сьвяціцель Мікалай Сэрбскі
61. Гасподзь, зрабі мяне ваяром жыцьця
Ваяры жыцьця, біцеся моцна і не стамляйцеся верыць у перамогу. Перамога таму даецца, чыё вока нястомна на яе накіравана. Думаючы аб паражэньні губляе перамогу зь выгляду і больш не знаходзіць яе. Малая зорка, далёкая ад погляду пільнага, расьце і набліжаецца!
Жыцьцё ёсьць перамога, дзеці мае, і ваяры жыцьця — ваяры перамогі. Пільна нясіце варту сваю, каб ніякі вораг не пракраўся праз сьцяну ў град ваш. Аднаго толькі прапусьціце, — горад здасьце. Адна толькі зьмяя запаўзла ў Рай, і Рай пеклам зрабіўся.
Адна кропля атруты ў крыві, і ўрачы прадказваюць сьмерць!
Ваяры жыцьця, змагайцеся моцна і не стамляйцеся верыць у перамогу!
Што вам карысьці, калі сьвет заваюеце, а сьвет заваюе вашы душы? Сьвет застанецца, а душы вашы загінуць. Душа — птушка палахлівая, і, калі мала, зусім мала пылі кінуць у яе, яна схамянецца і пырхне.
Душа каштоўней сьвету, таму не за сьвет - за душу біцеся. Душа — саюзьнік, больш верная, чым сьвет: зь душой саюз укладайце. Душа багацей сьвету: у ёй зьбірайце скарбы свае. Душа мацней сьвету: зь яе зрабіце крэпасьць сабе. Душа здаравей сьвету: у ёй здароўя шукайце. Душа лепш сьвету: яе ў нявесты вазьміце. Ніва душы больш урадліва ніў сьвету: яе апрацоўвайце.
Ваяры жыцьця, змагайцеся моцна і не стамляйцеся верыць у перамогу!
Нячысьціка нячысьцікам не выганіце, бо адзін зь іх застанецца ў доме вашым.
Выганяйце нячысьцікаў імям Божым. І нячысьцік уцячэ, а Бог застанецца.
Не згасіце полымя полымем, бо толькі больш моцна разгарацца яно і згарыць ваш дом разам зь домам ворага вашага. Вадой полымя гасіце і згасіце.
Не паднімайце сьмерць супраць сьмерці, бо памножыце жніво нівы яе. Жыцьцё супраць сьмерці падніміце, і сьмерць растане, як цень ад сьвятла сонечнага.
Ваяры жыцьця, змагайцеся моцна і не стамляйцеся верыць у перамогу!
Мэта ваша адна, яна ж ёсьць і зброя ваша. Калі за жыцьцё змагаецеся, ад жыцьця вянца славы чакайце.
Ды не маеце ні дзьвюх мэт, ні дзьве зброі. Калі мэта ваша — сьмерць, яна ж і зброя, калі мэта — жыцьцё, жыцьцё і зброя. Дзе б ні зьмяшаліся жыцьцё і сьмерць, за сьмерцю перамога застанецца.
Ды не чакайце ўзнагароды ад двух бакоў, бо адзін зь іх – сьмерць.
Ды не служыце двум гаспадарам. Бо аднаму зь іх імя – сьмерць.
Усім дзеля жыцьця ахвяруйце і ўсяго ад жыцьця чакайце. І жыцьцё дасьць вам усё.
Зваяваўшы жыцьцё, сапраўды, найбагаты з гарадоў заваяваў. І атрымае ён у градзе тым скарбаў больш, чым вокам ахапіць здолее, сэрцам пажадаць і ў сьне убачыць.
Ваяры жыцьця, змагайцеся моцна і не стамляйцеся верыць у перамогу!
62. Гасподзь, ад ганарыстасьці пазбаў мяне
Гасподзь, хто ў сьвет грэх прынёс, так што захварэў сьвет і зрабіўся здабычай сьмерці?
Праз браму розуму грэх у сьвет увайшоў. Праз розум кропля атруты пранікла ў сэрца і душу.
