Wednesday, November 17, 2010

БЕЛАРУСКАЯ АЎТАКЕФАЛІЯ: ХРАНАЛЁГІЯ ПАДЗЕЯЎ

Янка Запруднік

Слова “аўтакефалія” абазначае самастойнасьць царквы як інстытуцыі, інакш кажучы, царкоўнае самакіраваньне (па—грэцку аўта — сам, кефале — галава). Ерархія аўтакефальнай царквы не прызнае над сабой іншых царкоўных аўтарытэтаў, не падлягае ані духоўнай, ані адміністрацыйнай уладзе іншай царкоўнай юрысдыкцыі. Шмат якія аўтакефальныя цэрквы (прыкладам, румынская, сэрбская, баўгарская й інш.) — адначасна й цэрквы нацыянальныя.
Ідэя аўтакефаліі ўзьнікла яшчэ за часамі раньняга хрысьціянства як вынік супярэчнасьці паміж усяленскім, унівэрсальным характарам Хрыстовае навукі, зь аднаго боку, а зь другога — геаграфічнай абмежаванасьцю дзяржаўных утварэньняў. Ідэя аўтакефаліі выплывае таксама зь супадзеньня ў шмат якіх выпадках інтарэсаў царкоўных зь інтарэсамі дзяржаўнымі, нацыянальнымі.
У сярэднявеччы й пазьней царкоўныя герархі ўваходзілі ў склад княскіх і каралеўскіх радаў, стаялі блізка да дзяржаўнай палітыкі. Зразумела, што кіраўнікі дзяржаваў (княстваў) — людзі сьвецкія — імкнуліся выкарыстоўваць або й падпарадкоўваць сабе царкву. Гэтак было ў Бізантыі, адкуль прыйшло ў X стагодзьдзі хрысьціянства ў Кіеўскую Русь і на беларускія землі. Зь Бізантыі, дзе імпэратар уважаўся за пасланца Бога на зямлі (адсюль і зьява гэтак званага цэзарапапізму — цэзар і папа ў адной асобе), прыйшла на Русь спалучанасьць улады сьвецкае зь уладай рэлігійнай (царкоўнай).
Першымі мітрапалітамі на Русі былі грэкі, бо й вера прыйшла ад іх. Грэкамі былі візантыйскі імпэратар і Канстантынопальскі патрыярх. Ад часу хрышчэньня Русі кіеўскім князем Уладзімірам у 988 г. і да мангольскага нашэсьця ў 1240 годзе, у Кіеве, цэнтры рускага хрысьціянства (слова “рускі” тут ужываецца ў сэнсе гістарычнай Русі, а не пазьнейшае Маскоўшчыны—Расеі), было 23 мітрапаліты, усе апрача двух — грэкі. Мітрапалітамі мясцовага (рускага) паходжаньня былі Іларыён (1051—1054) і Клімэнт Смаляціч (1147—1154). Але ніводзін зь іх не атрымаў блаславенства на мітрапалічы прастол ад Канстантынопальскага патрыярха: дзяржаўныя інтарэсы Кіева і Канстантынопаля былі розныя. Калі кіеўскі князь Ізяслаў Мсьціславіч пастанавіў, каб мітрапалітам рускай царквы заміж грэка Міхаіла стаўся япіскап смаленскі Клімэнт Смаляціч, дык матываваў сваю пастанову гэткімі словамі: “чрес сию патриархов в Руси власть цари греческие ищут над нами властвовать и повелевать, что против нашей чести и пользы”[1]. Як бачым, зь самага пачатку дзяржава й царква супольна баранілі свой гонар і інтарэсы.
Першыя япархіі праваслаўнай царквы ў Беларусі паўсталі ў Полацку (992), Тураве (1005), Смаленску (1137). Выдатнымі дзеячамі раньняга праваслаўя на беларускіх землях былі япіскап полацкі Міна (памёр каля 1116), япіскап смаленскі Клімэнт Смаляціч (? — пасьля 1164), князёўна полацкая Прадслава—Эўфрасіньня (каля 1120—1173), япіскап тураўскі Кірыла (к. 1130 — к. 1180) ды іншыя. У Полацку ў 1066 годзе князь Усяслаў Брачыславіч (Чарадзей) закончыў будаўніцтва велічнага Сафійскага сабору, чым падкрэсьліў роўнасьць Полацка з Кіевам і Ноўгарадам. Там падобныя сьвятыні былі пабудаваныя, адпаведна, у 1037 і 1050 гадох. Полацак, Тураў ды іншыя гарады сталіся цэнтрамі пашырэньня пісьменнасьці й асьветніцкае дзейнасьці. Ад самага пачатку заявілі сябе сваёй арыгінальнасьцю полацкая царкоўная архітэктура (дойлід Іван), мастацтва (Лазар Богша, стваральнік крыжа сьв. Эўфрасіньні). У самым раньнім пэрыядзе рэлігійна—царкоўнага жыцьця выявіўся самабытны характар беларускае зямлі, гонар і славу якое разбудоўвала, пашырала й бараніла царква.
