Saturday, October 9, 2010

СЛОВА АБ СЬВЯТЫМ ЯНЕ БАГАСЛОВЕ

сьвяціцель Ян Залатавусны
1. Ян у Эфэсе Асійскім, Ян – пахвала Анёлаў і слуп сусьветны. Ян – умілаваны вучань Хрыстовы і труба Слова Боскага, слава эфэсянаў прапаведнік межаў зямлі, цымбалы багаслоўя, годна названы Багасловам, вусны херувімскія і таямніца серафімаў, і не маю сумневаў сказаць нават больш гэтага. Гэта ён – Ян – адкрыта і адважна прапаведаваў аб Тым, Якога нябесныя сілы Анёлаў праслаўляюць з трапятаньнем, гэта ён прамовіў “у пачатку было Слова” (Ян. 1:1). Дабрашчасны ты, горад эфэсянаў, бо ў табе першым прагрымеў гэты боскі гром; дабрашчасны ты, горад эфэсянаў, бо ў табе напісана такая кніга; дабрашчасны ты, бо ў табе знаходзіўся такі Ян. Ёсьць, натуральна, і іншыя Яны, як у сусьвеце, так і ў табе, але ні ў табе, ні ва ўсім сусьвеце няма іншага такога Яна. Таму і Вядучы розум чалавечы і Ведаючы таямніцы сэрцаў, адшукаўшы яго такім, якой ён ёсьць, – сьвятым і непарочным, высокім па жыцьцю, чыстым сэрцам, упрыгожаньнем цноты, дасканалым у любові, – яму, як вернаму зь верных, даручыў Маці Сваю, чыстую Галубку, Непарочную Авечку, Усячыстую Юначку, Непараўнальную сярод людзей, Вышэйшую ўсіх тварэньняў Боскіх: такой даверы ніхто іншы са сьвятых не ўдастоіўся. Дабрашчасны ты, годад эфэсянаў, што па табе хадзілі стопы такога мужа, чыстаму жыцьцю якога і самім сьлядам дзіваваліся Анёлы; дабрашчасны ты, горад эфэсянаў, што праз умілаванага Яна ты вершы ўзвысіўся над усімі іншымі гарадамі; дабрашчасны ты, горад эфэсягаў, бо ўсе царквы сусьвету зрабіліся тваімі вучнямі – бо табой навучаны багаслоўю: у пачатку было Слова. Уявім сябе, што недзе ў адным месцы гарыць сьвяцільнік, – і вось усе прыходзяць сюды, каб запаліць свае сьвяцільнікі, і дасягнуўшы гэтага, усе разыходзяцца адсюль, зь сьвяцільнікамі ў руках, не спатыкаючыся і не блукаючы; гэта самае і адбылося ў Эфэсе.
Калі ты першы запаліў у сябе сьвяцільнік багаслоўя, усе царквы ад канцоў зямлі пасьпяшаліся да цябе, кожная запальвала свой сьвяцільнік багаслоўя і павярталася з радасьцю. У пачатку было Слова. І ў Эфэсе сьвятло багаслоўя не зьменшылася, і сусьвет маючы такую ж колькасьць сьвятла, прапаведуе: У пачатку было Слова. Неабходна аднак узгадаць і подзьвігі праслаўленага Апостала, наколькі магчыма, з шматлікіх нешматлікія, бо паказаць усе ягоныя дабрадзейнасьці недастаткова аніякага часу. Аб шматлікіх зь іх мы чулі з кнігі Дзеі, наколькі ён доблесна працаваў зь іншымі Апосталамі. У далейшым, пацярпеўшы выгнаньне ад Даміцыяна, рымскага імпэратара, ён прыйшоў дзеля пропаведзі слова Боскага і навукі набожнасьці на выспу, названую Патмас, і тут апісаў Царкву, як яе паказаў яму Бог, і напісаў адкрыцьцё таямніц страшных і невымоўных, а таксама тры сваіх пасланьня. Заўваж неапісальную мілату Боскую, – як Бог паўсюды неразлучны зь любячымі Яго; утрымліваліся лі яны ў вязьніцы, жылі ў выгнаньні, альбо ў бяздоньні мора, заключаны лі ў яме, альбо наогул недзе былі ў небясьпецы, Бог не пакідаў іх, дапамагаючы ім і ўмацоўваючы іх, і даваў палёгку іх працы. Павярнуўшыся зь выгнаньня, Ян пасяліўся ў Эфэсе і ў час свайго жыхарства тут напісаў Эвангельле; тады яму было сто гадоў; усяго ж ён пражыў сто дваццаць гадоў. Тут – то займаўся