Friday, November 5, 2010

МАЛІТВЫ НА ВОЗЕРЫ (працяг 4)

сьвяціцель Мікалай Сэрбскі
41. Гасподзь, дапамажы радасна посьціць і радасна надзею мець
Постам радую надзею сваю на Цябе, надыходзячы Гасподзь.
Пост робіць хутчэйшае падрыхтоўку да прыходу Твайго, адзінае чаканьне дзён і начэй маіх.
Пост зьмяншае плоць маю, каб рэшту было лягчэй духам асьвяціць.
У чаканьні Цябе не жадаю крывёй сілкавацца, нейкага жыцьцё адымаючы, каб радасьць чаканьня падзялілі са мной і жывёліны.
Але, сапраўды, не выратоўвае мяне толькі ўстрыманьне ад ежы. Нават калі адным жвірам азёрным сілкавацца буду, не прыйдзеш Ты да мяне, калі пост не ўвойдзе глыбока ў душу маю.
У малітве адкрылася мне, што пост цялесны – сымбаль посту сапраўднага, карысны пачаткоўцам у надзеі на Цябе, але абцяжарваючы дзеля таго, хто толькі ім абмяжуецца.
Таму і далучыў я да посту душу сваю, каб ачысьціць яе ад мноства жаніхоў дзёрзкіх і, быццам нявесту, падрыхтаваў дзеля Цябе.
І ўнёс пост і ў розум свой, каб выгнаць зь яго мары аб сьвецкім і разбурыць усе замкі паветраныя, узьведзеныя зь мараў гэтых.
Каб розум мой вызваліўся ад сьвецкага і падрыхтаваўся прыняць мудрасьць Тваю.
І ўнёс я пост у сэрца маё, каб забіць у ім усе запалы і любасьці сьвецкія.
Каб сьвет нябесны невымоўна авалодаў сэрцам маім, калі сыдзе на яго Дух Твой палымяны.
І наклаў я пост на язык свой, каб адвык ён ад шматслоўя і стрымана прамаўляў тыя словы, якія пракладаюць шлях дзеля прыходу Твайго.
І зьвязаў я постам клопаты свае, каб адагнаў ён іх, быццам вецер, адганяючы туман. Каб не стаялі яны сьцяной моцнай паміж Табой і мной і не павярталі да сьвецкага позірк мой.
І пост прынёс у душу маю пакору прад сьветам створаным і няствораным, і сьціпласьць прад людзьмі і прад усімі стварэньнямі. І ўліў у душу маю храбрасьць, аб якой ня ведаў, пакуль ўзбройваўся усёй зброяй сьвету.
Чым была б надзея мая без посту, калі не пустаслоўем, прайшоўшым праз шматлікія вусны, пакуль не дасягнула маіх?
Ілжывы пост спадарожнічае надзеі ілжывай, адсутнасьць посту спадарожнічае безнадзейнасьці.
Але, быццам кола, ідучае ўсьлед колу, праўдзівы пост крочыць за надзеяй праўдзівай.
Дапамажы мне, Гасподзь, радасна посьціць і радасна надзею мець, Радасьць з радасьцяў і сьвятаў Сьвята, крочачы да мяне зь усьмешкай сонечнае.
42. Гасподзь, калі галубку кармлю, Цябе частую
Любоў мая не сьпіць, не стамляецца. Той, Каго люблю і чакаю, будзе да мяне ў асяродзьдзі сьвіты нябеснай. Як жа спаць мне і як дбаньне можа змарыць мяне?
Не сплю, слухаючы прыпавесьці людзей і прыслухоўваючыся да прыпавесьці стварэньняў бязмоўных: ці не адгадаю ў іх таемнае пасланьне ад любові маёй? Не займаюць мяне прыпавесьці дзеля прыпавесьці альбо дзеля апавядальнікаў іх, толькі дзеля Цябе.
Нібы чалавек, страціўшы голас і ў пошуках яго слухаючы чула галасы чужыя: ці не адшукаецца свой, ён у кожным голасе знаходзіць толькі ноткі свайго, але ні ў адным няма усёй поўнасьці ягонае.
Нібы чалавек, разьбіўшы далікатнае люстэрка і шукаючы адлюстраваньні твару свайго ў тварах людзей, жывёл і прадметах, ён усюды знаходзіць рысы, падобныя з тварам сваім, але нідзе не бачыць яго ў цэласьці.
Услухоўваюся ў шматгалосьсе, напаўняючае сусьвет, у надзеі пачуць голас любові сваёй. Узіраюся ў выявы, насельнікаў сусьвету — ад белай галькі на беразе возера да калясьніцы сонечнай, у надзеі убачыць выяву любові сваёй.
