Sunday, December 19, 2010

АБ ПАКЛІКАНЬНІ ХРЫСЬЦІЯНІНА

 (удзень памяці сьвяціцеля мікалая)
мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Віншую вас са сьвятам!
Калі мы сьвяткуем дзень такога сьвятога, як Мікалай Цудатворац, якога не толькі наша сэрца, але сусьветнае Праваслаўе успрыняло як адзін зь самых дасканалых прыкладаў сьвятарства, робіцца асабліва дрыгатліва і служыць Боскую літургію і прысутнічаць на ёй; таму што перш чым ён стаў спадарожнікам апосталаў у таямніцы, сьвяціцель Мікалай быў сапраўдным, праўдзівым парафіянінам. Сам Гасподзь адкрыў, што менавіта яго трэба было паставіць сьвятаром — за чысьціню ягонага жыцьця, за подзьвіг ягонай любові, за ягоную любоў да набажэнства і храму, за чысьціню ягонай веры, за ягоную пакорнасьць і сьціпласьць.
Усё гэта было ў ім не словам, а было целам. У трапары яму мы сьпяваем, што ён быў правіла веры, выява пакорнасьці, настаўнік устрыманьня; усё гэта яго пастве зьявілася самой справай, зьзяньнем яго жыцьця, а не толькі славеснай пропаведзьдзю. І такім ён быў яшчэ парафіянінам. І такім подзьвігам, такой любоўю, такой чысьцінёй, такой пакорнасьцю ён здабываў сабе вышэйшае пакліканьне Царквы — быць пастаўленым архірэем, япіскапам свайго горада; быць перад вачамі веруючага народа (які сам зьяўляецца целам Хрыстовым, месцам знаходжаньня Сьвятога Духу, боскай доляй), сярод праваслаўнага народа стаяць, як жывы абраз; каб можна было, пазіраючы на яго, у яго вачах бачыць сьвятло Хрыстовай любові, у ягоных дзеяньнях бачыць, увачавідкі перажыць Хрыстову боскую міласэрнасьць.
Мы усё закліканы крочыць адным шляхам. Няма двух шляхоў для чалавека: ёсьць шлях сьвятасьці; іншы шлях — шлях адрачэньня ад свайго хрысьціянскага пакліканьня. Не усё дасягаюць той вышыні, якая нам паказана ў сьвятых; але усе мы закліканы быць настолькі чыстымі сваім сэрцам, сваёй думкай, сваім жыцьцём, сваім целам, каб мы маглі быць як бы увасобленай прысутнасьцю ў сьвеце, са стагодзьдзя ў стагодзьдзе, з тысячагодзьдзя ў тысячагодзьдзе, Самага Хрыста.
Мы закліканы быць так цалкам, так поўна аддадзенымі Богу, каб кожны зь нас зрабіўся як бы храмам, дзе жыве і дзейнічае — і ў нас і праз нас — Сьвяты Дух.
Мы закліканы быць дочкамі і сынамі нашага Нябеснага Айца; але не іншасказальна толькі, не таму толькі, што Ён зь намі паводзіцца, як айцец паводзіцца зь дзецьмі. У Хрысьці і сілай Сьвятога Духу мы закліканы сапраўдна зрабіцца Ягонымі дзецьмі, падобнымі Хрысту, прылучыўшыся Ягонага сыноўства, атрымаўшы Дух сыноўства, Дух Боскі, так, каб наша жыцьцё было утоена з Хрыстом у Богу.
Гэтага мы не можам дасягнуць без працы. Айцы Царквы нам кажуць: пралі кроў і атрымаеш Дух... Мы не можам прасіць Бога пра тое, каб Ён усяліўся ў нас, калі самі мы не працуем над тым, каб прыгатаваць Яму сьвяты, вычышчаны, богапрысьвячаны храм. Мы не можам Яго клікаць у глыбіню нашага граху зноў і зноў, калі не маем цьвёрдага, палымянага намеру, калі мы не гатовыя, калі Ён да нас сыдзе, калі Ён нас адшукае, як аблудную авечку, і захоча панесьці назад у бацькаў дом, быць узятымі і панесенымі назаўжды ў Яго Боскіх абдымках.
