Thursday, October 7, 2010

ПОЛЬСКАЯ ІНТРЫГА АЛЬБО ЯШЧЭ РАЗ АБ “КАТАЛІЦКІХ ПАКУТНІКАХ”

Андрэй Лапата
Другая Сусьветная вайна прынесла вялікія і непапраўныя страты беларускаму народу. У яе полымі згарэлі мільёны людзей, мільёны згубілі сваіх родных і блізкіх. Натуральна, сьмяротны ваенны буравей не абмінуў і сьвятароў, як праваслаўных, так і каталіцкіх. Сярод сьвятароў абодвух канфэсій былі розныя людзі: адны былі сапраўднымі беларускімі патрыётамі і аддалі сваё жыцьцё служачы Богу і Беларусі – такім вечная памяць і слава. А былі і іншыя, якія пад пакровам прыгожых словаў аб “хрысьціянскіх каштоўнасьцях”, хаваючыся пад выглядам “прыяцеляў беларусаў” і карыстаючыся вайсковым становішчам, выконвалі ролю духоўных зьнішчальнікаў беларускага народу. Гэтыя апошнія, на вялікі жаль, і зараз, пад патранатам Рыма – Каталіцкага Касьцёлу (далей – РКЦ), абвясьціўшага іх “пакутнікамі за веру”, працягваюць сваю брудную справу. Менавіта аб такіх “ілжэ пакутніках” і іх папулярызатарах і пойдзе мова ў нашым невялікім артыкуле.
Ад пачатку 90-х гадоў у РКЦ Беларусі распачаўся працэс кананізацыі каталіцкіх сьвятароў, якія трагічна загінулі ў часе ІІ Сусьветнае вайны. Беларускае грамадзтва справядліва спадзявалася, што адным з першых у гэтым сьпісе будзе адзін з найвыбітных рэлігійных і грамадзкіх дзеячаў Беларусі, арганізатар і павадыр Беларускага нацыянальнага супраціву – ксёндз В. Гадлеўскі, а беларускія ўніяты дадавалі і айца Антонія Неманцэвіча, грэка – каталіцкага экзарха у 1940 – 1942 г.г.… Але праслаўленьне гэтых выбітных асобаў не адбылася і да сёньня, хоць РКЦ кананізавала ўжо 128 клірыкаў, загінуўшых на тэрыторыі Беларусі у 1939 – 1945 г.г. Дык чаму так? Чаму менавіта выбітныя беларусы – каталікі выпалі з гэтага сьпіску? У афіцыйных адказах і прыватных гутарках герархі і адказныя за кананізацыю сьвятары РКЦ тлумачаць, што вышэй узгаданыя беларускія сьвятары не падлягаюць кананізацыі… бо іх сьмерць напрамкі не павязана са служэньнем Хрысту, а ёсьць вынікам іх грамадзкае і палітычнае дзейнасьці… І тут, абсалютна законна, варта спыніць позірк на першым з 128 кананізаваных клірыкаў – ксяндзы Генрыху Глебовічы. Тым больш, што каля барысаўскага касьцёла яму пастаўлены крыж з праніклівым надпісам на польскае, літоўскае і беларускае мовах: “Ксёндзпрафэсар Генрык Глябовіч. Нарадзіўся 1.07.1904 г. у Гродне. Расстраляны гітлераўцамі 9.11.1941 г. у Барысаве. Мучанік за веру, вялікі прыяцель беларускага, літоўскага і польскага народаў.
Паводле афіцыйных зьвестак, без сучаснага каталіцкага ўпрыгожаньня, кс. Генрых Глебовіч сапраўды нарадзіўся 1 ліпеня 1904 года, ад 1936 г. – настаяцель каталіцкага прыходу ў Троках, прымаў актыўны ўдзел у каталіцкае палянізатарскае дзейнасьці сярод студэнцкае моладзі літоўскага і беларускага паходжаньня. Быў расстраляны гестапа ў Барысаве 9 лістапада 1941 года [1]. Варта задумацца: як настаяцель з – пад Вільні апынуўся ва Ўсходняе Беларусі і за што быў пакараны немцамі?
Першы штуршок да пачатку дасьледаваньня дае Язэп Малецкі (каталік па веравызнаньню, якога цяжка абвінаваціць у антыкаталіцкіх настроях) у сваёй аўтабіяграфічнае кнігі “Пад знакам Пагоні”: “Гэтак, дзесьці ў травені 1943 году, у БНК зьявіўся нейкі каталіцкі ксёндз, прозьвішча ня памятаю, з студэнткай Хмялеўскай, ды прасіў інфармацыяў аб 13-ці каталіцкіх ксяндзох, што былі высланыя мітрапалітам Р.Ялбжыкоўскім на землі ўсходняе Беларусі для “аднаўленьня” там каталіцкага жыцьця. … Даходзілі толькі чуткі, што гэтыя духоўнікі былі прасьледваныя беларускімі ворганамі, ды таксама й Немцамі, як нелегальныя польскія эмісары Ялбжыкоўскага, ведамага стаўпа польскага шавінізму ў царкоўнай дзялянцы. … сярод гэтых вестак адна даволі пэўная – правадыр “місіянэрскай” групы, кс. Глябовіч, ведамы польскі агітатар у каталіцкай акцыі, расстраляны.” [2] Дык што гэта “місіянэрская група” мітрапаліта Ялбжыкоўскага і якія мэты яна прасьледавала? Чаму сябры гэтае групы, каталіцкія клірыкі, былі прасьледаваліся не толькі немцамі, а і беларускім актывам? Чаму загінуў кс. Генрых Глебовіч? І як ягоная сьмерць зьвязана зь “місіянэрствам”? Ды, з рэшты, што гэта было за “місіянэрства”?