І ніхто не абмане надзей маіх, але кожны ў меру веданьня гаворыць аб Табе.
Калі людзей пытаю, адказу ад Цябе чакаю. У галасах стварэньняў бязмоўных да Твайго голасу прыслухоўваюся. У прыгажосьці прыроды Тваёй прыгажосьці шукаю.
Калі людзі задуменным застаюць мяне, здаецца ім, што думкі мае пра іх, я ж пра Цябе думаю. Калі бачаць стараннасьць маю, думаюць, што дзеля іх праца мая, я ж дзеля Цябе працую.
Каліі прырода чуе імя сваё на вуснах маіх, здаецца ёй, што песьня мая аб ёй, я ж аб Табе сьпяваю.
Калі голуба кармлю, Цябе частую. Калі ягня лашчу, Цябе лашчу. Калі сонцу усьміхаюся, усьмешка мая скрозь сонца прабіваецца, пакуль не сустрэнецца з Тваёй усьмешкай. Калі лілею беласьнежную цалую, скрозь сем сьветаў пасылаю пацалунак да падножжа ног Тваіх.
Дбаньне любові маёй ідзе разам зь малітвай веры і пастом спадзяваньня. І ніхто з іх адзін без аднаго не засынае і не абуджаецца.
Усе справы розуму майго веры служаць. Усе справы сэрца майго надзеі служаць. Усе справы душы маёй любові служаць. Калі голуба кармлю, Цябе частую, любоў мая.
43. Гасподзь, Цябе дзень і ноч заклікаю
Ніякага злу не могуць задаць мне людзі, калі няма ва мне месца ўражанага.
Бачыў я дзьве пячоры: у адной з іх жыло рэха, іншая была нямая. Наведвалі тыя пячоры людзі: у першай дзеці цікаўныя тоўпіліся, перагукваючыся зь ёй, іншую ж хутка пакідалі наведвальнікі, бо не атрымлівалі адказу.
Калі пакрытая язвамі душа мая, на усякае зло будзе адгукацца яна. І зраблюся пасьмешышчам для людзей, і усё больш будуць яны назаляць мне насьмешкамі сваімі.
Але няздольныя нашкодзіць мне зласлоўныя, калі язык мой забудзецца прамаўляць злыя словы.
Не засмуцяць мяне і насьмешкі, калі няма насьмешкі ў сэрцы маім, каб адклікнуцца, быццам бубен казла.
Не адкажу я на гнеў гневам, калі гняздо гневу апусьцее ў душы маёй, і некаму будзе прачнуцца ў ім.
Не ўразіць мяне аніякі запал чалавечы, калі мае запалы пераўтворацца на залу.
Не засмуціць мяне нявернасьць сяброў, калі Цябе абраў я сябрам сваім.
Не пераможа мяне няпраўда сьвету, калі выгнана будзе няпраўда зь думак маіх.
Не спакусяць мяне ілжывыя духі сьвецкае асалоды, гонару і ўлады, калі душа мая будзе чыстая, як нявеста, смуткуючая аб Духу Сваім і Яго адзінага прымаючая.
І нікога не сьпіхнуць людзям у пекла, калі сам сябе не сьпіхне. І нікога людзям на плячох сваіх не ўзвысіць да пасаду Боскага, калі сам не ўзвысіцца.
Калі не адчыню вокны душы маёй, аніякі бруд не наляціць у яе.
Хай уся прырода паўстане на мяне, бясьсільная яна супраць душы маёй, хіба што да тэрміну зробіцца труной цела майго.
Усякае насеньне пасыпаецца гноем, каб хутчэй усходзіла і расло. Калі душа мая, на жаль, пакіне дзявоцтва сваё і прыме насеньне мірскае, павінна будзе прыняць і гной, што сьвет кідае на нівы свае.
Але Цябе я заклікаю дзень і ноч: усяліся ў душу маю і зачыні усе уваходы ад ворагаў маіх. Зрабі пячору душы маёй пустой і нямой, каб ніхто са сьвету не пажадаў увайсьці ў яе.
Душа мая, адзіны клопат мой, будзь на варце, адрозьнівай галасы стукаючыя ў цябе. А калі пазнаеш голас Гаспадара свайго, адкрыйся і адгукніся усёй сілай сваёй.
