мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Якая празрыстая, якая зразумелая і, разам з гэтым, якая строгая сёньняшняя прыпавесьць. Мне жадалася б вылучыць два моманту ў ёй. Памёр багаты, які ад зямлі, ад часавага жыцьця атрымаў усё — не толькі тое, што яна магла даць, але і тое, што можна было ад яе узяць; узяць, не падзяліўшыся ні з кім, узяць з поўнай пагардай, з поўнай абыякавасьцю да патрэб ці да мараў іншых. І ён памёр, над ім зьдзейсьнілі урачыстае пахаваньне. Зямля вярнулася да зямлі, людзі, якія на зямлі яго любілі, ці, дакладней, якія зь ім былі заадно, яго пахавалі, і гэтым скончылася усё ягонае жыцьцё. Ён зрабіўся нікому больш не патрэбным; ён нічога не мог даць, зь яго нічога нельга было узяць, яго пахавалі урачыста і канчаткова.
І памёр бядняк, які ў парога гэтага багатыра гадамі сядзеў, хаваўся, можа быць, пад ягонымі сходамі, спадзяваўся, што багаты і ягоныя сябры хоць кавалак хлеба яму кінуць, як яны кідалі сабакам; але ён нічога ад іх не атрымаў. Яны былі заняты сабой, яны былі на узроўні жыцьця, зь якога не глядзяць уніз, зь якога не бачны чалавек. Зьвяры — так: тыя атачалі бедняка, лізалі яго раны, суцяшалі яго сваёй прысутнасьцю. А ў вачах багатага і бядняк, і зьвяры былі роўныя адзін аднаму, толькі што зьверам надавалася нешта, а бедняку — адна пагарда і забыцьцё. Але, як той казаў у адной старой рускай песьні, сузіралі душу яго анёлы Боскія; сузіралі: дзіваваліся гэтаму цярпеньню, пакоры, зьневажэньню пакорліваму, спакойнаму. І калі ён памёр, спусьціліся зь нябёсаў анёлы Боскія, узялі душу ягоную ў свае сьвятыя рукі і прынесьлі на улоньне Аўрама. На зямлі не было урачыстага пахаваньня, але на нябёсах было сьвята.
Так праходзіць і наша жыцьцё паміж двума гэтымі канцамі — хто мы? Ці той багач сьляпы, нячулы, атачоны толькі сваімі, людзьмі ягонага узроўню, ягонае клясы, ягоным багацьцем, ці прыналежым мы да тых, чыю выяву мы бачым у Лазару?
І другое: словы Выратавальніка, калі багач папытаў Яго паслаць Лазара (ізноў Лазара, багач абвык, што Лазар бедны, што ім можна папіхаць, што яго можна гнаць, куды толькі захочаш, нават без слова падзякі, а проста пад пагрозай зьнявагі) да яго яшчэ жывых братоў на зямлі, папярэдзіць іх. І Выратавальнік адказаў словамі, якія і нам павінны гучаць папярэджаньнем і заклікам: Не! У іх ёсьць Майсей — г.зн. найвялікі заканадавец Ізраілю, абвясьціўшы закон ад Самага Бога, закон жыцьця; у іх ёсьць прарокі (прарок — гэта чалавек, які ад Бога кажа, Яго імем, таму што, як Сьвятое Пісаньне кажа: прарок, гэта чалавек, зь якім Бог падзяляецца Сваімі думкамі). У іх ёсьць Майсей, у іх ёсьць прарокі, — хай іх паслухаюць...
Ці не датычыцца гэта нас? Як часта, ці ў малітве, ва усім нашым унутраным і вонкавым жыцьці жадалі б мы, каб прагучала нам асабіста, толькі мне нейкае жыватворнае слова ад Бога , слова, ад якога я не магу адвярнуцца, таму што яно зьвернутае толькі да мяне і уваходзіць у маё жыцьцё не як агульнае абвяшчэньне праўды, усім даступнае, а як цуд, які урываецца ў маё жыцьцё і ад якога нельга адвярнуцца. І Гасподзь нам кажа: У вас усё Эвангельле — не толькі Майсей і прарокі, не толькі Стары запавет, не толькі старажытнае заканадаўства, але жывое слова, не ад Бога толькі, але слова Самага Бога, прыйшоўшага на зямлю. Выканаеце тое, што вам ужо сказана, выканаеце тое, што Я вам сказаў і чым Я адкрыў прад вамі шлях жыцьця. І калі вы гэта выканаеце ці хоць пачняце выконваць добрым сумленьнем, усім розумам, усім сэрцам, усім жыцьцём, тады новае слова вас дасягне, ці дакладней: Дух Сьвяты адкрые невядомыя ў дадзены час вам глыбіні гэтага Божага слова, абвешчанага Мной. А калі вы гэтаму не падпарадкуецеся, калі не прыслухаецеся да гэтага слова, то, калі і уваскрэсьне хто зь мёртвых, вы яму не паверыце.
Так здарылася зь людзьмі Старога запавету, калі уваскрэс Гасподзь. Адпрэчылі Яго, адпрэчылі Яго сьведчаньне, адмялі Яго запаведзь, сказаўшы: Не! Мы прыслухоўваемся да іншага. І перад намі стаіць тое ж пытаньне: уваскрэс Гасподзь, здарыўся найвялікі цуд. Бог увайшоў у жыцьцё целам і узьнёс нас на неба, — і мы усё ж вагаемся: ці прыслухацца да Ягонага слова, ці выканаць гэта жыватворнае слова?
Падумаем аб багачы і аб Лазары, падумаем пра папярэджаньне Хрыста: выканаеце тое, што вам ужо даступна, і адкрыецца тое, што яшчэ недаступна вам. І тады Уваскрэсеньне Хрыстова, жыцьцё, крыж, перамога зробяцца нашы, як досьвед жыцьця — больш таго: як само вечнае Боскае жыцьцё, якое б'е ключом у нашых сэрцах, што адукоўвае розум, якае робіць нас саміх струменем жыцьця вечнага дзеля іншых. Амін.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.