Monday, October 11, 2010

СУПРАЦІЎЛЕНЬНЕ ПРАВАСЛАЎНЫХ ПОЛАЦКАЙ ЯПАРХІІ УВЯДЗЕНЬНЮ УНІІ І ЗАБОЙСТВА ЯЗАФАТА КУНЦЭВІЧА

Алена Вернікоўская
Унія, заключаная ў Рыме прадстаўнікамі Кіеўскай мітраполіі Іпаціем Пацеем і Кірылам Цярлецкім 23 сьнежня 1595 г. і зацьверджаная на саборы ў Берасьці ў кастрычніку 1596 г., замест чаканага яднаньня прывяла да расколу ва украінска—беларускім грамадзтве, паклала пачатак працяглай барацьбе праваслаўных і уніятаў, г. зьв. “барацьбе Русі з Русьсю”.
Раскол, які адбыўся ў грамадзтв, тлумачыцца ў многім тым, што прывезеная з Рыма унія была не такой, якой яе чакалі убачыць праваслаўныя. Пачынаючы крокі да збліжэньня, праваслаўны і каталіцкі бакі па—рознаму уяўлялі сабе гэтае аб'яднаньне. Калі праект уніі з боку праваслаўных меркаваўся як саюз дзьвюх раўнапраўных цэркваў на падставе узаемных саступак і кампрамісаў, то каталіцкі бок разглядаў унію як вяртаньне праваслаўнай царквы да паслушэнства рымскаму прастолу, як безагаворачную інкарпарацыю праваслаўнай царквы ў структуру рымскага каталіцызму. Менавіта такая унія, якая бачылася каталіцкаму боку, і была заключана ў Рыме.
На першым часе рэлігійны канфлікт, выкліканы увядзеньнем уніі, закрануў пераважна вышэйшыя пляст грамадзтв: барацьба праваслаўя і уніі вялася на соймах і дыспутах, шырока разгарнулася ў літаратурнай палеміцы, і толькі ў нязначнай ступені знаходзіла водгук у народзе. Аднак паступова ў канфэсійную барацьбу былі уцягнуты і самыя шырокія колы праваслаўных людзей. Пытаньне пра тое, якім чынам і чаму мяшчане, сяляне, казакі уступілі ў рэлігійны канфлікт, яшчэ шмат у чым застаецца адкрытым. Недастаткова вывучана праблема успрыманьня і асэнсаваньня ніжэйшымі пластамі праваслаўнага грамадзтва гэтага канфлікту, няясны сам мэханізм яго узьнікненьня і ягоная прырода.
Нейкае сьвятло на гэтыя праблемы можа праліць аналіз сытуацыі, што склалася ва усходнебеларускіх землях у пэрыяд архіяпіскапства Язафата Кунцэвіча. Дзейнасьць Полацкага уніяцкага архіепіскапа ў немалой ступені паспрыяла абвастрэньню канфэсійнага канфлікту, уцягваньню практычна усіх жыхароў япархіі ў барацьбу, вынікі якой самым сур'ёзным чынам адбіліся на далейшым лёсе уніі і праваслаўя ў гэтым рэгіёне. Прыклад сутыкненьня праваслаўнага насельніцтва зь уніяцкім уладыкам дазваляе прасачыць, калі і як удзельнікамі рэлігійнага канфлікту робяцца шырокія пляст насельніцтва, дае магчымасьць вызначыць, у чым караніліся іх варожыя адносіны да уніі і якія былі прычыны такога рашучага адпору спробам яе увядзеньня.
Дзеля рэканструкцыі падзей, якія адбыліся ў Полацкай архіяпіскапіі пры Язафату Кунцэвічу, і іх аналізу былі прыцягнуты наступныя крыніцы: 1) матэрыялы беатыфікацыйных працэсаў Полацкага архіепіскапа 1628 і 1637 г.1; 2) выпіскі зь віцебскіх і полацкіх гарадзкіх кніг, якія захоўваюцца ў Галоўным архіве старажытных актаў у Варшаве2 ; 3) перапіска Кунцэвіча; 4) розныя крыніцы дакумэнтальнага характару, такія як судовыя і прыватна—прававыя акты, перапіска караля Жыгімонта III і мітрапаліта Руцкага з папскай курыяй і інш., апублікаваныя ў розных зборніках.
Язафат Кунцэвіч быў прызначаны япіскапам—каад'ютарам і пераемнікам старога Полацкага архіепіскапа Гедэона Бральніцкага каралеўскай граматай ад 28 чэрвеня 1617 г.3 Ягонае пасьвячэньне адбылося 12 лістапада 1617 г. у Вільні, а 9 студзеня 1618 г. ён прыбыў у Полацк. Неўзабаве пасьля гэтага архіепіскап Гедэон памёр, і Кунцэвіч атрымаў каралеўскую грамату на сан Полацкага архіяпіскапа.
Паколькі за увесь час свайго існаваньня унія не атрымала значнага распаўсюджаньня на гэтай тэрыторыі 4, Кунцэвіч адразу ж распачаў рашучыя дзеяньні па умацаваньні яе пазыцый. Ягоная дзейнасьць была сканцэнтравана на правядзеньні рэформы уніяцкага духавенства зь мэтай павышэньня яго маральнага і адукацыйнага узроўню, на прыцягнен не насельніцтва да уніі пры дапамозе пропаведзі і індывідуальных размоў з праваслаўнымі. Значныя намаганьні архіепіскапа былі накіраваныя на умацаваньне матэрыяльнай і маёмаснай базы уніяцкай царквы. Стаўшы Полацкім архіепіскапам, Кунцэвіч прыняў пад сваю уладу усе цэрквы усходняга абраду (пад якім у той час разумелі унію), г. зн. усе раней праваслаўныя. Аднак з прычыны бязьдзейнасьці папярэдняга архіепіскапа сьляды уніі былі тут ледзь заўважнымі: цэрквы, якія фармальна знаходзіліся ў падпарадкаваньні уніяцкага архіепіскапа, фактычна заставаліся праваслаўнымі, а ягоная улада над імі была толькі намінальнай. Апроч таго, многія царкоўныя маёнткі япархіі былі раскрадзеныя 5. У сувязі з гэтым Кунцэвіч пачаў работу па аднаўленьні страчаных царкоўных маёнткаў і ліквідацыі апекі над царквой і яе маёмасьцю з боку міран.
Калі гэта было магчыма, Кунцэвіч стараўся дабіцца вяртаньня маёмасьці мірным шляхам (напрыклад, шляхам куплі6 або па завяшчаньні пасьля сьмерці сапраўднага уладальніка 7). Часьцей, аднак, ён зьвяртаўся па дапамогу да урада або вырашаў спрэчкі ў судовым парадку, заўсёды маючы падтрымку польскіх уладаў. Напрыклад, у адказ на скаргу Кунцэвіча Жыгімонту III пра тое, што да уступленьня яго на катэдру некаторыя шляхцічы завалодалі архіепіскапскімі маёнткамі, кароль абнародаваў указ пра прызначэньне камісіі для разьмежаваньня земляў Полацкага архіепіскапа зь сумежнымі уладальнікамі 8. Кунцэвіч пастаянна выклікаў сьвецкіх асоб у суды розных інстанцый па справах аб парушэньнях і крыўдах, учыненых царкве9. Так, амаль адразу пасьля заняцьця пасады ён пачаў цяжбу са шляхцічамі Корсакамі, Саламярэцкім і Жышкевічам і жонкамі апошніх, народжаных Корсак, пра неправамерны захоп маёнткаў Полацкага Барыса—Глебскага манастыра. Гэтая справа была распачатая яшчэ ў 1597 г. уніяцкім архіепіскапам Германам Загорскім і даволі хутка даведзеная да канца Кунцэвічам. Намаганьнямі Кунцэвіча задворны асэсарскі суд Вялікага Княства Літоўскага ужо 19 лістапада 1619 г. прысудзіў маёнткі, прысвоеныя гэтымі шляхцічамі, манастыру і, звыш таго, саміх шляхцічаў абавязаў заплаціць штраф10. Кунцэвіч вёў барацьбу і за іншыя маёнткі11 .
У выніку энергічных мерапрыемстваў у гэтым кірунку Кунцэвічу ўдалося вярнуць амаль усе царкоўныя ўладанні, усталяваць уладу над большасцю праваслаўных цэркваў Полацкай епархіі. Аднак актыўныя дзеянні новага архіепіскапа прывялі не толькі да пэўнага ўмацавання пазіцый уніяцкай царквы і да некаторага павелічэння колькасці яе прыхільнікаў. Значна больш важным яе вынікам зьявілася згуртаванне праціўнікаў уніі, якія ўсвядомілі небяспеку, што ўяўляла дзейнасць Кунцэвіча для праваслаўя.