Душа мая, пячора вечнасьці, не давай разбойнікам уваходзіць у цябе і разводзіць вогнішчы свае ў табе. Захоўвай маўклівасьць, калі разбойнікі чакаюць ад цябе водгуку. І чакай цярпліва Гаспадара свайго. Сапраўды, прыйдзе Ён.
44. Гасподзь, ачысьці сэрца маё ад нязваных гасьцей
Глыбока спускаюся ў сэрца свае, каб пабачыць, хто жыве ў ім, апрача мяне і Цябе, Гасподзь вечны.
І са страхам знаходжу вандроўнікаў шматлікіх, ваюючых за падзел сэрца майго. Усе яны, што ад Адама напаўняюць душы чалавечыя, знайшлі сябе прытулак ў сэрцы маім.
І зразумеў я, чаго зьнемагае яно і няздольнае ні Цябе, ні мяне прыняць у кельлю сваю, але шчэміць нас, гаспадароў, да самага краю, на задворкі сялібы сваёй.
Раней чым выйсьці мне зь улоньня маці, сьвет зь ягонымі жаданьнямі ўсяліўся ў мяне.
Дорага, занадта дорага плаціў я сьвету за ласкі ягоныя, усялякі раз адрываючы і аддаючы яму частку сэрца, пакуль не перадаў яму ўсё сэрца свае і пакуль ласкі ягоныя не напоўніліся гаркатой.
Скардзяцца старыя на гады свае, гаворачы: ад шматлікіх гадоў састарэлі сэрцы нашы.
На праўду, старыя, не ад гадоў шматлікіх састарэлі сэрцы вашы, а ад жаданьняў шматлікіх.
І ў адзіноце раю я сэрцу свайму: адыдзі ад дня учорашняга, бо ён ужо адышоў ад цябе. Усе прадметы жаданьняў учорашніх не убачылі дня сёньняшняга: адны зьмяніліся, іншыя зьнявечаны хваробамі, трэція мёртвыя. Гэтак жа як не існуе і прадмета заўтрашніх жаданьняў тваіх. Бізуном сваім час хвошча статак свой, і ад удараў сьцякае ён потым і крывёй. А выявы дня сёньняшняга спакушаюць цябе, сэрца маё, перапоўненае ценямі памерлых і новымі жаданьнямі, якія заўтра таксама ў цені пераўтворацца.
Не будзі былых пачуцьцяў, бо яны гэтулькі раз прывяжуць цябе да слупа часу, колькі разоў ты абудзіш іх, сэрца маё. І зробісься рабом часу і састарэеш і памрэш раней сьмерці.
Сячы хутчэй вузлы запалу, зацягнуўшыся моцна ад зблытаных і звыклых жаданьняў і пачуцьцяў. Ніткі жаданьняў секчы лягчэй, чым моцныя вузлы запалу. Але і вузлы павінен ты расьсекчы; нават калі кроў цячэ, павінен, калі жадаеш новага маленства і юнацтва новага, больш выдатных і вечных, чым мінулыя.
Выгані зь сябе сьвет, сэрца маё, і, калі выганіш, убачыш немач ягоную. І затым паглядзі на сябе і убачыш у сабе сілу нязломную. Сьвет здаецца нам магутным да таго часу, пакуль застаёмся рабамі ягонымі.
І зробісься бязьмежным, як вечнасьць, і вечнасьць уселіцца ў цябе.
Трыадзіны Гасподзь, маючы сэрца, цемрай не ахінутае і вольнае ад сьвету, ачысьці сэрца маё ад няпрошаных прышэльцаў, цемрай яго асьляпіўшыя. Хай сэрца маё зробіцца сьветлым, і цемра, бездапаможна кружачы вакол яго, не авалодае ім.
Хай сэрца маё зробіцца сэрцам сына і гаспадара, а не сэрцам раба і злачынцы.
Дай мне сэрца Ісуса, вакол Якога цемра дарма хадзіла і ўвайсьці не здолела.
О Царыца прыгажосьці нябеснае, агарадзі сэрца маё клопатам матчыным!
Дух Сьвяты усемагутны, апладні сэрца маё нябеснай любоўю. Каб усё, што народзіцца і узрасьце, было не ад цела і крыві, але ад Цябе, Дух Сьвяты і Гасподзь мой.
45. Гасподзь, Цар мой, чую Твой шэпат таямнічы
Спускаюся глыбока ў розум свой і знаходжу ў ім жыдоў, якія заступаюць шлях Табе, сьвятланосны Цар мой. Увесь сьвет напоўнілі яны казкамі пра уцёкі свае зь царства фараона, у палоне якога і цяпер застаюцца.
