Monday, July 26, 2010

ТЫРНОЎСКАЯ АРХІЯПІСКАПІЯ І БАЎГАРСКАЯ ПАТРЫЯРХІЯ Ў ЭПОХУ ДРУГОГА БАЎГАРСКАГА ЦАРСТВА (1187 – 1396)

дыякан Уладзімір Васілік

У 1185 году ў выніку антыбізантыйскага паўстаньня пад правадырствам баяраў братоў Пятра і Асеня была адноўлена баўгарская дзяржаўнасьць. Утварылася Другое Баўгарскае царства са сталіцай у Тырнові, дзе спачатку была створана новая япіскапія.

Па сьведчаньні Дзімітрыя Хоматыяна ў лісьце Васілю Пэдзіадыту, мітрапаліту Керкірскаму[20], Пётр і Асень прымусілі трох грэцкіх герархаў [1] пасьвяціць у япіскапы сьвятара (альбо ераманаха) Васіля, які памазаў на царства Пятра Асеня [2]. Павелічэньню япіскапіі эпохі першых Асеней спрыялі заваёвы, у выніку якіх ад Ахрыдскага архіяпіскапа былі адрынуты Відзінская, Бранічэўская, Срадэцкая, Вельбуждская, Нішская, Белградзкая, Прызренская і Скопская катэдры. Пасьля шэрагу параз у 1203 годзе бізантыйскі імпэратар Аляксей III Анёл (1195–1203) і патрыярх Ян X Камацір (1198–1206) былі змушаны прызнаць Тырноўскага япіскапа і дараваць яму права хіратоніі япіскапаў, гэта значыць фактычна аўтакефалію, чым той неадкладна скарыстаўся таксама для прызначэньня япіскпаў на удовыя катэдры Ахрыдскае архіяпіскапіі. Аднак для Яна Калаяна (1197–1207), малодшага брата Пятра і Асеня, гэтага было недастаткова, паколькі ён імкнуўся да царскага тытула, а для цара быў неабходны патрыярх ці, у крайнім выпадку, архіяпіскап. Таму ён зьвярнуўся да Рымскага папы Інакэнтыя III з просьбай пра царскую карону. Умовай каранаваньня Калаяна папа ставіў царкоўнае падначаленьне Рыму [3]. Спачатку уладыка Васіль у верасьні 1203 года быў узьведзены ў сан прымаса, а 7 лістапада 1204 гады ужо памазаны як прымас і атрымаў ад кардынала Льва знакі вышэйшай царкоўнай улады і “Прывілей”, які вызначаў кананічны стан Тырноўскае архіяпіскапіі і паўнамоцтвы яе кіраўніка [4]. Варта адзначыць, што ў выніку уніі кіраўнік Баўгарскае Царквы так і не атрымаў жаданага тытула патрыярха. Існуе навуковая дыскусія: наколькі унія рэальна паўплывала на царкоўнае жыцьцё Баўгары? На карысьць такога уплыву як быццам кажа антыбогамільскі працэс у цараваньня цара Барылу [5], аднак большасьць крыніц сьведчыць пра тое, што па вялікім рахунку амаль нічога не зьмянілася не толькі ў богаслужбовым, але і кананічным жыцьці Баўгары. Па меркаваньню Б.Н. Флёрі, хутчэй за усё, толькі прымас памінаў папу, іншыя япіскапы, не кажучы ужо пра сьвятароў, не абавязаны былі рабіць гэтага [6].

Выхад Баўгары зь уніі адбыўся дзякуючы зьвязу Яна Асеня II (1218–1241) зь нікейскім імпэратарам Янам III Дукой Ватацем. Пасьля сьмерці уніята Васіля [7] новы архіяпіскап Якім прыняў хіратонію ў Нікее ад патрыярха Германа, а ў 1235 году на Саборы ў Лампсаке пад старшынствам апошняга Якім быў узьведзены ў сан патрыярха. Па словах Георгія Акрапаліа, яму былі падараваны перавагі іншых кіраўнікоў, а Баўгарская Царква была ушанавана самакіраваньнем “рашэньнем цара і Сабору”, па чыньніку прызнаньня царскага сану Івана Асеня [8]. Новы патрыярх падпарадкаваў сабе Ахрыдскую дыяцэзію. Апроч яго і Тырноўскага, Баўгарск Патрыярхат налічваў 14 япархій, 10 зь якіх узначальваліся мітрапалітамі (мітраполіі Преслаўская, Чэрвенская, Лаўчанская, Срэдзецкая, Авечская (Правацкая), Дрыстрская, Сэрская, Відзінская, Піліпійская (Драмская), Месэмврыйская; япіскапіі Вельбуждзкая, Бранічэўская, Белградзкая і Нішская) [9]. У нас адсутнічаюць зьвесткі пра мітрапалічыя акругі, аднак, мяркуючы па наяўнасьці мітрапалітаў, можна выказаць здагадку, што яны былі. Такім чынам Баўгарскі Патрыярхат Другога Баўгарскага царства набліжаўся да клясычнага тыпу патрыярхату. Вельмі важна, што яго заснавальнік патрыярх Якім I (1235–1246) быў услаўлены як сьвяты адразу пасьля сьмерці [10].