Час архіяпіскапства Кунцэвіча часта падзяляюць на два пэрыяд: 1) пэрыяд існаваньня поўнай (або адноснай) згоды ў Полацкай епархіі і станоўчых вынікаў дзейнасьці уніяцкага уладыкі; 2) пэрыяд ягонай барацьбы з праваслаўнымі. Рубяжом лічыцца аднаўленьне патрыярхам Феафанам праваслаўнай царкоўнай ерархіі (1620—1621), калі на Полацкую кафедру быў прызначаны праваслаўны епіскап Мялецій Сматрыцкі. Гэтую вэрсію выказаў сам Кунцэвіч у лісьце канцлеру Вялікага Княства Літоўскага Льву Сапегу, скардзячыся, што праваслаўныя, якія на працягу трох гадоў прызнавалі яго сваім пастырам, цяпер змовіліся са Сматрыцкiм і пачалі аказваць яму супраціўленьне 12. Той жа вэрсіі прытрымліваўся суд, прызначаны па справе аб забойстве Язафата Кунцэвіча, яна ж шматразова паўтаралася ў ходзе беатыфікацыйных працэсаў, а потым была перанесена і на старонкі літаратуры 13. “Народ у вёсках, — пісаў Э.Лікоўскі пра пачатковы пэрыяд архіяпіскапства Кунцэвіча, — таксама быў задаволены новым парадкам: зь аднаго боку, ён не бачыў ніякай перамены ў абрадах і старых царкоўных звычаях, да якіх быў прывязаны, а зь другога боку — яму падабаўся парадак, уведзены архіепіска пам, як у прыходах, так і ў набажэнствах, і большае дбаньне духавенства пра катэхізацыю і навучаньне зь амбону. <...> Нават у вялікіх гарадах ён не сустракаў сур'ёзнага адпору”14 . Сытуацыя, якая ў сапраўднасьці узьнікла пасьля займаньня Кунцэвічам архіепіскапскай катэдры, як дазваляюць вызначыць крыніцы, выглядала інакш.
Прызначэньне Кунцэвіча япіскапам—каад'ютарам і ягоны прыезд у Полацк, мяркуючы па усім, адразу выклікалі непакой у праваслаўных. Гэтае заступаньне на пасаду не было па сэрцы нашым схізматыкам, — згадвае член полацкага гарадзкога савета Ян Хадыка, у той час праваслаўны, — бо мы чулі, якім заядлым быў Язафат15 . Боязь праваслаўных цалкам вытлумачальная. Дзевяностагадовы архіепіскап Гедэон Бральніцкі не надта рупіўся пра справу уніяцкай царквы, цяпер жа ў япархію прыяжджаў чалавек, які ужо набыў вядомасьць сваёй актыўнасьцю ў правядзеньні уніі.
Першае вядомае нам буйное сутыкненьне Кунцэвіча з праваслаўным насельніцтвам ягонай епіскапіі адбылося значна раней за аднаўленьне праваслаўнай царкоўнай ерархіі. Зьвесткі пра яго зьмяшчаюцца ў Определении короля Сигизмунда III по делу между Полоцким архиепископом Иосафатом Кунцевичем и могилевскими православными мещанами ад 22 сакавіка 1619 г.16
9 кастрычніка 1618 г. Кунцэвіч накіраваўся ў Магілёў са звычайнай мэтай “прыгледзець за царкоўным парадкам”. Жыхары не дазволілі архіепіскапу нават уступіць у горад, зачынілі гарадзкую браму, расставілі на вежах і на валу гарматы, скіраваныя на архіепіскапа, і узброеных людзей, частка якіх выйшла з харугвамі перагарадзіць Кунцэвічу дарогу ў горад. “Калі гэты уладыка—адшчапенец, — казалі яны, — дзе-небудзь пакажацца бліжэй каля горада, то ў горад мы яго не пусьцім, а яго заб'ем, бо за пастыра і уладыку свайго не лічым і прызнаваць яго не хочам”17.
Абвінавачаныя ў прысвойваньні улады над цэрквамі і манастырамі і распараджэньні імі на шкоду каралеўскай уладзе, учыненьні бунту ў горадзе супраць Полацкага архіепіскапа, зьнявазе уладыкі, а праз яго — і Яго Каралеўскай Вялікасьці, магілёўскія мяшчане былі прыцягнуты да суда. У якасьці доказу вінаватасьці жыхароў Магілёва суду быў прад'яўлены шэраг вельмі цікавых дакумэнтаў, зьмест якіх выкладзены ў “Определении”. Першы з пададзеных лістоў быў напісаны магілёўскімі мяшчанамі падстарасту Мікалаю Вадарацкаму. У ім яны просяць папярэдзіць Кунцэвіча, каб ён не прыяжджаў да іх у горад, і нагадаць, што здарылася зь мітрапалітам Рагозам у Слуцку, зь мітрапалітам Пацеем ў Вільні і Львове, зь айцом Антоніем Граковічам у Кіеве і зь іншымі духоўнымі асобамі ў розных месцах 18. Другі ліст тых жа мяшчан, адрасаваны Троцкаму ваяводзе, напісаны 9 кастрычніка 1618 г. — у дзень няўдалага візыту Кунцэвіча ў Магілёў. Спасылаючыся на апошнюю соймавую канстытуцыю, яны выказвалі пажаданьне, каб Кунцэвіч адмовіўся ад прымусовых дзеяньняў, заяўляючы, што “не для таго яны цэрквы пабудавалі, каб іх на вяроўцы трэба было на службу цягнуць”, і што каб гэтага не здарылася, яны павінны былі б падумаць пра тое, пра што ужо перад гэтым пісалі (гэта значыць пра расправу) 19. Акрамя таго, былі прыведзеныя яшчэ тры дакумэнты, якія сьведчаць пра адносіны праваслаўнага насельніцтва да уніяцкага духавенства ў цэлым. У лісьце сьвятара Аўджэя Цішкевіча, накіраваным Кунцэвічу, у прыватнасьці, адзначалася, што мяшчане прысвойваюць сабе уладу над цэрквамі і манастырамі, што духоўным асобам небясьпечна ездзіць на Саборы, арганізаваныя архіепіскапам, бо мяшчане ім пагражаюць, абараніць жа іх няма каму. У лісьце магілёўскага падстарасты Вадарацкага канцлеру Вялікага Княства Літоўскага таксама адзначалася, што жыхары горада, паставіўшы варту на браме, не пускаюць ніводнага сьвятара да архіяпіскапа. У скарзе магілёўскага сьвятара Кузьмадзям'янс кага паведамлялася, што мяшчане пад час адпраўленьня ім набажэнства адцягнулі яго ад алтара, сарвалі зь яго расу, зьбілі і, не даўшы закончыць службу, выгналі зь царквы20.
Прыведзеныя дадзеныя даюць магчымасьць ацаніць размах, які набыло ужо тады супраціўленьне насельніцтва беларускіх земляў распаўсюджаньню уніі. Праваслаўныя Магілёва першымі далі арганізаваны адпор Кунцэвічу, і зьвязана гэта магло быць з тым, што гэта быў адзіны горад у Полацкай япархіі, дзе дзейнічала праваслаўнае царкоўнае брацтва. Жыхары Магілёва усяляк перашкаджалі правядзеньню рэвізіі праваслаўных цэркваў, што фактычна азначала б іх пераход у унію, уніяцкіх жа цэркваў на той час у горадзе яшчэ не было. Больш за тое, папярэдні архіепіскап нават адмовіўся на карысьць магілёўскіх мяшчан ад сваіх праў на іх 21. У выніку канфлікту зь Магілёвам Кунцэвіч атрымаў усю паўнату улады над усімі праваслаўнымі цэрквамі і манастырамі гэтага горада. Не прыняўшы пад увагу апраўданьні мяшчан, суд, апроч таго, прыгаварыў завадатараў бунту як парушальнікаў спакою дзяржавы да сьмяротнай кары, а на горад быў накладзены штраф. За непадпарадкаваньне быў таксама прадугледжаны штраф 22.
Як вынікае з пададзеных суду дакумэнтаў, ужо ў 1618 г. праваслаўныя імкнуліся перашкодзіць усталяваньню кантролю уніяцкага архіепіскапа над іх цэрквамі і духавенствам. Яны не прызнавалі Кунцэвіча за свайго пастыра, бачылі ў ім прадстаўніка іншай — “адшчапенскай” — веры, а ягоныя дзеяньні па распаўсюджаньні уніі успрымалі як спробу навязаць яе ім. Стандартны паказ першых трох гадоў архіепіскапства Кунцэвіча, такім чынам, бясспрэчна перабольшвае плады уніі на Полацкай зямлі, робячы акцэнт на посьпеху дзеяньняў уніяцкага уладыкі і ігнаруючы барацьбу, якая ужо ахапіла шырокія колы праваслаўнага насельніцтва усходнебеларускіх земляў.
Пасьля аднаўленьня праваслаўнай царкоўнай ерархіі і прызначэньня Полацкім епіскапам Мялеція Сматрыцкага становішча ў епархіі сапраўды стала яшчэ больш неспакойным. Сматрыцкі асталяваўся ў віленскім манастыры Сьвятога Духа, адкуль рассылаў па усёй япархіі унівэрсалы пра сваё хуткае прыбыцьцё. Верагодна, як вынік асьцярогі Кунцэвіча, менавіта полацкаму магістрату раней за усё была адрасаваная каралеўская грамата (ад 1 лютага 1621 г.), у якой гаварылася, што прызначаныя патрыярхам асобы не толькі не павінны быць упушчаныя ў Полацак, але і могуць быць пасаджаныя ў турму і аддадзеныя пад суд 23.
