Sunday, October 24, 2010

АБ ЛЮБОВІ ХРЫСТОВАЙ

мітрапаліт Антоні (Суражскі)
У імя Айца, і Сына, і Сьвятога Духа.
Любіце адзін аднаго так, як Я вас палюбіў... Гэтыя словы даходзяць да нашага сэрца, цешаць нашу душу, а разам з гэтым іх выканаць, увасобіць у жыцьцё нам здаецца такім цяжкім подзьвігам. Пра любоў можна сказаць на розных плоскасьцях; ёсьць просты, звычайны досьвед любові, як адзін аднаго любяць сябры адной сям'і, як айцец і маці любяць сваіх дзяцей, як дзеці таксама адклікаюцца на гэту любоў, як злучае каханьне, радаснае, сьветлае каханьне жаніха і нявесту; гэта любоў, якая зьяўляецца радасьцю, сьвятлом, якое праймае усю цемру звычайнага жыцьця. Але і ў ёй ёсьць далікатнасьць і недасканаласьць. Вы напэўна ведаеце пра тое, як дзеці бываюць умілаваны бацькамі, але адклікацца на гэту любоў дзеці няздольныя; імгненьнямі — так, але не увесь час. Вы ведаеце, як паміж братамі і сёстрамі ёсьць асноўная любоў, а разам з гэтым яна не ахоплівае іх да канца. І таму казаць пра тое, што такая простая, натуральная чалавечая любоў зьяўляецца выкананьнем запаведзі Хрыстовай, што яна зьяўляецца ужо на зямлі Царствам Божым прыйшоўшым у сіле, яшчэ нельга.
Пра што ж гаворка ідзе? Хрыстос нам кажа пра тое, што мы павінны любіць адзін аднаго; Ён не робіць ніякіх адрозьненьняў; што Ён гэтым жадае сказаць? Ён, мне здаецца, жадае сказаць, што мы павінны кожнага чалавека, кожнага сустрэчнага і папярочнага, знаёмага й незнаёмага, чужога, прывабнага ці не, ацаніць: гэта чалавек зь вечным лёсам. Гэта чалавек, якога Бог зь нябыту заклікаў да жыцьця, з тым, каб ён зрабіў свой, непаўторны унёсак у жыцьцё чалавецтва. Гэта чалавек можа нам чалавеча не падабацца, ён можа быць нам чужы, ён можа нам быць незразумелы — але ён Богам быў выкліканы і пастаўлены ў сьвет, каб унесьці ў гэты сьвет штосьці, чаго мы не ў стане унесьці. І больш таго: ён пастаўлены на маім шляху жыцьця дзеля таго, каб мне нешта адкрылася. Адкрылася б мне, па-першае, мая няздольнасьць бачыць усякага чалавека як абраз; ці умеем мы адзін на аднаго так глядзець? Я баюся, што мы не умеем, што ёсьць людзі, якія нам блізкія, дарогі, а іншыя, у лепшым выпадку, проста чужыя.
І вось на гэтых “чужых” людзей нам трэба зьвярнуць асаблівую увагу, таму што яны перад намі ставяць пытаньне: ты з Хрыстом ці без Яго? Таму што гэтага чалавека, якога Хрыстос палюбіў да сьмерці крыжовае, ты ведаць не жадаеш. Ён табе чужы, ён табе незразумелы, табе няма справы да яго; калі б яго не было на сьвеце, табе было б гэтак жа проста і добра. Хіба гэта хрысьціянская любоў? Мы павінны навучыцца на кожнага чалавека, які сустракаецца нам, паглядзець і сказаць: гэта — вобраз Хрыстова, гэта выява Боская, гэты чалавек — пасланец Божы. Ён пасланы для таго, каб чаму вось мяне навучыць, каб мне прынесьці нешта, каб перад мной паставіць пытаньне, патрабаваньне, Боскае. Часам мы гэта умеем рабіць праз некаторы час; а часам мы не умеем гэта рабіць да моманту, калі ужо як быццам і позна.
