Monday, January 10, 2011

СЛОВА КІРАЎНІКА ЎКРАІНСКАЕ АЎТАКЕФАЛЬНАЕ ПРАВАСЛАЎНАЕ ЦАРКВЫ, СЬВЯЦЕЙШАГА МІТРАПАЛІТА КІЕЎСКАГА І ЎСЁЙ УКРАІНЫ МЯФОДЗІЯ, У ДЗЕНЬ САБОРУ ЎСЯСЬВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫ

У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа!
“Птушкі маюць гнёзды, лісы – норы, а Сыну Чалавечаму няма дзе прыхіліць галаву” – у такім становішчы знаходзіцца і наша Царква. Царква ўкраінскага народу, які на Ўкраіне не мае дзе галаву прыхіліць.
Адзін зь архірэяў, у час кіраваньня папярэдняе ўлады скардзіўся, што іх уціскаюць. І тады ўладыка Філарэт маўчаў. Цяпер жа ўладыка Філарэт дзе толькі можа лямантуе, што яго перасьледуюць. Наша ж Царква пры любой уладзе ніколі не мела там на версе, на ўладным Алімпе, тых, хто жадаў бы падзяліць надзеі нашага веруючага народу. Мы заўсёды знаходзімся ў тым становішчы, аб якім гасподзь казаў: “Мяне гналі – і вас будуць гнаць. Але Мяне слухалі – і вас будуць слухаць”.
Сёньня мы пойдзем да батлейкі. Каб праслаўляць Немаўля Хрыста. Ці можам мы ўявіць Яго сярод той раскошы, якая пануе і ў дзяржаве на версе, і ў некаторых цэрквах? Напэўна вы бачылі па тэлебачаньні праграму, дзе паказвалі богаслужбы некаторых цэркваў… Да нас жа падыходзілі, але, пабачыўшы становішча нашай Царквы, якое не адрозьніваецца ад становішча простага Боскага народу, разьвярнуліся, паколькі не было што здымаць, каб потым крытыкаваць нашу Царкву.
Хрыстос нарадзіўся, і адразу моцныя сьвету гэтага зьнішчылі чатырнаццаць тысяч немаўлят. І наша Царква, як толькі ўваскрасае, то адразу праліваюцца рэкі крыві. Ведаеце, сорамна хваліць сябе альбо сваю Царкву, але праўда ёсьць праўдай. І ў трыццатых гадах наша Царква была расстраляная. Нашы парафіі перажылі Голадамор, і не адзін сьвятар разам са сваімі вернікамі напаўжывым быў засыпаны ў сіласных ямах. І ў часе Другой Сусьветнай вайны, калі зноў наша Царква ўваскрэсла, яна таксама вытрымала шмат ліха. Ці можа, напрыклад Грэка–каталіцкая царква, сказаць, што яна мела такі крыжовы шлях, як наша; ці можа прывесьці прыклады, калі немцы заганялі людзей у храм і спальвалі жывымі разам са сьвятаром? А ў нас такіх прыкладаў багата. Але сорамна хваліцца, і мы проста працягваем шлях нашай Царквы, молімся за нашу дзяржаву, молімся на наш набожны народ.
Вы паглядзіце, Немаўля–Хрыстос толькі–толькі нарадзіўся, як ужо сьвятая сям’я мусіла ратавацца ўцёкамі. Да мяне падышла жанчына і спытала, што значаць гэтыя бліскучыя стужкі, якімі мы ўпрыгожваем ялінку. Ёсьць такое паданьне, што калі ваяры амаль дагналі сьвятую сям’ю, каб без суда і разбору іх зьнішчыць, то прад сьвятой сям’ёй зьявілася пячора, у якую яны схаваліся. То ж, калі ваяры Ірада падышлі, то яны таксама пабачылі тую пячору, але пабачылі і іншае: што ўвесь уваход быў вытканы павуцінай. І кіраўнік сказаў, што не варта заходзіць, бо, казаў, уваход даўно пакрыты павуціньнем. У той час, калі людзі жадалі Бога раскрыжаваць, то нават павукі Яго ратавалі. Таму, на згадку гэтага, мы і ўпрыгожваем ялінку бліскучымі стужкамі – “дожджыкам”. І далей, калі сьвятая сям’я працягвала свае ўцёкі, ёй дапамагала ўся прырода. У час начовак дрэва схіляліся над імі, альбо ўзьнікалі цудатворчыя крыніцы – каб зьменшыць ім спрагу. Хто, магчыма, будзе некалі ў Эгіпце зь экскурсіяй па сьвятым месцам, той будзе каля тых крыніц, і будзе піць тую халодную ваду.
Распавядаюць таксама, што калі ваяры ўжо дагналі сьвятую сям’ю, то яна схавалася ў такой сябе заняпалай хаце, якая была гняздом разбойнікаў, якія там і самі перахоўваліся, і захоўвалі нарабаваную здабычу. І калі Боская Маці зь Немаўлём увайшла ў тыя дзьверы, то жонка атамана гэтых бандытаў прамовіла: “Ідзі з Богам, бо ці не бачыш, што мае дзіця хворае на праказу”. А што такое праказа – вы ўсе чулі: чалавек тады зажыва распаўзаецца на шматкі… А Боская Маці адказала на гэта: “Няхай лепш заразіцца мае дзіцё, чым Яе наколюць на дзіду!” І паклала Боганемаўля ў тую пасудзіну, у якой гэта жонка разбойніка мыла свае дзіця. І калі ваяры адчынілі дзьверы, і пабачылі, што тут жывуць пракажоныя, то адразу зьніклі. Калі ж Маці Боская ўзяла на рукі Ісуса, то жонка разбойніка пабачыла, што яе немаўля дзівосна вылечылася.
