Thursday, January 7, 2010

СЛОВА Ў ДЗЕНЬ НАРАДЖЭНЬНЯ ХРЫСТОВАГА

Архіяпіскап Лука (Война – Ясенецкій)

Яшчэ раз у нашым жыцьці даў нам Госпад сьвяткаваць найвялікшую ў гісторыі сьвету падзею, якая невымоўна ашаламіла усіх Анёлаў нябесных. Яны убачылі сышоўшага на зямлю з нябёсаў Прадвечнага Сына Боскага, Другую Асобу Сьвятой Тройцы, у целы чалавечым, якое пажадаў Ён прыняць. Яны убачылі Богачалавека, пра што ніколі падумаць не маглі.

Калі зьдзіўленыя да крайнасьці і Анёлы Боскія, то што ж скажам мы, людзі зямлі? Вядома, сказаць мы нічога не можам, а толькі пакорліва паслухаем, што кажа аб гэтым Сама Падстава гэтай дзівоснай падзеі. Слухайце жа, што кажа Ён Сам: “Я сьвятлом прыйшоў у сьвет, каб кожны, хто верыць у Мяне, не заставаўся ў цемры.” (Ян. 12:46)

Паслухаем таксама, што сказаў аб гэтым вялікі прарок Ісая: “Народ, які хадзіў у цемры, убачыць сьвятло вялікае; на жыхароў краіны ценю сьмяротнага сьвятло зазьзяе.” (Іс. 9:2)

Углыбімся ў словы умілаванага Хрысту Богу Апостала Яна Багаслова: “Ведаем таксама, што Сын Божы прыйшоў і даў нам (сьвятло і) розум, каб спазналі (Бога) сапраўднага і каб былі мы ў Сапраўдным Сыне Ягоным, Ісусе Хрысьце. Ён ёсьць Сапраўдны Бог і жыцьцё вечнае.” (1 Ян. 5:20)

Суцэльная, як густая цемра бязьмесячнай ночы, была імга, паланіўшая розум і сэрцы старажытных людзей, абагаўляўшых шматлікіх жывёл і нават бяздушныя прадметы.

Нават рэлігіі самых культурных народаў пазьнейшага часу грэкаў і рымлян да часу Нараджэньня Хрыстова прыйшлі ў такі заняпад, што самі жрацы сьмяяліся над сваімі вераваньнямі.

Здавалася бы, што трэба зрабіць выключэньне для багавыбранага народа Ізраільскага, але і гэты народ быў да крайнасьці не цьвёрды ў сваёй богаадкрытай веры і на працягу тысячагодзьдзяў часта зводзіўся на шлях ідалапаклонства, перанятага ў суседніх народаў. Толькі меншасьць гэтага народа з медным ілбом і жалезнай патыліцай захоўвала праўдзівую веру ў Адзінага Бога.

І вось у цяперашні дабраслаўлёны, найсьвяцейшы і найвялікшы дзень у гэтай згубнай цемры зазьзяла Боскае сьвятло ў пячоры на ускраіне горада Бэтлеем.

Паказана сьвету дзіўная і слаўная таямніца: цёмная пячора зрабілася небам, бо ў ёй зазьзяў сьвятло Боскасьці; ясьлі для корму быдла зьмясьцілі Няўмяшчальнага усім сусьветам Бога; пасад хэрувімаў, на якім сядзіць Бог, заменены Усячыстай Дзевай, на грудзі Якой ляжыць цяпер неспасьціжным чынам для нас зрабіўшыся чалавекам Прадвечны Хрыстос Бог.

Каму ж паведамлены гэтыя неспасьціжныя падзеі? Не царам і вяльможам, не мудрацам і філёзафам, ганарлівым у сваёй зямной славе, а простым, нічога не дасьведчаным, нічому не навучаным пастухам зьявіліся Анёлы, нябесным сьпевам узьвясьціўшыя ім аб тым, што зазьзяла Сонца Праўды і паказаны сьвету сьвятло вышэйшага, праўдзівага розуму.

