прасіў айца прыняць яго як найміта, паколькі ён няварты звацца сынам; але айцец не пайшоў на гэта. Калі сын пачаў сваю споведзь, айцец спыніў яго раней, чым ён мог прамовіць гэтыя словы, таму што Бог не згаджаецца на наша зьневажэньне, мы не рабыні і не найміты. Ці не сказаў Хрыстос Сваім вучням: Я больш не заву вас слугамі, таму што слуга не ведае волі спадара, а Я сказаў вам усё...
І яшчэ: у Хрысьце нам адкрыта і Ім абвешчана, што кожны асобны чалавек ёсьць максымальная, вышэйшая каштоўнасьць, што Ён жыве і памірае за кожнага зь нас, што важныя не калектывы, а кожны зь нас. Кожны зь нас, гаворыцца ў кнізе Адкрыцьця, мае ў Бога імя, і гэта імя будзе адкрыта нам у канцы часоў, але яго ніхто не ведае, акрамя Бога і атрымаўшага яго, таму што імя гэта — нашы адносіны з Богам, адзіныя і непаўторныя. Кожны зь нас для Яго адзіны. Якое дзіва! Старажытны сьвет ведаў народы і расы, ён ведаў рабоў і спадароў, ён ведаў катэгорыі людзей; гэтак жа як і сучасны сьвет, які паступова не толькі робіцца усё больш сьвецкім, але вяртаецца ў паганства, адрозьнівае людзей па катэгорыях, тыпам і групам; адзін толькі Бог ведае жывых людзей, мужчын і жанчын.
Хрыстос прынёс ці, дакладней, абвясьціў таксама новую справядлівасьць, новую праўду: не разьмеркаванаю альбо каральную справядлівасьць закону, але праўду іншага роду. Калі Хрыстос кажа нам: Хай праўда ваша будзе больш праўды кніжнікаў і фарысэяў — Ён кажа пра тое, як Бог ставіцца да кожнага зь нас. Ён прымае кожнага зь нас, якія мы ёсьць; Ён прымае добрага і злога, Ён цешыцца добраму і памірае з-за таго і ў выратаваньне таго, хто злы. І Бог заклікае нас памятаць гэта і заклікае нас такімі быць не толькі ў нашым хрысьціянскім асяродзьдзі, але і ў цэлым сьвеце: ставіцца да кожнага чалавека з такой справядлівасьцю — не судзячай не асуджаючай, а якая бачыць у кожным чалавеку усю прыгажосьць, якой Бог абдараваў яго, і якую мы завём выявай Божай у чалавеку, схіляцца перад гэтай прыгажосьцю, дапамагаць гэтай прыгажосьці зазьзяць ва усёй яе славе, расьсейваючы усё злое і нізкае, і прызнаньнем яе ў кожным даючы шлях гэтай прыгажосьці зрабіцца рэальнасьцю і перамагчы.
Ён адкрыў нам таксама такую любоў, якой ранейшы сьвет не ведаў, а сучасны сьвет, гэтак жа як і старажытны сьвет, так баіцца: любоў, якая згодна быць уразьлівай, бездапаможнай, шчодрай, ахвярнай; любоў, якая дае без меры, любоў, якая дае не толькі тое, што мае, але і самае сябе. Вось што Эвангельле, вось што Увасабленьне прынесла ў сьвет, і гэта ў сьвеце знаходзіцца. Хрыстос сказаў, што сьвятло ў цемры сьвеціць, і цемра не можа асягнуць яго, але не можа і загасіць. І сьвятло гэты сьвеціць і будзе сьвяціць, але пераможа яно толькі тады, калі мы зробімся ягонымі прадвесьнікамі і выканаўцамі запаведзяў пра праўду і пра любоў, калі мы прымем Боскае бачаньне пра сьвет і прынясём яго сьвету, нашу веру, гэта значыць нашу упэўненасьць і надзею, адзіную сілу, якая можа дапамагчы іншым пачаць жыць нанова. Але для таго, каб пачаць жыць нанова, яны павінны убачыць навізну ў нас. Сьвет зачаткава зрабіўся новым праз злучэньне Бога з чалавекам, калі Слова зрабілася целам. Мы зараз павінны стаць адкрыцьцём гэтай навізны, славай і зьзяньнем Боскімі ў цемры ці зьмярканьні гэтага сьвету.
Ды дасьць нам Гасподзь адвагу і любоў і велікадушнасьць быць Яго прадвесьнікамі і сьведкамі, і ды будзе дабраслаўленьне Гасподняе на вас Таго мілатой і чалавекалюбствам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў!

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.