Згубіўшы сьвятасьць і дзявоцкасьць не траісты ўжо – адзіны, адпадзе розум ад Сьвятой Тройцы і робіцца чацьвёртым, імя якому – нябыт. І думае аб зямным, не аб Боскім.
Адпаўшы ад дзявоцтва душы і сьвятасьці сэрца, робіцца ён ценем Сына Боскага, вываратам Мудрасьці. Цемраю кладзецца цень на розум і сэрца. І калі усе трое апускаюцца ў цемру і тлен, утворыцца не сьвятая траістасьць, цень Сьвятой Траістасьці, гэтак жа як нябыт – прывідны цень быцьця.
Чым у пачатку награшыў розум чалавечы, Гасподзь, якім грахом прынёс ён пакуту і катаваньне ўсяму роду чалавечаму?
Першы грэх розуму – самаспакушэньне, другі – ганарыстасьць. Пачуцьці прыкавалі чалавека да ілжывага, і ілжывае розум прыняў за праўду.
Самападман адлюстраваньне поўні ў возеры за сапраўдную поўню прымае і сьпяшаецца злавіць адлюстраваньне.
Самападман вяроўку за зьмяю прымае і ўцякае ад яе.
Самападман сабакі бачыць адлюстраваньне сабакі ў вадзе і прымушае гаўкаць на адлюстваваньне.
Самаспакушэньне аб паўнаце цялеснага жыцьця сьвецкага прымушае розум прыдаваць вагу сьвету ілжываму і затуляе ад яго сьвет праўдзівы.
Сапраўды, самаспакушэньне розуму ёсьць першы грэх. І гэты першы грэх уступае ў шлюб з ганарыстасьцю, ад якога нараджаюцца ўсе гразі і ўсё зло, прычыняючае катаваньні і пакуты.
Гасподзь мой, як ўсьлед за самаспакушэньнем нараджаецца ганарыстасьць?
Першаадкрывальнікі раней невядомага заўсёды напаўняюцца гонарам.
Падмануўшыся розум адкрывае нешта новае і невядомае. Ах, каб ён ведаў, што адчыняе труну сваю! Самаспакушэньне падмяняе сьвет праўдзівы ілжывым, выяўляе яго адкрыцьцём новага. Якой згубнай цемрай зробіцца дзеля яго адкрыцьцё гэтае! Адкрываючы сьвет ілжывы, самаспакушэньне зачыняе сьвет праўдзівы і паказвае яго нерэальным.
Гасподзь мой, Адзіны Існуючы, выратуй розум мой ад грахоў гэтых пякельных.
Уладар і Падаўца ўсяго, што маю і што ёсьць, пазбаў мяне ад ганарлівасьці – згубы неразумных і бяздумных.
63. Гасподзь, сэрца свае прыношу Табе, Падаўцы
Які прыгожы праўдзівы Сын Божы! Той, Які не ад ценю, а ад сьвятла. Той, Які ад Тройцы праўдзівае, а не ілжывае.
Як спачывае мудрасьць Ягонае на дабрашчасным дзявоцтве і ўсясільным сьвятле, быццам купал храму на сьценах мармуровых!
Уладарства, Сілы і Ўлады не зводзяць зь Яго вачэй сваіх. Пачатак, Архангелы і Анёлы служаць Яму.
Быццам бруі малака і мёду, у зямлі абяцанае цякучыя, так цячэ мудрасьць зь вуснаў Ягоных.
Дзе скарб ваш, там і сэрца ваша. Не пытаю, што маеце, пытаю: хто вы? Калі вы дзеці сьвятла і ні ў адным з членаў вашага цела не затаілася цемра, тады маёнтак ваш – Айцец сьвятла.
Шчасьлівыя вы, калі ўвесь маёнтак ваш у Айцы сьвету. Кажу вам: і быцьцё ваша будзе і ў быцьці Ягоным. Вы, меючыя на зямлі маёнткі вялікія, апасайцеся, каб не зрабіцца вам маёнткам маёнтку вашага.