І вось разгледзеў я усіх насельнікаў розуму майго і выклікнуў у роспачы: гэта не я, і не Бог мой, і не Царства Бога майго!
Усё гэта выявы і водгаласы зямныя; пачуцьці мае бестурботныя упусьцілі іх у душу маю, і нагрувасьціліся яны ў ёй.
А дзе ж я? Дзе Цар мой і Бог мой? Дзе Царства Цара майго? Няўжо ў зямлю запаветную перанесьлі вы зь сабой царства эгіпэцкае? І ў град Цара майго — увесь бруд Нілу?
Як ж горкая ежа розуму майго, калі сілкуецца ён тым толькі, чым пачуцьці сілкуюць яго! Адбіткі вонкавага і выявы зямнога, цяні ценяў, памераў жахлівых; дзе мала сьвятла, там вырасьлі жахлівыя велізарныя цені: няўжо гэта мой розум? І адкрыў я, што праца розуму майго усяго толькі узьвядзеньне прывідных будынкаў з прывідных ценяў.
І зноў я разгледзеў поле розуму свайго, дзе са шпаркасьцю павуковай будаваліся і бурыліся замкі зь ценяў, прывіды павуціньня, і засмуцілася і трымалі раду зь сабою.
Немагчымая гульня ценяў, калі няма сьвятла; ці не розум маё сьвятло гэты? Не паменшацца! тыя цені, калі павялічыцца сьвятло розуму? Але і розум мой ці не адзіная толькі нямоглая цень розуму Боскага?
Горка мне, калі розум мой, разьвітаўшыся зь целам, застанецца ў вечнасьці адзін са страшным пляценьнем сваім!
І паўтараў я ў адзіноце розуму свайму: цяпер, калі я нічога не бачу, нічога не чую, нічога не нюхаю, нічога не смакую, нічога не дакранаюся, — што цяпер напаўняе цябе, калі не прывідная гульня ценяў і успаміны пра тое, што ты чуў, бачыў, нюхаў, смакаваў, чаго дакранаўся, — усё тое, што сышло ў мінулае, зьмянілася, сказілася, распалася, памерла? З-за чаго не пахаваць табе раз і назаўжды памёршых і не бегчы, пакінуўшы іх? З-за чаго замёр ты, нібы могілкі, на якіх скачуць цені мёртвых і якія чакае новых памёршых?
Як горны Ерусалім, горад Цара майго, пераўтварыўся ў царства мёртвых і сьметнік сьвету?
Цар мой, чую шэпат Твой таямнічы і разумею, бачу сьвятло Тваё і разумею.
І калі асэнсоўваю і разумею, радасьць напаўняе сьлязамі вочы мае, і ўсклікаю: выратаваньне маё ў Госпадзе маім!
Ён сьвятло розуму майго, якому быў я ахоўнікам нядбалым і дазволіў прышэльцам пранікнуць і засмуціць сьвятло царскае.
Дапамажы мне Гасподзь, калі вызнаю, што няма іншай дапамогі, і выганю цемру і прышэльцаў цёмных з розуму майго.
Хай цемра кружыць вакол розуму майго, але ды не ўвойдзе ў горад Цара Сьвятла.
46. Гасподзь, дапамажы душы маёй пакаяньнем адрадзіцца
Глыбока спускаюся ў душу сваю, каб паглядзець, хто нараджаецца ў ёй і хто зь яе зыходзіць. Як палохае глыбіня душы чалавечай, Нявеста Ненявестная, калі чалавек вырашаецца зазірнуць у яе! Скрозь сьвятло і пекла пранікае погляд мужнага, да белых, як малако, хораў анёльскіх, што хаваюць Цябе, нібы вопратку.
Ва узрушэньні глядзеў я на незьлічоныя спараджэньні душы маёй, якія ў спалоху разьляцеліся ад мяне, нібы крумкачы зь здыхліны.
А душа мая ляжала, быццам блудлівая дзеўка з базару бабілёнскага, забыўшы аб Жаніху сваім.
У нямоглым гневе пачала апраўдвацца душа мая, па звычаі вінаватага перш абвінавачваньня апраўдвалася, кажучы: ці не нараджаю я табе сыноў? Ці не пасылаю духаў?
Я ж у сорам апрануўся і сказаў: у тым і ёсьць пагібель наша, што нараджаеш ты мне сыноў, мне ж Сын патрэбен, і духаў пасылаеш, я ж Духа патрабую.
Не сыноў нарадзіла мне ты, а рабоў і разбойнікаў. Не духаў пасылала, а брудных жыхароў пякельных.
