Sunday, October 10, 2010

ІЛЮМІНАЦЫЯ ТУРАЎСКАГА ЭВАНГЕЛЛЯ ХI СТАГОДДЗЯ

Васіль Пуцко
Агульная колькасьць раньніх славянскіх рукапісаў, датаваных часам да 1100 г., у цэлым невялікая, і кожная зь іх даўно заслугоўвае усебаковага вывучэньня. Пакуль што такі гонар мелі зусім нямногія помнікі, а са знойдзеных на гістарычнай тэрыторыі Беларусі — толькі Супрасьльскі рукапіс 1 . Тураўскае эвангельле, вядомае як сьпіс ХI ст., ужо хутка пасьля яго адкрыцьця не раз прыцягвала да сябе увагу розных дасьледчыкаў. Што да мастацкага аблічча кнігі, то наконт яго выказваліся надзвычай рэдка і невыразна 2. Прычынай была фрагмэнтарная захаванасьць кнігі, аформленай даволі сьціпла, як, зрэшты, і іншыя сучасныя ёй славянскія кодэксы.
Варта згадаць тут гісторыю знаходкі і вывучэньня Тураўскага эвангельля, хоць бы ў самай кароткай форме. М.І.Сакалоў, які на даручэньне апекуна Віленскай навучальнай акругі І.П.Карнілава браў удзел у археаграфічнай камісіі, у 1865 г. у Спасаўскай царкве Турава знайшоў урыўкі старажытнай кнігі, напісанай на пэргамене. Знаходку паказалі вядомаму мовазнаўцу І.І.Сразьнеўскаму, які на падставе графікі, правапісу і мовы цалкам абгрунтавана аднёс аркушы рукапісу да ХI ст.3 У 1868 г. у Пецярбурзе на сродкі Віленскай навучальнай акругі выйшла літаграфічнае выданьне Тураўскага эвангельля. Спэцыялісты карыстаюцца ім да гэтага часу4. Праз год у Вільні зЬЯВІЛАСЯ новае выданьне помніка, падрыхтаванае да друку П.А. Гільтэбрандтам, якое уключала таксама “кароткія зьвесткі пра Тураўскае эвангельле” і “старажытны тэкст зь сучасным насупраць і зь адменамі па Астраміраву эвангельлю” 5.
Наступную публікацыю фрагмэнтаў пэргаменнага эвангельля з Турава ажыцьцявілі толькі ў 1977 г. вугорскія славісты 6. Цягам апошніх больш чым ста гадоў сярод розных дасьледчыкаў, пераважна філёлягаў, захоўвалася устойлівая цікавасьць да помніка7 . Так, А.І.Сабалеўскім у мове захаваных аркушаў былі адзначаны рысы кіеўскага дыялекту 8. В.В.Стасаў на адной з табліцаў складзеннага ім альбома узораў славянскага і усходняга арнамэнту перадае некалькі ініцыялаў Тураўскага эвангельля 9. Але ў цэлым фрагмэнты рукапісу так і не сталі аб'ектам спэцыяльнага вывучэньня з пункту гледжаньня кніжнага майстэрства. Можа найперш таму, што іх надзвычай сьціплы зьнешні выгляд наўрад ці мог прыцягнуць увагу мастацтва знаўцаў, якія прызвычаіліся бачыць высокія дасягненьні толькі там, дзе ёсьць бляск золата і захаваліся вялікапышныя мініятуры. Наконт таго, ці былі сюжэтныя выявы ў Тураўскім эвангельлі, нельга сказаць нічога пэўнага. На ацалелых аркушах іх сьлядоў няма. Відавочна не было ў аздабленьні і золата: яно уваходзіць ва ужытак сярод мастакоў кіеўскай княскай кнігапіснай майстэрні крыху пазьней таго часу, калі магло быць перапісана Тураўскае эвангельле 10.
Ці было эвангельле перапісана тут на месцы, у Тураве, ці прывезена сюды значна пазьней? Наколькі істотнае вырашэньне гэтага пытаньня? Якая гістарычная сувязь старажытнага рукапісу з Туравам увогуле?