Апасайцеся, каб тое, чым вы ад пачатку былі, не пераўтварылася ў тое, чым зрабіліся ўчора. Бо зробіцеся рабамі цемры і сьвятло забудзе вас.
Маёнткі зямныя і родзічы – ворагі вашы. Яны вас да сьвету прывязваюць і браму нябесную зачыняюць.
Не хавайце сэрца свайго пад маёнткам зямным, бо спарахнее яно пад ім. Падаруйце сэрцы свае Богу, у дар Падаўцы, і зробіцца маёнтак ваш рабом пакорлівым, а не грозным гаспадаром.
Не аддавайце сэрца вашага родзічам, бо паглынуць яго і патрабуючымі застануцца.
Але перадайце яго Духу Сьвятому. Ён так нагадуе родзічаў вашых, што назаўсёды пазбавяцца прагі. І зробяцца яны вам родзічамі не толькі па плоці і крыві, але ў Духу Сьвятым. А Дух Сьвяты не мае іншае блізкасьці, апрача вечнай.
Выбірай, душа мая акаянная, што жадаеш: быць альбо мець? Калі быцьцё абіраеш, маёнтак твой будзе не меней маёнтку Боскага. Калі абярэш маёнтак, быцьцё твае будзе як адлюстраваньне поўні на гладзі азёрнае.
Сын Божы, дапамажы душы маёй, ды не падманецца, ды згубы не абярэ.
64. Гасподзь, Сын Божы, Багародзіцай памілуй нас, грэшных
Усячыстая Маці Боская, адкуль нячысьцікі зьяўляюцца?
Ад жанчыны нячыстае; ад шлюбу яе брыдкага зь сынам уласным. Розум брыдкі апаганьвае душу – маці сваю, і нячысьцікі пасяляюцца ў душы брыдкае, галоўная ж іх крэпасьць – сэрца.
З крэпасьці сваёй нячысьцікі зь запалам нападаюць на бацькоў сваіх і памнажаюцца ў розуме і душы.
Колькі ж нячысьцікаў, Маці Боская?
Няма ім ліку, у шмат разоў перабольшваюць яны лікам духаў чыстых. Бо прад імі яны бясьсільны, быццам цень. І ў легіёны яднаюцца супраць духа чыстага, супраць аднаго духа дзявоцкага.
Найбольш яны множацца сярод тлену і гнілі, зь найбольшым злом на дзявоцтва нападаюць, на дзявоцкае ў душы і целе, розуме і сэрцы мужчын і жанчын.
Колькі ў сэрца жаданьняў грахоўных, асалоды атрутнае, страху і нянавісьці да нябеснага, гэтулькі ж у ім і духоў нячыстых.
Колькі ў розуме ілюзій аб сьвеце, ці ва уяўленьнях і паняцьцях, у марах ці словах, гэтулькі ж у ім і духоў нячыстых.
І кожны нячысьцік сее насеньне сваё ў розуме. І кожны нячысьцік сее насеньне сваё ў сэрца. І усе яны, захапіўшы розум і сэрца, сеюць насеньне сваё нячыстае на ніве волі. А заняволіўшы душу, галоўнай цьвярдыняй сваёй яе робяць і памнажаюцца ў ёй, нібы цені на сьвятле сонечным.
Адзін ад іншага памнажаюцца, без парадку і закону — ворагі выклятыя закону і парадку! І мераюць сілы свае хітрасьцю і колькасьцю і сьвяткуюць перамогу не па доблесьці. І дробняцца, як пясчынкі, і няма ім ліку.
Не зь любові адзін да аднаго памнажаюцца — памнажаюцца зь сябелюбнасьці сатанінскае. І асалоды не адчуваюць яны ад існаваньня свайго: барацьба за перавагу і правы свае паглынае увесь час іх. Гора чалавеку, што зрабіўся полем іх бітвы!
Што за плады прыносіць чалавеку дзея нячысьцікаў, Маці Боская?
Прыносіць яна хваробы чалавеку унутранаму, а усьлед за ім і вонкаваму. Грэх — насеньне хваробы. Насеньне граху расьце буяна, нібы пустазельле.