Дзевай была дадзена ты мне пад абарону, ды прымеш ва улоньне ад Духа Сьвятога і Сына мне народзіш. Ты ж, няшчасная, не ад Бога зачала, а ад сьвету і нарадзіла не Бога, — нарадзіла сьвет.
Навошта не дачакалася ты Духа Боскага ў некранутасьці сваёй, а прыняла духаў цемры, якія ў табе размножыліся і заняволілі сэрца маё?
Створана ты быць храмам Божым, пераўтварылася ж у карчму пры шляху, дзе балююць разбойнікі.
 Навошта не нарадзіла ты Сына Мудрасьці, Які і табе даў бы сьвятло і голас, але нарадзіла сыноў зла, якія, дабраўшыся да розуму майго, і табе адплацілі цемрай і бязмоўнасьцю?
Гэта, якой плод народзіш, такі і спажываеш. І ўсё зь цябе сыходзячае, памножанае, да цябе павяртаецца.
Душа мая, калі б ты ведала, калі б ведала толькі прыгажосьць Дзевы Чыстае, Чыёй выявай павінна была ты быць у мне! Як дзівосны і моцны Дух, Яе які ахінае! Як выдатны і вялікі Сын, зачаўшыся ў Ёй! Павер, крывёй бы ты плакала, пачвара мая, таму што пячатку пачварнасьці сваёй і на цела маё ставіш.
Адмовілася б ты ад нячыстых духоў, душа мая, і прагнала б іх у статак сьвіны. І выгнала б зь дому спараджэньне сваё, што памыямі сьвінымі сілкуецца.
І пакадзіла б дом ладанам водарным, і асьвяціла б яго сьвечкамі алтарнымі.
І упрыгожыла б яго кветкамі і зоркамі. І Анёлы, падобна беласьнежнае вопратцы, атачаючыя нябесную Уладарку сваю, радасна наведвалі б цябе, несучы дабравесьце, ад якога трапятала б улоньне твае. Трапятала б улоньне твае, нібы горная раса ранішняя пад далікатнымі дакрананьнямі прамянёў сонечных.
І усьцешылася б ты, душа мая, сярод блудных душаў зямных. І нарадзіла б сына, які сьвятлом сваім выгнаў бы цені нябыту з розуму майго і агнём сваім папаліў бы жаданьні сьвецкія ў сэрцы. І усё жыцьцё мае вызваліў бы ад улады духоў злосьці, і усё яго пакрыў бы плашчом сілы і славы Духа Сьвятога.
Замест гневу бачу сьлёзы ў вачах тваіх і радуюся, душа мая, прыносячая пакаяньне.
Прыслухоўваюся да маўчаньня твайго, у якім нараджаецца бунт твой супраць сябе самой. Павініся і адрадзіся, душа, павініся, пакуль ёсьць яшчэ час. Апраніся хутчэй у дзявоцтва, хутчэй апраніся, пакуль твая часовасьць заплямленая не зрабілася заплямленай вечнасьцю.
47. Гасподзь, будзь мне судзьдзёй непадкупным і параднікам мудрым
Падыходзь бліжэй, прыйдзі да мяне, велічны Дух Праўды. Прыйдзі і увайдзі ў душу маю паўней, чым уваходзяць у мяне сьвятло і паветра. Без сьвятла магу я правесьці усю ноч, без Цябе ж на ложка апусьціцца не ў сілах. Без паветра магу ступіць дзесяць крокаў, без Цябе ж і аднаго не зраблю.
Усяліся ў душу маю глыбей, чым пранікае думка мая. І увесь сусьвет не зможа падштурхнуць душу маю ў дзявоцтве жыць, калі Ты не падштурхнеш.
Сьвет сватае душу маю бесьперастанку, просіць браць шлюб зь ім. Абяцае душы маёй усе багацьці свае, толькі б яна перастала чакаць Цябе. Беліць усе труны свае, толькі б улавіць душу маю. Увесь попел свой на сонца выстаўляе, праліваючы на яго лісьлівасьць і называньні, толькі б спакусіць душу маю.
Выяві, Дух Сьвяты, усё Свае зьзяньне, каб даведалася душа мая, Каго яна нявеста.
Падыходзь бліжэй, прыйдзі, сіла Ўсясьвятой Тройцы. Увайдзі ў сьвядомасьць маю глыбока, глыбей, чым уваходзяць думкі і ўяўленьні сьвецкія. Як мудрая маці, зачаўшая дзіця, рыхтую і ўпрыгожвае калыску сыну свайму, так і Ты, чысьціня і прыгажосьць, рыхтуй і ўпрыгожвай розум мой дзеля таго, хто ў ім павінны ад Цябе нарадзіцца.
