Sunday, October 10, 2010

АБ ЛЮБОВІ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Мы закліканы любіць адзін аднаго. Любоў пачынаецца зь моманту, калі мы бачым у чалавеку нешта такое каштоўнае, такое сьветлае, такое дзівоснае, што варта забыць сябе, забыцца пра сябе, і аддаць усё сваё жыцьцё — свой розум, сваё сэрца на тое, каб гэтаму чалавеку было сьветла і радасна. Гэта не абавязкова толькі звычайная, зямная радасьць, гэта можа быць нешта большае. У стаўленьні да Бога, напрыклад, калі мы кажам, што мы Яго любім, мы павінны паставіць перад сабой пытаньне: ці зьяўляецца Ён сам вялікай каштоўнасьцю ў маім жыцьці? Ці гатовы я так пражыць, каб Ён мог за мяне цешыцца? Ці здольны я на тое, каб адмовіцца ад сябе дзеля таго, каб толькі аб Ім думаць? Гэта не значыць не думаць ні аб чым іншым, але думаць так, каб Яму радасьць была ад думак маіх і ад наступных дзеяньняў...
У адносінах да чалавека, пра тое ж кажа Эвангельле: так любіць чалавека, каб усё жыцьцё аддаць за яго. На вайне гэта ясна: ты выходзіш у бой, і цябе могуць забіць для таго, каб іншага выратаваць. Я успамінаю аднаго свайго сябра, які быў вельмі высокага росту і шыракаплечы, і заўсёды жаліўся на гэта, таму што гэта зьвяртала увагу людзей на яго. А падчас вайны, зь аднаго кутка фронту на іншы, ён мне паслаў ліст: я зараз толькі зразумеў для чаго Бог мяне стварыў такім высакарослым і шыракаплечым: калі бываюць абстрэлы, то двое могуць схавацца за маёй сьпіной... Гэта было сказана як бы зь усьмешкай, але колькі любові трэба для таго, каб стаць паміж кулямі і чалавекам, якога можа быць ты нават і не ведаеш, але ў якога ёсьць маці, жонка, дзеці, якіх ты можаш выратаваць...
І ў жыцьці мы можам таксама станавіцца паміж бядой і чалавекам, нават не знаёмым нам чалавекам, нават чалавекам, аб якім мы не ведаем нічога, — толькі што ён ёсьць і што яму патрэбна дапамога; жыць так, каб быць абаронай дзеля іншага, каб ніколі іншага не параніць, каб дзеля іншага быць натхненьнем, каб дзеля іншага быць радасьцю... Паспрабуем так пражыць, у прастаце, не ускладняючы рэчаў; падумаем пра усіх тых, якіх нас атачаюць, аб самых блізкія спачатку, якія зьяўляюцца так часта ахвярамі нашай сябелюбнасьці, эгаізму, засяроджанасьці на сабе, А потым пашырым свой далягляд, да паглядзім на іншых людзей, якія вакол нас ёсьць. Я памятаю, была ў нас верніца, якая для усіх была камянём перапоны, цяжкім чалавекам; яе шматлікія не разумелі, таму што не ведалі. Чатырнаццаці гадоў яна была узятая ў канцэнтрацыйны лягер, выйшла зь яго праз чатыры гады, і ў ёй застаўся, калі так можна выказацца, жывёльны страх. Калі нехта набліжаўся да яе ззаду, яна рэагавала зь жахам і крыкам. І я памятаю як мне адна набожная жанчына сказала: Колькі часу нам яе цярпець? — І я ёй адказаў: Першыя 25 гадоў будзе цяжка, а потым гэта будзе радасьцю... І яно так і здарылася. Да таго, як яна сканала, усё яе палюбілі.
Падумаем пра гэта, і навучымся любіць коштам, адкрытым сэрцам, радасьцю пра тое, што можна любому чалавеку прынесьці радасьць і крэпасьць, калі ёсьць слабасьць, і натхненьне, калі няма нічога ў жыцьці дзеля чаго можна жыць. Амін.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.