Wednesday, November 10, 2010

ЗВЫШГОДНЫ ІОЎ ПАЧАЕЎСКІ

Памяць 28 кастрычніка
Пасьля татарскае навалы ўся Ўкраіне, апустошаная і разрабаваная татарамі, амаль абязьлюднела. Праз сто гадоў яе вызваліла беларускажмудзінскае войска. З гэтага часу пачалося адраджэньне Ўкраіны.
У 1559 годзе на Валынь прыехаў грэцкі мітрапаліт Нэафіт і прывёз зь сабой цудатворны абраз Боскае Маці. Па слову зь вышыні, ён пакінуў яго ў доме набожнай шляхцянкі Ганны Гойскае.
У 1596 г. шэраг герархаў Кіеўскае Праваслаўнае мітраполіі падпісалі сумнавядомую Берасьцейскую ўнію з Рымам. Праваслаўны абрад захаваўся, але асобы, даўшыя згоду на ўнію, зрабіліся каталікамі. А тых беларусаў і ўкраінцаў, што засталіся вернымі Сьвятому Праваслаўю, каталікі пачалі ўціскаць і перасьледаваць.
Праваслаўныя пачалі аб’ядноўвацца вакол царкоўных брацтваў альбо ішлі пад абарону шляхціцаў, што засталіся вернымі праваслаўю. Найбольш вядомым зь іх быў князь Канстанцін Астроскі, вакол якога ўтварыўся гурток навукоўцаў. Ён заснаваў у сваім горадзе Астрозе духоўную акадэмію і друкарню, і яны шмат пісалі твораў у абарону Праваслаўя.
На наступны ж год пасьля аб'явы уніі, Ганна Гойская, дзеля умацаваньня праваслаўя, перадала захаваны ў яе цудатворны абраз манахам–пустэльнікам, якія падкруціліся на гора, што звалася Пачаяўскае, і з тых часоў сьвяты гэты абраз стаў называцца Пачаяўскім абразам Боскае Маці.
Пачаеўская гара знаходзілася недалёка ад маёнтка Ганны Гойскай і зрабілася вядомай даўно, яшчэ ў часы татарскае навалы ў 1240 году. Сама Усясьвятая Багародзіца зьявілася на ёй пастухам, прычым у памяць гэтага пажадала пакінуць сьлед Сваёй ступні, які так і завецца “Ступня Усьвясьвятой Багародзіцы”. З тых часоў на гэтай гары пачалі жыць пустэльнікі, на ёй знайшлі прыстанак і манахі разбуранага Кіева–Пячорскага манастыра. З часу перанясеньня на Пачаеўскую гару цудатворнага абраза Боскае Маці там заснаваўся манастыр.
Звышгодны Іоў жыў у гэтыя цяжкія часы. Ён нарадзіўся ў 1550 г. у Галіцыі і зваўся ў сьвеце Ян Жалеза. Дзесяцігадовым хлопцам ён паступіў ва Угорніцкій манастыр. У гэтым раньнім узросьце ён такі атрымаў посьпех у манаскіх подзьвігах, што ў 12 гадоў быў ужо пастрыжаны ў мантыю зь імем Іоў, па дасягненьні належнага узросту узьведзены ў сьвятарскі сан, а трыццаці гадоў удастоіўся вялікай схімы, прычым яму было вернутае імя Ян. Ён асабліва любіў гэтае імя і заўсёды ім падпісваўся, але да ліку сьвятых ён быў прылічаны зь імем Іоў.
Па просьбе князя Астрожскага, звг. Іоў быў пераведзены ў Дубенскі манастыр, які знаходзіўся ва ўладаньнях князя. Там ён зрабіўся настаяцелям і шмат пісаў у абарону Праваслаўя. Аднак, жаданьне жыцьця ў адасабленьні, прымусіла яго перайсьці на сьвятую Пачаеўскую гару, але і там яго абралі настаяцелем. Дзеля малітоўных подзьвігаў ён сышоў у каменную пячору: ягоныя ногі пакрыліся ранамі так, што агаліліся косьці.