У лютым 1621 г. у Віцебск прыбылі пасланцы Сматрыцкага, якія “падбухторвалі” насельніцтва горада да непаслушэнства Кунцэвічу і да прызнаньня Сматрыцкага. Момант быў выбраны удала, бо Кунцэвіч знаходзіўся на сойме ў Варшаве і не мог пракантраляваць сытуацыю. У гэты ж час у Віцебск зь Варшавы вярнуўся пісец Грыгорый Боніч, які паведаміў, што ў Варшаве уніяцкі архіепіскап адпраўляў набажэнства ў лацінскім храме 24. Гэтае паведамленьне яшчэ больш узбударажыла насельніцтва горада. 3 сакавіка 1621 г. пасланцы Сматрыцкага падалі ў гарадзкую ратушу ягоны ліст, дзе Сматрыцкі называўся законным архіепіскапам, пастаўленым з ведама і дазволу караля, а Кунцэвіч — адступнікам. Прачытаўшы ліст, грамадзяне, якія сабраліся ў ратушы, падпісалі абавязацельства падпарадкоўвацца Сматрыцкаму, адмовіўшыся, такім чынам, ад падпарадкаваньня Кунцэвічу, потым перадалі усе цэрквы ў горадзе разам зь духавенствам у веданьне праваслаўнага ўладыкі 25 . 5 сакавіка прадстаўнік караля ў Віцебску Мікалай Завіша загадаў членам гарадзкога магістрата і некаторым мяшчанам зьявіцца 7 сакавіка ў ратушу на суд у сувязі з бунтам 3 сакавіка і іншымі выпадкамі непадпарадкаваньня уніяцкаму архіепіскапу і духавенству. Спроба прыцягнуць віцебскіх гараджан да суда скончылася, аднак, новым мяцяжом. Віцебчукi “судзіць сябе не дазволілі, прычым, зрываючы з галявы шапкі, кідалі ў кучу і ледзь не забілі бацьку уладыкі” 26. Не падзейнічалі на жыхароў Віцебска ні лісты ваяводы Яна Завішы 27, закліканыя папярэдзіць паўтор падобных бунтаў (ваявода нават прызначыў дадатковы штраф звыш належнага), ні аналягічныя лісты Кунцэвіча, якія намаганьнямі бурмістраў Навума Ваўка і Фёдара Сьпіцы не былі нават упісаныя ў гарадзкія кнігі і не публікаваліся 28, што рабілася па звычаю.
Каб прыпыніць непадпарадкаваньне насельніцтва, якое пашыралася, уніяцкія улады пасьпяшаліся ужыць духоўныя санкцыі супраць праваслаўных ерархаў. 12 сакавіка 1612 г., у адказ на скаргу Кунцэвіча, мітрапаліт Руцкі заклікаў Сматрыцкага на суд, абвінавачваючы яго ў незаконным прысвойваньні сану архіепіскапа, у тым, што ён заклікае да парушэньня спакою ў дзяржаве і на шкоду законнаму архіепіскапу рассылае чарняцоў і сьвецкіх асоб па гарадах і сёлах Полацкай епіскапіі зь унівэрсаламі, лістамі і вуснымі пасланьнямі, “людзей ад паслушэнства пастырскага адводзячы:”29. Паколькі ў прызначаны тэрмін Сматрыцкі на суд не зьявіўся, 22 сакавіка Руцкі аддаў яго анафэме. У гэты ж дзень Жыгімонт III выдаў яшчэ адзін указ супраць новапастаўленых герархаў. У ім адзначалася, што Сматрыцкі, Барэцкі і іншыя асобы былі пасьвечаны шпіёнам турэцкага уладара, які называе сябе ерусалімскім патрыярхам Феафанам, яны абвінавачваліся ў дзяржаўнай здрадзе і загадам караля павінны былі быць схопленыя, пасаджаныя ў цямніцу і паводле ступені сваёй віны пакараныя 30.
Такім чынам, уніяцкія улады ў супрацоўніцтве зь урадам спрабавалі дыскрэдытаваць праваслаўных япіскапаў у вачах вернікаў, але гэта ужо не магло спыніць нарастальнага супраціўленьня шырокіх мас царкоўнай палітыцы дзяржавы, каталіцкага і уніяцкага духавенства. Праваслаўныя не толькі дапамагалі Сматрыцкаму хавацца ад уладаў, але і аказвалі яму матэрыяльную падтрымку 31. Спроба ж Кунцэвіча прад'явіць жыхарам Полацка каралеўскія унівэрсалы, якія загадвалі не прызнаваць Сматрыцкага архіяпіска пам, не слухацца яго і не упускаць у горад, зноў выклікала мяцеж супраць уніяцкага уладыкі, у ходзе якога праваслаўныя ледзь не забілі усіх уніятаў, якія знаходзіліся ў той час у ратушы, разам зь самім Кунцэвічам 32.
1621—1623 г. былі адзначаныя бесьперапыннымі хваляваньнямі і бунтамі праваслаўных жыхароў Полацкай епархіі. Хоць афіцыйна усе цэрквы на яе тэрыторыі былі зноў аддадзеныя пад уладу Кунцэвіча, праваслаўнае насельніцтва больш яму не падпарадкоўвалася і спрабавала адстойваць кожны праваслаўны сабор. Самы напружаны характар гэтая барацьба набыла ў Віцебску. Вядомы цэлы шэраг канфліктаў, якія адбыліся ў гэты пэрыяд. 4 красавіка 1621 г., у дзень Дабравешчаньня, віцебскія праваслаўныя на чале з бурмістрам Сымонам Нешам не пусьцілі працэсію уніяцкіх сьвятароў Прачысьценскага сабора ў царкву Дабравешчаньня: люд посполитый лаял их и соромотил и на здоровье их як того часу, так и потомных часов похвалки чинил, грозячи им забиянем и у воду утопенем 33. Мяркуючы па усім, незадоўга да гэтага праваслаўным удалося завалодаць гэтай царквой, выгнаўшы адтуль уніяцкіх сьвятароў, пра што віцебскі ваявода пісаў Кунцэвічу: “...я больш дзіўлюся на тое, што дабравешчанскія сьвятары дазволілі забраць у іх царкву ў замку. <...> Аднак каб гэтыя сьвятары упэўнена стаялі за унію, не далі б сябе зь царквы выгнаць, і яны (праваслаўныя — А.В.) не адважыліся б мяцеж у замку учыняць, але, пэўна, няцьвёрда яны трымаліся гэтай уніі”34. У той жа царкве 16 жніўня, у дзень Спаса (яблычнага), праваслаўныя зноў “тумульт учинили”, званілі ў званы, проста ў царкве зьбілі сьвятара айца Максым Турчыновіча і Кунцэвічавага слугу Стэфана Базыліскага, а потым гналіся за самім архіепіскапам 35. У дзень Пяцідзесятніцы вялікі натоўп праваслаўных на чале зь віцебскім гараднічым Васілеўскім спыніў арганізаваную Кунцэвічам урачыстую працэсію, што накіроўвалася за горад да царквы Св. Духа, і прымусіў яе вярнуцца ў горад 36. 20 лютага 1622 г. каля сотні жыхароў Віцебска акружылі царкву Дабравешчаньня, перашкаджаючы адпраўленьню архіепіскапам набажэнства, “крик, волане великое учинили”, “словы неучтивыми лаяли, соромотили” уніяцкае духавенства, а пасьля службы напалі на архідыякана і чэлядзь архіепіскапа 37.
Але супраціўленьне праваслаўнага насельніцтва не спыніла Кунцэвіча, а наадварот, падахвоціла дзейнічаць яшчэ больш рашуча. Калі раней ён імкнуўся пераканаць праваслаўных перайсьці ў унію, стараўся схіліць іх на свой бок, то цяпер ён не пакідаў ім ніякай магчымасьці зрабіць выбар, вымушаючы іх ісьці ва уніяцкія храмы. У Полацкай архіепіскапіі былі зачыненыя усе праваслаўныя цэрквы, якія не згадзіліся перайсьці ў унію, а іх маёмасьць аддадзеная уніятам 38. Праваслаўным сьвятарам забаранялася зьяўляцца ў гарадах і іх навакольлі, парушальнікам гэтага распараджэньня пагражала турэмнае зьняволеньне 39. У скарзе валынскіх дэпутатаў Варшаўскаму сойму 1622 г. адзначаец ца, што праваслаўныя грамадзяне, “не маючы ў Полацку нават простага дома, прызначанага для набажэнства, вымушаны па нядзелях і сьвятах выходзіць для боскай службы за заставы, у палі, ды і то без сьвятароў” 40.
З—за адсутнасьці праваслаўных цэркваў і праваслаўнага духавенства людзі, якія не жадалі прымаць унію, не мелі магчымасьці спавядацца перад сьмерцю і хрысьціць дзяцей. “Бедныя людзі, не жадаючы прызнаваць іншага веравызнаньня, апроч таго, у якім яны нарадзіліся, — гаворыцца ў той жа грамаце валынскіх дэпутатаў, — пастаўлены ў неабходнасьць вазіць сваіх дзяцей дзеля хрышчэньня на адлегласьць 10 міляў і больш, і гэтае працяглае і цяжкае падарожжа нярэдка вядзе да таго, што многія зь дзетак паміраюць, так і не прыняўшы хрышчэньня” 41. Існуе таксама сьведчаньне пра тое, што калі полацкія праваслаўныя мяшчане, не упрасіўшы праваслаўнага сьвятара, самі пахавалі цела нябожчыка, Кунцэвіч загадаў яго адкапаць і наладзіць належнае адпяваньне уніяцкаму сьвятару. Праваслаўныя ж не далі адпраўляць цырымоніі над целам і зноў яго закапалі, прагнаўшы уніяцкага сьвятара зь могілак 42 . Калі на першым часе пасьля заключэньня уніі ніжэйшыя пласт насельніцтва не бачылі асаблівай розьніцы паміж уніяцкімі і праваслаўнымі цэрквамі, то цяпер, калі праваслаўе рэальна апынулася па—за законам, а унія пачала насаджацца, у масавай сьвядомасьці сталі замацоўвацца адносіны да уніяцкага духавенства як да прадстаўнікоў чужой веры, а да уніі — як да іншай, навязанай ім рэлігіі. Пазьней выпадак пахаваньня набыў вельмі характэрную афарбоўку. Паводле слоў валынскіх дэпутатаў, “адступнік” Кунцэвіч загадаў выкапаць зь зямлі целы праваслаўных і “выкінуць зь магілаў хрысьціянскія астанкі на зьяданьне сабакам, як нячыстую падаль”43 . Такой была інтэрпрэтацыя лідэраў праваслаўя, і менавіта яна стала вядомай шырокім масам, яшчэ больш абвастраючы ў праваслаўных пачуцьцё нянавісьці і варожасьці да уніяцкага архіепіскапа і уніі ў цэлым.