Думаецца, больш лягічна шукаць адказы на пастаўленыя пытаньні ў адваротным парадку, пакладаючыся пераважна на сьведчаньні выключна самога Тураўскага эвангельля, і не дадумваць таго, што не выцякае зь іх аналізу. Прызнаць абмежаваныя магчымасьці матэрыялу ў плянэ яго значэньня як гістарычнай крыніцы важней, чым нагрувашчваць дапушчэньні, якія не абапіраюцца на фактычную аснову. Гэтая уводная заўвага уяўляецца неабходнай.
На старажытных аркушах захаваліся розначасавыя запісы “мірскога зьместу”, якія засьведчылі, што ў пачатку XVI ст. гэтая кніга належала царкве Перамяненьня ў Тураве. На адваротным баку шостага аркуша укладны запіс князёў Астроскіх ад 2 мая 1508 г., які засьведчыў наданьне пры сьвятарах Мітрафану і Мацьвею сада з пасекай і поля зь сенажацямі, а таксама іншых палеткаў каля вёскі Верасьніцкай. У запісу на адваротным баку другога аркуша ад 10 лютага 1513 года паведамляецца пра перадачу князем Канстанцінам Іванавічам Астроскім, яго жонкай Тацянай і іх сынам Ільлём яшчэ “трох палёў” з палеткамі ў той самай вёсцы Верасьніцкай. Тут жа знаходзяцца польскія запісы XVIII ст. аб падцверджаньні царкоўных уладаньняў. Як вядома, звычай уносіць запісы пра значныя падзеі і тэксты дамоваў у напрастольнае эвангельле быў шырока распаўсюджаны на Украіне, у Беларусі і ў паўднёвых славянаў. У дадзеным выпадку гэта яшчэ не вырашае пытаньня пра час паступленьня кнігі ў Тураўскі храм Праабражэньня, дзе яна магла знаходзіцца і з больш раньняга часу, але магла быць туды укладзена і князем К.І. Астроскім незадоўга да 1508 г. Праўда, факт занясеньня ў яе згаданых запісаў гаворыць на карысьць таго, што гэта было найбольш каштоўнае ў храме напрастольнае эвангельле, пра старажытнасьць якога не маглі не ведаць. Нельга тэарэтычна выключаць, што ў пачатку XVI ст. яшчэ чытаўся і укладны запіс, які мае дачыненьне да самой кнігі.
Адным словам, у сувязі Тураўскага эвангельля са Спаса—Праабражэнскім храмам у Тураве прыкладна з часу каля 1500 г. сумнявацца не даводзіцца. У 1865 г. рукапіс паступіў у Віленскую публічную бібліятэку, і цяпер ён належыць Бібліятэцы Акадэміі навук Літвы11.
Тураў у 988 г. становіцца сталіцай самастойнага княства, а хутка была усталявана і Тураўская япіскапія 12. Горад падтрымліваў актыўныя палітычныя і культурныя сувязі з Кіевам, меў манастыры, а ў ХII ст. вылучыў выдатнага прапаведніка і гімнаграфа ў асобе Кірылы Тураўскага 13. На фоне гэтых гістарычных фактаў існаваньне скрыпторыя ў Тураве ў ХI ст. не выглядае такой ужо неверагоднай зьявай. Але толькі ці належыць да яго прадукцыі фрагмэнтарна захаванае Тураўскае эвангельле?