Ён быў дзейным прыхільнікам малітвы Ісуса – “Гасподзь, Ісус Хрыстос, памілуй мяне, грэшнага”, даводзячай падзьвіжніка да высокіх духоўных ступеняў. Вось, што аб ім распавядае ягоны вучань і спадарожнік Досіфей, зрабіўшыся пасьля ягонае сьмерці ягоным пераемнікам на пасадзе настаяцеля. “ Аднойчы, калі маліўся звышгодны ў той пячоры, раптам ахінула яго сьвятло мілаты Боскай, зьзяўшае ў гэтае царкве на працягу двух гадзін няспынна. Я ж, пабачыўшы яго, у вялікім жаху ўпаў на зямлю, пераможаны такім дзівосным бачаньнем”.
Якой сілы дасягнуў сьвяты старац над грэшнай душой чалавечай, паказвае наступны выпадак: аднойчы, прыйшоўшы уначы на гумно манастырскае, ён убачыў злодзея, які жадаў узваліць сабе на сьпіну куль збожжа. Звышгодны дапамог яму падняць гэты куль, але нагадаў яму пра адказ на страшным Судзе Хрыстовым. Узрушаны кароткім словам сьвятога, грэшнік зваліўся яму ў ногі зь маленьнем аб прабачэньні.
У манастыры звг. Іоў увёў статут агульнага жыцьця. Манастыр ён атачыў агароджай зь дапамогай набожных шляхтіцаў Хвядора і Евы Дамашэўскіх і узьвёў Сьвята–Траецкі сабор, а потым і яшчэ шэсьць меншых цэркваў. Ён стварыў Пачаеўскую друкарню і працягваў пісаць у абарону праваслаўя. Захавалася адна зь ягоных кніг пад загалоўкам “Кніга Іова Жалеза, ігумена Пачаеўскага, уласнаю ягонае рукою напісаная”. У 1889 году яна была выдадзена пад загалоўкам “Пачаеўская Пчала”.
Шмат крыўды прынёс звг. Іову спадчыньнік Ганны Гойскае, лютэранін Фірлей. Ён завалодаў манастырскімі землямі і нават цудатворным абразам. Але сьв. абраз быў вернутая манастыру, пасьля таго як жонку Фірлею спасьцігла за блюзьнерства над ім Боскае пакараньне, а землі былі вернутыя судом незадоўга да скону звышгоднага.
У вольны час звг. Іоў любіў займацца садоўніцтвам і ўзрасьціў у Пачаеве цудоўны сад.
У 1620 годзе ён прымаў чынны ўдзел у Кіеўскім саборы, асудзіўшым унію і пастанавіўшым цьвёрда стаяць за Сьвятое Праваслаўе. Пад гэтае пастановай ёсьць подпіс “Ян Жалеза, ігумен Пачаеўскі”.
Спачыў звг. Іоў 28-га кастрычніка 1651 году. Мошчы ягоныя былі адкрыты ў 1659 годзе пасьля трохкратнай ягонае зьявы мітрапаліту Кіеўскаму Дзіянісію. Неўзабаве пасьля гэтага ў манастыр прыехала на багамольле Ева Дамашэўская. Уначы яна убачыла, што ў Траецкай царкве зьзяе сьвятло і пачула сьпеў. Прыслужніца яе, дзяўчына Ганна, пайшла пазнаць, якое служэньне зьдзяйсьняецца, і да свайго жаху убачыла, што царкоўныя дзьверы адкрыты, а пасярод царквы, паміж двума анёламі, моліцца ў незвычайна сьветлым адзеньні звг. Іоў. Павярнуўшыся да дзяўчыны, ён загадаў ёй паклікаць ігумена Досіфея, тым часам безнадзейна хворага, і даў ёй для яго ручнік, абмочаны ў міро. Хворы, атрымаўшы гэты ручнік, выцерся ім і атрымаў вылячэньне.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.