Пасьля таго, як Кіеў, сталіца мітрапалітаў, амаль датла быў зьнішчаны татара—мангольскім нашэсьцем у 1240 годзе, мітрапаліты адмовіліся жыць у Кіеве. Мітрапаліт Кірыла II (1238—1280), з рускіх, разьязджаў па цэлай мітраполіі, але найдаўжэй затрымоўваўся ва Ўладзіміры—на—Клязьме. А ягоны наступнік, грэк Максым (1283—1305), пасьля таго, як у 1299 г. Кіеў ізноў быў спалены, ужо назаўсёды пасяліўся ва Ўладзіміры.
Ад сярэдзіны XIII стагодзьдзя на землях Беларусі пачало ўмацоўвацца й пашырацца Вялікае Княства Літоўскае, Рускае й Жамойцкае (ВКЛ), палітычныя патрэбы якога паставілі на парадак дня пытаньне аб сваёй асобнай мітраполіі.
Час заснаваньня й станаўленьня Літоўскай (у сёньняшняй тэрміналёгіі — беларускай) мітраполіі слаба дасьледаваны, а таму й спрэчны. Некаторыя крыніцы называюць 1291 год годам пастаўленьня асобнага мітрапаліта для ВКЛ, але імя ягонага не называюць. Сьпіс ведамых беларускіх мітрапалітаў пачынаецца 1315 годам, калі Літоўскую мітраполію ачоліў грэк Тэафіл (1315—1330).
Канстантынопаль, аднак, далей намагаўся захоўваць цэласьць Рускай (г.зн. Кіеўскай) мітраполіі. Гэта ляжала ў інтарэсах бізантыйскіх імпэратараў і патрыярхаў асабліва ў сувязі з турэцкай пагрозай Бізантыі. Канстантынопаль хацеў бачыць на поўначы адну вялікую саюзную царкоўную структуру, падзел якое быў яму зусім не на руку. Калі галіцкі князь Юры Львовіч, захацеўшы мець асобную мітраполію, падаў Канстантынопальскаму патрыярху свайго кандыдата ў мітрапаліты, Пятра, дык патрыярх паставіў Пятра, але не як мітрапаліта Галіцкага, а “ўсяе Русі” (1308—1326). Пётар стаўся саюзьнікам маскоўскага князя Івана Каліты й жыў у Маскве. Ягоны наступнік Тэагност (1328—1353) канчаткова перанёс у Маскву й мітрапалічую катэдру. У 1353 г. Канстантынопальскі Сабор асобнай пастановай яшчэ раз падкрэсьліў, што Руская мітраполія не павінна дзяліцца ды што ў будучыні мітрапаліты на Русь павінны прызначацца з грэкаў.
Пастанове Канстантынопальскага Сабору не падпарадкаваўся, аднак, праваслаўны вялікі князь Альгерд. Князі ВКЛ апіраліся на фэўдалаў беларускіх земляў, “падтрымлівалі праваслаўную царкву, якая ў XIV стагодзьдзі займала пануючае становішча ў дзяржаве”[2]. Князь Альгерд падарункамі патрыярху й дыпляматыяй дамогся, што для ВКЛ быў пастаўлены свой мітрапаліт, Раман (1354—1362). Рэзыдэнцыяй літоўскіх мітрапалітаў ад самага пачатку быў Наваградак, першая сталіца ВКЛ. Але коратка перад дабраславеньнем Рамана на мітрапалічы прастол Канстантынопаль паставіў таксама і мітрапаліта для Масквы — Аляксея. Паміж Раманам і Аляксеем пачалося змаганьне за Кіеўскую мітраполію й тытул “Кіеўскі” як найбольш прэстыжны. У гэтае змаганьне ўлучыліся й сьвецкія чыньнікі, паколькі ішла вайна паміж ВКЛ і Маскоўшчынай.