Тураўскае эвангельле па сваім складзе уяўляе сабой “апракос кароткі” — зборнік эвангельскіх чытаньняў на пэрыяд ад Пасхі да Духава дня на усе дні тыдня, а ад гэтага часу да Вялікага посту — толькі на суботнія і нядзельныя. Гэта бачна і па ацалелых фрагмэнтах, якія адпавядаць двум названым цыкля чытаньняў, зь якіх другі, пачынаючы зь верасьнёўскага “навагодзьдзя”, мае новы адлік тыдняў. Чытаньні першага цыклу на двух пачатковых аркушах Тураўскага эвангельля; на астатніх жа васьмі — шаснаццатага і сямнаццатага тыдняў і першых трох “навагодніх” тыдняў другога цыклу. Па сутнасьці, гэта вельмі нязначная па аб'ёме частка агульнага кодэксу, перапісанага ў ХI ст. Але менавіта па гэтых ацалелых аркушах застаецца меркаваць пра сам характар афармленьня рукапісу, які мае досыць асаблівыя рысы.
Памер аркушаў — 21,0Ч16,2—16,4 см. Ці гэта перашапачатковы фармат кнігі? Існавала даволі устойлівая суаднесенасьць тэксту і белага поля, пры якім сума шырыні верхняга і ніжняга палёў магла дасягаць паловы вышыні слупка тэксту, а сума шырыні бакавых палёў — паловы шырыні слупка, які ў дадзеным выпадку займаў плошчу 13,8Ч10,2 см. Значыць, адказ на пастаўленае пытаньне можа быць станоўчым. Іншая рэч, што не заўсёды аднолькавай аказваецца суаднесенасьць унутранага і вонкавага бакавых палёў, хоць у цэлым прапорцыя 1:2 амаль не падлягае істотным адхіленьням. Акуратна нанесена разьліноўка для васемнаццаці радкоў тэксту. Яе характэрныя асаблівасьці наступныя: дзьве лініі па вэртыкал перасякаюць увесь аркуш пэргамена, а па гарызанталі — дзьве уверсе і адна унізе; астатнія знаходзяцца ў межах слупка тэксту, які напісаны атрамантам карычневага колеру. Пісьмо роўнае, прыгожае, крыху вузкае; почырк адмысловы, без нахілу. Усё гэта сьведчыць пра вялікае прафэсійнае мастацтва каліграфа, набытае хутчэй за усё ў добра арганізаваным скрыпторыі.
Калі казаць пра асаблівыя прыкметы літараў, то найбольш істотнымі зьяўляюцца “яць”, якая зьмяшчаецца ў радок, з каромыслам ніжэй яе верхняга узроўню, “амэга” зь высокімі бакавымі лініямі і сярэдзінай, з квадратнасьцю дыяганаляў, “Ж”, напісаная ў тры прыёмы, “И” з прыўзьнятай гарызантальнай лініяй. Адзначаныя рысы характэрны таксама для пісьма Рэймскага эвангельля, якое першапачаткова належала дачцы Яраслава Мудрага Ганьне, выдадзенай замуж за французскага караля Генрыха I у 1044 г.14 Праўда, тут “яць” зь нахіленай улева мачтай і маленькай круглай пятлёй. Усе адзначаныя асаблівасьці, канешне, хутчэй зьяўляюцца прыкметамі індывідуальных почыркаў пісцоў, чым уласьцівасьцямі каліграфічнага мастацтва цэлай эпохі. Тым не менш, улічваць іх неабходна.
Мастацтва кнігапісаньня па сутнасьці ёсьць не чым іншым, як каліграфічным майстэрствам, разам зь улікам функцыяналь най ролі і зь мастацкай канцэпцыяй дэкору. Для таго, каб зразумець канцэпцыю дэкору ў цэлым, неабходна ведаць рукапіс у поўным аб'ёме ці прынамсы хоць бы адну зь яго па—мастацку завершаных частак. Тураўскае эвангельле, прадстаўленае усяго дзесяцьцю аркушамі, выключае такую магчымасьць. Але паколькі большую частку гэтых ацалелых аркушаў нельга разглядаць у якасьці абсалютна адасобленых фрагмэнтаў, можна паспрабаваць асэнсаваць іх як малую частку кнігі, пазбаўленую заставак і канцовак, якая характарызуе толькі “тэкставую паласу”. Зрэшты, менавіта яна і застаецца вызначальнай у мастацкім абліччы кнігі, дзе заўсёды галоўны тэкст з прыёмамі вылучэньня яго асобных частак. Тут — гэта кінаварныя (на першым аркушы) і чарнільныя контурныя загалоўкі, а таксама радкі—падзяляльнікі з трох чаргаваных вэртыкальных рысак і двух кружочкаў з кропкай пасярэдзіне. І, канешне, вялікія ініцыялы, вынесеныя цалкам або часткова на палі, прарысаваныя чарніламі і размаляваныя чырвонай і сіняй фарбамі. Пэтлі большай часткі гэтых дэкаратыўных літараў залітыя зялёным. Такія ініцыялы прынята адносіць да розных відаў старабізантыйскага тыпу. Аднак падобнае вызначэньне вельмі мала выяўляе спэцыфіку іх дэкарацыйных формаў.