Быць хрысьціянінам — гэта быць падзьвіжнікам; быць хрысьціянінам — гэта змагацца за тое, каб пераадолець у сабе усё, што зьяўляецца сьмерцю, грахом, няпраўдай, брудам; адным словам — пераадолець, перамагчы усё тое, з-за чаго Хрыстос быў раскрыжаваны, забіты на Крыжы. Грэх чалавечы Яго забіў — мой, і ваш, і наш агульны; і калі мы не пазбаўляемся і не зжываем граху, то мы прылучаемся або да тых, якія нядбайнасьцю, халоднасьцю, абыякавасьцю, легкадумнасьцю аддалі Хрыста на расьпяцьце, або да тых, якія зласьліва Яго жадалі зьнішчыць, са сьвету згладзіць, таму што Ягонае аблічча, Ягоная пропаведзь, Ягоная асоба былі іх асуджэньнем.
Быць хрысьціянінам — гэта быць падзьвіжнікам; і аднак самім нам выратавацца немагчыма. Наша пакліканьне настолькі высока, настолькі вялікая, што чалавек саматугам не можа ажыцьцявіць яго. Я ужо казаў, што мы закліканы быць як бы прышчэпленымі да чалавецтва Хрыста, як галінка прышчапляецца да жыватворнага дрэва — з тым, каб жыцьцё Хрыстова біла ключом у нас, каб мы былі Ягоным целам, каб мы былі Ягонай прысутнасьцю, каб наша слова было Ягонымі словам, наша любоў — Ягонай любоўю, і наша дзеяньне — Ягоным дзеяньнем.
Я сказаў, што мы павінны зрабіцца храмам Сьвятога Духу, але больш чым рэчыўным храмам. Рэчыўны храм утрымлівае ў сабе прысутнасьць Боскую, але не праймаецца ім; а чалавек закліканы так злучыцца з Богам, як, па слове сьвятога Максым Спавяданьніка, полымя праймае, пранікае ў жалеза, робіцца зь ім адно, і можна (кажа Максым) рэзаць полымем і паліць жалезам, таму што больш нельга адрозьніць — дзе гарэньне і дзе гаручае, дзе чалавек і дзе Бог.
Гэтага мы не можам дасягнуць. Мы не можам стаць сынамі і дочкамі Боскімі толькі таму, што мы самі гэтага жадаем ці пра гэта просім і молім; мы павінны быць прыняты Айцом, усыноўлены, павінны стаць, па любові Боскай да Хрыста, тым, чым Хрыстос зьяўляецца для Айца: сынамі, дочкамі. Як жа нам гэтага дасягнуць? Адказ на гэта нам дае Эвангельле. Пётр пытае: Хто ж можа выратавацца? — І Хрыстос адказвае: Немагчымае чалавеку магчыма Богу...
Подзьвігам мы можам адкрыць сваё сэрца; захаваць ад бруду свой розум і душу; мы можам накіраваць свае дзеяньні так, каб яны былі годныя нашага пакліканьня і нашага Бога; мы можам цела наша захаваць чыстай для прылучэньня Цела і Крыві Хрыстовых; мы можам адкрыцца Богу і сказаць:Прыйдзі, і усяліся ў нас... І мы можам ведаць, што калі мы шчырым сэрцам гэтага просім, гэтага жадаем, то Бог, Які жадае нам выратаваньня больш, чым мы умеем  яго жадаць, нам яго дасьць. Ён жа Сам у Эвангельлі нам кажа: Калі вы, быўшы злымі, умееце добрыя падарункі даваць сваім дзецям, наколькі больш Айцец ваш Нябесны дасьць Духу Сьвятога просячым у Яго...
Таму будзем усёй сілай нашай чалавечай немачы, усім гарэньнем нашага цьмянага духу, усёй надзеяй нашага сэрца, якое тужыць па поўнасьці, усёй нашай верай, якая лямантуе да Бога: Гасподзь, веру, — аднак дапамажы маёй няверы!, усім голадам, усёй смагай нашай душы і цела будзем прасіць Бога пра тое, каб Ён прыйшоў. Але разам з тым, усімі сіламі нашай душы, усімі сіламі нашага цела будзем падрыхтоўваць Яму храм, годны Яго прыходу: вычышчаны, прысьвечаны Яму, захаваны ад усялякай няпраўды, злосьці і бруд. І тады — прыйдзе Гасподзь; і зьдзейсьніць, як Ён абяцаў нам, зь Айцом і Духам, Таемную вячэру ў нашых сэрцах, у нашым жыцьці, у нашым храме, у нашым грамадзтва, і запануе Гасподзь у стагодзьдзі, Бог наш у род і род. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.