Tuesday, December 7, 2010

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ ПАМЯЦІ СЬВЯТОГА МУЧАНІКА МЕРКУРЫЯ СМАЛЕНСКАГА

прат. Сяргей Горбік
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Сёньня мы сьвяткуем памяць аднаго з беларускіх сьвятых – сьвятога мучаніка Меркурыя Смаленскага. Праслухалі ягоны жыцьцяпіс, напісаны яшчэ ў далёкім ХІІІ стагодзьдзі… Але жадаецца мне паразважаць не аб вонкавым подзьвігу сьвятога Меркурыя, бо ён і так добра выкладзены ў жыцьцяпісу, а аб глыбінным, беларускім сэнсе гэтага выяўленага праз Багародзіцу цуда.
Вось мы чытаем ў жыцьцяпісу сьвятога Меркурыя, што ён быў “рымлянін родам, але вераю – набожны хрысьціянін грэцкага абраду”. Хутчэй за ўсё, ратуючыся ад каталіцкага гвалту, ягоныя бацькі зь маленькім Меркурыем уцяклі з Рыму (альбо Рымскай імпэрыі) на праваслаўныя землі Кіеўскай Русі. І зь усіх княстваў гэтых зямель яны абралі менавіта адно з Беларускіх княстваў. Чаму так? Чаму яны не спыніліся ў Кіеве? Чаму прыйшлі менавіта ў Беларусь? І чаму Боскі задум выратаваньня і перамогі над навалай бязбожнікаў зьдзейсьніўся менавіта на нашай зямлі – у Сьвятой Беларусі?
І тут жыцьцяпіс сьвятога дае нам адказ на ўсе пытаньні: “Божым дазволам за шматлікія грахі на народ напалі злыя ворагі – татары. Шмат жыхароў было забіта альбо ўзяты ў палон; вялікая пустэча ахінула землі Кіеўскай Русі. Палеткі засталіся неабробленымі, – толькі дзікія зьверы бегалі ў вялікай колькасьці па палях, пажыраючы чалавечыя трупы.” Але, згадаем, у адрозьненьні ад Расеі і Ўкраіны, Беларусь ніколі не была пад уладай Залатой Арды. Ніколі нашы продкі не плацілі даніну татарскім ханам. Расея на працягу 240 гадоў уваходзіла ў склад імпэрыі манголаў (Залатой арды); Украіна – крыху больш за 100 гадоў. А вось Беларусь заставалася вольнай… Нашы продкі здолелі адбіцца ад вялікіх татарскіх нападаў у 1259, 1275, 1277 гадах. Нашы гарады стаялі цэлыя, а ў храмах і манастырах узносіліся малітвы да Госпада. Чаму так? Бо ні колькасьцю войска, ні нейкімі асаблівымі гарадзкімі ўмацаваньнямі беларускія княства і гарады не вызначаліся. І тут варта яшчэ раз узгадаць словы старажытнага жыцьцяпісу: “Божым дазволам за шматлікія грахі”. На думку адразу прыходзіць Біблейнае пісаньне аб Садоме, калі Гасподзь гатовы быў уратаваць горад “дзеля дзесяці” праведнікаў (Быц. 18:32). Вынікае, ідучы за словам Боскім, што са ўсіх княстваў Кіеўскай Русі, менавіта беларускія княствы мелі найбольш праведнікаў – бо толькі іх пашкадаваў Гасподзь у час татарскае навалы. Таму нядзіўна, што адчуўшы гэтую праведнасьць, менавіта сюды, у Сьвятую Беларусь, прыйшлі жыць набожныя праваслаўныя хрысьціяне – бацькі сьвятога Меркурыя…
Давайце яшчэ раз удумаемся… Ці не стаялі шматлікія храмы і манастыры ў Расеі, на Ўкраіне? Ці не было там сьвятых і праведных? Ці не маліліся ў тых храмах людзі аб выратаваньні ад татарскай навалы? Натуральна – стаялі там храмы і манастыры; былі людзі праведнага жыцьця і да апошняга маліліся жыхары Масквы і Кіева да Госпада, просячы абароны і цуда…
Але цуд адбыўся не ў Кіеве, не ў Ноўгарадзе і не ў Маскве. Багародзіца пачула малітву беларуса, дзяка–смаляціча, і загаварыла зь ім. Яна пачула малітву беларусаў Смаленска, які, на той час, быў фарпостам Беларусі. Вы ўдумайцеся: наколькі вялікай мусіла быць набожнасьць, праведнасьць, вера нашых продкаў, каб над імі расьцяліўся сьвяты пакрыў Багародзіцы і зьдзейсьніўся вялікая Боская міласьць і задум – задум выратаваньня і перамогі над бязбожным ворагам.
Вялікі цуд паказаў нам Гасподзь у Смаленску: Праз веру і праведнасьць зьяўляецца адвага і прыходзіць Боская дапамога, бо піша жыцьцяпіс, што разам зь сьвятым Меркурыем татараў “забіваюць нейкія маланкавыя ваяры. А над імі бачым мы зьзяючую Жанчыну”. Гэта значыцца – войска анёльскае пад кіраўніцтвам самой Багародзіцы прыйшло тады на дапамогу беларусам.
Праведнасьць народу і кроў мучанікаў заўсёды дастойна высокага задуму Боскага. Таму варта ўзгадаць, што менавіта з Беларусі пачалося вызваленьне і Ўкраінскіх зямель ад татарскага палону: у 1362 годзе беларускае войска пад кіраўніцтвам праведнага князя Альгерда (у схіме – Аляксея) разьбіла каля Сініх Водаў войскі трох татарскіх ханаў і вызваліла ўкраінцаў ад мангола-татарскай няволі.
Праз праведнасьць жыцьця і веру нашы продкі зрабіліся годнымі цуда Боскага выратаваньня. Таму сёньня, у час Каляднага посту, ушаноўваючы памяць сьвятога мучаніка Меркурыя Смаленскага, кожнаму зь нас варта даць іспыт свайму сумленьню: ці годны ён ласкі Божай? І калі праз пост і шчырае пакаяньне кожны зь нас ачысьціцца і зробіцца годным дарунку мілаты Госпада нашага Ісуса Хрыста, то і народ наш зробіцца годным вялікага дарунку збавеньня… А ў змаганьні на цяжкім шляху выратавальнага ачышчэньня ды дапамогуць нам малітвы сьвятога мучаніка Меркурыя перамагаць запалы цялесныя, думкі ды пачуцьці грэшныя і няспынна праслаўляць Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.