Якія б ні былі ініцыялы, — простыя ці падкрэсьлена дэкарацыйныя, са складанай арнамэнтыкай, — яны перш за усё застаюцца часткай тэксту, па—за сувязьзю зь якім непазьбежна ператварыліся б у ізаляваныя літары, адвольна супастаўленыя па—за усякім арганічным кантэкстам. Таму варта уважліва прыгледзецца да іх чаргаваньня ці, лепш сказаць, варыяваньня формаў на старонках рукапісу, каб хоць часткова высьветліць заканамернасьці дэкарацыйнай рытмікі, якая зусім не падпарадкоўваецца простаму арытмэтычнаму падліку, выяўленаму ва утварэньні своеасаблівых “сэрыя”. Суадносіны тэксту і ініцыялаў на старонках Тураўскага эвангельля такія, што не выпадае сумнявацца ў выкананьні гэтага істотнага элемэнту дэкору самім каліграфам па меры перапісваньня ім эвангельскага тэксту. Пісьмо апошняга пакідае уражаньне лёгкасьці і вытанчанасьці, нават пры адсутнасьці абсалютна каліграфічна бездакорных формаў. Зрэшты, іх захаваньне на практыцы уяўляецца надзвычай нялёгкай справай, паколькі кірылічнае славянскае пісьмо, у аснову якога пакладзены грэцкі унцыял, патрабавала “маляваньня” кожнай літары, нават пры умове выпрацаваных пісцамі зь засваеньнем практычнага вопыту прыёмаў і навыкаў. Тураўскія аркушы даюць у гэтым плянэ дастаткова прыкладаў. Пісьмо рукапісу здаецца лёгкім не толькі з прычыны вытанчанасьці графічных формаў, але і дзякуючы суадносінам памераў радкоў тэксту і белага поля. Вышыня літараў дасягае 4 мм пры шырыні 3—5 мм, а адлегласьць паміж радкамі складае 8 мм. Між тым падобныя суадносіны велічыняў не зьяўляюцца паказчыкам марнатраўства ў дачыненьні да дарагога матэрыялу — пэргамена: перапісчык літаральна “скоўвае” асобныя эвангельскія чытаньні, не пакідаючы паміж імі вялікіх прасьветаў, якіх, здавалася б, патрабуе эстэтычная норма15.