Павелічэньне і памяншэньне Баўгарскага Патрыярхату было злучана зь зьнешнепалітычнымі і зьнешнецаркоўнымі падзеямі. Так, Скопская япархія ў 1219 годзе пасьля стварэньня Печскае архіяпіскапіі перайшла ў яе юрысдыкцыю, а Прызрэенская (кал. 1216) вярнулася ў Ахрыдскую архяпіскапію. У выніку шэрагу параз, якія напаткалі Баўгары пасьля сьмерці Івана Асеня, тэрыторыя Баўгарскага Патрыярхату скарацілася: былі страчаны япархіі ў Фракіі і Македоніі, затым Белградзкая і Бранічэўская, пазьней Нішская і Вельбуждская япархіі. Варта адзначыць значную залежнасьць патрыярха ад цара: сам інстытут патрыярхату ўзьнікаў у сувязі з разьвіцьцём і прызнаньнем царскай улады, і часамі цары мелі такую вялікую уладу над патрыярхамі, што маглі асуджаць іх на сьмяротнае пакараньне [11].

Адмысловую старонку ў гісторыі Баўгарскага Патрыярхату часоў Другога Царства складаюць адносіны з Рымам: у 1274 годзе патрыярх Ігнат не прыняў Ліёнскай уніі. Не ў апошнюю чаргу гэта рашэньне злучана з пазыцыяй бізантыйскага імпэратара Міхаіла VIII Палеоляга, які мудрагеліста заявіў на Ліёнскім Саборы, што і Баўгарская Патрыярхія, і Сэрбскае архіяпіскапства былі створаны без згоды папы, у прымяншэньне правоў Ахрыдскае архіяпіскапіі – спадчыньніцы Юсьцініяны Першай, якая была заснавана імпэратарам Юстыніянам і папам Вігіліям [12]. З прычыны гэтага баўгары, якія, па некаторых сьведчаньнях, прад Саборам былі адкрыты да ідэі уніі і падначаленьні папе [13], катэгарычна адмовіліся яе прызнаваць. Больш позьнія заклікі да уніі папы Мікалая IV у 1291 годзе посьпеху не мелі [14].

У XIV стагодзьдзі Баўгарскі Патрыярхат імкнецца актыўна удзельнічаць у міжнароднай царкоўнай палітыцы. Так, патрыярх Сімеон удзельнічаў у Саборы ў Скоп'е (1346), на якім была заснавана Печская Патрыярхія і памазаны на царства сэрбскі кароль Стэфан Душан [15]. Ягоны удзел у Саборы і згода на гэты рызыкоўны з кананічнага пункта гледжаньня акт быў абумоўлены часавым зьвязам баўгарскага цара Івана Аляксандра зь царом Стэфанам Душаном. У Саборы удзельнічалі сэрбскія і баўгарскія герархі, манахі—сьвятагорцы.

Для сярэдзіны – другой паловы XIV стагодзьдзя характэрна вызначаная напружанасьць у адносінах з Канстантынопалем. Так, Баўгарскі патрыярх Хвядос II у 1352 году ў парушэньне канонаў пасьвяціў Феадарыта ў мітрапаліта Кіеўскага пасьля таго, як гэта адмовіўся зрабіць Канстантынопальскі патрыярх Каліст I [16]. У сваю чаргу, Канстантынопальскі патрыярх у 1371 годзе прымае пад свой амафор Відзенскую мітраполію па просьбе відзенского цара Івана Сраціміра, які адлучыўся ад свайго брата Івана Шышмана і што імкнуўся падкрэсьліць сваю царкоўную незалежнасьць ад Тырнова.

Апошнім патрыярхам Другога Баўгарскага царства быў вялікі багаслоў, прапаведнік, пісьменьнік і асьветнік, “духоўны сейбіт” сьвяціцель Яўхім Тырноўскі [17]. Пры ім Тырново было ўзятае штурмам туркамі ў 1393 году [18], частка цэркваў разбурана, большасьць сьвятароў перабіта, а сам сьвяты патрыярх Яўхім быў замкнуты ў Бачкоўскім манастыры, дзе і памёр каля 1402 году. Удовай катэдрай пачаў з 1394 году кіраваць мітрапаліт Ерамія, прызначаны на яе Канстантынопальскім патрыярхам. Напачатку XV стагодзьдзя адзначаюцца спробы Ахрыдскіх архіяпіскапаў падпарадкаваць сабе Баўгарскую дыяцэзію, якія уладна спыняліся Канстантынопальскімі патрыярхамі. Мяркуючы па некаторых дадзеных, ліквідацыя Тырноўскага Патрыярхату адбывалася без усякага кананічнага абгрунтаваньня, явачным парадкам, у сілу немагчымасьці баўгарскім архірэям склікаць Сабор і абраць патрыярха або арганізаваць часавае царкоўнае кіраваньне [19]. Частка баўгарскіх япархій аж да 1767 года знаходзілася ў складзе Ахрыдскай архіяпіскапіі і Печского Патрыярхату і карысталіся адносна спрыяльным становішчам для разьвіцьця славянскай пісьменнасьці і захаваньня славянскае богаслужбы. Рэшта япархій апынулася пад уладай Канстантынопальскага патрыярха.