Усе хваробы чалавечыя — плод граху. І сьлепата, і глухата, і немата, і усякая хвароба. Дзіўна сказаць, і сьмерць — хвароба, сьледзтва таго ж чыньніку, ад таго ж чарвяка гніеньне.
Маці Боская Ўсячыстая і Ўсясьветлая, вызвалі нас ад нячысьцікаў, памый нас ад усялякага граху, вылечы ад хвароб міласьцю Сына Твайго і сілай Сьвятога Духа.
З гною брыдкага на каленях заклікаем да Цябе: зьзяньнем Тваім папалі тлен і спарахнеласьць, сьціскаючыя нас, Маці Боская!
65. Гасподзь, прымі малітвы за нас, грэшных
Да вас малюся, палымяныя Серафімы: хто першым адчуў прысутнасьць Сына Дзевы ў сьвеце?
Нячысьцікі адчулі першымі прысутнасьць Яго і страхам напоўніліся. За страхам накіроўваецца рабалепства, за рабалепствам — дзёрзкасьць. Сапраўды, злыдні і злачынцы трапечуць пры зьяўленьні судзьдзі і пазнаюць яго першымі.
Праведніку невядомы судзьдзя, бо не падумвае пра яго і яго не чакае. Грэх не прымушае яго аглядацца і чула уздрыгваць у страху ад зьяўленьня ягонага.
Да вас малюся Херувімы: адкрыйце, як адчулі нячысьцікі прысутнасьць Сына Дзевы ў сьвеце?
Як цемра сьвятло адчувае. Што да сьвятла найболей адчувальна, калі не цемра? Камяні, і кветкі, і жывёлы сьпяць досьвіткам і не адчуваюць набліжэньні дня, цемра ж адчувае блізкасьць пажыральніка свайго і ў трывозе да уцёкаў рыхтуецца.
Так і нячысьцікі перш усіх на зямлі народжаных, якія былі чысьцей нячысьцікаў, пазналі пра набліжэньне Сына Дзевы.
Да вас малюся, Пасады: адкрыйце, як перамог нячысьцікаў Сын Дзевы?
Толькі над зямным выяўляюць нячысьцікі сілу сваю. Неба пазірае на іх, як на зло, загадзя пераможанае. Калі гаспадар прыходзіць на ніву сваю, злодзеі, пабачыўшы яго, бягуць да агароджы і шукаюць шчыліну, каб выскачыць.
Да вас малюся, Сілы і Ўладарства: якія чатыры перамогі, Сынам Дзевы ў сьвеце зьдзейсьненыя?
Чатыры перамогі гэтыя ў зьнішчэньні чатырох злоў, адно зь іншага сьцякаючых, нібы рака каламутная з каламутнай крыніцы.
Першая перамога – над нячысьцікамі, ад якіх паходзіць грэх.
Другая перамога – над грахом, ад якога паходзіць хвароба.
Трэцяя перамога – над хваробай, ад якой паходзіць сьмерць
Чацьвёртая – над сьмерцю.
Да вас малюся, Улады і Пачаткі: адкрыйце, якая зь Ягоных перамог найбольшая?
Ніводная не больш іншых і не менш. Але першая ёсьць першая, а апошняя — апошняя. Другой не магло быць без першай, трэцяй без першай і другой, чацьвёртай без першых трох.
Усе чатыры адзіную чатырохкратную перамогу складаюць, якая асьвяціла усход, захад, поўнач і поўдзень, увесь сьвет існы.
Да вас малюся, Архангелы і Анёлы: адкрыйце, хто можа атрымаць мілату перамогі Сына Дзевы?
Той, хто здольны пазнаць яе, ды пазнае, ды адчуе і ды ўспрымею
Той, хто пазнае, ды пакланяецца Яму дзень і ноч.
Той, хто адчуе, ды заплача ад радасьці, што адчуў яе, і зарыдае ад сораму, што адчуў так позна.
Той, хто атрымае, ды пахавае ў сябе сына жанчыны і сам зробіцца сынам дзевы.