Ініцыялы Тураўскага эвангельля, якія знаходзяцца на нешматлікіх ацалелых аркушах, натуральна, у асноўным прадстаўляюць тыя літары, зь якіх пачынаюцца фразы, што пераважаюць і папярэднічаюць самому тэксту эвангельскіх чытаньняў. Гэта Во время оно, г.зн. у гэты час, і Рече Господь — кажа Госпад. Выключэньнем зьяўляецца “О”, трактаванае ў форме невялікай разэткі. Ініцыялы “В” і “Р” ў адных выпадках належаць да так званага расьліннага каленкавага тыпу, так добра вядомаму па грэцкіх рукапісах Х—ХI ст.16 Тут, аднак, ён у крыху відазьмененых варыянтах, якія не дазваляюць разглядаць гэтыя літары ў якасьці простай перамалёўкі узораў. На адваротным баку першага аркуша “каленкавасьць” ініцыяла “Р” зь яго чырвона—сінімі элемэнтамі хутчэй адгадваецца. У ініцыяле на трэцім аркушы, які напалову спускаецца на ніжняе поле, відавочна праступае зааморфны матыў: плаўна выгнутая галоўка птушкі, якая “чысьціць пёркі”. Пра тое, што гэта зусім не плод нашай фантазіі, кажуць прыклады на старонках іншых раньніх славянскіх рукапісаў, дзе той самы матыў выяўлены больш выразна. “Р” на пятым аркушы, магчыма, бліжэй за усё да бізантыйскага “эталён”, але пры гэтым структура гранічна спрошчаная, а пятля заліта шчыльнай зялёнай фарбай, што супярэчыць эстэтычнаму густу ілюмінатараў грэцкіх кніг. Больш цэльнай аказваецца тая частка ініцыялаў Тураўскага эвангельля, дзе мачта літары успрымаецца як сплеценая зь ламаных чырвонай і сіняй стужак ці рамянёў, а пятля утворана выгнутай галінкай і зноў жа заліта зялёнай фарбай. Нарэшце, трэці варыянт ініцыялаў — гэта літара “В”, якая сустракаецца на сёмым аркушы і на адваротным баку апошняга дзесятага, акрэсьленая выключна расьліннымі матывамі, зь мачтай, суцэльна пакрытай крыжацветамі.
Пра усе адзначаныя арнамэнтальныя матывы ініцыялаў Тураўскага эвангельля не варта было б так падрабязна казаць, калі б яны не служылі адлюстраваньнем большых культурных зьяў, якія праліваюць сьвятло не толькі на паходжаньне мадэлі дэкора разгледжанага рукапісу, але і на крыніцы раньнеславянскага кніжнага мастацтва увогуле. Ва усіх прыведзеных канкрэтных выпадках адбіліся агульныя заканамернасьці, якія вызначаюць мастацкае аблічча і іншых, да таго ж самых раньніх помнікаў усходнеславянскага кнігапісаньня. І толькі зь улікам гэтага матэрыялу можна слушна зразумець месца і значэньне тураўскіх аркушаў.
У летапісе пад 1037 г. зьмешчана шырока вядомае паведамленьне пра тое, што кіеўскі князь Яраслаў Мудры сабраў многіх пісцоў, сіламі якіх былі зроблены пераклады з грэцкай на славянскую мову. Перапісаныя ў гэтай майстэрні кнігі былі зьмешчаны князем у бібліятэку пры пабудаваным ім жа Сафійскім саборы — мітрапалічым храме. Пад “пісцом” тады разумелі не проста перапісчыка, каліграфа, які толькі рабіў копіі тэкстаў. Зрэшты, менавіта апошні занятак у большасьці выпадкаў заставаўся асноўнай справай жыцьця пісцоў не толькі на Русі, але і ў Бізантыі, і на лацінскім Захадзе. Скрыпторый, у якім ажыцьцяўлялася праца па перакладзе, мусіў мець вялікі, старанна падабраны склад перапісчыкаў: бо не мела сэнсу пакідаць у карыстаньні новаперакладзеныя кнігі ў адным—двух сьпісах. Адзначаны ў летапісе факт, што Яраслаў Мудры падараваў кнігі ў катэдральным храм, адпавядае бізантыйскай практыцы, якая спрыяла захаваньню ў сталічных царкоўных і манастырскіх рызьніцах каштоўных рукапісаў. Напэўна, так адбывалася і ў Кіеўскай Русі.
