Monday, December 6, 2010

ПАМЯЦЬ СЬВЯТОГА МУЧАНІКА МЕРКУРЫЯ СМАЛЕНСКАГА

Памяць 24 лістапада

Вялікая і цяжкая бяда прыйшла на землі Кіеўскай Русі ў пачатку ХІІІ стагодзьдзя. Божым дазволам за шматлікія грахі на народ напалі злыя ворагі – татары. Шмат жыхароў было забіта альбо ўзяты ў палон; вялікая пустэча ахінула землі Кіеўскай Русі. Палеткі засталіся неабробленымі, – толькі дзікія зьверы бегалі ў вялікай колькасьці па палях, пажыраючы чалавечыя трупы. Шмат князёў Кіеўскай Русі загінула тады, абараняючы сваю айчыну. Бязбожныя ворагі не выяўлялі літасьці ні да немаўлят, ні да безабаронных жыхароў. Усіх яны зьбівалі і без міласэрнасьці забівалі. Шматлікіх аддалі яны на зьнявагу і гвалт. Жорсткія заваёўнікі зьвязвалі палонных іх уласнымі валасамі і гналі прад сабой, як быдла, наносячы ім удары бічом. Сьвятыя царквы і манастыры былі разрабаваныя, а манахі забітыя. Ужо Кіеў быў спалены  варварамі і ляжаў у руінах. Татарскі хан Батый пачаў заваёўваць іншыя гарады; ён дасягнуў Масквы і разрабаваў яе. Далей ён, ідучы на Захад, прыйшоў у ліцьвінскую зямлю і  падышоў да Смаленску, задумаўшы разбурыць яго. Да горада хан набліжаўся зь вялікім войскам. Сярод татар асабліва вызначаўся сваёй сілай адзін велікан са сваім сынам. Ён быў на чале першага полка. Страх і трапятаньне авалодала жыхарамі Смаленска: іх чакала немінуча сьмерць. Адна надзея ім заставалася на апеку Царыцы Нябеснай; яны пачалі старана маліць Усясьвятую Багародзіцу пазбавіць іх ад бязбожных ворагаў і злых катаў. Царыца Нябесная, непераможная дапамога ўсім заклікаючым да яе зь верай, не дапусьціла, каб гэты горад дастаўся ворагу, першыя загоны якога былі ўжо недалёка ад Смаленска і спыніліся ў Даўгамосьце.
У гэты час ў Смаленску жыў сьвяты Меркурый. Нарадзіўся ён на захадзе ад шляхетных бацькоў, якія трымаліся праваслаўнай веры. Яшчэ ў юнацкія гады ён перасяліўся ў Смаленск і паступіў на службу да мясцовага князя. Будучы ваяром, Меркурый вызначаўся сваёй сілай і высокім ростам. Не меней ён быў вялікі і духоўнае сілай; зь дзіцячага ўзросту ён зьвяртаў на сябе ўвагу сваім набожным жыцьцём: жыў у посьце і нявіннасьці, кожную ноч ён таемна ад усіх узносіў набожную падзяку Госпаду. Пачуўшы аб набліжэньні злога ворага, аб разбурэньні і рабаваньні Божых храмаў, сьвяты Меркурый смуткаваў і хварэў душой; з кожным днём ён больш і больш запальваўся Боскай адвагай, жадаючы пацярпець і пакласьці душу сваю за веру Хрыстову і Літву – Беларусь. І малітва ягоная была пачутая.
Ноччу ў саборным храме прад іконай Усясьвятой Багародзіцы маліўся нейкі дзячок, служыўшы ў гэтым храме. Са сьлязамі прасіў ён Усячыстую Боскую Маці аб збаўленьні горада ад ворага. Раптам ён пачуў голас, што ішоў ад іконы.
– Ідзі да майго слугі Меркурыя на Падол.
Пры гэтым Умясьвятая Боская Маці ўказала яму дзьверы, дзе жыў сьвяты Меркурый.