Шматлікія думкі злыя, нібы зьмеі, стаіліся пад калыскай сына Твайго. І шматлікія жаданьні цёмныя паднімаюцца зь сэрца ў пошуках калыскі царэвіча Твайго, жадаюць загубіць яго стрэламі атрутнымі.
Абарані калыску розуму майго і навучы душу нарадзіць і немаўля ўзгадоўваць.
Апусьці цемру глыбокую на шляхі злачынцаў, ідучых да нованароджанага майго. І узьнясі зорку найсьветлую над дарогай вешчуноў, зь Усходу ідучых, мудрацоў праўдзівых, сьпяшаючыхся да мілага немаўля майго зь дарункамі вечнымі — дарункамі веры, надзеі і любові.
Падыходзь бліжэй, прыйдзі, велічны Сын Божы. Сыдзі глыбока ў сэрца маё, сыдзі глыбей, чым любое пачуцьце, жаданьне альбо запал сьвету гэтага сысьці ў яго здольныя.
Захавай сэрца маё ад гандляроў і купцоў, якім няма ліку, легіёнамі ходзячымі вакол сэрца маладога і неспрактыкаванага. І навучы яго не спакушацца яркімі сьвецкімі прынадамі.
Усяліся ў нетры сэрца майго, зрабіся гаспадаром ягоным, Сын умілаваны, зрабіся ягоным судзьдзёй непадкупнымі і мудрым параднікам.
Калі чысьціня душы і мудрасьць розуму авалодаюць сэрцам маім, – сапраўды, усе нячысьцікі бясплённа будуць спрабаваць заняць яго.
І напоўніцца сэрца невымоўным сьветам нябесным, і ў адным хоры з Херувімамі і Серафімамі пачне славіць Бога.
І зь адплатай паверне пазыку душы і розуму, бо, як роўнае ім, роўнай мерай узнагародзіць іх.
І напоўніцца сэрца маё найбольш салодкай любоўю да Госпада свайго і спачуваньнем і дабром да усіх душаў, у пакутах быўшых і на зямлі, і ў пекле.
Падыходзь бліжэй да мяне, прыйдзі, велічны мой Гасподзь!              
48. Гасподзь, схавай душу маю ад шматлікіх вачэй ліхіх
Схавай, Гасподзь, душу маю ад шматлікіх вачэй ліхіх, калі нараджаецца ў ёй мудрасьць Твая. Захавай яе ад людзей, адвядзі ў ясьлі пастухоў. Ніхто са сьмяротных ды не рушыць усьлед за ёй, акрамя ценю аднаго праведніка. У пячоры бэтлеемскае каменнай, што ніколі не паганьбуе імя Твайго, у ёй ды схаваецца, гатовая нарадзіць, душа мая.
Ды застанецца яна сярод нявінных ягнятак і цялят, ад нараджэньня свайго вызначаных у ежу тым, каго яны чысьцей.
Хай ціха зьзяюць над пячорай сьвяціла нябесныя і сузіраюць з трапятаньнем на сьціплы вугалок сусьвету, на пячору – месца Боскага нараджэньня.
Ды адступяць цары зямныя, і мудрагелячыя малаверы ды не наблізяцца. Сьціплыя пастухі ягнят і цялят, атачыўшы пячору маю, будуць глядзець, як неба адчыняецца, і сьпяваць зь Анёламі нябеснымі, калі душа мая народзіць выратавальніка майго. Ды выдаляцца усё, жывучыя часавымі выратавальнікамі і імгненным выратаваньнем.
Вядзі, Гасподзь, сьвятлом Сваім мудрацоў усходніх, прарокаў і сьвятых да пячоры душы маёй. Ды прынясуць яны тры дарунка найбольш каштоўных ад чалавецтва усходняга.
Першы дарунак – празорлівыя веды аб Табе, перабольшваючыя ўсе веды сьвету.
Другі дарунак – прароцкае чаканьне нараджэньня Твайго ў чысьціні дзявоцкае: хай посьціць у дарозе носьбіт дару гэтага, ды не замуціцца зор ягоны ад ежы зямной, і не згубіць ён зь зору зорку пуцяводную.
Трэці дар – зрокавая любоў да Цябе. Хай носьбіт дарунку гэтага дбае ў дарозе над дарункам сваім. Ды не спатыкнецца сэрца ні аб якую спакусу зямную, ды не спазьніцца ён на пакланеньне нованароджанаму.
