Sunday, January 3, 2010

НЯДЗЕЛЯ ПРАД НАРАДЖЭНЬНЕМ ХРЫСТОВЫМ

Поратаярэй Мікола Ўгарчак, “Украінская Аўтакефалія”

“Якаў спарадзіў Язэпа, мужа Марыі, ад Якой нарадзіўся Ісус, Якога называюць Хрыстос.”
(Мц. 1:16).

У кожную апошнюю нядзелю прад сьвятам Нараджэньня Хрыстовага мы маем нагоду пачуць зь Сьвятога Эвангельля шматлікі шэраг імёнаў старазапаветных патрыярхаў і прарокаў. Гэтыя імёны радаводу, пададзеныя ў парадку іх пасьлядоўнасьці, ствараюць радавы ланцуг, які пачынаецца ад старазапаветнага патрыярха Аўрааму, а скончыўся на Іосіфе, мужы Марыі, ад якой нарадзіўся Ісус Хрыстос.

Якую мэту меў сьвяты эвангеліст Мацей, падаючы гэтыя імёны? Якімі крыніцамі ён карыстаўся, падаючы нам радавод Ісуса Хрыста? Пачынаючы Сьв. Эвангельля радаводам Ісуса Хрыста, сьв. Мацей меў падвойную мэту: даказаць, што Ісус Хрыстос быў не толькі праўдзівым Богам, але таксама праўдзівым чалавекам, што прыняў чалавечую прыроду і нарадзіўся ад Дзевы Марыі; па другое – гэтым радаводам ён сьцьвярджае, што толькі на Ісусе Хрысьце спраўдзілася прароцтва Ісаі, які прадказаў, што Месія мусіць прыйсьці з роду Давыда. Падаючы гэты радавод, сьв. Эвангеліст абапіраецца на рэлігійныя традыцыі ізраільскага народу, у якіх абяцанка Боская аб Месіі перадавалася з пакаленьня ў пакаленьне.

Менавіта гэтая традыцыя была той сьвятой крыніцай Боскага аб’яўленьня, якая не толькі захавала ў сукупнасьці абраны народ, яна дапамагла яму захаваць у памяці ўсе тыя імёны радаводу Ісуса Хрыста, а таксама ўсе прароцтва, якія адносіліся да жыцьця і дзейнасьці доўгачаканага Месіі. Яны былі прадказаны з такой вялікай дакладнасьцю, яны ахопліваюць з такой дакладнасьцю ўсе падзеі жыцьця Ісуса Хрыста на зямлі, што тут не можа быць аніводнага сумненьня ў іх праўдзівасьці. Каб наглядна пераканацца ў цудоўнай праўдзівасьці тых прароцтваў, хопіць прывесьці нават некаторыя зь іх.

Праўдзівасьць радаводу сьв. Эвангеліста Мацея сьцьвярджае, напрыклад, прарок Ісая: “Пастаўлю Давіду Галіну праведную, і зацаруе Цар і будзе рабіць мудра і будзе чыніць суд і праўду на зямлі.” (Ер. 23:5) Аб цудоўным увасабленьні: “Дык вось Сам Гасподзь дасьць вам азнаку: вось, Дзева ва ўлоньні зачне і народзіць Сына, і дадуць імя Яму: Эмануіл.” (Іс. 7:14) Аб месцы Ягонага нараджэньня, Віфляеме: “І ты, Віфляеме - Эфрата, ці ж малы ты сярод тысячаў Юдавых? зь цябе пойдзе Мне Той, Які павінен быць Валадаром у Ізраілі, і Якога паходжаньне з пачатку, ад дзён вечных.” (Міх. 5:2)

Вось гэтыя прароцтва сьведчаць аб тых усіх падзеях, якія зьдзейсьніліся на Ісусе Хрысьце, а аб якіх мы даведваемся зь Новага Запавету. Ды менавіта ў гэтай праўдзівасьці і знаходзіцца ўся маральная сіла рэлігійнай традыцыі ізраільскага народу. Гэтая традыцыя, натхнёная самім Госпадам, захавала абраны народ ад благіх шляхоў забабонаў, падтрымлівала ягоную веру ў блізкі прыход Месіі і праз гэтую веру ізраільскі народ асьвячаўся і выратоўваўся. У гэтым і збліжаецца хрысьціянская традыцыя зь старазапаветнай.

Разьніца толькі ў тым, што ізраільцяне выратоўваліся верай у Таго, які меўся прыйсьці, калі мы, хрысьціяне, выратоўваемся праз Таго, што ўжо прыйшоў, адкупіў нас Сваёй усясьвятой крывёй на крыжы і Сваім слаўным уваскрошаньнем зрабіў нас спадчыньнікамі неба і вечнага жыцьця. А гэтай Месіяй ёсьць ніхто іншы, толькі Госпад наш Ісус Хрыстос, які нарадзіўся з роду Давыда, ад Дзевы Марыі, у мястэчку Віфліем, як было прадказана прарокамі. Гэтага Хрыста мы прынялі, Яго навукай мы сябе адукавалі і на Ягоным Сьвятым Эвангельлі паклалі падмурак дзеля новай, хрысьціянскае традыцыі, якая глыбінёй сваёй напаўняе ўсё жыцьцё хрысьціянскага сьвету.