ён багаслоўем, альбо лепш сказаць – на нябёсах, адкуль і прынёс яго зь сабой; бо такія людзі жыльлё сваё маюць на нябёсах. Знаходзячыся ва плоці ў Эфэсе, ён да канцоў сусьвету раскінуў сеці багаслоўя, абвяшчаючы: у пачатку было Слова. Сапраўды “Вялікі Гасподзь наш і вялікая моц Ягоная, і розум Ягоны нявымерны” (Пс. 146:5)! Вялікі Гасподзь, сказаўшы Апосталам “Я дам вам вусны і мудрасьць” (Лк. 21:15)! Колькі цароў, уладароў і мудрацоў абвяшчалі свае словы і нярэдка зь вялікай сілай, але голас іх не дасягаў нават сьцен гораду, а бедны рыбак абвясьціў ў Эфэсе: у пачатку было Слова – і ўсю зямлю пакрыў ягоны голас. Бачыў ты вусны, найбольш гучныя са ўсіх? Бачыў язык, вастрэй маланкі? Бачыў голас, гучней ўсялякага грому? Бачыў такую сілу настаўніка зь Эфэсу, навучаючага ўсе народы і настаўляючага іх багасловіць: у пачатку было Слова? Гэты голас злавіў увесь сусьвет і – узрушаны зацьвердзіў; гэты голас адукаваў сусьвет і ўмацаваў яго супраць ворага; гэты голас – дзеля шматлікіх уваскрэсеньне і падстава выратаваньня, а дзеля некаторых – падзеньне і адхіленьне, як знак прадказаны: менавіта, дзеля веруючых, што ў пачатку было Слова, уваскрэсеньне, дзеля сьцьвярджаючых, што Яно адбылося зь нічога, падзеньне і маўчаньне. На самой справе, вялікая колькасьць ерэтыкаў, паўстаўшых тады, хістала Царкву, узводзячы няпраўду на Вышэйшага і сьцьвярджаючы, што быў некалі час, калі не было Сына, што Нараджэньня Ягонага не было і што Ён адбыўся з нічога. О, нягодныя вусны! О, брыдкі язык! О, вусны, напоўненыя атрутай зьмея! Ёсьць лі няпраўда больш злая, чым гэтая няпраўда? Ці магчыма нягоднасьці пайсьці далей гэтага? Тады – то Апостал Ян, не выносячы больш слухаць іх нягодныя словы, складае свае Эвангельля, завяшчаючы Царкве вылікі скарб, чацьвёртую рэчку, каштоўную пэрліну. Павярнуўшыся, як сказана вышэй, пасьля выгнаньня ў Эфэс і падумаўшы, што ўжо складзены кнігі іншых Эвангелістаў і ўсе прачыталі Боганатхненнае Пісаньне дзеля асьветы Царквы, а меж тым не выстачае чацьвёртага падмурка сусьвету, без якога і сусьвет няздольны сьцьвердзіцца, Ян паразмаўляў сам зь сабой такім чынам: Што я маруджу? Чаго чакаю яшчэ? Чаму не адчыняю таямніцу, схаваную ад стагодзьдзя? Што хаваю у сябе вечную мудрасьць, якую дастаў я зь несьмяротнае крыніцы, прыпаўшы да Яе? Што не абвяшчу таго, чаго не ведаюць Анёлы? Што не адкрывае канцам зямлі Таго, Каго ніхто не ведае, апрача Айца? Чаму не апісваю таго, аб чым Мацей, Марк і Лукаш умаўчалі з пахвальнай нясьмеласьці, не ідучы далей таго, што было загадана ім? Абавязаны лі я абвясьціць тое, што мне даравана зь вышыні. Мацей, колькі ўмясьціў, напісаў па сваёй сіле, таксама Марк і Лукаш пад кіраўніцтвам Сьвятога духа набожна і годна выклалі свае кнігі. Напішу і я, і да ранейшых далучу чацьвёртую крыніцу жыцьця. У боганатхненнам хоры бракуе голасу аб багаслоўі і сусьвет знаходзіцца з гэтага боку ў небясьпецы. Напішу кнігу, якая зачыніць усе вусны, дзёрзка прамаўляючыя няпраўду на Бога; напішу кнігу, перабольшваючую ўсялякую мудрасьць у сьвеце; напішу кнігу, гаворачую не аб чалавеку. Дзеля Царквы дастаткова, зразумела, таго, што аб прадметах бачных напісаў Майсей – аб небе і зямлі, аб марах, рыбах, птушках і чацьвераногіх, аб гадах, расьлінах