Да вас малюся і пакланяюся, хары мучанікаў сьвятых і сьвяціцеляў, пазнаўшых і атрымаўшых мілату перамог Ягоных. Са ўсімі Сіламі Нябеснымі маліцеся Яму за нас, грэшных, стаячых на поле бітвы.
66. Гасподзь, усынаві слуг Сваіх
Усясьвятая Багародзіца, зямля нам мачаха і як мачаха на нас глядзіць. Глядзіць на нас як на пасербаў, як на прышэльцаў і падкідышаў, пакуль не зробіць нас рабамі сваімі.
Дзень і ноч на яе хілім сьпіны, яна ж плаціць нам сваім худым маёнткам — грахамі, хваробамі і сьмерцю. Хто толькі яе хлебам сілкуецца, не пазнаць таму сытасьці. І чым больш есьць, тым больш прагне. І чым руплівей скача пад дудку яе, тым усё больш вялікі смутак душыць сэрца ягонае.
Быццам зьвер, у пастку патрапіўшы, капае зямлю усё глыбей, спрабуючы выратавацца, і, ад выратаваньня выдаляючыся, думае, што усё бліжэй да яго.
Такія, сапраўды, і дзеці зямныя, залішне надзею маюць на працы зямныя і па працах сваім судзячыя аб блізкасьці выратаваньня.
Навошта усё глыбей у прах сябе закопваеце? Дзеці чалавечыя, выратаваньне ваша засталося за сьпінамі вашымі.
Кажаце: вось трохі яшчэ засталося нам капаць, і выйдзем да сьвятла. Мяне паслухайце: наколькі паглыбіцеся ў зямлю, настолькі далей ад сьвятла будзеце.
Кажаце: вось яшчэ заўтра і яшчэ адзін дзень, скончым мы некаторыя справы свае, і царства дабра будзе пабудавана. Мяне паслухайце: усе будынкі вашы з праху зямнога упадуць на галовы вам, а заўтра зноў пакутліва руіны раскопваць будзеце, каб выратаваць свае галовы.
Бацькі вашы таксама сябе суцяшалі і памерлі сярод руінаў і спраў няскончаных.
Лесьвіца патрэбна вам, не што іншае, як лесьвіца. Каб падняцца зь ямы, у якую зваліліся. Каб бегчы з халодных абдымкаў мачахі.
Дзева ёсьць лесьвіца. Трымае Яна сьвечку нябесную, каб паказаць вам шлях зь цемры. Празорлівая Яна і ведае тое, што вамі забытая. Адкінула Яна зямлю і пасябравала зь небам. Не мае ў сабе цемры, апранутая Яна ў сьвятло. Скрозь Яе неба глядзіць на вас. Скрозь Яе вы неба убачыць можаце. Асьцярожная Яна да парад вашых; у Яе розуме праўда, у Яе улоньні мудрасьць нябесная, полымя сьвятое ў сэрцы Яе.
Зь Яе зыходзяць Лекар і лекі. Ад Яе зыходзяць і Шлях, і Указальнік. Яна Маці, а не мачаха, і не абяцае сыну Свайму больш таго, што можа даць. Яе абяцаньне — дарунак Яе. Дарунак жа мачахі ў адных абяцаньнях.
Мачаха нам зямля, о Багародзіца, і глядзіць на нас як мачаха.
Вэлюмам чорнай схавала Цябе ад вачэй нашых, каб, не бачачы Цябе, мы думалі, што Ты мёртвая. Таму род чалавечы стагодзьдзямі туліцца да мачахі і цалуе руку яе цьвёрдую.
Маці Боская, зазьзяй тварам Сваім, і ўцячэ мачыха, і рабы зробяцца дзяцьмі.
67. Гасподзь Нябесны, прымі душу маю як слугу Сваю
Індус праклінае карму. Мусульманін праклінае кісмэт (лёс). Хрысьціянін праклінае грэх. Усё праклінаюць праклён свой, бо, сапраўды, усякі праклён ёсьць няволя.
Усе праклінаюць няволю сваю, праклён няволі – адзіны дабраслаўлёны праклён.