– Такім чынам, ідзі да яго ва двор указанага дома і ціха скажы яму: Меркурый! Цябе кліча Ўладарка. Кроч у вайсковых дасьпехах на ворагаў.
 Зьдзівіўся дзячок гэтаму голасу ад іконы. Адразу ж ён пайшоў зь сабору і прыйшоў да таго дома, які яму ўказала сама Ўсясьвятая Багародзіца.
Ён засьпеў сьвятога Меркурыя на двары; сьвяты падзьвіжнік маліўся і ўздымаў свае рукі да неба. Ён быў у вайсковых дасьпехах, бо ў той час, калі дзячок пачуў голас ад іконы Багародзіцы, то і сьвяты Меркурый быў паведамлены цудоўным чынам аб прыходзе да яго дзячка.
Між тым, дзячок падышоў да сьвятога і сказаў яму:
Меркурый, ступай неадкладна, бо цябе кліча Ўладарка.
Сьвяты Меркурый, разам зь дзячком, пайшоў у царкву Ўсясьвятой Багародзіцы.
У храме яны знайшлі сьвечку, якая гарэлая прад абразам Багародзіцы. Сьвятой Меркурый, зваліўшыся прад абразам, са сьлязамі стаў маліцца, просячы Усясьвятую Уладарку пра дапамогу і абарону. Тады раптам раздаўся голас ад іконы:
– Слуга мой Меркурый, я пасылаю цябе, каб ты адбіў ворагаў ад граду гэтага і абараніў храм гэты. Для гэтага я заклікала цябе сюды з краіны Рымскай. Ворагі употай задумалі ў гэту ноч напасьці на горад і разарыць яго. Але не пакіну я гораду гэтага ліцьвінскага: па малітвах маіх ён не будзе адданы ў рукі ворагаў. Неадкладна ідзі, слуга мой, на сустрэчу ворагам, ідзі на месца, вядомае пад назвай Даўгамосьце. Там стаіць узброеная раць злых варвараў. Не бойся: ты пераможаш ваяводу варожага. Я не пакіну цябе. У гэтай бітве ты пераможаш ворагаў і сам атрымаеш ад Госпада вянок перамогі і вечнай асалоды.
Пачуўшы гэты голас, сьвяты Меркурый перапоўніўся вялікай радасьці. Сама Царыца Нябесная абяцала яму тое, да чаго ён даўно ужо імкнуўся усёй душой, бо заўсёды быў апанаваны жаданьнем пацярпець за сваіх братоў і за веру Хрыстову. Падзякаваўшы Усясьвятой Багародзіцы ён выйшаў з храму і палаючы Боскай рэўнасьцю, неадкладна адправіўся на паказанае месца.
Была глыбокая ноч. Не чакаючы так хутка нападу ворагаў, грамадзяне былі агорнутыя моцным сном. Ціха і незаўважна прайшоў сьвяты Меркурый міма варты ў гарадзкой брамы. Прыйшоўшы ў Даўгамосьце, ён агаліў меч свой і са словамі: “Усясьвятая Багародзіца, дапамажы мне”, кінуўся на татарскае полчышча. Ганарлівы волат, напышлівы сваёй сілай, загінуў першым ад рукі сьвятога Меркурыя: сіла, якой ён так ганарыўся, пакінула яго, як толькі прад ім прад стаў Хрыстоў ваяр. Шмат і іншых ворагаў з перадавога палка загінула ад мяча сьвятога Меркурыя: Тыя ворагі, якія засталіся ў жывых, былі агорнутыя жахам і ўцякалі. Сьвяты Меркурый, адышоў у бок і пачаў маліцца і дзякаваць Усясьвятой Уладарцы за Яе дзівосную і хвалебную дапамогу.
– Усячыстая, усяслаўная, і ўсядабраслаўлёная Ўладарка! Ты Сваёй малітвай выратавала горад гэты і не дала людзям Тваім зрабіцца паланёнымі ў руках злога ворага хрысьцін. Цяпер жа малю Цябе, Усясьвятая Багародзіца, не адкінь і мяне грэшнага і нягоднага слугу Твайго: я ведаю, што мне наканавана вянчацца слаўным вянком мучаніка і праліць кроў за сьвятое праваслаўе. Не пужае мяне гэта, бо я ўжо даўно маю жаданьне “збавіцца і быць з Хрыстом”. Памаліся аб мне, слаўная Абаронца нашага гораду, да Сына Твайго і Бога нашага: ды далучыць Ён мяне да абранага Свайго статку і ўдастоіць вечна праслаўляць сьвятое імя Ягонае.