Заўвагі

1. Адзін зь іх быў мітрапаліт Відзенскі, іншыя – невядомыя.

2. Факт гвалту над герархамі, у выпадку ягонага доказу, паставіў бы пад пэўныя сумневы кананічнасьць баўгарскае герархіі часоў Другога Баўгарскага царства. Аднак Дзьмітры Хамаціян досыць зацікаўленая асоба, каб быць бесстароньнім. Да таго ж магчымасьць гвалту аспрэчваецца тым фактам, што цара Пятра Асеня памазваў на царства не Відзенскі мітрапаліт, што было больш паважна, а просты япіскап баўгарскага паходжаньня.

3. ЛИБИ. T. 3. б. 308–320, 353, 365; ГИБИ. Т. 12. б. 308, 319, 323, 336.

4. ЛИБИ. T. 3. б. 334–340; ГИБИ. Т. 12. б. 361.

5. Зь аднаго боку, ён знаходзіўся ў плыні палітыкі Інакентыя ІІІ (крыжовыя паходы супраць альбігойцаў, прымус бана Куліна да барацьбы супраць богамілаў), зь іншага боку, богамілы аб’ектыўна ўяўлялі небясьпеку дзеля Царквы, і зь імі змагаліся і праваслаўныя імпэратары, напрыклад – Аляксей І Комін. Гл. Попруженко М. Синодик царя Борила. б. 23–24.

6. Гл.: Флоря Б.Н. У истоков религиозного раскола славянского мира. М., 2005.

7. Характэрна, што ён не згадваецца ў сьпісках патрыярхаў.

8. «Πατριάρχης άναγορεύεσθαι κέκριται βασιλικω και συνοδικω τω θεσπίσματι, χάριτας των προυχόντων άποτιννύντων τω Βουλγάρων άρχοντι Άσαν του κήδους ένεκα και της φιλίας» – “Тады было вырашана, што і Тырноўскі архіпастыр, зьдзяйсьняючы таямніцы і богаслужбы пад уладай Канстантынопаля, быў ушанаваны аўтаноміяй і абвешчаны патрыярхам, рашэньнем цара і Сабору, бо правы кіраўнікоў былі дадзены ахонту баўгар Асеню дзеля любові і сяброўства.” (Georgius Acropolites. Annales. Sect. 33; гл. таксама: ГИБИ. Т. 8. б. 163).

9. Попруженко М. Синодик царя Борила. б. 92–93.

10. Българската литература. София, 1987. б. 57–58, 216–217.

11. Цар Хвядор Сьвятаслаў (1300—1321) западозрыў патрыярха Якіма III (1280—1300) у змове з Чакой, сынам татарскага кіраўніка Нагая і прэтэндэнтам на баўгарскі пасад, і пакараў яго сьмерцю: патрыярх быў скінуты з так званай Лобнай скалы на узгорку Царавец у Тырнове.

12. См. Дворник Ф. Славяне в европейской цивилизации. М., 2001. б. 147.

13. Як вынікае зь ліста папы Мікалая IV ад 1291 году да Баўгарскага патрыярха Якіма III, той сьведчыў яму сваю прыхільнасьць да уніі яшчэ ў 1272 годзе, на прыёме ва Улахернскім палацы, калі абодва яны былі яшчэ простымі клірыкамі (гл.: Vetera Monumenta Historiam Hungariae caram illustrantia / Ed. A.Theiner. Romae, 1859. р. 376).

14. У тым жа лісьце (гл. заўвагу 13) ён кажа: “Да гэтага я заклікаю цябе і зараз” (Ibid).

15. Mikloschich F, Muller I., 1860. T. 1. р. 423, 553, 555, 562.

16. Дзеля аб'ектыўнасьці варта адзначыць заслугі патрыярха Хвядоса ў барацьбе супраць ерэтыкоў: у 1355 году на Саборы ў Тырново асуджаюцца варлааміты, а ў 1359 году — адаміты.

17. Глядзі аб ім: Чешмеджиев Д., Полывянный Д.И. Евфимий // Православная энциклопедия. Т. 17. М., 2008. Тамака і поўная біяграфія.

18. Мяркуючы па усім, сьвяты патрыярх Яўхім кіраваў абаронай горада. Пасьля узяцьця ён цудам застаўся ў жывых.

19. Аб гэтым: Трифонов Ю. Унищожението на Търновската Патриаршия и заменянето й с автономно митрополитство—архиепископство // Сборник за народни умотворения, наука и книжнина. 1906/1907. Т. 22/23. б. 22–23.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.