Wednesday, November 10, 2010

ПАКУТЫ СЬВЯТОЙ ВЕЛІКАМУЧАНІЦЫ ПАРАСКЕВЫ

Памяць 28 кастрычніка

У той час, як нягодны цар Дыякліціян распачаў ганеньні на хрысьціян, у горадзе Іконіі жыла адна набожная і прыгожая дзяўчына, на імя Параскева. Бацькі яе – хрысьціяне, выхаваўшы і навучыўшы сваю дачку захаваньню сьвятой веры і запаветаў Госпада, адышлі да Госпада. Яны пакінулі сваю дабрашчасную дачку ўладаркай вялікае маёмасьці.
Дасягнуўшы паўналецьця, дзяўчына Параскева пачала пераймаць веры і справам сваіх бацькоў. Яна пачала расходаваць сваю маёмасьць не на ўпрыгожаньне сваёй юнацкае прыгажосьці і маладосьці і не раскошнае жыцьцё, але на апрананьне голых, сілкаваньне галодных, частаваньне вандроўнікаў. Параскева не зьвяртала аніякай увагі на сваіх жаніхоў, што дамагаліся жыцьця зь ёй: яна неўзабаве зрабілася нявестай Адзінага несьмяротнага Жаніха, Адзінароднага Сына Боскага, дзеля Якога і жыла ў сьвятасьці і праведнасьці. Усясьвятое Імя Ягонае яна спавядала прад людзьмі няспынна, ва ўсялякі дзень, прыводзячы гэтым людзей да пазнаньня праўды.
Некаторыя зь людзей паверылі ў Госпада нашага Ісуса Хрыста, а іншыя, няверуючыя, злымі словамі абражалі сьвятую. Параскева ж сьмела прапаведавала прад імі слова Боскае і выкрывала марнасьць бяздушных ідалаў. Не жадаючы слухаць ад яе гэтага выкрываньня, няверуючыя грамадзяне схапілі яе і пабілі, а потым кінулі ў вязьніцу. У той час у Іконію прыйшоў нейкі ваявода, прысланы ў гэтую краіну імпэратарам Дыякліціянам зь мэтай зьнішчыць там усіх хрысьціян. Грамадзяне, прыйшоўшы да яго, сказалі:
– Сьвятлейшы ваявода, у гэтым горадзе ёсьць дзяўчына, якая верыць у Раскрыжаванага Хрыста і прапаведуе Яго; яна займаецца чараваньнем і шмат ужо людзей адвярнула сваім чараваньнем ад прынясеньня ахвяр нашым багам. Яна не спыняе прамаўляць зьнявагу на выявы нашых багоў і на самаўладца. Пачуўшы царскі загад аб тым, што павінны быць закатаваныя ўсе, хто не пакланяецца багам, мы схапілі гэтую дзяўчыну і трымаем яе ў вязьніцы.
Выслухаўшы гэта, ваявода загадаў прывесьці сьвятую дзяўчыну да сябе на суд; калі сьвятая мучаніца крочыла на суд, як наведаў Сьвяты Дух, і твар яе зрабіўся сьветлым, такім, што ўсе сузіраўшыя яе дзіваваліся і казалі:
– Паглядзіце! Яне ніколькі не засмучаная, твар яе нават быццам зьзяе.
Калі яна ўстала прад судзьдзямі, ваявода паглядзеў на яе і, зьдзіўлены прыгажосьцю і шляхетнасьцю яе твару, сказаў прысутным:
– Вы дарма абгаварылі гэту прыгожую дзяўчыну: бо немагчыма зьнішчыць такую падобную сонцу прыгажосьць.
І ён прамовіў да яе:
– Дзяўчына, скажы нам твае імя!
Сьвятая Параскева адказвала:
– Я хрысьціянка, слуга Хрыста.
Ваявода прамовіў:
– Сузіраньне прыгажосьці твайго твару схіляе мяне да рахманасьці, а сыходзячыя зь вуснаў тваіх словы абураюць да бездані душы: я не жадаю чуць такіх слоў!
Сьвятая адказвала:
– Усялякі кіраўнік, зьдзяйсьняючы справядлівы суд, чуючы праўду, радуецца, а ты, пачуўшы сказаную мной праўду, угневаўся.
Кат на гэта адказаў:
– Я таму ўгневаўся, што не атрымаў ад цябе адказу: бо я запытаў цябе тваё імя, а ты мне не адказала.
Сьвятая адказвала:
– Найперш мне належала сказаць маё імя ў вечным жыцьці, а потым ужо абвясьціць імя ў жыцьці часовым. Такім чынам, я назвала сваё імя ў вечным жыцьці, што я хрысьціянка, слуга Хрыстова, а ў часовым жыцьці я бацькамі названа Параскеваю, бо нарадзілася ў дзень Параскевы (Параскева па–грэчаскі азначае – пятніца).