Канстантынопальскі патрыярх спрабаваў быў скасаваць Літоўскую мітраполію, але энэргічная акцыя князя Альгерда не дапусьціла да гэтага. Патрыярх паслаў тады ў ВКЛ свайго апакрысіярыя (прадстаўніка), баўгарскага іераманаха Кіпрыяна, каб той давёў да прымірэньня паміж мітрапалітамі літоўскім і маскоўскім. Кіпрыян пабачыў аднак, што праваслаўныя жыхары ВКЛ ня могуць быць у залежнасьці ад маскоўскага мітрапаліта і сказаў пра гэта князю Альгерду. Гэткі пагляд Кіпрыяна спадабаўся Альгерду, і, калі мітрапаліт Раман памёр у 1362 г., Альгерд выставіў Кіпрыянаву кандыдатуру ў мітрапаліты ВКЛ. Інтранізацыя Кіпрыяна адбылася ў Канстантынопалі ў 1375 годзе.
У 1377 г. памёр вялікі князь Альгерд. Неўзабаве пасьля гэтага, у 1380 г., адбылася гістарычная бітва на Куліковым полі, у якой выразным пераможцам выйшаў маскоўскі вялікі князь Дзімітры Данскі. Мітрапаліт Кіпрыян, які, трэба меркаваць, быў патрыётам Баўгарыі й шукаў сваёй бацькаўшчыне моцнага праваслаўнага саюзьніка супраць туркаў, што пагражалі і Баўгарыі, і Бізантыі, паехаў у 1381 г. ў Маскву, дзе быў урачыста сустрэты.
Калі ў 1389 г. памёр маскоўскі прэтэндэнт на мітрапаліта, Пімен, Кіпрыян застаўся адзіным праўным галавою царквы “ўсяе Русі”. Ад 1390 г. і аж да сьмерці ў 1406 г. Кіпрыян жыў у Маскве, дзе разгарнуў буйную арганізацыйную дзейнасьць. Вялікае Княства Літоўскае паміж 1390 і 1415 гадамі заставалася без свайго мітрапаліта, царкоўнае жыцьцё ў ВКЛ рэгуляваў, пакуль жыў, мітрапаліт Кіпрыян зь Масквы. Напрыканцы XIV стагодзьдзя, за часамі вялікага князя Вітаўта, дачыненьні ВКЛ зь Маскоўшчынай былі мірныя. Вітаўтава дачка Софія выйшла замуж за маскоўскага князя Васіля. Аднак спакой паміж Вільняй і Масквой патрываў ня доўга.
У 1408 г. Канстантынопальскі патрыярх, адмовіўшыся зацьвердзіць Вітаўтавага кандыдата, полацкага епіскапа Тэадосія, на мітрапаліта Літоўскага, прыслаў грэка Фоція як мітрапаліта “Кіеўскага і ўсяе Русі”. Патрыярх даручыў Фоцію аб'яднаць пад сваім кіраўніцтвам усе епархіі ВКЛ. Тым часам ізноў аднавіліся ваенныя дзеяньні паміж ВКЛ і Маскоўшчынай за тэрыторыі ў раёне Пскова й Ноўгарада. Мітрапаліт Фоцій, як сьведчыць гісторык Ігар Грэкаў, “разам з князем Васілём энэргічна супрацьдзеілі пашырэньню літоўскага ўплыву ў “нэўтральнай” паласе рускіх земляў”[3].
У 1414 г. вялікі князь Вітаўт загадаў склікаць у Наваградку сабор епіскапаў ВКЛ. На становішча мітрапаліта была выстаўлена кандыдатура Кіпрыянавага пляменьніка Рыгора Цамблака, але Канстантынопаль двойчы адмовіўся зацьвердзіць яе. Тады Вітаўт дамогся ад сабору, каб новы мітрапаліт быў пастаўлены бяз згоды патрыярха. Абодва мітрапаліты, аднак, літоўскі й маскоўскі, насілі той самы тытул: “Кіеўскі і ўсяе Русі”. І ў гэтым дубляваньні наяўна адлюстроўваліся экспансіянісцкія праграмы дзьвюх сталіцаў Вільні й Масквы, іхная канкурэнцыя за авалоданьне “рускімі” землямі.