Бачыце, Які добры, Які любячы Хрыстос! Дзе б Ён не зьявіўся – пасьля Яго застаецца толькі дабро. І мы, браты і сёстры, наблізімся да Ісуса, калі ў сваім сэрцы зробім дзеля Яго месца. Таму што Бог – гэта бязьмежная любоў і свабода. Ён няздольны без нашай волі зрабіць месца для Сябе ў нашым сэрцы. Але, калі мы ачысьцім месца, і ўпусьцім Хрыста, то будзем мець такія ж дарункі дабра і любові, як малі ўсе, хто сустракаўся і да сёньня сустракаецца зь Ім.
Наша грамада ў Кіеве ў гэтым годзе малілася ў Патрыярхіі – у дамавой царкве. Але адчула, што Хрыстос знаходзіцца зь ёй. За ўсе гэтыя гады наша Царква ніколі не нападала на іншых, нават не заўсёды абаранялася. І мы можам сумленна глядзець у вочы прадстаўніка любой царквы. Ім патрэбна сарамаціцца за свае дзеі. І вы бачылі, што рабілі “браты – хрысьціяне” і ўладыка Філарэт, калі пры той уладзе з братам Прэзыдэнта, пры дапамозе Службы бясьпекі і губэрнатараў, нават тут, на Тэрнопальшчыне, мардавалі нашых вернікаў… Але Бог ім судзьдзя!
Наша Царква Богам створана для таго, каб мы былі яднаньнем між цэрквамі, каб нарэшце ў нас утварылася адна Праваслаўная Царква. І тады вяртаньня назад ужо не будзе. Тады наша дзяржава будзе ўмацоўвацца з кожным годам.
Адзін навейшы ўкраінскі філёзаф сказаў сапраўды праўдзівую рэч: “Кожная дзяржава павінна мець сваю царкву. Інакш – царква будзе мець дзяржаву”. Таму, калі так будзе працягвацца далей, то, вы самі разумееце, якая царква прыйдзе, і будзе мець нашу дзяржаву.
Я яшчэ раз хачу нагадаць вам, што ў кожнага зь нас ёсьць адна маці. Таму і ў нашага народу мае быць толькі адна Царква–маці. Хіба можа быць маці тая царква, якая за мяжой мае цэнтар, і ўвесь час прадае сумленьне за тыя юдзіны срэбранікі, якія бруднымі бруямі цякуць на Ўкраіну. Я лічу, што не можа быць так далей. Таму мы будзем моцна трымацца за тую Царкву–маці, у якой прысутны Гасподзь. Якой умацоўвае нас, не дае захістацца і ўпасьці ў няверу. Бо сузіраючы шлях, якой мы прайшлі, цяпер немагчыма па-чалавечы зразумець: як мы выстаялі.
Дзякуем Немаўляці Хрысту, дзякуем Маці Боскай, Якая ўвесь час клапоціцца аб нас, пакрывае наш народ Сваім выратавальным амафорам. Мы будзем сумленна служыць Немаўляці Хрысту, выконваючы ўсё тое, што будзе прысутнае на нашым жыцьцёвым шляху, верачы Богу, і згадваючы словы апостала, што “усё магчыма ва ўмацоўваючай сіле Хрыстовай”.
Толькі з Хрыстом! Без Яго мы будуем будынак без падмурку. Бо прыйдуць дажджы, вецер – і такі будынак распаўзецца. Таму ўсё робім з Хрыстом. Таму што Ён папярэджвае нас: “Без Мяне вы нічога не можаце”. Толькі з Госпадам мы здолеем зрабіць усё тое, аб чым мроілі нашы людзі.
Да слова, зараз, як будзем падыходзіць да Немаўля Хрыста, зь левага боку вы пабачыце велічэзны прыгожы букет белых ружаў, якой перадала нашым вернікам пані Юлія Цімашэнка. Яна пажадала росквіту нашай Царкве. Хай і ёй Бог дапамагае… А мы, браты і сёстры, памятаем адно: у еднасьці наша сіла, і ў нас ёсьць адзіная палітычная партыя, падтрымкай якой мы ніколі не будзем расчараваныя. Гэта партыя – наш набожны ўкраінскі народ. Мы будзем рабіць усё для таго, каб гэтая партыя ўмацоўвалася, каб яна па загаду Бога зрабілася гаспадаром на сваёй зямлі, каб па загаду Богу яна захоўвала ўсе тыя традыцыі, якія зараз і робяць нас украінцамі.
Я вітаю вас зь цяперашнім сьвятам! Шчодрых міласьцяў ад нованароджанага Хрыста, і шматлікі і добрыя гады набожнаму ўкраінскаму праваслаўнаму народу! Амін.
Кіраўнік УАПЦ, Сьвяцейшы Мяфодзій,
мітрапаліт Кіеўскі і ўсёй Украіны.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.