Усё паўстаюць супраць попелу, які засмоктвае, падобна багне, і сьвяткуючага перамогу сваю. Але не любяць гульцы гульца з тым, хто яго слабей, і чакаючага перамогу сваю над ім.
Не праклінае індус няволю — праклінае заняволеньне таму, што ніжэй яго. Не праклінае мусульманін няволю — праклінае заняволеньне таму, што ніжэй яго. І хрысьціянін не праклінае няволю, праклінае заняволеньне таму, што яго ніжэй. Ніводны не паўстае супраць гаспадара як гаспадара, але пярэчыць панаваньню таго, што ніжэй яго.
Сьвет гаспадара шукае і ў пошуку яго трапляе пад пяту рабоў і, атрымліваючы ад іх у ежу тлен, бунтам спрабуе даказаць годнасьць сваю.
І трымаў я раду зь сабою, запытваючы: хіба немагчыма скінуць з плячэй сваіх няволю сваю — гару вельмі высокую, старажытную, як сьвет, і, як сьвет, цяжкую, хіба немагчыма скінуць яе з плячэй сваіх?
Хіба немагчыма малой кроплі вады адшукаць шлях з-пад гары да сьвятла белага? Хіба немагчыма полымю ў нетрах горных пракласьці сабе шлях і да вяршыні вырвацца, дзе чакае яго сонца?
І зноў трымаў я раду зь сабою, запытваючы: хіба немагчыма зрабіцца праклёнам праклёну? Хіба немагчыма паганятаму вярблюдаў выратаваць сябе і жывёл сваіх ад самуму, вярнуўшыся са шляху, дзе няма аазісаў?
Хіба немагчыма сыну ўвайсьці ў маёнтак бацькі свайго зь уладай бацькі?
Хіба немагчыма выканаўцу закону зрабіцца заканадаўцам?
І зноў раіўся я зь сабою, запытваючы: хіба немагчыма пакінуць табе ніву граху, дзе насеньне адзінае дае жніво найвялікае?
Хіба немагчыма знайшоўшаму ніву лепшую кепскую пакінуць?
Хіба немагчыма таму, хто пазнаў злачынца ў сваім спадарожніку, назад павярнуць і ўцякаць ад яго?
Уладар Нябесны, прымі душу маю ў слугі Сябе. Гэта свабода мая адзіная, ды Таму служу, Хто мяне вышэй.
68. Гасподзь, пераўтвары клопаты мае ў маленьні
Слугі лянотныя! Вось што гаворыць Гасподзь жыцьця і Пераможца сьмерці:
Ці можаце рост свой павялічыць хоць бы на локаць? Ці можаце хоць адзін волас свой белым ці чорным зрабіць? Калі і гэтага не можаце, што ж пра большае думаеце?
Гаспадар, слуг наймаючы, дае ім ніву, і прылады, і ежу. Наколькі ж больш Айцец ваш Нябесны слуг сваіх адорвае.
Слугі лянотныя, Гасподзь дае вам сілу служыць, таму не вы служыце, але Гасподзь праз вас служыць.
Калі б маглі вы адзіную службу без Бога саслужыць, былі б багі і Бога б не было. Калі б маглі, адняўшы жыцьцё адзінае, уваскрэсіць памерлага без прысутнасьці Боскае, былі б вы багі і Бога б не было.
Калі скончыце службу сваю, Гасподзь скончыў службу Сваю, вы ж – слугі лянотныя.
Сказаў я нагам сваім: не сваёй сілай вы ходзіце, і рукам: не сваёй сілай ствараеце, нэрва сказаў: не сваёй сілай адчуваеце, і сказаў розуму свайму: не сваёй сілай думаеш.
Уся асьцярожнасьць мая не можа жыцьцё мне захаваць і ў адну ноч непраглядную. І уся праца жыцьця майго не дасьць мне і на адзіны дзень пражытку.
І хлебу сказаў я: не ты сілкуеш мяне, але Той, Які зрабіў цябе сілкавальным. І вадзе сказаў: не ты поіш мяне, але Той, Які з табою ў мяне уваходзіць нябачна. І сказаў сьвятлу: не ты сьвеціш мне, але Той, у Каго запазычаеш.