Вясною 1623 г., пакуль Кунцэвіч знаходзіўся на сойме ў Варшаве, жыхары Віцебска пабудавалі два дамы для адпраўленьня праваслаўных набажэнстваў: адзін у слабадзкім пасадзе за Дзьвіною — на “рускім баку”, другі — у Верхнім замку. Паводле распараджэньня Кунцэвіча туды былі накіраваныя назіральнікі, якія паведамілі, што ў нядзелю 7 траўня там мелі месца набажэнствы. Сярод прысутных быў заўважаны віцебскі бурмістар Фёдар Сьпіца і многія вядомыя мяшчане. У данясеньні таксама зазначалася, што тыя, хто сабраліся, маліліся на чале са сьвятарамі Давідам Федаровічам і Ільлём Давідовічам за Барэцкага і Сматрыцкага 44. Ужо 9 траўня Кунцэвіч, сабраўшы зьвесткі, падаў у віцебскія гарадзкія кнігі пратэстацыю на мяшчан “з нагоды пабудовы пуняў замест цэркваў”. Подле двора Федора Спицы, — скардзіцца ён на членаў гарадзкога магістрата, — на плацу церковном через Двину, напротив двору его милости архиепископа Полоцкого, чинечи кгвалтом, збудовали пуню, називаючи ее церковью своею, церкви соборное от давних часов ку набоженству збудованые опустивши, до помененое пуни по отправованю набоженства негодное рекомо для набоженства ходят и поспольство с собою провадят и попов, которые его милости архиепископа полоцкого пана и пасторя своего послушными не есть <...>, в домах своих переховывают и его милости архиепископа Полоцкого оним послушными быти не кажут45. Сапраўды, пасьля пабудовы гэтых своеасаблівых храмаў праваслаўныя масава хадзілі на набажэнствы ў іх, пакінуўшы гарадзкія цэрквы46. Але скаргі Кунцэвіча, мяркуючы па усім, дзеяньня не мелі, бо і ў канцы кастрычніка праваслаўныя па—ранейшаму адпраўлялі там набажэнствы, пра што вядома з чарговага данясеньня 47.
Адсутнасьць якой—небудзь дапамогі з боку уладаў у адказ на скаргі Кунцэвіча тлумачыцца, мусіць, тым, што становішча, якое склалася ў Полацкай япархіі, і без таго іх сур'ёзна турбавала. Яшчэ за год да гэтага, 12 сакавіка 1622 г., Леў Сапега даводзіў да ведама Кунцэвіча незадавальненьне урада вынікамі ягонай дзейнасьці. Сапега адзначаў, што прымусовымі мерамі Кунцэвіч не толькі не можа прыцягнуць нікога на бок уніі, але, наадварот, толькі парушае спакой у грамадзтве, чым падвяргае небясьпецы дзяржаву. “Безразважна было б, — пісаў ён, — згубным гвалтам парушаць жаданую згоду і падпарадкаваньне, належнае каралю <...>, бо ад падпарадкаваньня іх (праваслаўных — А.В.) больш карысьці для краю, чым ад вашай уніі”48. Сапега спрабаваў пераканаць Кунцэвіча дзейнічаць зь аглядкаю і асьцярожна: “Вы павінны узгадняць уладу сваю і абавязкі пастыра зь воляю караля і намерамі урада, — памятаючы, што улада вашая абмежаваная і што задумы вашыя, якія супярэчаць спакою і агульнай карысьці, будуць палічаныя за зьнявагу вялікасьці” 49. Тады Кунцэвічу было загадана расьпячатаць цэрквы ў Магілёве. Сапега таксама папярэджваў архіепіскапа, што калі гэта не будзе зроблена, то, паводле загаду Жыгімонта III, ён будзе вымушаны сам адчыніць цэрквы і аддаць іх праваслаўным. Такім чынам, нават ва урада узьнікла пэўная асьцярога адносна становішча ў Полацкай япархіі і ён, зьяўляючыся пастаянным абаронцам уніі, але ў той жа час дзейнічаючы найперш у інтарэсах дзяржавы, зрабіў спробу стрымаць своеасаблівую місіянэрскую дзейнасьць Кунцэвіча і трохі супакоіць праваслаўнае насельніцтва.
Довады Сапегі, аднак, не былі прынятыя Кунцэвічам да ведама. Спробы пераканаць яго скончыліся поўным правалам. “Магілёўцам, — адказваў ён Сапегу, — цэрквы даўно адчыненыя, хай у іх Богу і моляцца, яны маюць сьвятароў — добрых каталікоў, асобную ж царкву для іх блюзнэрств саступіць згодна маёй уладзе не магу, нават каб мне загадаў Вярхоўны пастыр Папа Рымскі або ягоны легат, а інакш бы я быў вінаваты перад Богам і маім сумленьнем” 50. Кунцэвіч працягваў сваю дзейнасьць, нягледзячы на небясьпеку, якая пагражала ягонаму жыцьцю, і папярэджаньні урада. Ніякіх саступак праваслаўным у соймавай канстытуцыі 1623 г.51 таксама зроблена не было.
Натуральна, што ў такой сытуацыі азлабленьне праваслаўнага насельніцтва расло зь дня ў дзень. Па усёй епархіі праваслаўныя зьбівалі уніяцкіх сьвятароў і слуг архіепіска па, перашкаджалі адпраўленьню імі набажэнстваў. Зь многіх цэркваў, якія праваслаўныя вымушаны былі перадаць Кунцэвічу, яны выносілі усё начыньне 52 . На адрас Полацкага архіепіскапа гучалі шматлікія пагрозы, на яго было зроблена, прынамсы, пяць замахаў 53 . Характэрна, што тры зь іх мелі месца менавіта ў Віцебску, дзе, урэшце, 12 лістапада 1623 г. Язафат Кунцэвіч быў літаральна разарваны натоўпам праваслаўных.
Бунт, а пасьля і забойства архіепіскапа былі справакаваныя арыштам паводле ягонага загаду праваслаўнага сьвятара Ільлі Давідовіча, які накіроўваўся раніцай 12 лістапада на службу ў храм за Дзьвіною. Адразу ж пасьля арышту сьвятара каля палаца архіепіскапа сабраўся вялікі натоўп праваслаўных, якія, верагодна, таксама ішлі на службу. Улічваючы, што ужо паўтара года праваслаўныя храмы былі зачыненыя і адпраўляць праваслаўныя набажэнствы жыхары Віцебска маглі толькі ў сваіх практычна нелегальных храмах, лёгка можна зразумець іх імгненную рэакцыю гневу і абурэньня ў адказ на пазбаўленьне іх службы ў нядзелю нават у гэтых імправізаваных цэрквах. Нягледзячы на тое, што сьвятар неўзабаве быў вызвалены, агрэсіўна настроены натоўп праваслаўных уварваўся ў архіепіскапскі палац і жорстка расправіўся з Кунцэвічам. Пасьля забойства цела ягонае было скінутае з Прачысьценскай гары, над якой разьмяшчалася рэзідэнцыя, уніз, на бераг ракі, адкуль яго адвезьлі на чаўне за горад і патапілі ў самым глыбокім месцы.
Нават для бурнага часу пачатку ХVII ст. у Рэчы Паспалітай гэтае забойства стала падзеяй надзвычайнай. Напады на дзеячаў уніяцкай царквы здараліся і раней 54, але упершыню ў гісторыі барацьбы праваслаўя і уніі замах на прадстаўніка вышэйшай царкоўнай ярархіі скончыўся так трагічна, прычым забойцамі былі не казакі, не індывідуальныя абаронцы праваслаўя, а насельніцтва цэлага горада. Аналіз дакумэнтаў, зьвязаных зь забойствам Язафата Кунцэвіча, дазваляе сьцьвярджаць, што падзеі ў Віцебску 12 лістапада 1623 г. былі стыхійным народным паўстаньнем, падрыхтаваным усім ходам барацьбы праваслаўных Полацкай япархіі зь уніяцкім архіепіскапам (паводле выразу Сапегі, “омерзевшим” праваслаўным сваімі прымусовымі мерапрыемствамі), і стала кульмінацыяй гэтай барацьбы. Прычына гэтага забойства не зводзілася да “зламыснасьці” народа, які арганізаваў “змову” супраць нявіннай ахвяры, як гэта было пададзена ў працах гісторыкаў у асноўным каталіцкай і грэка—каталіцкай арыентацыі як ХIХ, так і ХХ ст.55 Яна была ў самой упартай дзейнасьці Кунцэвіча, які не жадаў лічыцца са шматлікай (насуперак ягонай перакананасьці ў адваротным) апазыцыяй і ісьці на якія-небудзь кампрамісы.
Паказальна, што гарадзкія улады не прынялі ніякіх мераў ні для абароны Полацкага архіепіскапа, ні для спыненьня ганьбаваньня яго цела пасьля забойства. Яны не спынілі таксама рабаваньня архіепіскапскай рэзідэнцыі і не спрабавалі затрымаць злачынцаў: практычна усе удзельнікі паўстаньня пасьпелі пакінуць горад. Віцебскі магістрат толькі аддаў загад пра пошук цела Кунцэвіча ў рацэ.