–Бацькі мае, – працягвала сьвятая, – шосты дзень, які ёсьць дзень вольных і жыватворчых пакут Госпада нашага Ісуса Хрыста, заўсёды шанавалі постам, малітвамі і міласьцінай. Так яны рабілі ў гонар Хрыста, веруючы, што праз любоў да роду чалавечага ў гэты дзень Ён праліў Сваю кроў і паклаў за нас на крыжы Сваё жыцьцё. Бог і дараваў ім плод іх годнага шлюбу – мяне, нягодную Сваю служанку, менавіта ў той дзень, які яны набожна шанавалі, успамінаючы пакуты свайго Ўладара. Ім пажадалася даць мне тое імя, якім называецца гэты дзень, і вось ад дню Параскевы і я называюся Параскеваю, – я – саўдзельніца пакут Хрыстовых.
Ваявода прамовіў:
–Спыні казаць гэтыя бяздумныя словы і прынясі ахвяру нашым багам; тады я вазьму цябе за жонку, і ты будзеш уладаркай вялікага багацьця, і шматлікія цябе будуць шанаваць на зямлі.
На гэта сьвятая Параскева адказала:
– Я маю Жаніха на небе, Ісуса Хрыста, і іншы мне непатрэбны.
Тады Ваявода прамовіў:
– Я памілую тваю прыгажосьць і зьлітуюць над юнацкасьцю тваёй.
– Не літуй часовай прыгажосьць: – прамовіла сьвятая, – цяпер яна квітнее, а ранкам завяне; памілуй лепш сябе, бо цябе чакаюць вечныя пакуты.
Пасьля гэтага Ваявода загневаўся і загадаў разарваць на ёй вопратку і біць яе жорсткімі жыламі. У той час, калі білі сьвятую, яна не вымавіла ніводнага гука, але, маўкліва вуснамі, сэрцам клікала да Хрыста, пытаючы ў Яго дапамогі ў пакутах. Ваявода ж, усё яшчэ шкадуючы яе прыгажосьць, бо ён дзіваваўся і спакушаўся яе прыгажосьцю, загадаў спыніць яе бічаваньне і пачаў рахмана казаць ёй:
– Дзяўчына! Пашкадуй сваё юнацтва, не зьнішчай сваёй прыгожай маладосьці! Прынясі ахвяру багам і ты будзеш жывая і атрымаеш ад нас яшчэ большае шанаваньне.
Яна нічога не адказала яму на гэта. Тады Ваявода, угневаўшыся, прамовіў:
 – Як ты мне, злы хрысьціянскі плод, не адказваеш?
Сьвятая ў адказ плюнула яму ў твар. Пасьля гэтага катавальнік, страшна ўгневаўся, загадаў павесіць яе на дрэве і бязьлітасна разьдзіраць яе рэбры жалезнымі крукамі і расьціраць жорсткай шчоткай яе раны; праз гэта яе плоць была разадраная да касьцей. Кіраўнік, лічачы, што мучаніца хутка памрэ, бо яна ледзь дыхала, зьняў яе зь дрэва і кінуў ў вязьніцу. Калі яна ляжала там ледзь жывая і ўжо безгалосая ад жорсткіх параненьняў, у поўнач зьявіўся ёй анёл; плечы і грудзі ягоныя былі пераперазаны крыжавобразна залатым поясам, а ў руках сваіх ён трымаў прылады Хрыстовых пакут: крыж, цярновы вянок, дзіду, трасьціну і губку. Анёл прамовіў да яе:
– Дзяўчына, саўдзельніца пакут Хрыстовых, устань! Я прысланы наведаць цябе; у суцяшэньне ж тваё ў пакутах, я прынёс табе прылады пакут Госпада нашага. Паглядзі на годныя прылады: крыж і цярновы вянец нятленнага Жаніха; паглядзі на дзіду, прабіўшую жыватворчыя рэбры, на трасьціну, напісаўшую прабачэньне грахоў усяго сусьвету, і на губку, якая сьцерла грэх Адама. Такім чынам, паўстань! Хрыстос вылечвае цябе!
І вось мучаніца ўстала быццам ад сну, а зьвіўшыся анёл, падышоўшы, працёр ёй губкаю ўсе раны сьвятой мучаніцы, у ўсё цела яе зрабілася моцным і здаровым, а прыгажосьць яе твару зрабілася яшчэ больш дзіўнай. Яна з набожнасьцю пацалавала прылады пакут Хрыстовых і праславіла Бога. Анёл пасьля гэтага зрабіўся нябачным.
Ранкам прыйшлі стражнікі вязьніцы і пабачылі Параскеву здаровай і стоячай на малітве; на яе целе не было ніводнае раны. Спужаўшыся, яны распавялі аб гэтым ваяводзе. Апошні загадаў прывесьці яе да сябе і, пабачыўшы яе здаровай, зьдзівіўся: ён не чакаў, каб яна засталася жывой ад жахлівых параненьняў. Зноў зьдзіўлены яе прыгажосьцю, ён прамовіў да яе:
– Параскева, ты бачыш, як нашы багі пашкадавалі тваю прыгажосьць і захавалі цябе, дараваўшы табе жыцьцё.
Сьвятая на гэта адказвала:
– О, ваявода, пакажы дараваўшых мне жыцьцё!
