Sunday, January 9, 2011

НЯДЗЕЛЯ ПАСЬЛЯ КАЛЯД

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Усё жыцьцё Хрыста была бітвай са сьмерцю. Ён нарадзіўся несьмяротным у жыцьцё сьмяротнае, у сьвет сьмерці. Ён жыў, узыходзячы паступова да хроснай сьмерці Сваёй. У першыя дні Яго нараджэньня сьмерць падняла свой сьцяг і загубіла немаўлятаў, першых пакутнікаў, устаўшых каля пасаду Гасподняга. І на працягу усёй гісторыі Царквы так і ішло, што сьмерць атачала усякае нараджэньне да вечнага жыцьця. Хрыстос схапіўся са сьмерцю і перамог. Праз Яго увасабленьне неўміручасьць увайшла ў наш створаны сьвет: зямное злучылася зь нябесным, вечнае ужо дзейнічае і сьвяткуе ў часе. Гэта наша зямля, гэты наш бачны сьвет ужо прылучыліся вечнай сваёй славе. Увасабленьнем Хрыста, ператварэньнем Яго цела, ушэсьцем, а таксама і найвялікім дарункам, які Ён нам пакінуў, — таямніцамі Царквы, дзе часавае ахопліваецца вечным, дзе хлеб і віно робіцца Целам і Крывёй Хрыста, дзе ужо зараз мы бачым, выпрабоўваем то, чым стварэньне зробіцца, калі яно адкрыецца ў славе. І вялікая слава адкрыецца тады, таму што зараз вечнасьць прысутнічае схаваным, а тады адкрыецца яна ва усёй сіле і ва усім зьзяньні.
І сьмерць зрабілася нам не страшная: сьмерці няма; не ў тым сэнсе, што няма сьмерці на зямлі, але сьмерць на зямлі ёсьць усьпеньне, сон, часавае чаканьне пераможнага уваскрэсеньня. Больш таго — сьмерць на зямлі нашай ужо не ёсьць адчужэньне ад Бога, а злучэньне зь Ім. Хрыстос адчыніў нам гэтыя дзьверы вечнага жыцьця; Ён сам апынуўся і Шляхам, і Брамай. Як радуемся мы ў дні увасабленьня Сына Боскага, як ужо ў гэтыя дні мы прадчуваем усе іншыя сьвята Богаяўленьня, і як дзівосна робіцца, што наша цела — гэта Ягонае цела, Ягоная вечнасьць — наша вечнасьць, Ягоная перамога — наша перамога. Будзем зь верай жыць, зь верай жывой пра тое, што усё гэта не выявы, а рэальнасьць, што усё гэта праўда жыцьця, і што цяпер у Хрысьце усё жывыя, і сьвяткуем мы перамогу Ягоную. Амін

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.