Sunday, November 14, 2010

ЖЫЦЬЦЁ І ЦУДЫ СЬВЯТЫХ БЯССРЭБРАНІКАЎ І ЦУДАТВОРЦАЎ КОСМЫ І ДАМІЯНА

Памяць 1 лістапада

Сьвятыя Косма і Даміян, браты па плоці, былі родам зь Азіі1. Бацька іх быў язычнікам, маці ж, на імя Феадоція – хрысьціянка. Жывучы пасьля сьмерці свайго мужа ўдавой і бавячы час у руплівым служэньні Хрысту, яна ўсё свае жыцьцё прысьвяціла таму, каб добра дагадзіць Богу. І была яна, як тая ўдава, якую праслаўляе Апостал: “Сапраўдная ўдава і адзінокая няхай спадзяецца на Бога і трывае ў маленьнях і малітвах дзень і ноч” (1 Цім. 5:5). Жывучы набожна, яна навучыла таму ж і любімых дзяцей сваіх, Косму і Даміяна, бо выхавала іх у добрай веры хрысьціянскай і ў вывучэньні Боскага Пісаньня і скіравала іх да ўсялякае дабрадзейнасьці. Дасягнуўшы паўналецьця і ўмацаваўшыся ў цнатлівым жыцьці, па закону Госпада, Косма і Даміян былі  як бы два сьвяцільніка на зямлі, зьзяючыя добрымі справамі. Яны атрымалі дар вылячэньня і падавалі здароўе душам і целам, вылечваючы ўсялякія хваробы, вылечваючы ўсялякую нямогласьць і ўсялякую язву сярод людзей і выганяючы злых духаў. Яны надавалі дапамогу не толькі людзям, але і быдлу, і ні ад каго нічога не бралі за гэта: бо яны рабілі ўсё гэта не дзеля прыбытку, не дзеля ўзбагачэньня золатам і серабром, але дзеля Бога, жадаючы праз любоў да блізкіх выказаць сваю любоў да Яго. І не сваёй славы шукалі яны гэтым лекаваньнем сярод людзей, але славы Боскай, і вылечвалі хваробы дзеля праслаўленьня імя Госпада, падараваўшага ім такую сілу лекаваньня. Яны пазбаўлялі ад хвароб не столькі травамі, колькі імям Госпада, без платы і ўзнагароды, дарам у выкананьне Хрыстовага запавету: “дарам атрымалі, дарам аддавайце” (Мц. 10:8)2 Таму яны і атрымалі ад веруючых назву бясплатных лекараў і бяссрэбранікаў. Пройдучы так набожна шлях свайго зямнога жыцьця, яны мірна і набожна спачылі. Яны праславіліся шматлікімі цудамі не толькі ў працягу свайго жыцьця, але і пасьля сьмерці, і ёсьць цёплыя малітоўнікі і добрыя лекары нашых хвароб, душэўных і цялесных.
Аб іх абыякавасьці да багацьця і бясплатным лячэньні ёсьць такое апавяданьне:
Некаторая жанчына, на імя Паладыя, у плыні шматлікіх гадоў ляжала на ложы хваробы і не атрымлівала ніякай дапамогі ад розных лекараў. Пачуўшы аб сьвятых Косьме і Даміяне, што яны вылечваюць усякія хваробы, яна паслала да іх з просьбаю, каб яны наведалі яе прад сьмерцю. Сьвятыя, пачуўшы гэтую просьбу, пайшлі ў дом яе, і адразу гэта жанчына, па веры сваёй, атрымала вылячэньне праз наведваньне яе сьвятымі лекарамі і устала здароваю, славячы Бога за дараваньне Сваім слугам такой мілаты вылячэньня. З падзякі да сваіх лекараў за гэта дабрадзейства, яна жадала зрабіць ім падарунак. Але яны не бралі нічога, ніколі і ні ад каго, бо не прадавалі мілаты, якую мелі ад Бога. Жанчына памкнулася упрасіць, прынамсі, аднаго зь іх, каб прыняў ад яе самы малы дарунак; узяўшы тры яйкі, яна прыйшла таемна да сьвятога Даміяна і маліла яго Богам, каб ён узяў ад яе гэтыя тры яйкі ў імя Сьвятой Тройцы. Даміян, чуючы імя Трыадзінага Бога, узяў ад жанчыны гэты малы дарунак, дзеля той вялікай клятвы, якою яна закляла яго. Сьвяты Косма, пазнаўшы потым аб гэтым, вельмі засмуціўся і прад  сконам зрабіў завяшчаньне, каб не хавалі Даміяна поруч яго, бо ён парушыў запаведзь Госпада і прыняў ад жанчыны узнагароду за вылячэньне.
Сьвяты Косма спачыў у Госпадзе, а праз нейкі час надышоў і час скону і Даміяна, і ён перайшоў ад часовага жыцьця да вечнага.
Людзі былі ў засмучэньні – дзе хаваць Даміяна, бо ведалі аб запавеце сьвятога Космы і не мелі дзёрзкасьці пакласьці брата каля яго.
У той час як яны зьдзіўляліся, раптам прыйшоў вярблюд, які быў перш ашалелым і атрымаў вылячэньне ад сьвятых. Ён прагаварыў чалавечым голасам, каб не сумняваліся пакласьці Даміяна каля Космы, бо ён узяў ад жанчыны тры яйкі не дзеля узнагароды, але дзеля імя Боскага.
Такім чынам, годныя мошчы іх былі пакладзены разам, у так званым Ферамане3.