Дзеці зямныя, усе вы слугі лянотныя. Стыхіі прыродныя, усе вы слугі лянотныя. І вы, сьвяціла нябесныя, усе вы слугі лянотныя. Дарэмна служэньне ваша, калі не служыць Нехта, Хто вас мацней.
Ілжывыя абяцаньні вашы, калі не выканае іх Нехта, Хто шчадрэйшы за вас.
Усе клопаты вашы нібы цёрн, што самі на шляху сваім сееце. Не выклічуць яны ні кроплі дажджавой, але зробяць засуху больш засушлівай. Не дадаюць яны жыцьця, але памнажаюць немачы.
Слугі лянотныя, у малітвы зьвернеце клопаты свае, як лёд зьвяртаецца ў ваду беглую, і пажынаеце жніво нечаканае. Моліцеся Гаспадару жніва і тады спазнаяце, калі клопаты вашы былі марныя і згубныя.
Што карысьці жалейкі турбавацца пра тое, ці засьпявае? Не вырабіць клопат яе ні гуку адзінага, пакуль музыка не прыкладзе яе да вуснаў сваім.
Уважайце сябе нічым, не шукайце правоў сябе – і ўсё вам будзе дадзена.
І калі выконваць пачнеце і спазнаяце, будзеце ужо не слугамі лянотнымі, а весьнікамі і сынамі Айца і апране вас Айцец у золата і парфіру славы Сваёй.
69. Гасподзь, дапамажы мне нанава нарадзіцца
Тройца Адзінасутная, дапамажы мне нарадзіцца нанова. Дарма пакутаваю, імкнучыся ачысьціцца ў рэчышчы, поўным бруду, па якім цячэ рака жыцьця майго. Не абараніцца мне ад струменяў каламутных, сьцякаючых зь даліны ў рэчку маю.
Узьвядзі мяне на гару высокую і зноў зрабі мяне крыніцай чыстае. Даю зарок Табе: пацяку па камянях горных і не забруднюся больш. Адлюструеш Ты твар Свой у мне і пазнаеш яго. Анёлы Твае пачнуць спускацца ў мяне і бруд не адчуюць.
Ніводная вярба не кіне цені на ваду маю, і ніводная зьмяя не адважыцца плыць па вірах маіх ледзяных.
Дапамажы мне толькі пачаць спачатку. Даю зарок Табе — саткаць новую рызу зь нітак новых. Даволі я намучыўся, латаючы вопратку старую новымі латамі. Адрываліся латы, рассыпалася старызна, і галізна нячыстая ударала сорамам па твару.
Рыкшы мудрыя ў падножжа гор Гімалайскіх разважаюць пра новыя нараджэньні; кажуць, іх лік перавышае лік пясчынак марскіх. Але навошта нараджэньні гэтыя, калі падобныя яны браме, скіраванай зь вязьніцы ў вязьніцу?
Пра адно нараджэньне малю Цябе — пра нараджэньне ад Духа. Народжаны я ад вады і хрышчоны вадою і цяку па зямлі каламутным струменем.
Гэта нараджэньне ад вады толькі правобраз нараджэньня ад Духа. І хрост вадой – правобраз хрышчэньня полымем.
Вадой гартуюцца ваяры – Духам пераможцы ствараюцца.
Не дапусьці, Гасподзь, ваяру Твайму да канца жыцьця змагацца і скончыць змаганьне сваё паражэньнем.
Ды народзіцца ва мне пераможца, які не завагаецца ні на міг, што народжаны дзеля перамогі.
Вада нараджае войска паражэньня, Дух нараджае войска перамогі.
Тройца Адзінасутная, дапамажы мне нарадзіцца нанова. Ды зьявіцца ў мне чалавек, які ён у задуме Тваім ад пачатку часоў, — сілаю Тваёй падперазаны, мудрасьцю Тваёй увянчаны, чысьцінёю Тваёй азораны.