У спэцыяльнай літаратуры ужо быў выказаны погляд на кірылічную частку Рэймскага эвангельля, што захоўваецца ў гарадзкой бібліятэцы Рэймса, як фрагмэнт кнігі эвангельскіх чытаньняў (Эвангельля—апракоса), вывезенай у Францыю Ганнай Яраслаўнай. Пярэчаньнем супраць гэтага наўрад ці могуць быць параўнальна невысокая якасьць пэргамену і ў цэлым сьціплае афармленьне, роўна як і памылкі, дапушчаныя пісцом, які карыстаўся паўднёваславянскім сьпісам 17. Фармат Рэймскага эвангельля (23,0 : 17,5 см) амаль адпавядае памерам аркушаў з Турава, але тэкст там пісаны ў два слупкі. Мастак і каліграф у дадзеным выпадку маглі быць рознымі людзьмі, якія працавалі ў адным скрыпторыі. Захаваліся стужкавыя застаўкі і стройныя ініцыялы, элемэнты якіх старанна прамаляваны атрамантам і расквечаны чырвоным і сінім. Аснову літараў складае жгут, зьвіты зь двух рамянёў, віткі якіх пакрываюць і шырока распасьцёртыя на канцах гэтага жгута лісты аканта. Шматкроць паўтараючы, як і ў Тураўскім эвангельлі, літару “В”, ілюмінатар бясконца разнастаіць яе элемэнты: зьмяняе абрысы пэтляў, мудрагеліста “інкрустуе” мачту, але часамі абмяжоўваецца і простай кінаварнай палоскай 18. Наўрад ці гэтую разнастайнасьць арнамэнтальных матываў, прадстаўленую усяго на некалькіх аркушах, можна было цалкам запазычыць ад гатовага узору. Ілюмінацыя заўсёды была вынікам індывідуальнай мастацкай творчасьці. Калі Рэймскае эвангельле сапраўды выйшла са сьцен кіеўскага княскага скрыпторыя, то агульны характар яго афармленьня асабліва неабходна улічыць.
Справа ў тым, што існуюць яшчэ два вялікія аб'ёмам рукапісы, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным музэі ў Маскве, перапісаныя падобнымі почыркамі і аформленыя зь захаваньнем тых самых мастацкіх прынцыпаў. Гэта Пандэкты Антыёха Чарнарызца (Васкр. 30) і Чудаўская псалтыр (Чуд. 7). У адрозьненьне ад ужо названых узораў, яны належалі да ліку нелітургічных кніг, а прызначаліся для чытаньня па—за набажэнствам. Каленкавыя ініцыялы і “інкруставаная” манера іх выкананьня амаль нічым не вылучае Пандэкты Антыёха сярод раньніх славянскіх ілюмінаваных рукапісаў 19. Тут можна прасачыць генэтычную сувязь зь дэкорам глагалічных кніг 20. Мяркуючы па арнамэнтыцы, карані ілюмінацыі гэтага кіеўскага рукапісу вядуць да скрыпторыяў, якія дзейнічалі ў Македоніі, а таксама грэка—усходніх манастырскіх майстэрняў на поўдні Італіі, якія атрымалі ў спадчыну вопыт малаазійскіх кнігапісцаў 21. Чудаўская псалтыр, пісьмо якой месцамі выклікае асабліва выразныя асацыяцыі з Рэймскім эвангельлем, мае ініцыялы, характар якіх відавочна абумоўлены вопытам, набытым, відавочна, у грэцкім, а не славянскім скрыпторыі. І тут жа крыху нечакана на старонках кнігі сустракаецца ініцыял старога балканскага тыпу 22. Па усім бачна, што ў афармленьні рукапісу знайшоў адлюстраваньне пераходны пэрыяд, адзначаны імкненьнем да засваеньня бізантыйскага вопыту, да таго ж у канстантынопальскім варыянце. Дэкор Тураўскага эвангельля, па сутнасьці, уяўляе крок у гэтым самым напрамку: почырк зь усімі яго каліграфічнымі прыёмамі і “затканыя” крыжацветамі ініцыялы амаль ушчыльную падводзяць да Астрамірава эвангельля, датаванага 1056—1067 г., аформленага ужо ў эмальерным стылі з шырокім выкарыстаньнем золата, але яно захавала на сваіх аркушах яшчэ нямала толькі напалову перапрацаваных старых балканскіх мадэляў23 . Іх імкнуліся асэнсаваць так, як таго патрабавалі новыя густы, якія запанавалі ў кіеўскім княскім скрыпторыі пры сыне Яраслава Мудрага — князі Ізяславе.