У заяве пра забойства Кунцэвіча, складзенай 21 лістапада 56, члены гарадзкога кіраўніцтва тлумачаць сваё неўмяшальніцтва ў трагічныя падзеі 12 лістапада боязьзю размаху, які набыло паўстаньне, і асьцярогай, што “бунтовники” і “свовольники” падымуць новы мяцеж. Вядома, гэтая заява носіць самаапраўдальны характар, але не выклікае сумненьня, што размах мяцяжу быў вельмі значным: у ім, паводле шматлікіх сьведчаньняў, удзельнічаў амаль увесь горад — “до колку тысеч” чалавек 57 . Напэўна, частка гарадзкіх уладаў, верная архіепіскапу, сапраўды была напалоханая маштабамі таго, што адбывалася. Яна не толькі не была ў стане умяшацца і спыніць гэтае великое своеволие, але і пасьля забойства не асьмельвалася рабіць рашучыя захады, баючыся непрадказальных дзеяньняў натоўпу. Магчыма, непарадкі ў горадзе працягваліся і пасьля патапленьня цела архіепіскапа (пратэст ягоных слуг быў складзены толькі на трэці дзень, а цела было выяўлена на пяты). Зрэшты, відавочна, што існавала і другая частка сярод тых, хто апраўдваўся. Нягледзячы на аднадушнае прызнаньне на судзе ў прыхільнасьці да уніі і архіепіскапа 58, частка абвінавачаных бурмістраў, радцаў і лаўнікаў, несумненна, спачувала агрэсіўным настроям паўстанцаў. Пераважная большасьць зь іх удзельнічала ў бунце ў віцебскай ратушы 3 сакавіка і ў іншых выступленьнях супраць Кунцэвіча ў 1621 г.59, на многіх зь іх паступалі скаргі ў тым, што яны пабудавалі “буданы” і прысутнічалі на “нягодных” набажэнствах 60. Хутчэй за усё, яны знарок не рабілі ніякіх захадаў, каб не быць непасрэдна замешанымі ў забойстве, але і не перашкодзіць яму.
9 сьнежня 1623 г. каралеўскай граматай быў прызначаны камісарскі суд па справе аб забойстве Полацкага архіепіскапа. У грамаце прызначаліся каралеўскія камісары, якім даручалася неадкладна правесьці расьсьледаваньне і строга пакараць вінаватых, у тым ліку пазбавіць Віцебск магдэбурскага права і усіх прывілеяў, дадзеных яму каралямі і вялікімі князямі. Справа уяўлялася ураду зразумелай і адназначнай: яшчэ да правядзеньня расьсьледаваньня урад быў схільны трактаваць забойства Кунцэвіча як наўмыснае, а самога Кунцэвіча лічыць бязьвіннай ахвярай мяцежнікаў. Быў дакладна вызначаны вінаваты бок — віцебскае насельніцтва, а Кунцэвіч узяты пад абарону закону. 15 студзеня 1624 г. каралеўскія камісары прыбылі ў Віцебск, а 18 студзеня суд распачаў расьсьледаваньне. Судовы разбор быў праведзены ў максымальна сьціслыя тэрміны, так што рашэньне па справе аб забойстве Полацкага архіепіскапа было вынесена ужо 22 студзеня. Такая пасьпешлівасьць тлумачылася як пагрозай з боку казакоў, да заступніцтва якіх, паводле сьведчаньня І.Руцкага, зьвярнуўся горад 61, так і неспакойным станам насельніцтва самога горада.
З ходу судовага разбору, выкладзенага ў рашэньні камісарскага суду 62, вынікае, што былі выслуханыя абвінаваўчы бок і грамадзяне, якія афіцыйна прадстаўлялі абвінавачаны бок. Голас праваслаўных, аднак, на гэтым судзе так і не прагучаў. Аб'явіўшы сябе прыхільнікамі Кунцэвіча і уніі, не прызнаючы сябе вінаватымі ў тым, што адбылося, прадстаўнікі абвінавачанага боку не маглі растлумачыць суду прычыны канфлікту праваслаўных з Кунцэвічам і прычыны забойства апошняга. Характэрна, што і большасьці асуджаных, прызнаных аднымі з галоўных завадатараў, не было дадзена слова. Суд не пачуў, а хутчэй, не хацеў пачуць думку пра тое, што адбылося, сапраўдных апанэнтаў уніяцкага архіепіскапа. Зразумела, і ураду, і камісарам былі вядомыя прычыны канфрантацыі праваслаўных і Кунцэвіча, але, стаўшы на пазыцыю абароны Полацкага архіепіскапа і апекаваньня уніяцкай царквой, яны, пэўна, не жадалі пераўтвараць суд у арэну барацьбы праваслаўных і уніятаў і таму хутка скончылі сьледзтва, не дамагаючыся спайманьня сапраўды вінаватых — сапраўдных праціўнікаў Полацкага архіепіскапа.
Склад злачынства ў рашэньні суда быў сфармуляваны наступным чынам: віцебскія грамадзяне здаўна арганізоўвалі нарады і змовы, не раз замахваліся на жыцьцё Полацкага архіепіскапа і, нарэшце, 12 лістапада 1623 г. выканалі “сваю злачынную задуму”; члены гарадзкой управы, “хоць маглі і павінны былі перашкодзіць гэтай справе, але народ не уціхамірвалі”. Таму камісарскі суд прызнаў вінаватымі усіх грамадзян Віцебска, на падставе чаго горад пазбаўляўся магдэбурскага права і вызваленьня ад платы мыта. Апроч таго, было загадана разбурыць ратушу, зьняць зь усіх цэркваў званы, адліць у памяць здарэньня вялікі звон зь надпісам на ім і аддаць яго Прачысьценскай царкве, каля якой быў забіты архіепіскап, у астатніх жа цэрквах званоў не мець без асаблівага распараджэньня Кіеўскага мітрапаліта; Прачысьценскі сабор адбудаваць на сродкі мяшчан; кампэнсаваць слугам забітага архіепіскапа страты зь маёмасьці гараджан пад пагрозай спагнаньня гэтай сумы ў трайным памеры ў выпадку нявыплаты ў 6—тыднёвы тэрмін. Суд вынес сьмяротны вырак 19 чалавекам, сярод якіх былі два бурмістры (Навум Воўк і Сымон Неша). Акрамя таго, на сьмяротнае пакараньне і канфіскацыю маёмасьці на карысьць каралеўскага скарбу было асуджана завочна яшчэ больш за 74 чалавекі, якія зьніклі з горада. У гэтым сьпісе быў пазначаны і сьвятар Ільля Давідовіч, схоплены слугамі архіепіскапа ў дзень забойства. Суд вызваліў ад абвінавачваньня і пакараньня 10 чалавек як паслухмяных архіепіскапу і не прыналежных ні да якіх бунтаў і змоў 63. У той жа дзень вырак суда быў выкананы. Асуджаным на сьмерць адсеклі галовы, іх маёмасьць канфіскавалі, таксама як і маёмасьць асуджаных завочна, ратушу разбурылі, зь усіх цэркваў зьнялі званы, дзьве “схізматычныя сінагогі” таксама разбурылі, а горад пазбавілі усіх прывілеяў.
Гэтае пакараньне было санкцыянаванае і апостальскай сталіцай. 10 лютага 1624 г. рымскі папа Урбан VIII, пэўна, яшчэ не ведаючы пра пакараньне віцебскіх жыхароў, якое адбылося пасьля забойства, накіраваў каралю Жыгімонту III ліст з пераконваньнямі не пакідаць гэтае забойства беспакараным. “Але жорсткасьць забойцаў, — піша ён, — не павінна застацца беспакаранай. Там, дзе такое жорсткае злачынства патрабуе бічоў помсты Божай, няхай пракляты будзе той, хто устрымае меч свой ад крыві. І так, дзяржаўны кароль, ты не павінен устрымацца ад мяча і агню. Хай ерась адчуе, што жорсткім злачынцам няма літасьці. У такім гнюсным злачынстве строгасьць павінна заступіць месца міласэрнасьці” 64.
Даведаўшыся пра пакараньне забойцаў Полацкага архіепіскапа, папа Урбан VIII накіраваў яшчэ адзін ліст Жыгімонту III зь выказваньнем пахвалы за здзейсьненае правасудзьдзе. У гэтым лісьце ён адзначае: “Віцебск, які даў прыклад такога незвычайнага злачынства, служыць цяпер доказам помсты Божай і дабрадзейнасьці караля”65 . Прыклад Віцебска павінен быў, на думку урада Жыгімонта III і папскага прастола, перасьцерагчы праваслаўнае насельніцтва Рэчы Паспалітай ад далейшага супраціўленьня. “Ты убачыш, — пісаў Урбан VIII Жыгімонту III, — што цьвярдыня, якая абараняе русінаў ад уніі, разбурылася, і дзёрзкасьць тых, хто суцяшаліся бедзтвам каталіцкай рэлігіі, уціхамірыцца”66. Жорсткім пакараньнем Віцебска урад Рэчы Паспалітай разьлічваў прыпыніць барацьбу праваслаўнага насельніцтва супраць уніі і выключыць магчымасьць падобных паўстаньняў у будучым.
