Monday, September 27, 2010

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ УЗЬНЯЦЬЦЯ КРЫЖА ГОСПАДА

архіяпіскап Лука (Война – Ясянецкі)
Учора, на ўсяночнае, вы назіралі з глыбокай пашанай абрад узьняцьця крыжа Госпада.
Дабраславіць вас Гасподзь за гэту глыбокую павагу, але ці даволі толькі яе? Ці даволі толькі тры разы ў год бачыць вынас крыжа, абуджаючы вашу глыбокую павагу? О не, зусім не даволі! Трэба значна большае. Трэба, каб крыж Хрыстоў быў адбіты на сэрцах вашых, а не толькі вісеў на грудзі вашай.
У сярэднія вякі існаваў рыцарскі Тэўтонскі ордэн. На плашчах іх быў нашыты вялікі крыж, але з гэтым Хрыстовым знакам яны бруямі пралівалі кроў цёмных літоўскіх і эстонскіх язычнікаў, агнём і мячом прымушаючы іх да хрышчэньня.
Ці былі гэтыя рыцары–крыжакі хрысьціянамі? Не, не былі; бо ў сапраўдных хрысьціян крыж павінен быць навечна напісаны на самым сэрцы.
Крыж – наш сьцяг, знак нашай рэлігіі. Ніводная іншая рэлігія не мае такога сьцяга. У мусульман сьцягам іх рэлігіі служыць паўмесяц; але што сьвятога і вялікага ў гэтым сьцягу?
А сьвяты крыж ёсьць сьцяг самага Госпада Ісуса Хрыста, гэты вялікі сьцяг будзе папярэднічаць Яму пры Ягоным другім прышэсьці на Страшны Суд. Ён не раз быў паказаны Богам людзям.
Бізантыйскі імпэратар Канстантын Вялікі, які зацвердзіў хрысьціянства ў Рымскай імпэрыі, ідучы на змаганьне зь ворагамі, убачыў на небе крыж зь напісанымі вакол яго словамі: “Гэтым пераможаш”.
Знакаміты вайсковец, язычнік Яўстафій Плякіда, палюючы за аленямі, убачыў стаяўшага на уцёсе аленя зь зіхатлівым паміж рагамі яго сонечным сьвятлом крыжам і пачуў голас: “Плякіда! Чалавек такога жыцьця, як ты, не можа служыць кумірам, а павінен вызнаваць Хрыста”. Зьявай крыжа ён быў закліканы зь усёй сваёй сям'ёй да хросту і пакутніцтва за Хрыста.
У 351 г. сёмага траўня каля трэцяй гадзіны дня ў Ерусаліме раптам зьявіўся на небе ад Галгофы да гары Еляёнскае зьзяючы ярчэй сонечнага сьвятла крыж Хрыстовы. Гэта было прадвесьцем ганеньня на хрысьціян ад імпэратараў Валенты Арыяніна і Юльяна Адрачэнца.
Такім чынам, калі крыж Хрыстовы ёсьць вялікі сьцяг хрысьціян і сьцяг Самога Хрыста, то ці не павінен ён быць напісаны навечна на самых сэрцах нашых?
Вядома, вядома! І гэта вялікая задача жыцьця нашага.
Напісаць крыж на сэрца нялёгка, для гэтага патрабуецца першым чынам нястомная думка пра крыж.
Нястомна падумваць пра яго могуць нешматлікія, але хоць раз у дзень, на ранішніх малітвах, прамаўляючы страшныя словы сымбаля веры: “быў укрыжаваны за нас пры Понцкім Пілаце, і пакутаваў і быў пахаваны”, кожны зь вас павінен жыва уявіць сабе увесь жах расьпяцьця Хрыстова, і хоць у малой меры перажыць разам зь Ім жах Яго пакуты. Удары страшнага рымскага бізуна, які адрываў кавалкі цела Хрыстова, хай выклікаюць у вас востры боль. Грук малатка, які убіваў страшныя цьвікі ў чыстыя рукі і ногі Хрыстовы, хай адклікаецца жахам у вушах і сэрцах вашых.
Я казаў аб вечнае памяці найвялікага злачынства роду чалавечага – укрыжаваньня Сына Боскага.
Заўсёды памятаць могуць толькі тыя, якія разам зь апосталам Паўлам могуць сказаць: “Крыжам Госпада майго Ісуса Хрыста для мяне сьвет раскрыжаваны, і я для сьвету” (Гал. 6:14), якія нічым не жадаюць хваліцца, акрамя крыжа Гасподняга.
У Рымскай Царкве быў вялікі сьвяты Францыск Асізскі, у якога ад сталай напружанай думкі пра пакуты Хрыстовых, пра раны Ягоныя, утварыліся кровазьліцьці на руках і нагах на месцах ран Хрыстовых ад цьвікоў.
І не ў аднаго Францыска Асізскага, але і ў некаторых сьвятых Праваслаўнай Царквы зьяўляліся такія стыгматы на руках і нагах.
Агністымі знакамі пішацца крыж Хрыстоў на сэрцах сьвятых мучанікаў і усіх пакорлівых пакутнікаў за Хрыста.
Цьвёрда памятаеце слова Хрыстовы: “Добры чалавек зь добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а злы чалавек са злога скарбу сэрца свайго выносіць злое” (Лк. 6:45).
Зь сэрца, на якім напісаны крыж Хрыстоў, не зыходзіць нічога злога, і ў яго няма доступу нячысьцікам.
Калі ў саракагадовай вандроўцы па пустэльні Бог пакараў паўстаўшых на Яго жыдоў нашэсьцем на іх зьмей, і узмаліўся Майсей да Бога пра памілаваньне народу, то загадаў яму Бог узьвесьці падабенства крыжа зь вісячым на ім медным зьмеем, і усе уджаленыя зьмеямі, пазіраючы на гэты знак расьпяцьця Хрыстова, вылечваліся.
Будзем жа і мы няспынна пазіраць зь вераю і сьлязамі на крыж Хрыстоў, і атрымаем ад Яго вылячэньне нашых грахоўных язваў.
Будзем няспынна пісаць на сэрцах нашых крыж Хрыстоў руплівым выкананьнем запаведзяў Хрыстовых, і тады спраўдзяцца на нас словы Госпада Ісуса: “Хто мае запаведзі Мае і выконвае іх, той любіць Мяне; а хто любіць Мяне, той умілаваны будзе Айцом Маім, і Я палюблю яго і зьяўлюся яму самому” (Ян. 14:21).

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.