Такім чынам, нават не пашыраючы кола помнікаў кніжнага мастацтва і не кранаючы шэрагу спэцыяльных пытаньняў эвалюцыі пісьма і ілюмінацыі, можна з поўным правам сьцьвярджаць верагоднасьць выкананьня Тураўскага эвангельля каля 1050 г. і прыпісаць гэта руцэ майстра, так ці іначай зьвязанага з кіеўскім княскім скрыпторыем. Зразумела, гэта не азначае, што кніга зроблена менавіта ў названай майстэрні. Сваю дзейнасьць кнігапісцы Яраслава Мудрага маглі працягнуць у розных гарадах старажытнай Русі, асабліва там, дзе існавалі япіскапіі. Значыць, факт стварэньня кнігі як твора каліграфічнага мастацтва ў самім Тураве калі нельга даказаць, то немагчыма і абвергнуць. Аднак, думаецца, важней падкрэсьліць тое, што тураўскае эвангельле нельга разглядаць ізалявана ад агульнай гісторыі кніжнай справы ХI ст. Яно займае ў гэтай гісторыі зусім пэўнае месца. Гэта адна з рэдкіх і дасканалых па сваім мастацкім узроўні кніг старажытнай Русі “даастрамірава” пэрыяд. Азначаная акалічнасьць цалкам апраўдвае нашу увагу да тых дробязяў у афармленьні аркушаў, бо без уліку іх ніякія высновы не будуць пераканальнымі.
Такім чынам, ілюмінацыя Тураўскага эвангельля ў кантэксьце сучасных помніку мастацкіх зьяваў гаворыць значна больш, чым можа падацца на першы погляд. Мастацтва большай часткай вельмі адчувальна рэагуе на новыя культурныя кірункі ў іншых сфэрах духоўнай дзейнасьці, і кніжнае афармленьне ХI ст. дае таму нямала прыкладаў.

1 Супраслъски или Ретков сборник в два тома. София, 1982—83. Т.1—2; Иванова—Мавродинова В., Мавродинова Л. За украсата на Супрасълския сборник // Литературознание и фолклористика: В чест на 70—годишнината на акад. П.Динеков. София, 1983. С.165—174.
2 Шматаў В. Мініяцюра // Гісторыя беларускага мастацтва ў шасці тамах. Мінск, 1987. Т.1. С.90—91; Нікалаеў М. Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў Х—XVIII стагоддзях. Мінск, 1993. С.20.
3 Срезневский И.И. Сведения и заметки о малоизвестных и неизвестных памятниках. Санкт—Петербург, 1886. С.30—33, 105—136; ён жа, Древние славянские памятники юсового письма. Санкт—Петербург, 1868. Ч.І. С.168—172.
4 Туровское евангелие одиннадцатого века / Изд. Виленского учебного округа. Санкт—Петербург, 1868.
5 Гильтебрандт П.А. Туровское евангелие ХІ в. Вильна, 1869.
6 Тот И., Хоргоши Э., Хорват Г. Туровские листки // Acta Universitatis Szegediensis de Attila Jozef nominatae. Dissertationes slavicae. Szeged, 1978. T.XIII. P.181—232. Гл. таксама: Тот И. Русская редакция древнеболгарского языка в конце ХІ—начале ХII в. София, 1985. С.26—30.
7 Падрабязнае апісанне аркушаў і прысвечаную ім літаратуру гл.: Сводный каталог славяно—русских рукописных книг, хранящихся в СССР. ХI—ХIII вв. Москва, 1984. С.50—52. №10.
8 Университетские известия. Киев, 1887. Т.XXVII. №5. С.53.
9 Стасов В. Славянский и восточный орнамент по рукописям древнего и нового времени. Санкт—Петербург, 1887. Табл.89.