Такім чынам, рашучымі мерапрыемствамі па распаўсюджаньні уніі Полацкі архіепіскап даў новы імпульс канфэсійнай барацьбе на беларускіх землях. Узмацненьне пазыцый уніяцкай царквы ажыцьцяўлялася за кошт пастаяннага уціску праваслаўнай, прычым размова ішла не проста пра ушчамленьне яе правоў, быў пастаўлены пад пытаньне сам факт яе існаваньня. У беларускіх гарадах, дзе на працягу дваццаці гадоў пасьля Берасьцейскага сабору увядзеньне уніі не мела для праваслаўных сур'ёзных наступстваў, за час праўленьня Кунцэвіча была практычна выключана любая магчымасьць адпраўленьня праваслаўнага набажэнства. Да зьяўленьня тут Язафата Кунцэвіча вялае увядзеньне уніі не вельмі патрывожыла шырокія пласт праваслаўнага насельніцтва, якое не мела магчымасьці пераканацца ў яе небясьпецы і, акрамя таго, не заўважыла ў нешматлікіх тады уніяцкіх цэрквах прынцыповых зьмен у абрадах, унутрыцаркоўных традыцыях і звычаях. Супраціўленьне набыло масавы характар менавіта тады, калі унія рэальна заявіла пра сваё існаваньне, прадэманстравала свае правы і пачала наступ на праваслаўе. Пад уплывам дзейнасьці Кунцэвіча барацьба праваслаўных супраць уніі не проста узмацнілася, яна перайшла на іншы узровень. Калі да 1618 г. практычна няма ніякіх зьвестак пра удзел народных пластоў у барацьбе супраць уніі і яе дзеячоў (у нашым распараджэньні знаходзяцца толькі адзінкавыя факты распраў і нападаў), то з гэтага часу народ актыўна уключаецца ў канфэсійную барацьбу. Пасьля аднаўленьня праваслаў най царкоўнай ерархіі канфрантацыя каталікоў і уніятаў, зь аднаго боку, і праваслаўных, зь другога, стала масавай: насельніцтва цяпер ужо усёй Полацкай епархіі адкрыта выступіла супраць Кунцэвіча, спрабуючы супраціўляцца гвалтоўнаму увядзеньню уніі. Але судовыя прысуды вырашалі справу не на карысьць праваслаўных: насельніцтва вымушана было падпарадкоўвацца каралеўскім унівэрсалам, якія абаранялі інтарэсы уніяцкай царквы. Не разьлічваючы болей на абарону закона, праваслаўныя перайшлі да выкарыстаньня нелегальных мэтада барацьбы, імкнучыся хоць бы такім чынам перашкодзіць распаўсюджаньню уніі і фактычнаму зьнішчэньню праваслаўя. Рэлігійны канфлікт пачатку XVII ст. у Рэчы Паспалітай, у многім дзякуючы дзейнасьці Язафата Кунцэвіча, выйшаў са сфэры соймавай барацьбы, дыскусій і літаратурнай палемікі, што адбываліся ў вышэйшых, адукаваных пластах грамадзтва, і пранік у больш нізкія ягоныя пласт, увайшоўшы практычна ў кожны праваслаўны дом.
Сытуацыя, якая узьнікла ва усходнебеларускіх землях у пэрыяд архіепіскапства Кунцэвіча, яўна кантраставала зь існуючай да таго часу шматгадовай практыкай мірнага суіснаваньня прадстаўнікоў розных канфэсій. Прымусовыя меры, якія шырока практыкаваліся Кунцэвічам у адносінах да беларускага праваслаўнага мяшчанства, непазьбежна мусілі выклікаць і выклікалі рэакцыю ў адказ, спрыяючы імкліваму росту рэлігійнай нецярпімасьці ў іх асяродзьдзі. Праваслаўныя пакінулі уніяцкія цэрквы, яны адмаўляліся ад споведзі перад сьмерцю і хрышчэньня дзяцей, толькі б не зьвяртацца да уніяцкага сьвятара. Паводле слоў віцебскага бурмістра Пятра Івановіча, калі уніяты уваходзілі ў царкву, праваслаўныя казалі: “Глядзі, яны уваходзяць у пекла”67. Цікавае і паказальнае і стаўленьне да уніятаў іх блізкіх, што засталіся вернымі праваслаўю. “Сваякі і сябры мае, — гаворыць полацкі пісар Ян Дзягілевіч, — не хацелі са мною вітацца, бачыць мяне і мець зносіны са мною, папракаючы мяне за тое, што я уніят”68. Непрымірымасьць уніятаў і праваслаўных стала настолькі вострай, што нават людзі, якія жылі пад адным дахам, часам не маглі знайсьці паразуменьня. Апавядаючы пра нянавісьць праваслаўных да уніятаў, пра абразы і пагрозы на іх адрас, полацкі бурмістар Дарафей Ахрамовіч адзначае, што, у першую чаргу, адчувае гэтае напружаньне ў сваёй сям'і. Я сам цярплю гэта штодзённа, — гаворыць ён, — бо ў маім доме жыве мая маці—схізматычка, ад якой я на працягу 17 гадоў ніводнага добрага слова не чуў69.
Якія ж матывы супраціўленьня уніі былі ў “простых” людзей? Чым быў выкліканы такі імклівы рост нецярпімасьці ў іх асяродзьдзі? У выніку чаго Кунцэвіч быў забіты так жорстка?
Нягледзячы на тое, што многія аўтары закраналі на старонках сваіх прац барацьбу, якая была ў праваслаўных Полацкай япархіі зь уніяцкім архіепіскапам, да гэтага часу ў гістарыяграфіі не рабілася спробаў сур'ёзнага дасьледаваньня прычын іх нежаданьня прымаць унію, прычын іх упартага супраціўленьня дзейнасьці Кунцэвіча і забойства апошняга 70.
Наўрад ці звычайны чалавек, адстойваючы сваю веру, кіраваўся тымі ж ідэямі, якія вышэйшыя пласт грамадзтва абаранялі ў рэлігійных дыскусіях і на соймах. Хутчэй за усё, ён не разьбіраўся ў тэарэтычных спрэчках уніятаў і праваслаўных па пытаньнях дагматыкі, а таксама не надта разумеў розныя абгрунтаваньні і аргумэнты палемістаў у абарону ушчэмленых правоў і прывілеяў праваслаўнай царквы. Тым не менш, трэба думаць, што паступова ў шырокія пласт грамадзтва, хоць і ў трансфармаваным выглядзе, “зьверху” усё ж прасочваліся ідэі, якія былі прадметам палемікі ў грамадзкай эліце. Пад іх уплывам і на падставе уласнага досьведу ў простага насельніцтва фармуецца нейкае сваё уяўленьне пра адрозьненьні уніі і праваслаўя, сваё разуменьне сутнасьці узьніклага канфлікту. Паспрабуем зрабіць некаторыя дапушчэньні, зыходзячы з крыніц, якія ёсьць у нашым распараджэньні.
Мы не маем сьведчаньняў саміх праваслаўных аб прычынах супраціўленьня Кунцэвічу. На судзе па справе аб забойстве Полацкага архіепіскапа голас праваслаўнага боку, як ужо адзначалася, не прагучаў, таму сапраўдныя прычыны, па якіх насельніцтва Віцебска і іншых гарадоў жадала сьмерці Кунцэвічу, засталіся нявысьветленымі. Камісіі па справе беатыфікацыі, таксама як і каралеўскія камісары, што праводзілі расьсьледаваньне забойства Кунцэвіча, прызналі праўдзівымі паказаньні сьведкаў пра тое, што Язафат Кунцэвіч быў забіты бязьвінна, і што забойцы не мелі аніякіх падстаў для такога жорсткага злачынства 71. Хоць на працэсах праваслаўным не было дадзена слова, усім сьведкам задавалася пытаньне аб прычынах забойства Кунцэвіча. Так, сьведка Георгі Буевіч паведаміў, што паўстанцы “называлі прычынай мяцяжу захоп схізматычнага сьвятара, але насамрэч гэта было няпраўдай, бо ужо даўно дробязі не хапала віцяблянам, каб забіць Раба Божага, хоць у іншых выпадках не было ніякага захопу сьвятара” 72. Разумелі гэта і іншыя сьведкі, кажучы, што асноўнай прычынай забойства Кунцэвіча была непрымірымая нянавісьць да яго праваслаўных. Чым жа выклікаў Полацкі архіепіскап такую нянавісьць да сябе? “Язафат ніколі б не заслужыў такую нянавісьць, абразы і небясьпеку, — гаворыць Дарафей Ахрамовіч, — каб не імкнуўся усіх да Рымскага Касьцёлу схіліць і схізму выкараніць” 74. Многія сьведкі паказваюць на тое, што праваслаўныя ладзілі замахі на жыцьцё Кунцэвіча і забілі яго толькі з—за нянавісьці і “распаленага запалу” супраць каталіцкай веры, уніі грэцкай царквы з рымскім касьцёлам і падпарадкаваньня апостальскай сталіцы і рымскаму папу 75. Што ж рэальна стаяла за тлумачэньнем прычыны забойства Кунцэвіча абаронай ім уніі і нянавісьцю праваслаўных да каталіцкай веры?
Спрабуючы выкласьці падзеі ў Віцебску і іншых гарадах у 1621—1623 г. праўдзіва, але пры гэтым пазьбегнуць нэгатыўнай ацэнкі дзейнасьці Кунцэвіча, сьведкі, якія выступалі на беатыфікацыйных працэсах, ускосна паказвалі на больш глыбокія прычыны варожасьці праваслаўных да уніі і уніяцкага архіепіскапа, якія нас і цікавяць, на тое, якімі шляхамі нараджалася і умацоўвалася іхняя нянавісьць.