У гэтым і палягае найбольшая каштоўнасьць хрысьціянскае традыцыі, што зрабілася быццам працягам старазапаветнай і вядзе нас да выратаваньня. Гэтай традыцыі мы і ўдзячныя за ўсё наша духоўнае дабро, таму мы не сьмеем яе занядбаць, а шануем і захоўваем у сваім жыцьці. Праўда, у працягу двух тысячагодзьдзяў гэтыя хрысьціянскія традыцыі ў кожнага народу набралі пэўных асобных формаў, аднак зьмест застаўся такі ж самы: вера ў Госпада Ісуса Хрыста і выратаваньне нашых душаў праз Яго.

Украінскі народ мае таксама свае асаблівыя традыцыйныя формы, яны цалкам хрысьціянскія, увайшлі ў нашы звычаі і побыт, яны ўласьцівыя хрысьціянскаму духу і па рознаму выяўляюць ягоныя духоўныя патрэбы і ідэалы.

Незвычайным багацьцем формаў і разнароднасьцю, яны не толькі паглыбляюць, але і актывізуюць наша рэлігійнае жыцьцё. Без іх наша вера, наша рэлігія была б мёртваю, парожняй, бясплённай і гэта адчулі, падсьвядома, нават нашы браты ў дыяспары. Яны не маглі разарваць з тымі рэлігійнымі і народнымі традыцыямі, якія вынесьлі з роднага краю, і таму зь самага пачатку ўзяліся арганізоўваць царкоўныя грамады.

Гэтыя захады нашых першых пасяленцаў апраўдаліся. Хто скарыўся іхняй ініцыятыве, увайшоў у жыцьцё нашай Сьвятой Украінскай Праваслаўнай Царквы, зрабіўся яе актыўным сябрам, – той уратаваўся, хто ж зь іх зьняважыў і адышоў, – той зьнік без сьледу, той патануў у чужынскім моры, не толькі парываючы з рэлігійнае традыцыяй нашай Сьвятой Царквы, але таксама і зь сваім народам. Жыцьцё дало нам вельмі багата прыкладаў гэтай сумнай праўды. Мы не сьмеем яе зьневажаць, ад яе адыходзіць, яе не паважаць; наадварот, на трэба захоўваць яе ва ўсіх формах, як у царкоўным і рэлігійным жыцьці грамад, так і атачэньні сваёй радні, у сябе дома.

Рыхтуючыся ўрачыста адсьвяткаваць дзень сьвята Нараджэньня Хрыстова, мы мусім таксама скіраваць сябе да тых традыцыйных формаў, у якіх наш народ выяўляў свае рэлігійныя пачуцьця. На мусім саромецца іх, а сустракаем гэта сьвята так, як сустракалі яго нашы бацькі, дзяды і прадзеды. Прывучым да іх таксама і нашых дзяцей, каб і яны палюбілі гэтыя нашы традыцыі, зжыліся зь імі, іх шанавалі, а тады здолеем быць пэўнымі, што яны не пакінуць нас, не адыдуць ад нашай Сьвятой Царквы і нашага народу. Якую вялікую цану маюць гэтыя рэлігійна–нацыянальныя традыцыі, хай распавядзе наступная падзея.

Адзін канадскі настаўнік, зь нацыянальнасьці англічанін, што жыў доўгі час паміж нашымі пасяленцамі, папрасіўся да адной украінскай сям’і на Сьвяты вечар. Ён уважна сачыў за ўсім парадкам яго, пакаштаваў кожную страву, паслухаў нашы цудоўныя калядкі, а потым пайшоў зь нашымі людзьмі ў царкву на калядную богаслужбу. Пабачыўшы і перажыўшы ўкраінскія Каляды, ён пасьля сказаў: “Вы шчасьлівыя, што маеце такія прыгожыя звычаі! Захоўвайце іх, як найбольшы скарб! Мы таксама калісьці мелі падобныя звычаі, але закінулі іх, і яны незваротна прапалі для нас. Цяпер застаецца нам толькі духоўная пустэльня, бо згубленага ўжо няздольныя адрадзіць”. Якія сумныя і балючыя словы!

Такой думкі прытрымліваецца кожны разумны чалавек. Дарагія Браты і Сёстры! Хай гэтыя словы будуць засьцярогай для нас! Захоўваем свае старажытныя звычаі, асьвячоныя тысячагадовай традыцыяй Украінскай Праваслаўнай Царквы. Сустракаем Нараджэньне Хрыстова нашым прыгожым украінскім Сьвятым вечарам, за агульным сталом, у атачэньні сваёй сям’і, сваіх любімых дзяцей і зь малітвай на вуснах. Вітаем Дзіцё Боскае чароўнымі ўкраінскімі калядкамі і просім, каб Хрыстос Госпад нарадзіўся і ў нашых сэрцах і аднавіў нашы душы сваёй ласкай. Славім народжанага Госпада, каб Ён уславіў нас у Сваёй славе, як абраных дзяцей Боскіх, у спакоі, у любові і ў радасьці сьвятой. Амін.

http://uaoc.net/2010/01/02/pered-rizdvom/

No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.