Аднойчы, у часы жніва, адзін зь жыхароў тых месцаў выйшаў жаць ніву сваю. Зьнямогшыся ад сонечнай сьпёкі і намерваючыся адпачыць, ён пайшоў пад дуб, лёг і моцна заснуў. Падчас сну яму праз адкрыты рот упаўзла зьмяя. Абудзіўшыся, земляроб адразу не адчуў ніякага болю, так што зноў прыняўся за працу на сваёй ніве. Зь надыходам вечару, калі земляроб прыйшоў дахаты і пасьля вячэры лёг на пасьцель, то адчуў страшны боль ад таго, што зьмея пачала разьдзіраць яго вантробы. Хворы, не выносячы пакут, стаў крычаць, чым абудзіў ад сну усіх родзічаў. Апошнія, стоячы каля хворага і бачачы яго страшныя пакуты, нічым аднак не маглі дапамагчы; яны нават не маглі зразумець, што гэта была за хвароба. Тады хворы, не атрымаўшы ніякай дапамогі ад атачыўшых яго, зьвярнуўся да хуткіх памагатых Космы і Даміяна і выклікнуў: “сьвятыя лекары, Косма і Даміян, дапамажыце мне”! Сьвятыя адразу пасьпяшаліся са сваёю дапамогай: хворы моцна заснуў, і падчас сну з рота выпаўзла зьмяя. Бачыўшыя гэты цуд жахнуліся і уславілі сьвятых праведнікаў. Калі зьмяя выпаўзла, муж той адразу абудзіўся і, зь дапамогай сьвятых бяссрэбранікаў, цалкам акрыяў.
Быў у тым месцы іншы муж, па імі Малх. Ён жыў каля храма сьвятых лекараў, Космы і Даміяна, у Фэремане. Намерваючыся адправіцца ў далёкі шлях, ён павёў сваю жонку да храму і сказаў ёй:
– Вось я сыходжу ў далёкі шлях, цябе ж даручаю пад абарону Космы і Даміяна: заставайся дома, пакуль я не прышлю табе ўмоўную вестку аб сябе, які ты пазнаеш як маю. І калі Бог пажадае, то прышлю табе гэтую вестку і вазьму цябе да сябе.
Даручыўшы такім чынам жонку сваю сьвятым, Малх адправіўся ў шлях. Па сканчэньні некалькіх дзён, Сатана прыняў выяву нейкага знаёмага чалавека і, прыйшоўшы да жонкі Малха, паказаў ёй тую вестку, на якую паказваў ёй муж, кажучы: “дашлю табе вестку і вазьму цябе да сябе”.
Паказаўшы ёй гэты знак, Сатана загадаў крочыць за ім да мужа.
– Мяне, – казаў ён, – прыслаў твой муж за табой, каб прывесьці цябе да яго.
Жанчына адказала:
– Вестку гэтую я ведаю, але ісьці не жадаю, бо я даручана сьвятым бяссрэбранікам Косме і Даміяну; і калі жадаеш, каб я пайшла з табой да мужа, то пойдзем са мной да храму сьвятых, вазьміся за край алтару і пакляніся мне, што не зробіш мне па шляху аніякага зла.
Сатана даў такое абяцаньне і, пайшоўшы зь ёй да храму, узяўся за край алтару і кляўся, кажучы:
– Клянуся сіламі Космы і Даміяна, – не зраблю па шляху табе зла, але прывяду цябе да мужа твайго.
Жанчына, пачуўшы клятву, паверыла хлусьліваму нячысьціку, які быў у выяве знаёмага чалавека, і пайшла за ім у шлях. Спакусьнік жа, узяўшы яе, завёў у месца пустое і непраходнае і жадаў абразіць яе там і забіць. Яна, бачачы сябе ў крайняе бядзе, узьвяла вочы да неба і закрычала з глыбіні сэрца да Бога, кажучы:
– Божа, малітвамі сьвятых Тваіх, Космы і Даміяна, дапамажы мне і пасьпяшайся выратаваць мяне з рук гэтага забойцы.
І адразу зьявіліся хуткія памагатыя, сьвятыя бяссрэбранікі, Косма і Даміян. сатана, убачыўшы іх, пакінуў жанчыну і уцёк; падняўшыся на высокі бераг, ён зрынуўся ў прорву і зьнік, а сьвятыя, узяўшы жанчыну, прывялі ў дом яе.
Жанчына кланялася ім, кажучы:
– Дзякую вас, спадары мае, што пазбавілі мяне ад горкай пагібелі. Малю вас, – скажыце мне, хто вы, каб мне ведаць, каму аддаваць падзяку да канца жыцьця майго.
Яны адказвалі:
– Мы – слугі Хрыстовы, Косма і Даміян, якім даручыў цябе твой муж прад адпраўленьнем у шлях, таму мы і пасьпяшаліся да цябе на дапамогу і пазбавілі цябе, па мілаце Боскай, ад Сатаны.
Чуючы гэта, жанчына звалілася на зямлю ад страху і радасьці, сьвятыя ж зрабіліся нябачныя. І усклікала жанчына, усхваляючы і дзякуючы Богу і сьвятых слуг Ягоных, Косму і Даміяна. Прыйдучы ў храм, яна прыпадала са сьлязамі да абраза сьвятых і распавяла усім пра тое, што было, – як Гасподзь выявіў да яе літасьць па малітвах Сваіх праведнікаў. Малілася ж яна такімі словамі:
– Божа айцоў нашых, Аўраама, Язэпа, Якава і насеньня іх праведнага! Ты загасіў агністую печ для трох юнакоў4, Ты дапамог служанцы Тваёй Фёкле на ганебнішчы5; дзякую Цябе, што пазбавіў і мяне грэшную ад сеткі сатаны праз дагадзіўшых Табе Косму і Даміяна. Пакланяюся Табе, стварыўшаму дзівосныя і праслаўленыя цуды, і слаўлю Цябе, Айца, Сына і Сьвятога Духу, ва усе стагодзьдзі. Амін.