і насеньні, аб сьвяцілах, аб ежы і іншым тварэньні; я ж, пакінуўшы ўсё, ад часу і ў часе існуючае, буду казаць аб рэчах па-за часам і няствораным, раней ўсякага стагодзьдзя ад Айца невымоўна народжаным Богу Слова. Аб ім Майсей і казаць быў няздольны, я ж “Усё магу ў Ісусе Хрысьце, Які мацуе мяне” (Плп. 4:13). Так размаўляючы сам зь сабою, Апостал Ян, з кійком дзеля пісаньня ў руках і зь думкай аб тым, як пачаць багаслоўе, радуючыся душой і трымцячае рукой, натхніўся і, знаходзячыся целам у Эфэсе, чыстым сэрцам і духам узьнёсься над зямлёй. І вось, пакінуўшы ўсю зямлю, ён прайшоў ахінаючае яе паветра, мінуў сузор’і зорак, мінуў войскі Анёлаў, палкі Архангелаў, і ўсе Нябесныя Сілы, чыны Херувімаў і Серафімаў, і ўсё, што створана зь нябыту, прайшоў усе нябёсы, колькі іх ня было, і пранік па-за межы іх. Ён наблізіўся да мяжы неспасьціжнага і ніхто не перашкаджаў яму, ніхто не стрымліваў яго. Так і ўсялякім незабруджаным целам, чыстым сэрцам, нязлосным душой і пакорлівым духам ні паветраныя духі не перашкаджаюць, ні Нябесныя сілы не стрымліваюць узьнесьціся ў горны Ерусалім, дзе сабраны ўсе дабрашчасныя, як і гэты дабрашчасны Апостал Ян, меншы, і ў той жа час большы вялікага Сьвятога Яна. Такім чынам, усё гэта ён мінуў і нідзе не сустрэў перапонаў. Анёлы пры выглядзе зямнога чалавека, больш слаўнага за Анёлаў, замаўчалі; хары Анёлаў не адважыліся затрымаць іншага Анёла – зямнога, зьзяючага цнотай, поўнага сьвятасьці, чыстага сэрцам, напоўненага водарам духмяным. Брама нябесная, зноў бачачы новую праслаўленую асобу, больш сонца зьзяючае боскімі праменьнем, і лічачы, што гэта той, каго ўпадабаў Ісус, які на грудзях Ягоных ляжаў зь найбольшай чысьцінёй, таму і апрануўся у такую славу, пасьпешна расчыніўшыся адчынілі яму ўваход. Затым ён наблізіўся ўжо да недасягальнага, дасягнуў самой глыбіні вышэйшае. Што казаць аб гэтым? Праўдзівы боскі голас, абвяшчаўшы праз прарока: “Я праслаўлю тых, што праслаўляюць Мяне” (1 Цар. 2:30), як аб гэтым богаайцец Давыд прадказаў: “бо шчыты зямлі – Божыя; Ён узьнесены над намі” (Пс. 46:10), і яшчэ “Да сьвятых на зямлі і да дзівосных Тваіх – да іх уся зычлівасьць мая” (Пс. 15:3). Што ж вышэй такога цуду – на такую вышыню ўзысьці простаму чалавеку? Зь вялікае адвагай і колькі магчыма было бачыць, ён сузіраў там Таго, “Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа” (1 Цім. 6:16), як піша Апостал Павал, згодна зь уласнымі словамі Яна, што “Бога ня бачыў ніхто ніколі” (Ян. 1:18). Такім чынам, што скажам адносна гэтага? Справядліва лі сьцьвярджаў Павал: “Якога ніхто зь людзей ня бачыў і бачыць ня можа”, калі Ян Яго бачыў. Натуральна, справядліва, бо ў гэтым выпадку мова ідзе не аб тым, што ўласьціва людзям альбо караніцца ў прыродзе, але аб тым, што вышэй прыроды; тое, чаго Ян удастоіўся, ёсьць справа не рабства, але ўсынаўленьня і сяброўства [“Я ўжо не называю вас рабамі, а Я назваў вас сябрамі” (Ян. 15:15)]; тут не было нічога нячыстага, – было толькі чыстае і памытае, як і казаў Апосталам Боскі голас: “і вы чыстыя” (Ян. 13:10), а чыстыя сэрцам “пабачаць Бога” (Мц. 5:8). Такім чынам, валодаючы гэтымі найвялікімі боскімі дарамі, Ян зь адвагай уступіў на вышыню, і дасягнуў бязьмежнага мора і тут чыстымі