Ваявода паслаў яе з храм сваіх багоў, каб яна паглядзела на іх ідалаў. Зь ёй пайшлі таксама ідальскія жрацы і шмат народу; яны ўсе думалі, што Праскева жадае пакланіцца іх багам. Калі яны ўвайшлі ў храм, у якім было шмат ідалаў, Праскева ў думках памалілася Адзінаму Праўдзіваму, жывучаму ў вышынях Богу, і, схапіўшы за нагу ідала Апалёна, прамовіла:
 – Я табе, бяздушнаму, і ўсім разам з табой стаячым тленным ідалам кажу: Так загадвае вам Гасподзь мой Ісус Хрыстос – падайце вы ўсе на зямлю і пераўтварыцеся на прах.
І вось, па слову сьвятой, упалі і рассыпаліся ўсе ідалы. Тады ўсе пабеглі зь ідальскага храму і пачалі абвяшчаць:
– Вялікі Бог хрысьціянскі!
Нягодныя жрацы, пабачыўшы разбурэньне і гібель сваіх ідалаў, прыйшлі да ваяводы і, плачучы, сказалі яму:
– Ваявода! Мы казалі табе, – закатуй гэтую чарадзейку, бо яна спакушае наш горад, а ты не паслухаў нас, і вось яна цяпер сваім чараваньнем зьнішчыла ўсіх нашых багоў.
Напоўнены ярасьцю, ваявода з гневам пачаў так дапытваць сьвятую Праскеву:
– Якім чараваньнем ты зьдзейсьніла гэта?
Сьвятая адказвала:
– Зь імям Госпада нашага Ісуса Хрыста на вуснах я ўвайшла ў храм багоў вашых і так памалілася майму Госпаду: зьявіся мне, Выратавальнік мой, – Ты, Які дараваў мне жыцьцё. І вось Сам Гасподзь мой і Бог мой зьявіўся мне, а твае багі, як толькі пабачылі Яго, ад жаху затрымцелі і, упаўшы на зямлю, разьбіліся, паказваючы гэтым, што калі яны няздольныя дапамагчы сябе, то як дапамогуць іншым!
Тады ваявода загадаў зноў павесіць Параскеву на дрэва і паліць яе рэбры паходнямі. Павешаная і катаваная полымем, сьвятая зьвярнулася да Бога і прамовіла:
– Гасподзь і Бог мой, Стваральнік і Творца ўсяго стварэньня! Ты зрабіў прахалоднай гарачую печ тром юнакам, Ты пазбавіў ад полымя першамучаніцу Фёклу, выратуй і мяне, нягодную, ад катаваньняў гэтых катаў.
 І нечакана зьявіўся анёл, датыкнуўся да паходняў і ўзбуйнілася вельмі моцна полымя, зьнішчыўшы шмат беззаконных. А народ закрычаў:
– Вялікі Бог хрысьціянскі!
І паверыла тады ў Хрыста шмат народу; ваявода ж, заўважыўшы хваляваньне ў народзе, баяўся, як бы на яго не паўстаў народ, і пасьпешна загадаў забіць сьвятую мячом. У той час, як адсечаная была яе галава, некаторыя чулі голас на небе, прамаўляючы:
– Радуйцеся праведнікі, бо вянчаецца мучаніца Параскева!
Хрысьціяне з глыбокай пашанай пахавалі цела сьвятой у яе доме. Так, скончыўшы подзьвіг мучэньня, вельмі прыгожая дзяўчына адышла да свайго жаніха, нясучы замест алея кроў: яна цяпер весяліцца зь мудрымі дзевамі ў палацы Хрыстовым.
Сьвятая ж і чыстая душа велікамучаніцы Праскевы адышла да Госпада, і ад годных яе мошчаў падаваліся шматлікія выздараўленьні хворым, у славу Госпада нашага Ісуса Хрыста, Яму ж зь Айцом і Сьвятым Духам, ды будзе гонар і пакланеньне ва ўсе стагодзьдзі. Амін.
Трапар, тон 4:
Прамудрая і ўсяхвальная мучаніца Хрыстова – Параскева, / мужчынскую сілу прыняўшы, / а жаноцкую нямогласьць адкінуўшы, / сатану перамагла і катавальніка пасароміла, / абвяшчаючы і прамаўляючы: / прыйдзіце, цела маё мячом уражаеце і полымем  катуйце, / бо я, радуючыся, крочу да Хрыста, Жаніха майго. / Яе малітвамі, Хрыстос Бог, / выратуй душы нашы.
Кандак, тон 3:
Усясьвятую і дзявоцкую пакуту прынёсшы, / як вянок годны несьмяротнаму Жаніху Хрысту, / анёльскую пакору паказала ты,  \ і перамагла сатанінскія напады. / Праз гэта цябе годнай верай шануем, / велікамучаніца Параскева, шмат пакутная.

Пераклад “Беларуская Аўтакефалія” паводле “Жыцьця сьвятых” сьвяціцеля Зьміцера Растоўскага

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.