________________________________________________________________________
1 Азія, інакш Асія – гэта найменьне ужывалася ў старажытнасьці не ў аднолькавым сэнсе. Першапачаткова яно азначала невялікую, багатую вазамі, багністую раўніну ў Лідзіі, г.зн. сярэдзіну заходняй часткі цяперашняга малаазійскага паўвострава, на усходнім беразе Эгейскага мора. Рымляне дзялілі згаданы паўвостраў на дзьве прыблізна роўныя, часьці: адну, паўночна–усходнюю, якая ляжыць пры Чорным моры звалі Понтам, іншую, паўднёва–заходнюю, звалі уласна Асіяй; кожная частка падзялялася на некалькі (не заўсёды аднолькавы лік) правінцый; па сьцьвярджэньні хрысьціянства, кожная зь апошніх падзялялася, у сваю чаргу, у царкоўным стаўленьні, на некалькі япархій (яшчэ ў Апакаліпсісе згадваецца аб 7 Асійскіх цэрквах – гл.1:4, 11). Зь цягам часу найменьне Азіі пачалі ужываць да усяго цяперашняга малаазійскага паўвострава, нарэшце - да наогул усёй часткі сьвету, якая ляжыць на усходзе ад нашай Эўропы, на адным зь ёю мацерыку.
2 Слова туне і азначае дарам, без платы.
3 Фереман знаходзіўся ў Месапатаміі ў двух днях шляху ад Аміда (па – турэцкі называецца Дыяр – Бекіра, у верху р. Цігра) і быў разбураны туркамі у час першых заваяваньняў; пры гэтым мошчы сьвятых Космы і Даміяна перанесены былі ў Амід, дзе спачываюць і сёньня.
4 Тут разумеюцца тры жыдоўскіх юнака – Ананія, Азарыя і Місаіл. Знаходзячыся ў Бабілёнскім палоне, яны адмовіліся аддаць пашану створанаму Навухаданосарам залатому ідалу, былі за гэта, па загаду цара, у распаленую печ, але дзівосна, па міласьці Боскай, засталіся ў ёй непашкоджанымі, нават – са ўсёй іх вопраткай (Дан. 3)
5 Тут, верагодна, маецца на ўвазе сьвятая раўнаапостальная Фёкла. Яе памяць сьвяткуецца 24 верасьня.

Пераклад “Беларускай Аўтакефаліі” паводле “Жыцьця сьвятых” сьвяціцеля Зьміцера Растоўскага


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.