Уступіўшы ў валоданьне віцебскімі цэрквамі, Кунцэвіч заняўся іх абсталяваньнем: загадаў іх падмесьці, пачысьціць абразы, наладзіць хоры і адкідныя сядзеньні. Паводле слоў відавочцаў, праваслаўныя ў адказ на гэта сказалі, што нельга зь царквы нічога выкідаць, нават пыл. На падставе гэтага яны аб'явілі, што Кунцэвіч прытрымліваецца лацінскай веры і перарабляе цэрквы на лацінскі узор, за што вырашылі скінуць яго ў раку 76. Аналягічны выпадак адбыўся ў Полацку. Калі Кунцэвіч, хочучы адрамантаваць струхнелы Сафійскі катэдральны сабор, распарадзіўся разбурыць 4 вежы і пакінуць пятую цэнтральную ў якасьці купала, праваслаўныя успрынялі гэта так, быццам архіепіскап хоча зьнішчыць грэцкі абрад, што ён адмовіўся ад чатырох патрыярхаў, пакінуўшы толькі пятага — рымскага папу 77.
Падобныя “замеры” ў спалучэньні з прымусовымі дзеяньнямі Кунцэвіча ў справе распаўсюджаньня уніі нараджалі недавер да яго і разнастайныя чуткі пра яго. Гэтыя чуткі яшчэ болей распалялі атмасфэру і, у сваю чаргу, уплывалі на фармаваньне грамадзкай думкі і пэўных стэрэатыпаў успрыманьня. Як было сказана, паведамленьне пісца Грыгорыя Боніча, які вярнуўся зь Варшавы, пра тое, што архіепіскап і мітрапаліт зьяўляюцца лацінянамі і ў Варшаве адпраўлялі імшу у лацінскім храме паводле лацінскага абраду, падштурхнула жыхароў Віцебска да мяцяжу супраць Кунцэвіча (1621 г.). Пасьля гэтага ужо па усёй епархіі панавала думка, што Кунцэвіч хоча зьнішчыць грэцкі абрад. “Ён зьнішчыў нашую веру, — крычалі праваслаўныя пад час мяцяжу ў Віцебску, — давайце яго заб'ем!”78 Кунцэвіч нават быў вымушаны накіраваць жыхарам Віцебска лісты, у якіх пераконваў, што не будзе мяняць абрад 79. Аднак гэтыя лісты былі схаваныя Рыгорам Бонічам і не дайшлі да ведама народа. Некаторыя сьведкі менавіта ў гэтым бачылі прычыну забойства Кунцэвіча. Хоць наўрад ці такія лісты змаглі б перамяніць меркаваньне народа, які бачыў, што Кунцэвіч наведвае каталіцкія сьвяты80, чулі, што ён служыць у лацінскіх храмах. Аднаго гэтага было ужо дастаткова, каб прызнаць яго “лаціньнікам”, г. зн. прадстаўніком чужой рэлігіі, і перастаць аказваць яму паслушэнства. Характэрна, што праваслаўныя (ды і самі уніяты, якія давалі паказаньні на працэсах) не разьмяжоўваюць унію і каталіцтва. Для іх Кунцэвіч — папіст і лаціньнік, а ягоная вера — лацінская, рымская, каталіцкая. Унія, якую горача абараняў і навязваў праваслаўным Кунцэвіч, успрымалася імі, такім чынам, як чужая, “адшчапенская” вера. Адрозьненьні паміж праваслаўем, каталіцтвам і уніяй маглі быць зразумелымі “простым” людзям, хутчэй, толькі зь вонкавага, абрадавага боку, больш ім блізкага. Таму думка пра тое, што нехта хоча замахнуцца на абрад, а значыць, парушыць даўнюю традыцыю і зьнішчыць веру продкаў (увасабленьнем якой для іх і быў абрад) нараджала ў іх варожасьць да таго, хто намерваўся замахнуцца на іх. Паколькі увасабленьнем уніі, “гвалтаўніком сумленьня” праваслаўных быў Кунцэвіч, які не жадаў лічыцца зь іх уяўленьнямі, менавіта ён стаў аб'ектам іхняй нянавісьці, і менавіта яго вырашылі зьнішчыць, магчыма, спадзеючыся такім чынам пазбавіцца ад чужой рэлігіі, якая ім навязвалася.
Трэба таксама сказаць, што узьніклы рэлігійны канфлікт у значнай ступені стаў асэнсоўвацца праваслаўнымі ў нацыянальных катэгорыях. Як паказвае ў сваіх працах Б.М.Флёра, сукупнасьць уяўленьняў сялян, мяшчан, казакоў пра рэлігійныя адносіны ў навакольным сьвеце грунтавала ся на тым, што ў кожнага народа свая вера. “Такі стан рэчаў, — піша ён, — уяўляўся натуральным. Каталіцкая вера, як вера іншага, “польскага” народа не выклікала ніякага асуджэньня або варожых адносінаў. Варожую рэакцыю выклікалі спробы зьмяніць такі стан рэчаў, прымусіць “беларусцаў” прыняць “ляскую” веру...”81. У прыватнасьці, Б.М.Флёра прыводзіць сьведчаньні відавочцаў канфлікту ва усходнебеларускіх землях, паводле якіх полацкі уладыка “нарушил белорусскую веру” і зачыніў цэрквы, а тым, хто “в их ляцкую веру почали веровать”, цэрквы “розьпечатаны”82. Дадзеныя беатыфікацыйных працэсаў пацьвярджаюць менавіта такое разуменьне ніжэйшымі пластамі насельніц тва узьніклага канфлікту. Дзеяньні Кунцэвіча, паводле слоў апытаных, былі успрынятыя праваслаўнымі як спроба “пераўтварыць рутэнаў у лацінянаў”, “зрабіць рутэнаў рымлянамі зьнешнасьцю і сэрцам”, ператварыць іх у “папістаў” 83. Паказальна, што супрацьпастаўленьне тут ідзе не паводле прыналежнасьці да той ці іншай канфэсіі або этнасу (“руський”, “белорусец” — “лях”; “греческая вера”, “руская вера” — “латинская вера”), ва уяўленьні “простых” людзей гэтыя паняцьці зьмешваюцца, нараджаючы апазыцыю этнасу канфэсіі. Выкліканы Берасьцейскай уніяй раскол да тае пары суцэльнай масы “русінаў” на праваслаўных і уніятаў прывёў да таго, што уніяты не проста сталі разглядацца праваслаўнымі як тыя, хто здрадзіў веры продкаў, і аўтаматычна прыроўнівацца да каталікоў, але гублялі ў іх вачах сувязь са сваім народам. Тыя, што перайшлі ў унію, тым не менш, працягвалі ў значнай меры лічыць сябе “русінамі”, у той час як для праваслаўных яны такімі быць пераставалі. Так, Кунцэвіч гаворыць пра уніяцкія цэрквы як пра “нашыя рускія”, а праваслаўныя лічаць яго “лаціньнікам”, “папістам”, называюць “біскупам”. У “масавай сьвядомасьці”, мяркуючы па усім, фармуецца уяўленьне пра тое, што зьмена веравызнаньня калі і не значыць зьмену нацыянальнай прыналежнасьці (з прычыны неразьвітасьці нацыянальнага тыпу мысьленьня), то, прынамсы, азначае здраду сваёй культурнай супольнасьці і пераход у іншую. Народжаны Берасьцейскай уніяй канфлікт, такім чынам, выходзіў за рамкі чыста канфэсійнага. Унія пачала пагражаць культурнаму адзінству, еднасьці “русінаў”, перад якімі паўстала праблема захаваньня традыцыі, этнакультурнай самабытнасьці, узьнікла неабходнасьць адасабленьня ад наступу лацінізацыі і паланізацыі.

Пераклад Марыны Сідаровіч, праўкі "Беларускай Аўтакефаліі"
1 Выкарыстаны тэкст працэсаў зь Архіва Кангрэгацыі Абрадаў, які уваходзіць у склад Сакрэтнага Архіва Ватыкана, апублікаваны на лацінскай мове: S.Josaphat Hieromartyr. Documenta Romana Beatificationes et Canonizationes. / Ed. A.Welykyj. —— Analecta OSBM. Series II. Sectio III. Vol. 1. 1623—1628. Romae, 1952; Vol. 2. 1628—1637. Romae, 1955 (далей — SJH).
2 Archiwum Gіуwne Akt Dawnych (Warszawa), Archiwum Radziwiііowskie, Dziaі II (далей — AGAD. AR. Dz. II).
3 Витебская старина / Сост. А.Сапунов. Т. 1. Витебск, 1883 (далей — Витеб. ст.). №114.
4 SJH. V. 1. P. 11—12; V. 2. P. 315.
5 Витеб. ст. Т. 5. Ч. 1. Витебск, 1888. № 68.
6 Архив Полоцкой Духовной Консистории (далей — Архив ПДК) / Сост. А.Сапунов. Москва, 1898. №16. б. 88.
7 Акты, издаваемые Виленской археографической комиссией (далей — АВАК). Т. 9. Вильна, 1878. № 1. С. 5, 6; Архив ПДК. № 15. б. 88.
8 Витеб. ст. Т. 5. Ч. 1. № 67. б. 111—112.
9 SJH. V. 2. P. 258.
10 Архив ПДК. б. 94. Гл. таксама: SJH. V. 2. P. 225.
11 АВАК. Т.9. № 1. б. 8.
12Ліст Я.Кунцэвіча да канцлера Льва Сапегі 21.01.1622 г. // Известия отделения русского языка и словесности Императорской Академии Наук 1909 (далей — ИОРЯС). Т. 14. Кн. 3. СПб, 1910. б 229.