Сапраўды, аднаго зь іх будзе суправаджаць уся сіла розуму майго, уся сіла думкі маёй. За другім будзе крочыць сэрца маё зь усімі жаданьнямі ягонымі. Трэцяга ў трапятаньні будзе чакаць душа мая, напоўненая любові і дабрыні.
Але падарожнікі сьвятыя асьцярожныя будуць у шляхі сваіх, спыняючыся і распытваючы, ці дакладны шлях, якім ідуць, і увядуць у небясьпеку душу маю і першынца яе. Наіўныя яны, нібы галубы, аб шлях распытваючы!
Але бязьмежна міласэрнасьць Твая і мудрасьць Твая. Стагодзьдзямі складаеш Ты на Усходзе дарункі каштоўныя і не дасі носьбітам іх патрапіць у рукі разбойнікаў.
Ад адвечнасьці рыхтуеш Ты нараджэньне Сына ў душы нэкранутай. Не дапусьціш Ты забойцу—Ірада, ад зямлі народжанага і ад зямлі ў Ерусаліме—горадзе каранаванага, не ачысьціўшагася ад зла эгіпэцкага.
Захавай, Гасподзь, душу маю ад шматлікіх вачэй ліхіх.
49. Гасподзь, абудзі душу маю
На нязграбных колах цела вандруе душа мая па сьвеце спакус і зману, спрабуючы непаваротлівасьцю і масіўнасьцю сваёй даказаць сваю значнасьць. Гасподзь, як баязьліва прыляпілася душа мая да колаў тленных! У асьляпленьні сваім думае, што, калі сарвецца з колаў, упадзе яшчэ ніжэй. Быццам не ў адным праху знаходзяцца і той, што ў дрэва, і той, што пад дрэвам.
У страху і недасьведчанасьці цалкам аддалася душа мая целу, абы даўжэй і павольней яно несла яе па дарозе, у канцы якой непазьбежная сьмерць. Панаваньне сваё і рэальнасьць сваю адзіную целу душа мая саступіла, саступіла са страху і недасьведчанасьці. Саступіла сьляпому люстэрка, а сьляпы разьбіў яго дашчэнту.
Успомні нараджэньне сваё, душа мая: была ты як прамень сонечны, а цела тваё — як сьвятло месяца. Была ты чыстай і яснай, як сьвятло сонечнае, а колы твае — хуткімі, як маланка.
Ведала ты, што ў табе каштоўнасьць, а не ў колах, што колы — цень твая. Страху ты не ведала, бо празорлівая была і бачыла сябе на крылах сілы і неўміручасьці.
Колы нязграбныя, на якіх вядзесься цяпер, па сваёй волі, па сваім страху і недасьведчанасьці сама стварыла сабе. Ні цябе, якой ты зрабілася, ні цела твайго, якім ты яго зрабіла, Гасподзь не жадаў стварыць. Каб выратавацца ад прыцемку, у які жаданьні цябе увялі, апускалася ты ў густую цямрэчу, пакуль не азмрочылася зусім і не пацяжэла і не скроіла сабе убор па мерцы сваёй. І аддала усю добрую якасьць сваю рызьзю бясформаваму, абы ад страху цябе атуліла.
Уручыла ты быцьцё сваё таму, хто не мог захаваць яго, і усё страціла; і сама, як і цела тваё, зрабілася прывідным і жахлівым ценем. Бо быцьцё — сьвятыня, і толькі задумаюць вынесьці яе на продаж, пакідае яно і купца, і прадаўца і аднолькава выдаляецца ад іх.
Таму, душа мая, не толькі існаваньне цялеснае вопраткі тваёй адмаўляў вялікі мудрэц індыйскі, але і тваё быцьцё, душа мая. Калі ж Бог сыдзе ў цябе і народзіцца ў табе, узьвяселіш ты сумнага мудраца індыйскага, які сядзіць на лотасі ў роздумах, бо вернеш ты згубленае быцьцё. Сапраўды, усё быцьцё ў Богу, і няма па-за Богам быцьця нават зь зярнятка гарчычнае.
Вось, бачу ў табе адзін куток, быццам асьветленую сьвечкай пячору ў велізарнай, цямрэчай ахінутай гары. Чым даўжэй гляджу я на сьвятло, у табе утоенае, тым больш нагадвае яно мне спрадвечную, некранутую прыгажосьць тваю, душа мая. Ад сузіраньня гэтага разрастаецца сьвятло, і усё ясьней праступае ў ім цудоўнае аблічча дзявоцкае. Нібы сонечны прамень, апрануты ў сьвятло месяца.