Паводле архіўных матэрыялаў, яшчэ вясной 1940 года Віленскі мітрапаліт, у згодзе з польскім падпольлем, пачаў рыхтаваць групу адданых польскае справе ксяндзоў дзеля магчымай працы ва Ўсходніх раёнах Беларусі і, адпаведна, пашырэньня там польскага ўплыву і разгортваньня падпольных польскіх структур. Вядома, што на працягу 1940 – першае паловы 1941 г. каталіцкая герархія ладзіла некалькі спробаў дасягнуць ад савецкага кіраўніцтва права распачаць дзейнасьць у “гістарычных мясьцінах пражываньня каталікоў у БССР” [3]. Аднак савецкае кіраўніцтва пасьлядоўна адмаўляла ім у гэтым. Толькі з пачаткам вайны з Германіяй, карыстаючыся ўмовамі прыфрантавой паласы, група Яблжыкоўскага пачынае свой шлях ва Ўсходнюю Беларусь. Цяпер РКЦ, шмат гаворачы аб “адданае дзейнасьці гэтых місіянэраў”, сьціпла маўчыць аб тым, што вядомы польскі шавініст не ўключыў у гэтую “місіянэрскую групу” ніводнага сьвядомага ксяндза беларуса. Беларускія ксяндзы, даведаўшыся аб вызваленьні Менска ад бальшавікоў, на ўласны рыск прыехалі туды і распачалі дзейную працу: “Кс. др. філ. Ст.Глякоўскі, узяўшы з сабой на помач толькі-што высьвечаных ксяндзоў Рыбалтоўскага ды Мальца, накіраваўся з нашым пасьветчаньнем да Менску. Пасьля ўпорыстых таргоў зь Немцамі яны адваявалі чырвоны касьцёл, які бальшавікамі быў заменены на тэатр, і яшчэ адзін касьцёл пры галоўнай вуліцы … У сталіцы Беларусі пачалася нармальная каталіцкая служба” [4]. Здавалася б, – праца ксяндзоў–беларусаў цалкам адпавядае задэкляраваным місіянэрскім мэтам Віленскага мітрапаліта, але “З газэтаў ды радыя даведаўся пра гэта ведамы польскі шавініст і заядлы вораг беларускага народу арцыбіскуп Яблжыкоўскі. Ён ня толькі адклікаў зь Менску ксяндзоў Глякоўскага, Рыбалтоўскага й Мальца, але за “непаслухмянасьць” забараніў ім навет прыступаць да аўтара, інакш кажачы “суспэндаваў” іх” [5]. Паўстае натуральнае пытаньне: За што пакараны беларускія ксяндзы?
Усё робіцца цалкам зразумелым, калі адчыняюцца мэты польскага падпольля на акупаваных немцамі беларускіх землях: “… карыстаючыся нашымі адданымі ксяндзамі, мы мусілі стварыць на Ўсходзе польскую падпольную сетку і не дапусьціць да ўлады мясцовых беларусаў – нацыяналістаў … адроджаныя касьцёлы мусяць зрабіцца цэнтрамі польскага духу і нашае кансьпірацыі” [6]. Менавіта адзін з такіх цэнтраў “польскага духу і кансьпірацыі” і пачаў ствараць у Барысаве адзін з кіраўнікоў “місіянэрская групы”, а па “сумяшчальніцтву” – адзін з кіраўнікоў польскага падпольля  кс. Генрых Глебовіч.
Сёньня, па паказаньням схопленых НКГБ беларускіх актывістаў, вайскоўцаў беларускае самааховы, магчыма аднавіць некаторыя моманты “прыяцеля беларускага народу” кс. Глебовіча. Найбольш аўтарытэтныя для нас уласна напісаныя паказаньня беларускага каталіка Кавалеўскага Пётра Людвігавіча, ад пачатку быў прыхаджанінам Барысаўскага касьцёла: “Ксёндз Глебовіч да нас прыбыў недзе летам 1941 года. Адразу далі яму нашу дапамогу ў просьбе прад немцамі аб вяртаньні касьцёлу. …Больш 15 гадоў у нас не было імшы, людзе аднесьліся да ксяндза вельмі прыязна. … Але ён ўжо ад пачатку пачаў нас пераконваць, што мы палякі і аніякіх беларусаў наогул не існуе. Раздаваў нам польскую агітацыйную літаратуру. … Потым выклікалі мяне і яшчэ некалькіх прыхаджан да немцаў і абвінавацілі нас, што мы бальшавіцкія агенты і ненадзейныя… Толькі дзякуючы заступніцтву беларускага актыву і асабіста нам удалося вызваліцца. Арыштавалі нас немцы па даносу Глебовіча … Мы потым хадзілі да яго, прасілі прыпыніць