Чаму жа менавіта простым пастухам узьвясьцілі Анёлы аб гэтак вялікай сусьветнай падзеі як Нараджэньне ў чалавечым целе Выратавальніка сьвету?

Чаму не моцным і мудрым сьвету? Таму, думаем мы, што Бог ганарлівым пярэчыць і толькі пакорлівым дае мілату.

Але, можа быць, скажа хто-небудзь, што усходнім вешчунам–мудрацам узьвясьціў Бог праз цудоўна зьявіўшуюся зорку аб Нараджэньні ў Бэтлеем Богачалавека Сына Боскага, прыняўшага цела чалавека ад Усясьвяцейшай і Усячыстай Дзевы Марыі.

Адкажу і на гэтае важнае пытаньне, наколькі дазволяць мне слабыя сілы мае.

Хто былі гэтыя здалёку прыйоўшыя вешчуны? У Калядным трапары яны названыя служыцелямі зорак. Усе сілы розуму свайго яны накіроўвалі да спазнаньня сьвяцілаў нябесных, зорак і плянэт, да вывучэньня законаў іх руху, да адкрыцьця новых зорак. Сэрцы і розум іх былі заўсёды скіраваныя да сьвятла нябеснага, а гэта няўжо не значыць, што сэрцы іх прагнулі спазнаньня праўдзівага сьвятла? О, вядома, так! Нават для нас сьвятло нябесных сьвяцілаў значна бліжэй да сьвятла праўдзівага, нябеснага, чым мёртвы электрычны сьвет. І вешчуны, зоркам служыўшыя, у сваім рэлігійным спазнаньні былі значна вышэй, чым грубыя язычнікі, абагаўляўшыя неадушаўлёныя прадметы. І былі яны непараўнальна больш годныя усьлед за пастухамі віфліемскімі прыйсьці і пакланіцца нарадзіўшамуся Сыну Чалавечаму і Сыну Боскаму і прынесьці Яму ў дарунак золата, ладан і сьмірну. Золата як дарунак, належны уладару, ладан як праўдзіваму Першасьвятару, і сьмірну у дамавіну Яго пасьля выратаваньня Ім сьвету крыжам Ягоным.

Удастоеныя былі гэтыя мудрацы далёкіх усходніх краін бачаньня і адданьня глыбокай пашаны Боганемаўлю Хрысту, бо бачыў Бог, як шчыра імкнуліся яны да спазнаньня Адзінага Праўдзівага Нябеснага Сьвятла.

І аб нас ведае Сэрцазнавец Хрыстос Бог усё, чаго годныя мы, і ўсе недахопы нашы і прызначае кожнаму з нас то, чаго заслугоўваем мы.

І ускладае Ён на нас тыя крыжы, якія выратавальныя для нас. І павінны мы пакорліва і нават з падзякай несьці іх. Бо і Сам Ён у цяперашні дабраслаўлёны дзень прыняў цела чалавека не дзеля таго, каб быць сусьветным царом і уладаром, а дзеля прыніжэньня, перасьледу і абраз ад грэшнікаў, і Сам панёс самы страшны з усіх крыжоў, на якім і аддаў жыцьцё Сваю дзеля выратаваньні вернікаў у Яго ад гвалту злога.

Перанясемся ж і мы, хоць бы толькі разумова, усьлед за вешчунамі ў пячору Віфліему і прынясем у дарунак Яму, Выратавальніку нашаму, усю сілу веры ў Яго, усю глыбіню любові да Яго, пакаяньне ў грэках і беззаконьнях нашых.

І прабачыць Ён нам усю брыдоту нашу, і загадае Апосталу Пятру адкрыць прад намі браму Царства Нябеснага.

Гэтая радасьць ды будзе са ўсімі вамі, браты і сёстры мае!

Амін.

1958 г.


No comments:

Post a Comment

Note: Only a member of this blog may post a comment.