Па сьмерці Рыгора Цамблака ў 1419 ці 1420 г. Літоўская мітраполія засталася без свайго мітрапаліта аж да 1433 г., калі мітрапалічую катэдру заняў узьведзены на яе Канстантынопальскім патрыярхам Іосіфам смаленскі епіскап Герасім. Новаму ўладыку не пашчасьціла. Вялікі князь Сьвідрыгайла (Вітаўт памёр у 1430 г.) западозрыў мітрапаліта ў сувязях зь ягонымі ворагамі і загадаў спаліць яго ў Віцебску ў 1435 г. (паводле іншых крыніцаў — у 1437 г.). Мітрапаліт Герасім увесь час знаходзіўся ў Смаленску, але ўсе ягоныя наступнікі засядалі ў Наваградку, адкуль часта наведваліся ў Вільню ды ў іншыя месцы мітраполіі, межы якое мяняліся. Апрача беларускіх земляў, у мітраполію спачатку ўваходзілі Кіеўшчына, Галіччына й Валынь.
Паміж 1437 і 1458 гадамі Наваградзкая мітрапалічая катэдра была незанятай. Тымчасам маскоўскі мітрапаліт, грэк Ізыдар, выявіўся прыхільнікам вуніі з Рымам. Ізыдар падпісаў вунійны акт у Флярэнцыі ў 1439 г., у выніку чаго яму давялося ўцякаць зь Масквы. У Маскве ў 1448 г. быў абраны за мітрапаліта “свій” духоўнік, Іона, які не паехаў па блаславенства да Канстантынопальскага патрыярха. Канстантынопаль, абложаны турэцкімі войскамі, дажываў свае апошнія гады як свабодная сталіца праваслаўя. Год 1448—ы лічыцца пачаткам аўтакефаліі Расейскае Праваслаўнае Царквы. Мітрапаліт Іона рабіў спробы пашырыць сваю ўладу і на ВКЛ, напісаў пасланьне 2купно литовско—галицкому людзтву”, наведаў Галіч, Львоў, Вільню й Наваградак. Кароль польскі й вялікі князь літоўскі Казімір выдаў яму грамату ў 1451 г., што ахоўвала ягоныя правы ў ВКЛ.
У 1458 г., пяць гадоў пасьля ўпадку Візантыі, Канстантынопальскі патрыярх, які прыняў Флярэнцкую вунію й жыў у Рыме, прыслаў у Наваградак свайго мітрапаліта—вуніята Рыгора Баўгарына з тытулам “Кіеўскі, Літоўскі і ўсяе Русі”. Пачалося змаганьне з праваслаўнымі, у якое ўлучыўся й маскоўскі мітрапаліт Іона. У Маскве тым часам сабор япіскапаў пастанавіў на загад вялікага князя маскоўскага выбіраць мітрапаліта без паразуменьня з грэкамі. Наваградзкі мітрапаліт—вуніят Рыгор пасьля дзесяці гадоў змаганьня за вунію вярнуўся назад да праваслаўя і неўзабаве перад сьмерцю (у 1473 або 1475 г.) быў зацьверджаны на сваім мітрапалічым прастоле Канстантынопальскім патрыярхам Дзіянісам. Пахаваны ў Наваградку.
У далейшым, ва ўмовах частых войнаў паміж ВКЛ і Маскоўшчынай, існавалі дзьве мітраполіі, адна з палітычным цэнтрам у Вільні, другая ў Маскве. Маскоўскія мітрапаліты адмовіліся ад тытулу “Кіеўскі”, але частку свайго тытулу “і ўсяе Русі” тлумачылі шырока, улучаючы ў гэты панятак украінскія й беларускія землі. Тытул “і ўсяе Русі” абодвух мітрапалітаў кіеўскага (або літоўска—наваградзкага) і маскоўскага, сымбалізаваў сабой змаганьне ВКЛ і Маскоўшчыны ня толькі за тэрыторыі, але й за гістарычную спадчыну.
У 1589 г. Масква, якая абвясьціла сябе яшчэ на пачатку XVI ст. “трэцім і апошнім Рымам”, дамаглася ад Канстантынопаля права мець упершыню свайго патрыярха – “Маскоўскага і ўсяе Русі”. Але ўстанаўленьне патрыяршае ўлады ў Маскве не закранула самастойнасьці Літоўска—Наваградзкае мітраполіі. Гісторык Усевалад Ігнатоўскі памылкова піша, што пасьля 1589 г. “юрыдычна зноў праваслаўная царква Літвы і Беларусі была пастаўлена ў герархічнае падданства Маскве”[4]. Аўтакефалія праваслаўнае царквы ў Беларусі была перапынена толькі ў выніку царкоўнай вуніі 1596 г., калі ўсе беларускія праваслаўныя япіскапы сталіся вуніятамі.