вачамі свайго сэрца сузіраў у нетрах Адвечнага Айца Суадвечнае Слова, раней усіх вякоў невымоўна Народжанае ад Айца; і будучы не ў стане ўтрымліваць у сябе плод гэтага сузіраньня – невымоўную радасьць, ён адчыніў свае сьвятыя і серафімаў вусны і вялікіх голасам абвясьціў: у пачатку было Слова! Адзнач разуменьне рыбака; зьвярні ўвагу на мудрасьць неадукаванага мужа; паспрабуй ацаніць невымоўную вышыню настаўніка, што сядзіць у Эфэсе і сузіраючага тое, што вышэй Нябёсаў. Духам узьнёсься ён вышэй усяго і, зь Нетраў Айца ўлавіў сецьцю багаслоўе, целам быў у нізе і напісаў: у пачатку было Слова. Пачуйце, вернікі, і замацуйцеся: у пачатку было Слова. Пачуйце, блудлівыя языком праціўнікі, і засаромцеся: у пачатку было Слова. Не лютуйце больш ганьбавальнікі, не ваюйце супарць Царквы, антыхрысты; не рабіце беззаконьня, не ўздымайце рога: “не шалейце, і бязбожным: не падымайце рога, не падымайце высока рога вашага, не гаварэце цьвёрдалоба” (Пс. 74:5 – 6), гаворачы, што быў некалі час, калі не было Сына, што раней нараджэньня Ён не існаваў і што адбыўся Ён зь нябыту. “Трымай язык свой ад злога і вусны свае ад падступных словаў” (Пс. 33:14). Натуральна, быў Ён, і раней быў, быў і заўсёды, не пачынаючы і не спыняючы Свайго быцьця; натуральна, не падпарадкаваны часу Адвечны, не стварэньне Ён альбо рэч. Ён Сам Творца і Стваральнік ўсяго і бачнага, і нябачнага. “Усё празь Яго пачалося” (Ян. 1:3). Як своечасова ўзгадаць цяпер гэта прароцкі выраз: “Гэта ёсьць Бог наш і ніхто іншы не параўнальны зь Ім, Ён знайшоў усе шляхі прамудрасьці і дараваў Яну, якога ўпадабаў Ён” (Вар. 3:36 – 37). На самой справе, заўваж, як багаслоў адным словам “таму сусьвет цьвёрды, не пахісьнецца” (Пс. 95:10). Адзін чалавек сядзіць у Эфэсе і ўвесь сусьвет вучыць багаслоўю. Паглядзім на ўсход: колькі краінаў там, колькі вобласьцяў, колькі Цэркваў; потым зьвярні ўвагу на захад: і там колькі краін і гарадоў, у тым ліку і вялікі Рым; акінь позіркам і іншыя бакі: і поўдзень, і краіны кападакійцаў, і ўсё, што знаходзіцца ў гэтых межах – выспы, пустэльні і горы; уяві сябе царкоўны лік – клір і вялікую колькасьць народу, мужчын і жанчын, калі можаш іх парахаваць, – але ж лягчэй парахаваць жвір марскі, чым гэты лік! – і ўсё гэта – вучні Яна, ад яго адукаваныя багаслоўем: у пачатку было Слова. І на пляцу апяваюць гэта: у пачатку было Слова; і вандроўцы, і гандляры, і маракі трымаюцца гэтае мэлёдыі: у пачатку было Слова; і ў пустэльнях, і ў горах, і простыя, і мудрацы, і малыя, і старыя, і любы, каму толькі даступна гэта, так багасловіць: у пачатку было Слова. І між тым, як паўсюды лік няспынна ўсклікаючых: “быў” і “быў” памножылася, гаворачых “не быў” зрабілася меней. Багасловячых зрабілася больш, а брыдкасловячых – меней; набожныя мелі посьпех, а нягодныя зьнемагалі; верныя перамагалі, а няверныя гінулі. “Лук моцных ламаецца, а немачныя апярэзваюцца сілаю” (1 Цар. 2:4). Бяздумнасьць сьвету выкрытае і мудрацы сьвету скінутыя. Але ці ня час мне скончыць казаньне аб іх? Бо ўсё роўна, як бы доўга не працягваў я прамову гэтую, до адлюстраваньня іх славы я не ўзвышуся. Ім дадзена тая слава, якую атрымаў ад Айца іх Настаўнік. Што ж яшчэ спрабаваць казаць аб тым, што абхапіць словам немагчыма? Ні