13 Гл. напр.: Левицький Я. др. Життя апостола унii св. свмч. Иосафата. Львiв, 1924. C. 13; Bielska W. Œwiкty Jуzafat Kuncewicz i Andrzej Bobola Apostoіowie Ziem Kresowych. Warszawa, 1920. S. 8; Czerniewski L. Œw. Jozafat Kuncewicz 1580—1623. Poznaс, 1935. P. 22—23; Guepin A. Saint Josaphat archevкque de Polock, martyr de l'unite catholique et l'eglise grecque unie en Pologne. T. 1. Paris, 1874. Р. 234; Likowski E. Unia Brzeska (r. 1596). Warszawa, 1907. S. 308—309; ¯ochowski S. Unia Brzeska w Polsce XVII wieku. Londyn, 1988. S. 92; ¯ychiewicz T. Jozafat Kuncewicz. Cieszyn, 1986. S. 75—76, 98.
14 Likowski E. Op. cit. S. 289.
15 SJH.V. 2. P. 302.
16 АВАК. Т. 9. № 58.
17 Тамсама. б. 162.
18 На усіх пералічаных асоб былі зроблены замахі, Граковіч быў утоплены.
19АВАК. Т. 9. № 58. б. 162.
20 Тамсама. б. 162—163.
21 Тамсама. б. 164.
22 Тамсама. б. 164—165.
23 Витеб. ст. Т. 5. Ч. 1. № 69. б. 117.
24 SJH. V. 1. P. 204, 209, 210.
25 Витеб. ст. Т. 1. № 118. б. 229—230; SJH. V. 1. P. 198, 202, 205, 206, 209, 210.
26 Витеб. ст. Т. 1. № 118. б. 230. Гл. таксама: Витеб. ст. Т. 1. № 118. б. 227; SJH. V. 1. P.198, 211; V. 2. P. 318.
27 Витеб. ст. Т. 1. № 118. б. 227.
28 AGAD. AR. Dz. II. № 818. S. 2.
29 Витеб. ст. Т. 1. № 115. б. 214.
30 Сборник документов, уясняющих отношения латино—польской пропаганды к русской вере и народности. Вып. 2. Вильна, 1866 (далей — Сб. документов). № 15.
31 AGAD. — AR. Dz. II. № 818. S. 2.
32 SJH. V. 2. P. 277, 291, 317.
33 AGAD. AR. Dz. II. № 818. S. 2.
34 AGAD. AR. Dz. II. № 820.
35 AGAD. AR. Dz. II. № 818. S. 3; SJH. V. 2.P. 260, 317.
36 SJH. V. 1.P. 212; V. 2. P. 318.
37 AGAD. AR. Dz. II. № 814.
38 Сб. документов. № 14. б. 61; гл. таксама: Витеб. ст. Т. 5. Ч. 1. № 73.
39 SJH. V. 2. P. 258.
40 Сб. документов. № 16. б 68.
41 Сб. документов. № 16. б. 68.
42 Витеб. ст. Т. 5. Ч. 1. № 71.
43 Сб. документов. № 16. б. 68.
44 AGAD. AR. Dz. II. № 854.
45 AGAD. AR. Dz. II. № 855.
46 SJH. V. 1. P. 205. Гл. таксама: SJH. V. 1. P. 210; Витеб. ст. Т. 1. № 118. б. 230.
47 AGAD. AR. Dz. II. № 868.
48 Ліст Л.Сапегі ад 12.03.1622 г. // Сборник документов. № 17. С. 70. Аналагічныя дакументы прыводзіў Кунцэвічу пасля бурных падзей у Віцебску ў сакавіку 1621 г. віцебскі ваявода Ян Завіша, які пісаў, што такое свавольства гвалтам вынішчаць небяспечна, што без праліцця крыві гэта не абышлося б, і рашэнне па гэтай справе можа прымаць толькі кароль. Гвалтам абараняць свае пасады мы не павінны, — піша ён, — і рабіць гэтага не варта, каб не паднялі мы грамадзянскую вайну... (AGAD. AR. Dz. II. № 820).
49 Ліст Л.Сапегі ад 12.03.1622 г. // Сборник документов. № 17. б. 70.
50 Ліст Л.Сапегі ад 21.01.1622 г. // ИОРЯС. 1909. Т. 14. Кн. 3. б. 229—230.
51 Сойм, які праходзіў у Варшаве 24 студзеня — 11 сакавіка 1623 г., зноў адклаў канчатковае вырашэньне пытаньня пра грэцкую рэлігію да наступнага сойма. Цяпер жа дзеля разбору гэтае справы рэкамэндавалася стварыць камісію з прадстаўнікоў двух бакоў. Кароль абавязаў праваслаўных і уніятаў прытрымлівацца канстытуцый 1607, 1609 і 1618 г. Таксама было прынятае рашэньне спыніць судовыя цяжбы паміж двума бакамі.
52 Витеб. ст. Т. 1. № 118. С. 227.
53 SJH. V. 1. P. 200, 202, 209, 213; V. 2. P. 317; Ліст Л.Сапегі ад 21.01.1622 г. // ИОРЯС. 1909. Т. 14. Кн. 3. б. 229.
54 Вядомы факты нападаў на мітрапаліта М.Рагозу ў Слуцку (1598), мітрапаліта І.Руцкага і епіскапа І.Марахоўскага ў Львове (1615), замахі на мітрапаліта І.Пацея ў Вільні (1609), а таксама забойства казакамі айца Антонія Граковіча ў Кіеве (1618).
55 Гл. напр.: Левицький Я. др. Op. cit.; Пануцэвiч В. Сьвяты Язафат, архiяпiскап полацкi. Полацак, 2000; Bielska W. Op. cit.; Czerniewski L. Op. cit.; Guepin A. Op. cit.; Likowski E. Op. cit.; Œw. Jуzefat Kuncewicz mкczennik za uniк.Warszawa, 1934; Urban J. ks. Œwiкty Jozafat Kuncewicz biskup i mкczennik.Krakуw, 1906; ¯ochowski S. Op. cit.; ¯ychiewicz T. Op. cit.; ¯ywot Œw. Jуzefata Kuncewicza Biskupa Mкczennika. £uck, 1923.
56 AGAD. AR. Dz. II. № 873.
57 AGAD. AR. Dz. II. № 869, 870, 872, 873.
58 Витеб. cт. Т. 1. № 118. С. 230—231.
59 AGAD. AR. Dz. II. № 818.
60 Ibid. № 854, 855.
61 Витеб. cт. Т. 1. №120. С. 240.
62 Тамсама. № 118.
63 Тамсама. б. 235—238.
64 Тамсама. № 119. б. 239.
65 Тамсама. № 121. б. 240.
66 Тамсама. № 121. б. 241.
67 SJH. V. 2. P. 202.
68 Ibid. P. 277.
69 Ibid. P. 291.
70 Расійскія дарэвалюцыйныя дасьледчыкі, як правіла, толькі канстатавалі сам факт супраціўленьня праваслаўных, адзначаючы, што выклікана яно было гвалтам над рэлігійнымі пачуцьцямі (гл. напр.: Бантыш—Каменский Н. Историческое известие о возникшей в Польше унии с показанием начала и важнейших в продолжении оной через два века приключений. Вильно, 1866; Говорский К. Иосафат Кунцевич, Полоцкий униатский архиепископ. Вильно, 1865; Грушевський М. Iсторiя Укра¿ни—Руси. Т. VII. Ки¿в, 1995; Жукович П.Н. Сеймовая борьба православного западнорусского дворянства с церковной унией (с 1609). Вып. 4; Киприанович Г.Я. Исторический очерк православия, католичества и унии в Белоруссии и Литве с древнейших времен до настоящего времени. Вильно, 1895; Кулиш П.А. История воссоединения Руси. Т. 3. Москва, 1877; Макарий (Булгаков). История русской церкви. Т. ХI. С.—Петербург, 1882; Хойнацкий А.Ф. Православие и уния в лице двух своих защитников преподобного Иова Почаевского и Иосафата Кунцевича // Труды Киевской Духовной Академии (ТКДА). Киев, 1882. Август. № 8). У савецкі перыяд у вельмі нешматлікіх працах канфесійныя канфлікты ў Рэчы Паспалітай на пачатку XVII ст. набываюць афарбоўку, уласцівую духу савецкай эпохі: барацьба праваслаўнага насельніцтва ўкраінска—беларускіх земляў трактуецца як народна—вызваленчая і антыфеадальная, якая прыняла форму рэлігійнай барацьбы (гл. напр.: Михневич Д.Е. Очерки из истории католической реакции (иезуиты). Москва, 1955; Прокошина Е.С. Мелетий Смотрицкий. Минск, 1966; Короткий В.Г. Творческий путь Мелетия Смотрицкого. Минск, 1987). У сучаснай літаратуры прычыны супраціўленьня праваслаўнага насельніцтва Полацкай япархіі дзейнасьці Кунцэвіча таксама не знайшлі належнага асьвятленьня.
71 SJH. V. 1. P. 197, 215.
72 Ibid. P. 200
73 Ibid. P. 200, 201, 202, 207.
74 Ibid. V. 2. P. 296.
75 Ibid. P. 248, 260, 271, 276—277, 284, 291, 298, 308, 310, 316, 318.
76 Ibid. V. 1. P. 200, 209.
77 Ibid. P. 139.
78 Ibid. P. 211; гл. таксама P. 139, 209, 216.
79 Ibid. P. 210, 211, 216.
80 Ibid. P. 145—146, 211.
81 Брестская уния 1596 г. и общественно—политическая борьба на Украине и в Белоруссии в конце XVI— первой половине XVII в. Ч. II. Москва, 1996. б. 154.
82 Тамсама. б. 170, заўвага 6.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.