Каб ўваходзіў Ты праз вочы мае, а не сьвет.
Каб толькі Цябе сэрца маё прагнула.
Каб толькі ад Цябе душа мая ва ўлоньні сваім мела.
Не пакінь мяне. Тройца Усясьвятая, ды не памру я старым чалавекам, ды не разарвуся, як вопратка старая, дарэмна латаная ды так і не залатаная.
Сьвет старасьць унёс у душу маю. Па усёй душы пячатак сваіх наставіў, каб хварэла ад іх яна, каб памерла, страхамі перапоўніўшыся.
Калі народзіцца зноў душа мая ў костках маіх, тады і косткі здабудуць сілу і маладосьць. І адна толькі пячатка у душы маёй будзе — пячатка Духа Сьвятога. Дарэмна сьвет будзе намагацца затаўраваць мяне, нібы авечку: не знойдзе ён месца для таўра свайго. Бо Тваёй пячаткай нованароджаны адзначаны будзе, Тваім жыцьцём напоўнены, Тройца Адзінасутная Жыватворчая.
70. Гасподзь, пакорай напоўні сэрца маё
Напоўніўся сапраўды міру, о Слава сусьвету вышэйшага, і гнеў зямлі няздольны парушыць яго.
Мала ў сьмяротных міру, таму і гнеў памнажаецца. У нетрах ганарыстасьці гнеў стварае гняздо сябе, у нетрах гневу ляжыць забойства.
Усялякі грэх вядзе да забойства, але ні адзін грэх не стаіць да забойства бліжэй гневу.
Блізарукія законы зямныя не караюць гнеў, бо забойцы не бачаць у ім. Твой закон празорлівы, Слава сусьвету вышэйшага, гнеў забойствам называе.
Дзень і ноч, пад сонцам і пад месяцам, спрабую пранікнуць у таямніцу закону Твайго. З таго часу як спробы мае зьнясілілі надзеі мае зямныя, адчуваю, як забівае мяне гнеў суседзяў маіх.
Рабы – дзеці гневу, сыны – дзеці міру. Таму прамудрасьць Твая і кліча няспынна: сынамі зрабіцеся!
Бо сын на твар бацькі глядзіць і па яму свой твар выпраўляе. І калі пабачыць твар бацькі мірным, як, не адвярнуўшыся ад яго, здолее сказіць свой твар гневам? Гнеў двум нямогласьць прыносіць: таму, хто ў гневе, і таму, на каго гнеў выліваецца. А нямогласьць – папярэдніца сьмерці.
Цудатворца сярод дзяцей гневу цуду не зьдзейсьніць, бо нямогласьць ахінае яго ў іх прысутнасьці.
Сябры мае, чаму вы моц адчуваеце сярод любячых вас і нямогласьць сярод тых, у каго прысутнасьць ваша гнеў выклікае?
Не таму лі, што любячыя жыцьцё дадаюць, а гнеўныя варуюць жыцьцё?
Таму і палюбіў я быць з Табой, Слава сусьвету вышэйшага, бо толькі ў Тваёй прысутнасьці я не забіваю і мяне не забіваюць.
Таксама як кропля за кропляй разбурае вада скалу непрыступную, так разьядае гнеў жыцьцё абодвух.
Быццам забойца ў засадзе, так захаваўся гнеў у сэрцы ганарлівам.
Сапраўды, перабольшваньне ганарлівае ведае віну сваю, таму і паставіла гнеў на абарону, каб ахоўваў яго.
Ведае перабольшваньне ганарлівае віну сваю, таму і зрабіла іншы грэх адвакатам сваім.
Пакорай сэрца маё напоўні, о Слава сусьвету вышэйшага, пакорай Анёла, прад Тваім пасадам стаячага. Бо няма ў пакоры дзеля гневу ні начлегу, ні сховішча.
Дай мне пакору сына і засаромлюся на рабоў гневацца і забіваць.
Апрані мяне ў браню міру Твайго, яе ж гнеў гняўлівых не пахісьне.
No comments:
Post a Comment
Note: Only a member of this blog may post a comment.