Тады пачуўся голас:
– Ды будзе табе па просьбе тваёй!
Між тым ворагі, атрымаўшы падмацаваньне, зноў напалі на сьвятога Меркурыя. Але ваяр Хрыстовы, заклікаючы імя Госпада, зноў зьнішчыў іх; ворагі зноў уцякалі зь сорамам:
– Горам нам, – крычалі яны, – нельга нам утрымацца супраць гэтага воіна, бо разам зь ім нас забіваюць нейкія маланкавыя ваяры. А над імі бачым мы зьзяючую Жанчыну.
У гэты час сын забітага волата, жадаючы адпомсьціць за сьмерць свайго айца, падступна напаў на сьвятога Меркурыя і адсек яму мячом годную галаву ягоную. На усіх ворагаў напаў вялікі жах: пакідаўшы зброю, гнаныя нейкай невядомай сілай, яны уцякалі ад гораду, пад якім загінула так шмат лепшых байцоў, і сышлі зь межаў Смаленскіх.
На сьвітанку, грамадзяне убачылі дзіўную абарону Усясьвятой Багародзіцы: прад імі было пакрытае трупамі поле. З падзякай яны узялі цела хвалебнага заступніка горада – сьвятога Меркурыя і з гонарам пахавалі яго ў саборы Усясьвятой Багародзіцы ў левага кліраса.
Неўзабаве пасьля свайго скону, сьвяты Меркурый зьявіўся ў сьне вышэйназванаму дзячку і сказаў:
– Распавядзі грамадзянам гэтага горада: хай яны павесяць маю зброю над труной маёй, на успамін пра хвалебнае абароне і дапамозе Усясьвятой Багародзіцы.
Пры гэтым сьвяты абяцаў сваю дапамогу ўсім, хто пакліча яго на дапамогу. Грамадзяне тады ж павесілі зброю сьвятога над ягонай труной.
Цяпер мошчы сьвятога Меркурыя спачываюць у Смаленскім Аўраамавам манастыры ў храме, пабудаваным ў імя слаўнага ваяра Хрыстовага, падаючага ўсім вылячэньне і дапамогу ў бедах і скрусе. Ды дапаможа ён і нам перамагаць запалы цялесныя і няспынна праслаўляць Айца, і Сына, і Сьвятога Духа. Амін.
Трапар, тон 4:
Мучанік Твой, Гасподзь, Меркурый Смаленскі ў цярпеньні вянец нятленны атрымаў ад цябе, Бога нашага; маючы сілу Тваю, ён перамог мучыцеляў і зьнішчыў дэманаў нікчэмную дзёрзкасьць. Малітвамі яго збаў душы нашы.
Кандак, тон 2:
Ты быў сьветлаю і праўдзівай зоркаю, праменямі сваімі абвясьціўшы сьвету Сонца–Хрыста, мучанік Меркурый Смаленскі; і цяпер, перамогшы ўсе спакусы, малітвы за ўсіх нас няспынна ўзносіш.
Кандак, тон 4:
Выявіўся ў бітвах непераможным ваяром, родам рымлянін, але імям горада Смаленска названы: як Багародзіцай абаронца дужы пасланы гораду. Сьпевамі Меркурыя ўшануем, сьвяткуючы радасна памяць ягоную, ды вызваліць краіну нашу і горад наш аб бед сьвяты воін.

Паводле “Жыцьця сьвятых” сьвяціцеля Зьміцера Растоўскага і беларускага праваслаўнага сьпіску жыцьця сьвятога мучаніка Меркурыя Смаленскага ХVI стагодзьдзя.



No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.