У пэрыядзе 1315—1596 гадоў мітрапалітамі Літоўска—Наваградзкае мітраполіі былі (у крыніцах некаторыя гады падаюцца па—рознаму):
Тэафіл (1315—1330),
Тэадарэт (1353—1354),
Раман (1354—1362),
Кіпрыян (1375—1381),
Рыгор Цамблак (1414—1419),
Герасім Смаленскі (1433—1435),
Рыгор Баўгарын (1458—1473),
Сьпірыдон (1473—1474),
Місаіл Пятруцкі (1475—1480),
Сымон Полацкі (1481—1488),
Іона I Глезна (1489—1499),
Макары I (1495—1497),
Іосіф Баўгарыновіч (1498—1501),
Іона II (1503—1506),
Іосіф Солтан (1508—1522),
Іосіф III (1522—1534),
Макар II (1535—1556),
Сыльвэстар Бялькевіч (1556—1567),
Іона III Пратасэвіч (1567—1576),
Ільля Куча, галічанін (1577—1579),
Анісіфор Дзявочка (1579—1588),
Міхаіл Рагоза (1589—1595).
Далейшыя мітрапаліты ў Рэчы Паспалітай былі вуніятамі. Ва ўмовах рэлігійнага змаганьня й польскага наступу на праваслаўе вялікую ролю ў абароне Праваслаўнае Царквы ў Беларусі і Ўкраіне адыгралі праваслаўныя брацтвы. Арганізацыі гэтыя пачалі паўставаць у 1580—х гадох і дзейнічалі праз усё XVII стагодзьдзе, засноўвалі школы, выдавалі рэлігійную літаратуру. Дзейнасьць брацтваў у іхнай пачатковай фазе падтрымвалі багатыя магнаты, каторыя яшчэ трымаліся свае праваслаўнае веры.
Герархія Праваслаўнай Царквы аднавілася толькі ў 1620 г., калі Канстантынопальскі патрыярх Тэафан блаславіў на прастол Кіеўскага мітрапаліта Іова Барэцкага. Тады ж віленскі архімандрыт Мялеці Сматрыцкі стаўся епіскапам Полацкім, Ісаія Капінскі быў высьвячаны на япіскапа Смаленскага, а на Турава—Пінскую япархію быў пастаўлены грэк Аўраам. У новым пэрыядзе Праваслаўная Царква на землях Украіны й Беларусі была падпарадкаваная Канстантынопальскаму патрыярху. Мітрапаліты ў гэтым часе знаходзіліся ўжо не ў Наваградку, а ў Кіеве й мелі тытул “Кіеўскага, Галіцкага і ўсяе Русі, Экзарха Канстантынопальскага Прастолу”. Мітрапаліт засядаў у сойме Рэчы Паспалітай. У Беларусі ў пэрыядзе 1620—1795 гадоў была толькі адна праваслаўная япархія — Магілеўская, епіскапы якой насілі тытул “Аршанскі, Віцебскі, Мсьціслаўскі і Магілеўскі”. Царкоўныя ж прыходы заходняй Беларусі — на Віленшчыне, Наваградчыне, Піншчыне — уваходзілі ў склад мітрапалічае Кіеўскае япархіі.
Пасьля таго, як гетман Багдан Хмяльніцкі далучыў Украіну да Расеі, Кіеўская мітраполія развалілася на дзьве: Маскоўскую і патрыяршую Канстантынопальскую. Масква пачала ціснуць на Польшчу і Канстантынопаль, каб падпарадкаваць сабе Кіеўскі мітрапалічы прастол. Гэтага яна дасягнула ў 1685 г., калі Канстантынопальскі патрыярх Дзіяніс IV выдаў грамату, адмовіўшыся ад свае патрыяршае ўлады над Кіеўскай мітраполіяй. Таго ж самага году абраны на Кіеўскім Саборы за мітрапаліта япіскап луцкі Гедэон быў высьвячаны на свой пасад у Маскве. “Вечны мір” паміж Расеяй і Польшчай, падпісаны ў 1686 г., замацаваў палітычна перанос цэнтру праваслаўя з Кіева ў Маскву. Неўзабаве пасьля гэтага Кіеўская мітраполія была зьведзена да статусу япархіі Маскоўскага патрыярхату. Магілеўска—Беларуская епархія пачала зьвяртацца ў сваіх патрэбах беспасярэдне ў Маскву.