водны чалавек не ў сілах праславіць іх годна, а ўсё тое, што мы асьмеліліся казаць аб іх, можа даць разуменьне толькі аб нямогласьці нашых сілаў, але не аб годнасьці ліку Сьвятых Апосталаў. І я ўвесь час не спыняю страшыцца, што, маючы дзёрзкасьць казаць аб іх, я сваёй няздатнасьцю, маласьцю і нямогласьцю свайго слова толькі зьмяншаю заслужаныя імі пахвалы і ўздымаю супраць сябе незадаволенасьць зь іх боку. Калі што і падбадзёрвае мяне, так гэта надзея, што літасьцівыя да ўсіх, і ў гэтым выпадку выявяць літасьць да нашае нямогласьці. Калі зьняважаныя яны дабраслаўляюць, выгнаныя церпяць, абражаныя мілуюцца, то тым больш праслаўленыя па сіле нашае не будуць абурацца, ведаючы нямогласьць прыроды, хоць самі цяпер і ўзьнятыя ўпадабаўшых іх Богам вышэй прыроды. Зь жабракоў зрабіліся яны багатымі, з бясслаўных – слаўнымі, зь неадукаваных – мудрымі, з рыбакоў – лаўцамі людзей; і такім чынам, скончыў сваю працу, перайшлі да жыцьця бясконцага, да Настаўніка і Госпада Ісуса Хрыста, Яму ж слава. Амін.
2. Сваім пераемнікам яны перадалі свае невады і сеткі, і ўладу, якую яны атрымалі ад Таго, Хто мае ўсялякую ўладу на Небе і на зямлі. “Вось, – сказаў Ён, – даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам” (Лук. 10:19). Гэту – то іх уладу, як сказана, і старэйшынства і рэўнасьць пераймаюць ад іх годнае славы настаўнікі, герархі і пастыры Хрыстовага статку, ідучыя па сьлядах Апосталаў, мужныя змагары за Сьвятую Тройцу, ўзьнятыя над законам і атрымаўшыя Сьвятога Духа. Падобна плугу глыбока ўскапалі яны і адчынілі нетры Боскага Пісаньня і ўсім іх растлумачылі, веру праславілі і паганства выгналі, праваслаўе замацавалі ў Боскіх догматах і інаслаўных уразілі Боскімі стрэламі; яны адшукалі схаванае віно смутку, напаілі спрагу статку, прынялі двор і затрубілі Боскія песьні; служыцелі і ахоўнікі і працаўнікі Боскага вінаградніку, і прапаведнікі Боскіх догматаў і меч супраць ерэтыкаў, ад Сьвятога Духа пастаўленыя япіскапамі, як сказаў сьвяты Павал: “пасіце Царкву Бога” (Дзеі. 20:28), яны не ўхіліліся ад нагнаўшых іх смуткаў і прынялі абяцаны вянец жыцьця; ад юнацкіх запалаў уцякаючы, пераймалі Боскую надзею, палкаводцы вялікага Цара, багатыя ў слове Боскім і жабракі духам, пераймальнікі Апосталам і ўзоры дзеля вернікаў, правіцелі гораду і весьнікі сусьвету, яны душы свае паклалі за статак і кроў сваю пралілі за веру; старажытнаму Абрагаму яны пераймалі і на ўлоньні ягоным спачываюць. Яны та выступілі абаронцамі Госпада і выкрылі ненавісных і брыдкасловячых, калі ж, скажаючы Боскае Пісаньне, закрываючы праўду і скідаючы з прамога шляху слабых, пачалі ўлоўліваць душы, зацягваючы іх у вечную цемру ерасі. Тады – то сабраныя ўсе разам, аднадушна верныя, пераймаючы Давыду, падобна каменьню з бруй узялі Боскія выслоўя, гэта значыцца Эвангельля, і непарушную веру ў Сьвятую Тройцу, і паўсталі вайной супраць незьлічоных і бязбожных ерэтыкаў, аднадушна і аднадумна гаворачы зь Апосталамі: Адзін Гасподзь, адзіная вера, адзіны Хрост, адзін Бог і Айцец усіх, Адзіны Дух Сьвяты, Адукаваньне ўсіх, Адзіная Боскасьць, Адзіны Бог. Яму заўсёды слава і дзяржава, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

 

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.