польскую агітацыю” [7]. Але, відавочна, ксёндз Глебовіч сваёй дзейнасьці не спыніў… “У канцы кастрычніка – пачатку лістапада беларуская паліцыя зрабіла вобшук на кватэры ксяндза Глебовіча. Была знойдзена літаратура польскага буржуазнага падпольля, антыбеларускія агітацыйныя матэрыялы польскіх шавіністаў, антынямецкія ўлёткі. Сярод іншага – даносы немцам на беларускіх актывістаў і праваслаўнага сьвятара” [8]. У далейшым высьветлілася, што дзейнасьць ксяндза была скіравана не столькі супраць немцаў, колькі супраць беларускага актыву, у тым ліку не толькі Барысава, а і Менску. “Даведаўшыся аб гэтым, немцы аддалі Глебовіча ў рукі баранавіцкай беларускай паліцыі, дадаўшы і матэрыялы аб ягонае антыбеларускае дзейнасьці. … Выпадала, што калі б справа Глебовіча ўдалася, то ўсе мясцовыя беларускія кадры былі б вынішчаны рукамі немцаў і палякаў, а на іх месца прыйшлі польскія…”[9]. Вельмі істотна, што паказаньня арыштаванага беларуса – каталіка зьбягаюцца зь некаторымі сучаснымі дасьледаваньнямі незалежных навукоўцаў [10].
Час быў ваенны і ксяндза 9 лістапада 1941 года расстралялі… Натуральна, заўчасная сьмерць кожнага чалавека трагедыя, але ж, з жалем мусім зрабіць націск на словы Я. Малецкага, што расстраляны ён быў як “нелегальны польскі эмісар … і агітатар”.
Такім чынам, як бы хто не ставіўся да дзейнасьці польскага падпольля альбо беларускае паліцыі, сьмерць кс.Г.Глебовіча аніяк не зьвязана “з пастырскае і місіянэрскае дзейнасьцю ва Ўсходняе Беларусі”, як гэта сьцьвярджаюць каталікі кананізуючы гэтага ксяндза. І абсалютна лягічна – кс. Генрых Глебовіч цалкам падпадае пад тыя ж перашкоды кананізацыі, што і ксяндзы – беларусы: Вінцент Гадлеўскі і Антоні Неманцэвіч. Але ж… тут справа польская і таму перашкод няма! Да таго ж, ёсьць магчымасьць яшчэ раз “паліць брудам” беларускіх актывістаў, якія ў цяжкі час спрабавалі наладзіць беларускае жыцьцё і арганізаваць беларускае войска.
Нам зноў падсоўваюць пад выглядам сьвятых чужынцаў, якія ад пачатку і да канца духоўна змагаліся з беларускім народам, духоўных паплечнікаў і прадаўжальнікаў справы Пятра Скаргі ды іншых адэптаў палянізацыі беларусаў праз Рыма – Каталіцкі Касьцёл. Менавіта таму РКЦ усяляк перашкаджае не толькі кананізацыі, а нават і ўшанаваньню беларускіх ксяндзоў – патрыётаў. Што гэта за “касьцёл” і на каго ён сапраўды працуе рабіце вывады самі.
Мы ставім крыжы загінуўшым беларускім патрыётам, а іх зьнішчае ўлада. І ні Польскі касьцёл, ні Руская Царква не бароніць тыя Беларускія Крыжы. Затое, як чумная высыпка на целе нашае шматпакутнае Бацькаўшчыны паўстаюць помнікі ворагам беларусаў, і духоўныя акупанты нашае Сьвятой Зямлі “асьвячаюць” і ўпрыгожваюць іх…. Але настане дзень Волі і памяць аб акупантах зьнікне назаўсёды!

1.              Saints.Katolik.ru: Святые и блаженные Католической Церкви - Генрих Глебович, Блаженный
2.              Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні. Таронта, Пагоня, 1976. эл. варыянт на сайце http://knihi.com/
3.              РимоКатолический Костёл на территории СССР 1939 – 1945. Спб., 1994, б. 56
4.              Язэп Малецкі. Пад знакам Пагоні. Таронта, Пагоня, 1976. эл. варыянт на сайце http://knihi.com/
5.              Тамсама.
6.              В. Коршунов. Деятельность Римо–католического костёла на оккупированной территории СССР в 1941 – 1944 годах. М., 1993. б. 36.
7.              ЦА КГБ СССР, спр. № 18376-43 “па абвінавачваньні Кавалеўскага Пятра Людвігавіча ў здрадзе Радзіме”, арк. 56
8.              Тамсама, арк. 57
9.              Тамсама 57 – 58.
10.           В. Коршунов. Деятельность Римо–католического костёла на оккупированной территории СССР в 1941 – 1944 годах. М., 1993. б. 113.

Фота: Марына Баброўская. (http://emieryka.livejournal.com/161412.html)

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.