З далучэньнем Беларусі да Расеі ў 1772—1795 гадох пачаўся новы пэрыяд у гісторыі беларускага праваслаўя. Патрыяршая ўлада ў Маскоўшчыне была скасаваная яшчэ за часамі Пятра I у 1700 годзе. На чале Царквы цар паставіў калегію, Сьвяшчэнны Сынод, падпарадкаваны міністру (обэр—пракурору) як у сьвецкіх, так і ў рэлігійных справах. Царква стала поўнасьцю прыладай дзяржавы. Быў палітызаваны яшчэ глыбей сам панятак веры, часта называнай у афіцыйных зваротах ужо ня “рускай”, а “греко—российской”.
Русіфікацыя праваслаўнай царквы ў Беларусі, пачатая яшчэ царыцай Кацярынай II, узмацнілася асабліва пасьля паўстаньня 1863 г., калі праводзілася палітыка насаджэньня расейскага чыноўніцтва, у тым ліку й царкоўных саноўнікаў ды сьвятароў. У духоўных і настаўніцкіх сэмінарыях запанаваў “истинно русский” дух, беларуская мова і блізка не дапушчалася да афіцыйнага ўжытку ў царкоўным жыцьці.
Пасьля таго, як Лютаўская й Кастрычніцкая рэвалюцыі 1917 г. пакончылі зь царскім самаўладзтвам і ў БССР усталявалася беларуская дзяржаўнасьць, на парадак дня стала справа аднаўленьня аўтакефаліі Беларускай Праваслаўнай Царквы. У ліпені 1922 г. быў скліканы ў Менску сабор, які, падтрымаўшы ідэю “самабытнасьці Беларускай Царквы і ейнага права на нацыянальнае самавызначэньне”, абвесьціў 23 ліпеня аўтакефалію БПЦ. Крок гэты, згодна з пасланьнем Другога Сабору БПЦ, што адбыўся ў Менску ў жніўні 1927 г., быў “кананічна заканамерным і гістарычна неабходным”. Акт аўтакефаліі, як казалася ў тым жа пасланьні, быў угрунтаваны на прынцыпе, што самакіраўніцтва становіць “душу найстарэйшага царкоўнага заканадаўства й практыкі (34—е і 37—е Апостальскія правілы, 9—е правіла Антыяхійскага Сабору)”[5]. Апостальскае правіла 34—е кажа: “Япіскапам усякага народу належыць ведаць першага спаміж сябе і прызнаць яго як галаву і не тварыць безь ягонай развагі нічога, што перавышала б іхнюю ўладу”. Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву ачоліў архіепіскап Менскі мітрапаліт Мэлхісэдэк Раеўскі.
Савецкая ўлада, аднак, хутка пасьля свайго ўмацаваньня павяла палітыку жорсткага перасьледу рэлігіі, канфіскуючы царкоўную маёмасьць і вынішчаючы сьвятарства. Былі арыштаваныя й загінулі ў канцлягерах або на выгнаньні сам мітрапаліт Мэлхісэдэк, а таксама епіскапы Мазырскі Іаан Пашын, Слуцкі Мікалай Шэмаціла ды Бабруйскі Філярэт Раменскі.
Зьнішчаючы царкву фізычна, камуністы змагаліся зь ёй таксама шляхам дывэрсіі. Дывэрсіяй быў рух за так званую абнаўленскую царкву. Падтрыманыя ўладай абнаўленцы намагаліся па цэлым Савецкім Саюзе “рэфармаваць” царкву шэрагам мерапрыемстваў дагматычнага й адміністрацыйнага характару. У Беларусі абнаўленцы абвесьцілі ў траўні 1924 г. аўтаномію свае царквы, а ў студзені 1925 г. абралі свой Беларускі Сьвяшчэнны Сынод. Аўтаномія беларускіх абнаўленцаў была скасаваная ў сьнежні 1934 г., хоць сама царква трывала да пачатку вайны ў 1941 годзе. Паводле прафэсара Томаса Бэрда, “абнаўленская схізма не карысталася вялікай удачай сярод вернікаў у Беларусі”[6].