10 Пуцко В.Г. Эмальерный стиль в художественном оформлении киевских рукописей ХІ ст. // Книжные центры Древней Руси. ХІ—ХVI в.: Разные аспекты исследования. Санкт—Петербург, 1991. С.29—45; ён жа, Византийский эмальерный стиль в оформлении греческих и иноязычных илюминованных рукописей // Зборник радова Византолошког института. Београд, 1993. Књ.XIII. С.12—14.
11 Вывучэнне рукапісу праведзена намі ў кастрычніку 1982 г.
12 Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. Париж, 1959. Т.1. С.149; архиеп. Афанасий Мартос. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Минск, 1990. С.67. Паводле іншых дадзеных епархія ўсталявана ў сярэдзіне ХІІ ст.: Строев П. Списки иерархов и настоятелей монастырей Российской церкви. Санкт—Петербург, 1877. Стб.1045—1046.
13 Падрабязней гл.: Лысенко П. Киев и Туровская земля // Киев и западные земли Руси в ХІ—ХІІІ вв. Минск, 1982. С.81—108; Творогов О.В. Кирилл — епископ Туровский // Словарь книжников и книжности Древней Руси. Ленинград, 1987. Вып.1. С.217—221; Феринц И. Из гимнографического наследия Кирилла Туровского // Acta Universitatis Szegediensis de Attila Josef nominatae. T.XIII. P.165—176.
14 Жуковская Л.П. Реймсское евангелие. История его изучения и текст. Москва, 1978; Яна ж, Гіпотези й факти про давньоруську писемність до ХІІ ст. // Літературна спадщина Ки?вськой Русі і укра?нська література XVI—XVIII cт. Ки?в, 1981. С.17—27.
15 Падрабязней аб прынцыпах афармлення сярэднявечнай кнігі гл.: Йончев В. Книгата през вековете. София, 1976.
16 Прыклады гл.: MaravaChatzinicolaou A., ToufexiPaschou Chr. Catalogue of the illuminated byzantine manuscripts of the National Library of Greece. Athens, 1978/ Vol.I; Ibid. Athens, 1997. Vol.III.
17 Тот И. Русская редакция древнеболгарского языка в конце ХІ — начале ХІІ вв. С
.52—60; Blahova E. Ьber den kyrillischen Teil des Reimser Evangeliums oder ьber die Resuszitation eines Mythos / Stephanos/ Praha, 1995 (Byzantinoslavica. T.LVI). S.593—599.
18 Пуцко В. Иллюминация Реймсского евангелия (кириловская часть) //Staphanos. Studia byzantina ac slavica V.Vavrvinek ad annum sexagesimum quintum dedicata. S.579—592.
19 Пуцко В. Пантекты Антиоха Черноризца: Художественное оформление кириллической рукописи ХІ века // Сyrillomethodianum. Thessaloniki, 1987. T.XI. S.45—87.
20 Падрабязней гл.: Пуцко В. Славянская иллюминованная книга Х—ХІ веков // Byzantinoslavica. 1985. T.XLVI; ён жа, Художественное оформление древнейших рукописей // Slovo. Zagreb, 1987. Sv.37. Новыя прыклады: Tarnanides I.C. The Slavonic manuscripts discovered in 1975 at St.Catherine's monastery on Mount Sinai. Thessaloniki, 1988.
21 Grabar A. Les manuscripts grecs enluminйs de provenance italienne (IXe—XIe siиcles). Paris, 1972 (Bibliothиque des Cahiers Archйologiques. T.VIII).
22 Пуцко В. Чудовская псалтирь: Художественное оформление // Filologia e litteratura nei paesi slavi. Studi in onore di S.Graciotti. Roma, 1990. P.71—90.
23 Пуцко В. Этюды об Остромировом евангелии (Инициалы) // Etudes balkaniques. Sofia, 1981. N4. P.70—91.

Крыніца: http://www.belhistory.eu/vasil-pucko-ilyuminacyya-tura%d1%9eskaga-evangellya/

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.