Мне успамінаецца гутарка зь адным рускім сьвятаром раньняй эміграцыі, які быў ваяром у Белым войску, які усе гады свайго эмігранцкага жыцьця прысьвяціў барацьбе ў бальшавізмам, які усёй душой адпрэчваў Сталіна, І ў нейкі момант ён пазнаў, што Сталін памёр. І ў той момант зь ім здарылася штосьці, чаго ён не чакаў; ён падумаў: а раптам Бог судзіць Сталіна так, як я яго судзіў і дагэтуль не магу перастаць судзіць?! Я яго ненавідзеў; няўжо Бог, калі ён стане перад Ім, яго сустрэне нянавісьцю, адхіленьнем, і гэта не на час, а на вечнасьць!? І я памятаю, як ён мне сказаў, што ён прыйшоў у такі жах пра сябе, што ён кінуўся ў алтар, кінуўся на калены, і сказаў: Госпадзі, прабач за нянавісьць, якую я меў да гэтага чалавека! ён зараз перад страшным судом; Госпадзі, не прымі маё асуджэньне супраць яго... Гэта — крайнасьць; гэта такое становішча, у якім ніхто зь нас не знаходзіцца, і, дай Бог, не патрапіць; а хто ведае? Колькі ёсьць людзей, якіх мы не любім, не прымаем, адпрэчваем, хоць не ў такой меры...
І вось падумаем пра тое, на якім узроўні любові мы знаходзімся. Ці знаходзімся мы на узроўні любові дзяцей да бацькоў, нявесты і жаніха адзін да аднаго, неразлучных сяброў, якім ніколі не прыйшлося сутыкнуцца з болем і зь адмоўнымі уласьцівасьцямі любімага? Ці, знаходзімся мы ў становішчы тых людзей, які акружаны чужымі, дзеля якіх мой блізкі не існуе, якога я люблю, паколькі ён мне не замінае жыць, якога я адпрэчваю ў той момант, калі ён становіцца на маім шляху... Калі мы так можам думаць пра каго б там ні было (і я упэўнены, што мы можам думаць так пра шматлікіх людзей вакол нас), то мы яшчэ не навучыліся таму, што значаць Хрыстовы словы: любіце адзін аднаго, як Я вас палюбіў... Ён кожнага зь нас палюбіў не за яго дабрадзейнасьць, не за яго прыгажосьць, не за тое, што ён такі добры, а за тое, што яму так патрэбна любоў для таго, каб зрабіцца чалавекам, для таго, каб апамятацца, для таго, каб зрабіцца новым стварэньнем, каб жыцьцё ў яго увайшло...
І вось, паглядзім адзін на аднаго, хоць бы ў нашым храме, хоць бы сярод нашых знаёмых, і паставім пытаньне: ці люблю я гэтага чалавека такой любоўю? А калі не, то я яшчэ не пачаў любіць любоўю Хрыстовай. І як гэта страшна, як гэта страшна падумаць, што калісьці я устану перад Богам, вакол мяне будуць людзі, якіх я ведаў усё жыцьцё, і я скажу: гэтых людзей — ніколі не любіў, і не люблю, і ведаць не жадаю. Я жадаю увайсьці ў Твой рай, Госпадзі, там ім месца няма, гэтак жа як няма месца ім у маім сэрцы на зямлі!.. Падумаем, таму што гэта запаведзь Хрыстова: любіце адзін аднаго, як Я вас палюбіў — не простая запаведзь; яна патрабуе ад нас зусім новага звароту ў жыцьці. Падумаем, падумаем нават проста пра таго чалавека, якім побач зь намі цяпер стаіць: ён нам свой ці ён нам чужы? Ён існуе для мяне ці проста не існуе? А калі існуе, то ў якой меры? Як?..
Падумаем пра гэта. Таму што рана ці позна мы станем перад Хрыстом, Які скажа нам: Я дзеля гэтага чалавека прыйшоў у сьвет, Я дзеля гэтага чалавека памёр на Крыжы. І калі ты яго адпрэчваеш, той ты увесь Мой подзьвіг любові адпрэчваеш; ты робісься чужым Мне па уласным выбары. Амін!

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.