Пад Польшчай, дзе ў Заходняй Беларусі й Заходняй Украіне жыло каля пяці мільёнаў праваслаўных, аўтакефалія была адноўленая актам (Томасам) Канстантынопальскага патрыярха Рыгора III ў лістападзе 1924 году. У сваім томасе патрыярх пісаў: “Першае адлучэньне ад Нашага Прастолу Кіеўскай мітраполіі і Праваслаўных мітрапалітаў Літвы і Польшчы, што залежалі ад яе, а таксама далучэньне іх да Сьв. Маскоўскай Царквы адбылося аніяк не паводле прадпісаньня кананічных правілаў”[7]. Польскую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (ПАПЦ) ачоліў мітрапаліт Дзяніс Валедзінскі з тытулам “Варшаўскі і ўсяе Польшчы”. Мітраполія складалася зь пяці япархіяў тры зь якіх былі на беларускіх землях: Віленская, Гарадзенская й Палеская. У гэтых трох япархіях налічвалася больш за дзьве тысячы цэркваў і пятнаццаць манастыроў. Маскоўская патрыярхія аднак не прызнала аўтакефаліі ПАПЦ.
Пасьля далучэньня Заходняй Беларусі да БССР у верасьні 1939 г. праваслаўныя герархі ПАПЦ падпарадкаваліся Маскоўскаму патрыярху. Архіепіскап Пінска—Наваградзкі Панцялейман Ражаноўскі быў назначаны за экзарха Заходніх Украіны й Беларусі.
У часе нямецкай акупацыі (1941—1944 гг.) праваслаўныя дзеячы, духоўныя й сьвецкія, зрабілі наважаны крок да аднаўленьня аўтакефаліі БПЦ. Перамагаючы супраціў узгадаваных у расейскім духу некаторых ерархаў яны здолелі дамагчыся скліканьня Ўсебеларускага Сабору, які адбыўся ў Менску 30 жніўня — 2 верасьня 1942 году. Сабор аднавіў аўтакефальную Беларускую Праваслаўную Царкву, прыняў статут ды іншыя дакумэнты. Ня ўсе пастановы сабору, аднак, былі праведзеныя ў жыцьцё, часткова дзеля абставінаў вайны, а часткова дзеля ідэйнага ваганьня герархаў, іхнага русафільства.
Апынуўшыся на эміграцыі ў Заходняй Нямеччыне, герархі БАПЦ — мітрапаліт Панцялейман, архіепіскап Філяфей Нарко, епіскапы Апанас Мартас, Іаан Лаўрыненка, Вэнэдыкт Бабкоўскі, Сьцяпан Сеўба і Рыгор Барышкевіч — далучыліся ў 1946 г. да Расейскай Праваслаўнай Царквы за Рубяжом, пакінуўшы сваіх вернікаў, якія за імі не пайшлі, на волю лёсу. Праваслаўныя беларусы на эміграцыі падзяліліся: адны, стварыўшы свае прыходы, аднавілі 5 чэрвеня 1948 г. на саборы ў Канстанцы (Заходняя Нямеччына) Беларускую Аўтакефальную Праваслаўную Царкву (БАПЦ), а другія, таксама арганізаваўшыся ў прыходы, увайшлі ў юрысдыкцыю Канстантынопальскага патрыярхату. Мала хто пайшоў за ўладыкамі ў Расейскую Зарубежную Царкву. У гісторыі беларускага праваслаўя й незалежніцкай ідэі пачаўся новы пэрыяд.

Спасылкі

1. А.Ф.Замалеев, В.А.Зоц. Мыслители Киевской Руси. Изд. 2—е. Киев, 1987. б. 130.
2. Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Тэксты. Даведнік. Каментарыі. Мінск, 1989. б. 130.
3. И.Б.Греков. Восточная Европа и упадок Золотой Орды. Москва, 1975. б. 291.
4. Усевалад Ігнатоўскі. Кароткі нарыс гісторыі Беларусі // Крыніца. 1990. № 8. б. 40.
5. Архиепископ Афанасий Мартос. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Буэнос—Айрес, 1966. б. 260.
6. Thomas E. Bird. Orthodoxy in Byelorussia: 1917—1980 // Запісы Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Т. 17. Нью Ёрк, 1983. б. 153.
7. Тамсама. б. 265.

Крыніца: Аўтакефалія. Менск, Грамадзянская ініцыятыва “За свабоднае веравызнанне”, 2005.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.