У ім выратаваньне тваё, душа мая трымцячая. У ім жыцьцё тваё, усё астатняе — згуба. Калі б толькі ты магла раздуць гэта малое сьвятло ў велізарную паходню і унесьці яго ў мой розум і сэрца!
Узьніміся, душа мая, і не адрывай погляду свайго ад пячоры, дзе жыве дзяўчына малая. Адтуль, з пячоры гэтай прыйдзе збавеньне тваё. У ёй захоўваюцца сіла не вычарпаная, прыгажосьць некранутая і неўміручасьць не прададзеная.
Па-за пячорай, па-за душой маёй, дзе Дзева нараджае Бога, усё, разам з нязграбнымі коламі цела майго, — цень і прах.
50. Гасподзь, захавай мяне ад злых жаданьняў і думак
Дух Сьвяты, якая падступная душа мая!
Як палахліва хавае яна ў сабе плод Твой, праз страх юдэйскі, праз страх прад легіёнамі сатаны, якія нарадзіла яна ад шлюбу са сьветам.
Мноства ваўкоў і лісіц нарадзіла ты і пусьціла іх у палаты свае царскія, а сын твой не мае, дзе галаву прыхіліць. І усё шукаюць забіць тое, што ад Духу нараджаецца. Ах, саўдзельнікі Ірада! Баяцца яны сілы і сьвятла праўдзівых. Дрыжаць за кароны крывавыя, якімі самі галовы свае увянчалі, адняўшы ў законных уладароў.
Бяжы, душа мая, з плодам сваім нованароджаным, бяжы ў Егіпет, зямлю, што змрачней Ізраілю. Глядзі, рабыні шматлікія, народжаныя табой ад сьвецкага насеньня, пачынаюць пагоню за сынам тваім адзіным і забіць яго жадаюць.
Але цёмныя вочы злыдняў, і ў асьляпленьні не распазнаць ім немаўля Боскае. Таму шматлікія немаўляты на зьбіваньне асуджаны, каб і твой быў забіты.
Бачыў я пастуха, што замярзаў у вогнішча затухаючага. Не зводзіў ён вачэй з полымя, нібы спрабаваў дапамагчы яму разгарэцца ад агню позірку свайго. І рукамі абараняў ён агеньчык ад ветра, і саграваў яго дыханьнем сваім, каб запалаў гарачэй, і вырас, і вятрам не паддаўся, і яго здолеў абагрэць.
Так і ў сэрца маім шалеюць вятры злых жаданьняў, пагражаючы загасіць у табе, душа мая, сьвечку боскую. Так і ў розуме маім шалеюць намеры злыя, каб апаганіць сьвятло твае адзінае, што рыхтуе ім пагібель.
Усе, каго спарадзіла ты, душа мая, у розуме і сэрцы маім, клічуць цябе не маці, а клічуць цябе мачахай, і няма нікога ў гідкім вырадку тваім, хто рукой бы клапатлівай астудзіў лоб палаючы. Упершыню цяпер зрабілася ты маці, бо сына нарадзіла, узрастаючага ў послуху табе і Духу Сьвятому, у далікатнай любові бацькоўскай.
Не ускладай, рабыня, на галаву яго сьвету клопату рабскія. Павінен расьці ён ў сіле духоўнай і знаходзіцца ў тым, што ад Айца ягонага. Глядзі, вось сыходзіць ён, нібы полымя, палячае ворагаў тваіх, каб асьвятліць і сагрэць цябе.
Як весьнік, прыйшоў ён зь царства, дзе некалі панавала ты ў прыгажосьці і чысьціні некранутай. Няўжо не пазнаеш сына свайго, душа вар'яцкая?
Як весьнік, прыйшоў ён з царства сьвятла, дзе і ты некалі бліскала ярчэй зьзяньні сонечнага, каб ізноў паклікаць цябе ў царства сьветлае. Няўжо не учуеш галасы сыноўскага, душа мая аглухлая?
Нібы віцязь—вызваліцель, прыйшоў ён зь царства волі, дзе і ты знаходзілася некалі, не ведаючы ні голаду, ні страху рабскага, — прыйшоў, каб вызваліць цябе ад кайданоў цяжкіх, якімі скавала цябе цялеснасьць сьвецкая. Няўжо не адважышся  вітаць радасна вызваліцеля свайго, душа мая зьнямелая?
Дух Усёмагутны, умацуй немаўля выратавальнага ў зыбкі душы маёй. І захавай яго ад усякіх стрэл атручаных, з Егіпет і Ізраілю ў яго накіраваных.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.