Tuesday, October 12, 2010

АБ ШАНАВАНЬНІ СЬВЯТЫХ ІКОН

Пітанаў В.Ю.
Вельмі часта праваслаўным хрысьціянам даводзіцца выслухоўваць абвінавачаньні ў “язычніцтве” на падставе існуючага ў Праваслаўі шанаваньня сьвятых ікон. Язычніцтва, часьцей за ўсё, падразумявае політэізм, гэта значыцца веру ў шматлікіх багоў, хрысьціяне вераць ў адзінага Бога, “бо адзін Бог” (1 Цім. 2:5). Праблема сэктантаў ў тым, што яны не імкнуцца разабрацца ў праваслаўным веравучэньні, а ў асноўным займаюцца выдумкамі і прыпісваньнем праваслаўным самых фантастычных вераваньняў.
Шанаваньне ікон часта выклікае непаразуменьне. Дзеля сэктантаў гэтае абвінавачаньне ўжо пасьпела зрабіцца клясычным, што зьяўляецца добрым паказчыкам таго, што большасьць зь іх не ўслухоўваецца ў адказы, якім ім дадзены. Такім чынам, у Старым Запавеце ёсьць запавет: “Не рабі сабе куміра і ніякай выявы таго, што на небе ўгары, і што на зямлі ўнізе і што ў вадзе ніжэй зямлі; не пакланяйся ім і ня служы ім” (Вых. 20:4 – 5). У чым сэнс гэтага запавету? У тым, што існуе толькі адзін Бог і нельга абагаўляць створаныя рэчы, як робяць язычнікі, лічачы іх “багамі”. Таму праблема не ў наяўнасьці выявы, а ў адносінах да яе. Выявы, створаныя па загаду Бога, прысутнічалі і ў старазапаветнае Царкве, напрыклад у Каўчэгу Запавету: “будуць херувімы з паднятымі ўгору крыламі, пакрываючы сваімі крыламі вечка, а тварамі сваімі будуць адзін да аднаго; да вечка будуць твары херувімаў” (Вых. 25:20), а таксама у Ерусалімскім храме: “Ад верху дзьвярэй як усярэдзіне храма, так і звонку, і па ўсёй сьцяне вакол, усярэдзіне і звонку, былі і разьбёныя выявы, зроблены былі херувімы і пальмы; пальма паміж двума херувімамі, і ў кожнага херувіма - два твары. Зь аднаго боку да пальмы павернуты твар чалавечы, а з другога боку - да пальмы твар ільвіны; так зроблена ва ўсім храме вакол” (Ез. 41:17 – 19), “І вырабіў ён на дошчачках яе тронкі і на сьценах яе херувімаў, львоў і пальмы, колькі дзе дазваляла месца, і вакол раскідзістыя вянкі.” (3 Цар. 7:36) Я бачым, выявы, і нават выявы чалавечага твару не лічыліся зьнявагай Бога. І ў наяўнасьці другога запавету Дзесяціслова не перашкаджала стварэньню ў храме выяў, бо Сам Гасподзь яго асьвячае: “І сказаў яму Гасподзь: Я пачуў малітву тваю і просьбу тваю, чаго ты прасіў у Мяне. Я асьвяціў гэты храм, які ты збудаваў, каб быць імю Майму там вечна; і будуць вочы Мае і сэрца Маё там ва ўсе дні.” (3 Цар. 9:3) І прад каўчэгам і ў храме зьдзяйсьняліся богаслужбы: “Давід пакінуў там, перад каўчэгам запавету Гасподняга, Асафа і братоў ягоных, каб яны служылі перад каўчэгам пастаянна, кожны дзень” (1 Лет. 16:37).
Кожная ікона ёсьць выява, але ў кожнай выявы ёсьць першаўзор. Праваслаўны хрысьціянін праз ікону шануе першаўзор, бо “шанаваньне аддадзенае выяве, усходзіць да першаўзору і пакланяючыся іконе пакланяецца асобе напісанага на ёй1. Увасабленьне Бога на Зямлі сьцьвярджае магчымасьць Ягонага выяўленьня ў плоці: “Бачыўшы мяне бачыў Айца” (Ян. 14:9). А калі бачыў, значыцца, можа апісаць. Шанаваньне ікон выяўляе нябесную рэальнасьць ў матэрыі 2. Сьвятое Пісаньне апавядае, што некалі ў горадзе Эдэсе жыў цар Аўгар, які жадаў мець выяву Ісуса Хрыста. Ён даслаў да Выратавальніка мастака, каб той напісаў Ягоны партрэт, але ўсе спробы напісаць Выратавальніка не мелі посьпеху. Тады Гасподзь Сам прыклаў ручнік да Свайго Твару і на ім выявіўся Ягоны Твар. Гэтую выяву Ён адправіў цару Аўгару. Ніводны хрысьціянін не лічыць ікону Богам, як не лічыць, што яго выратоўвае ікона. Ікона дапамагае ўздымацца розумам да Бога, але не замяняе Яго. Таму абвінавачаньне праваслаўных хрысьціян ў ідалашанаваньні на падставе шанаваньня імі ікон безгрунтоўне

1. Зь Заключнага ораса VII Сусьветнага Сабору / Карташев А.В. Вселенские Соборы. Клин. Фонд Христианская жизнь.2002. б.632.
2. Лосский В.Н. Очерк мистического богословия Восточной Церкви. / Очерк мистического богословия Восточной Церкви. Догматическое богословие. М.,1991. б.11.
3. Преп. Иоанн Дамаскин. Точное изложение Православной веры. Кн.IV, гл. XVI  Об иконах / Творения преподобного Иоанна Дамаскина. Источник знания. М., Индрик, 2002. б.313.

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.